«Яны руйнуюць нашу мараль». У каго ўлады хочуць адабраць права на (не)стварэнне сям’і?

ІнклюзіяГендарПравы чалавека
У кого власти хотят отобрать право на (не)создание семьи?
5
(5)

15 траўня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. У гэтым артыкуле мы пагаворым пра тое, у каго забіраюць права ствараць ці не ствараць сям’ю, пра стэрэатыпы ў грамадстве і тое, што мы можам з гэтым зрабіць. Пачнём са статыстыкі.

У Беларусі людзі ўсё менш схільныя да стварэння сямей і нараджэння дзяцей

З 2020 года афіцыйная статыстыка па нараджальнасці і смяротнасці ў Беларусі не публікуецца. Падлічыць дакладныя лічбы магчыма толькі дзякуючы публікацыям дадзеных асобных раёнаў, але яны зусім не суцяшальныя. Каэфіцыент нараджальнасці ў гэтых раёнах на 2023 год склаў 7,2 дзіцяці на тысячу чалавек. Гэта рэкордна нізкая лічба, бо ў тых жа рэгіёнах у 2013 і 2019 гадах каэфіцыент нараджальнасці складаў 13,12 і 9,93 дзяцей на тысячу чалавек адпаведна. 

За апошнія 10 гадоў колькасць зарэгістраваных шлюбаў таксама паменьшылася на 31%, пра што кажуць самі ўлады

Але дзяржаве выгадна, каб людзі нараджалі і бралі шлюбы, бо гэта спрыяе эканамічнаму развіццю і зніжае нагрузку з сацыяльных праграм. Таму яна пачынае барацьбу з тымі, хто, на яе думку, стаіць у яе на шляху: прадстаўні_чкамі ЛГБТК+ і чайлдфры.

Новы законапраект і адказнасць за «прапаганду ненармальных стасункаў і добраахвотнай адмовы ад дзяцей»

У лютым 2024 году Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед прадставіў праект закона, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за «прапаганду ненармальных стасункаў, педафіліі і добраахвотнай адмовы ад дзяцей». Фактычна, арыентацыя асобы і жаданне не мець дзяцей прыраўноўваецца да злачынства. 

Такая рыторыка распальвае варожасць у дачыненні да ўразлівых груп, павышае стыгму і рызыку гвалту на падставе нянавісці, як лічыць Праваабарончы цэнтр «Вясна». Швед звязвае любыя праявы іншай нормы са спробай падарваць нацыянальную бяспеку: «Дзейнасць нашых апанентаў, якія спрабуюць зруйнаваць нашы каштоўнасці, нашу дзяржаўнасць, нашу мараль, накіравана ў цэлым на разбурэнне Беларусі як краіны». 

«Шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны»

Стаўленне дзяржавы да права ЛГБТК+ ствараць сям’ю

У 2022 годзе ў Канстытуцыю Беларусі ўвялі папраўкі, што «шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны». У красавіку 2024 году Міністэрства культуры Беларусі прыраўняла дэманстрацыю ЛГБТК+ стасункаў да парнаграфіі. Такім чынам дзяржава крыміналізавала і паставіла іх у адзін рад з заафіліяй, некрафіліяй і садызмам. Асобы, асуджаныя па гэтым законе, могуць быць зняволены на тэрмін да чатырох гадоў. 

*Сурагатнае мацярынства — гэта працэс, пры якім жанчына (сурагатная маці) зацяжарвае і нараджае дзіця ад імплантаванага эмбрыёна, які не з’яўляецца яе ўласным.

У Беларусі няма юрыдычнага паняцця «аднаполы шлюб». Фактычна ЛГБТК+ партнёр_кі па меркаванні дзяржавы даводзяцца адзін аднаму нікім. Калі вы гомасексуальная пара і хочаце нарадзіць дзяцей, то паўстае пытанне, як вы гэта будзеце рабіць. Нягледзячы на тое, што Беларусь адна з краінаў Еўропы, дзе існуе сурагатнае мацярынства*, для ЛГБТК+ такой магчымасцю скарыстацца досыць цяжка. Калі вы лесбіянка, то тэарэтычна магчыма схаваць сваю арыентацыю, прадставіцца адзінокай, звярнуцца да «банку спермы» і зацяжарыць. Аднак мужчынам такая опцыя забаронена, а суадносна і не дасяжна для геяў. Усынаўленне для ЛГБТК+ фактычна недасяжна.

Стаўленне грамадства да права ЛГБТК+ ствараць сям’ю

У грамадстве таксама ёсць розныя погляды на гэтую сітуацыю. Напрыклад, існуе стэрэатып, што ЛГБТК+ людзі арыентаваны на сексуальныя адносіны, а не на доўгатэрміновыя пачуцці і прыхільнасці. Таму іх шлюбы не такія стабільныя і працяглыя, як «традыцыйныя», таму ім гэтая магчымасць і не патрэбная.

Каханне і прыхільнасць важныя для ўсіх людзей, незалежна ад іх сексуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці. Шмат якія ЛГБТ+ людзі імкнуцца да доўгіх і стабільных сямейных адносін. І магчымасць пабрацца шлюбам мае для іх такую ж значнасць, як і для гетэрасексуальных пар. Ці, наадварот, не мае: калі абіраюць для сябе не быць у працяглых манагамных адносінах.

У тых краінах, дзе легалізаваны аднаполыя шлюбы ці грамадзянскія звязы, даследаванні паказваюць, што гома- і гетэрасексуальныя партнёрствы аднолькава ўстойлівыя.

А ў Беларусі пры гэтым да 70% гетэра-шлюбаў сканчаюцца разводам. Гэта нашмат больш, чым сярэдні сусветны паказнік. І гэта нягледзячы на тое, што на гэтыя пары не цісне дадатковы стрэс, а людзей злучаюць не «толькі пачуцці», але і штамп у пашпарце, супольная маёмасць, а часцяком — біялагічна агульныя дзеці…

Бар’ерамі на шляху да надзейных доўгатэрміновых адносін для квір-людзей часта з’яўляюцца менавіта адсутнасць шлюбнага раўнапраўя і стыгматызацыя ЛГБТК-сем’яў (а зусім не нейкія «прыроджаныя асаблівасці»).

Ды й наогул, фантазія, што ўсе гетэрасексуальныя людзі па змаўчанні здольныя падтрымліваць сталыя прыхільнасці і імкнуцца да доўгатэрміновай манагаміі — сама па сабе вельмі наіўная і нават таксічная. 

Гэты стэрэатып падымае і шырэйшыя пытанні, над якімі карысна задумацца. Напрыклад, ці з’яўляюцца доўгія стасункі сінонімам здаровых адносін? Якія сацыяльныя ўстаноўкі вучаць нас заўсёды разглядаць развод  як нешта дрэннае, а адносіны, якія скончыліся растаннем, як «меней каштоўныя»?

Каментар квірфем-калектыву Queer Parenting

Вялікія спрэчкі ў грамадстве адбываюцца і на тэму бацькоўства. Паводле даследавання ініцыятывы «Гэта Окей», нават лаяльныя да ЛГБТ-супольнасці людзі казалі, што дзеці, выхаваныя ЛГБТ-парай, будуць мець цяжкасці з адаптацыяй у грамадстве, іх будуць стыгматызаваць равеснікі, у іх будуць псіхалагічныя праблемы і ў выніку яны самі стануць ЛГБТ.

Даследаванні паказваюць, што дзеці, якіх выхоўвалі квір-бацькі, зведваюць такія ж цяжкасці і праблемы пры сталенні і адаптацыі ў калектывах, як і дзеці з гетэранарматыўных сем’яў: праходзяць тыя ж узроставыя крызісы, гэтак жа перажываюць з-за адзнак, падлеткавых прышчоў і першай закаханасці.

Затое перадузятасці і адсутнасць такту ў атачальных дарослых цалкам могуць азмрочыць дзяцінства. Дзеці ЛГБТК-бацькоў пакутуюць ад дыскрымінацыі — нават калі яны цысгендарныя і гетэрасексуальныя.  

Задача бацькоў – незалежна ад іх ідэнтычнасці — забяспечыць дзецям прыняцце і падтрымку. Здольнасць быць добрым і адказным бацькам ці маці не залежыць ад гендару ці арыентацыі — яна залежыць ад нашай псіхалагічнай сталасці і гатовасці шанаваць у дзіцяці не свой працяг, а асобную асабістасць. Дарэчы, адной з прыкмет псіхалагічнай сталасці з’яўляецца здаровае ўяўленне пра свае межы і межы Іншага. А вось фантазіі пра тое, што іншыя людзі ці сем’і абавязаны адпавядаць маім крытэрам «слушнасці»  — неспадзеўка-неспадзеўка! — прыкмета інфантыльнага пагляду на свет.

Згодна замежным даследаванням, дзеці з ЛГБТК-сем’яў усведамляюць сябе як квіры не часцей і не радзей, чым дзеці з іншых сем’яў. А вось сама пастаноўка пытання ў такім ключы, боязі за «нармальнасць» дзіцяці — ужо перадузятасць і вядзе ў ментальную пастку дзялення людзей на «роўных і яшчэ больш роўных». 

Каментар квірфем-калектыву Queer Parenting

«Нарадзіш — зразумееш»

Чайлдфры — гэта асобы, якія вырашылі не мець дзяцей. У перакладзе з ангельскай мовы на беларускую тэрмін чайлдфры азначае «свабодны ад дзяцей». Сярод прычынаў не заводзіць дзяцей можа быць:

  • нестабільная палітычная сітуацыя ў свеце, 
  • жаданне засяродзіцца на пабудове сваёй кар’еры,
  • нежаданне браць на сябе «дадатковую» сур’ёзную адказнасць,
  • альтруістычныя матывы: неспакой з нагоды перанасялення планеты, сумневы ў сваёй здольнасці стаць добрым бацькам ці маці і ў тым, наколькі правільна выракаць дзяцей на жыццё ў далёка не ідэальным свеце.

Раней у аграрных грамадствах нараджэнне дзяцей выконвала эканамічную функцыю, бо больш людзей у сям’і азначала больш працоўнай сілы. Аднак сёння такая патрэба знікла, бо грамадства стала больш развітым. Сем’і не маюць патрэбы займацца гаспадаркай і суадносна — мець шмат працоўнай сілы. Да таго ж у 1970-я з’явіліся кантрацэптывы, якія падзялілі секс і нараджэнне дзяцей. Жанчыны атрымалі магчымасць выбіраць, калі і колькі дзяцей ім нараджаць — і ці трэба рабіць гэта наогул.

Тым не менш чайлдфры сутыкаюцца з асуджэннем грамадства, якое можа ўспрымаць іх пазіцыю як праяву нянавісці да дзяцей. Крытычна важным рэсурсам ціску на чайлдфры з’яўляюцца медыцынскія і сацыяльныя працаўні_чкі. 

Для дзяржавы чайлдфры — пагроза, бо жаданне не нараджаць дзяцей негатыўна ўплывае на дэмаграфію краіны. Менавіта таму ўлады забараняюць мець дзяцей тым, хто гэтага сапраўды хоча, і вымушаюць нараджаць іншых, ствараючы адпаведныя законы. 

Такая палітыка не вырашае дэмаграфічнае пытанне, а толькі ўзмацняе эміграцыю людзей і робіць праблему яшчэ большай

Стэрэатыпы ў грамадстве пра чайлдфры і ЛГБТК+ сем’і падтрымліваюцца дзяржавай і павялічваюць стыгму. 

Нам, як частцы грамадства, важна ўсведамляць гэтыя стэрэатыпы і не працягваць іх распаўсюджваць на сваіх блізкіх і сваё асяроддзе. Мы маем права як ствараць, так і не ствараць сям’ю. Гэта адно з базавых правоў чалавека і дзяржава мусіць яго забяспечваць, а не абмяжоўваць. 

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, на якім грунтуецца большасць заканадаўстваў краінаў свету, гарантуе гэта права Артыкулам 17 пра «забарону адвольнага ці незаконнага ўмяшання ў асабістае і сямейнае жыццё». 

Таксама важна памятаць, што бацькоўства — гэта права чалавека, а не абавязак. Ніхто не можа вырашаць за вас, варта вам заводзіць дзяцей ці не.

Усё, што можа рабіць грамадства і дзяржава — гэта забяспечваць глебу для камфортнага бацькоўства. Напрыклад, дзіця да гэтага часу ўспрымаецца як «жаночая справа». Жанчыны павінны ведаць, што груз бацькоўства не ўпадзе толькі на іх.

Але на справе дэмаграфічная палітыка Беларусі ў гэтым накірунку проста неэфектыўная і часам жорсткая. Замест сістэмнай дапамогі і падтрымкі яна акцэнтавана на прымус. А гвалт ніколі не бывае прадуктыўным.

Важна памятаць пра свае правы, паважаць выбар іншых і не спрыяць распаўсюджванню стэрэатыпаў, якія шкодзяць іншым людзям і перашкаджаюць ім жыць паўнавартаснае жыццё — са сваімі каштоўнасцямі і імкненнямі.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x