Хочаце зрабіць па-сапраўднаму круты інклюзіўны івэнт, але баіцеся моцна накасячыць? Мы сабралі для вас спіс сур’ёзных памылак, якія дакладна варта пазбягаць.
Усё зрабілі, але нікому не сказалі
Гэтая распаўсюджаная памылка можа спарадзіць злосці, расчараванне і нават выгаранне. Як яна выглядае на практыцы?
Вы зрабілі ідэальны івэнт і прадугледзелі ўвогуле ўсё — да вас зручна дабірацца грамадскім транспартам, а побач з лакацыяй ёсць паркоўкі і для машын, і для ровараў; у вас вельмі крутыя і зручныя пандусы, некалькі відаў прыбіральняў і сталкоў для змены памперсаў; вы распрацавалі меню і для тых, хто есці ўсё, і для веганак і веганаў, і для людзей, якія не пераносяць глютэн і лактозу, а пад кожнай стравай прапісалі спіс алергенаў, а таксама ў вас ёсць асобна халяльныя і кашэрныя стравы. На мерапрыемстве ёсць перакладчыкі і перакладчыцы на некалькі моваў, у тым ліку на жэставу мову. Але вы нікому пра гэта ўсё не распавялі. У вашым анонсе няма ні слова пра тое, што івэнт будзе інклюзіўным і што вы паклапаціліся, каб на ім было камфортна самым розным людзям.
Для людзей важна загадзя ведаць, што для іх нешта зроблена, асабліва гэта тычыцца людзей з так званых закрытых супольнасцяў і культур. І калі яны не бачаць, што вы прадугледзелі іх патрэбы і што іх сапраўды чакаюць на мерапрыемстве, то шмат хто з іх не будзе задаваць вам дадатковыя пытанні. Яны зробяць гэта з самых розных прычынаў — хтосьці не захоча прыкладаць дадатковыя высілкі, хтосьці надта заняты ці занятая для дадатковай камунікацыі, камусьці ўжо проста надакучыла запытвацца ва ўсіх арганізатараў і арганізатарак адно і тое ж, хтосьці баіцца адмовы і моцна стрэсуе з гэтай нагоды.
Так ці інакш, вынік атрымліваецца не надта добры: на мерапрыемства не прыходзяць тыя, для каго вы так стараліся. А гэта дакладна не хэпі-энд. Колькі такіх правалаў і вы, хутчэй за ўсё, пачнеце расчароўвацца і злавацца, бо вы ж так стараліся, а ўсё дарэмна. Але вы дакладна правільна рабілі, што пастараліся! Проста не забывайцеся камунікаваць з аўдыторыяй і загадзя расказваць ёй, наколькі інклюзіўным будзе вашае мерапрыемства. Аўдыторыя будзе вам удзячная, а вашыя высілкі будуць не дарэмнымі.
Не прагаварылі правілы камунікацыі на «размоўным» мерапрыемстве
Выпрацоўваць правілы камунікацыі было важна заўжды, але цяпер, калі працягваюцца масавыя рэпрэсіі ў Беларусі і вайна ва Украіне, гэта стала яшчэ больш актуальна. Шмат хто знаходзіцца ў больш уразлівым стане, чым звычайна, і гэта можа праяўляцца ў супрацьлеглых формах, што ў выніку толькі раніць усіх і падвышае ўзровень фрустрацыі.
Абмяркоўвайце перад пачаткам мерапрыемства, ці будзе людзям камфортна размаўляць пра тыя ці іншыя актуальныя тэмы, якія, магчыма, не звязаны з асноўнай тэмай мерапрыемства, але вельмі актуальныя ў цэлым. Магчыма, удзельніцы і ўдзельнікі вырашаць, што абмен эмоцыямі будзе карысны для іх, але цалкам магчыма, што частцы людзей важна менавіта адпачыць ад нейкай вострай тэмы і яны не гатовыя сутыкацца з чужымі моцнымі перажываннямі.
Калі вы дакладна вырашылі, што на вашым івэнце будуць абмяркоўвацца складаныя тэмы, папярэджвайце людзей пра гэта. Рабіце trigger warning, то бок папярэджвайце, што на мерапрыемстве будзе кантэнт, які патэнцыйна можа нагадаць папярэднія траўматычныя перажыванні і выклікаць іх наноў.
Пандус убачылі, але не праверылі
Гэта тычыцца не толькі пандусаў, а ўвогуле ўсёй інклюзіўнай тэхнічнай інфраструктуры, на якую вы звычайна звяртаеце ўвагу. Памяшканне, у якім ёсць пандус, ліфт і спавівальны сталок — гэта далёка не вычарпальны спіс патрабаванняў да прасторы, у якой можна зрабіць інклюзіўны івэнт. Усе інклюзіўныя “прылады” мусяць добра працаваць.
Вось некалькі пунктаў, на якія варта звярнуць увагу:
- Пад якім вуглом размешчаны пандус? Ці не занадта рэзкі скат? Прачытаць пра беларускія правілы для пандусаў можна тут.
- Ці ёсць побач з пандусам парэнчы?
- Ці цалкам працуюць двухстворкавыя дзверы? Можа аказацца так, што другая створка не адчыняецца, ці адчыняецца такім чынам, што робіць немагчымым праезд чалавека на вазку.
- Ці дастаткова шырока адчыняюцца дзверы ліфта? Ці зможа ў яго заехаць чалавек на вазку?
- Ці ў добрым стане знаходзіцца прыбіральня для тых, хто перамяшчаецца на вазку? Вы можаце сутыкнуцца з тым, што фармальна яна ёсць, але фактычна яе выкарыстоўваюць як тэхнічнае памяшканне ці склад.
- Ці добра працуе (адкідны) сталок для спавівання?
- Наколькі прастора бяспечная для дзяцей?
Варта памятаць, што ў некаторых прасторах інклюзіўнасць можа быць зроблена «для галачкі», а такі падыход зусім не пасуе, калі вы хочаце зрабіць сапраўды інклюзіўны івэнт, на якім будуць улічвацца патрэбы вельмі розных людзей і ўразлівых груп. Таму як бы гэта ні выглядала звонку, правярайце, наколькі тэхнічная інфраструктура працуе і пасуе пад ваш запыт. Лепш выдаткаваць больш часу на пошук памяшкання, чым стратэгічна памыліцца.
Не далі поўную карціну ўсёй камандзе
Часта так бывае, што над мерапрыемствам працуе ўмоўна 10 чалавек, але поўная карціна ёсць толькі ў аднаго-двух. Напрыклад, ёсць асноўныя арганізатар і арганізатарка, якія ведаюць, што і як мусіць быць, і яны даюць канкрэтныя заданні канкрэтным валанцёркам і валанцёрам. Да пэўнага моманту гэтая схема можа добра працаваць — ва ўсіх ёсць свае абавязкі, усё празрыста і зразумела. Але арганізатар і арганізатарка ў выніку рызыкуюць быць моцна перагружанымі, бо па ўсіх дадатковых пытаннях, якія будуць узнікаць у працэсе, валанцёркі і валанцёры будуць звяртацца самі і перанакіроўваць іншых менавіта да іх.
Вырашыць гэтую праблему даволі проста — перад мерапрыемствам варта зладзіць хоць адзін брыфінг, на якім збярэцца (анлайн ці афлайн) уся каманда, і ў выніку якога ўсе будуць ведаць літаральна ўсё. Так, ва ўсіх па-ранейшаму будуць свае зоны адказнасці, але яны пры неабходнасці змогуць адказваць на дадатковыя пытанні і самастойна вырашаць дробныя праблемы, не звяртаючыся да асноўных арганізатаркі і арганізатара.
Такі падыход таксама дапаможа людзям адчуць сябе сапраўды адной камандай, у якой ёсць агульная на ўсіх справа. У адваротным выпадку ёсць рызыка, што валанцёркі і валанцёры будуць адчуваць сябе ў пэўнай ступені адасобленымі і не гатовымі падстрахаваць адно аднаго. Гэтага важна пазбягаць і з этычных прычын (людзям, якія бясплатна ўдзельнічаюць у арганізацыі вашага івэнта, мусіць быць максімальна камфортна і яны павінны адчуваць сваю важнасць), і з прагматычных (задаволеныя валанцёркі і валанцёры часцей пагаджаюцца паўторна ўдзельнічаць у арганізацыі івэнтаў, і вы такім чынам маеце больш устойлівую каманду).
Накасячылі з арганізацыяй кава-паўзы
Тыповая праблема на мерапрыемствах, якія прадугледжваюць асобную ежу для веганак і веганаў — гэта той факт, што іх ежа скончваецца нашмат хутчэй. Часта веганскія опцыі аказваюцца цікавымі і для тых, хто есць і мяса, і малочныя прадукты, і яны аддаюць перавагу не ўмоўным сэндвічам з сырам ці тунцом, а нарэзанай садавіне і гарэхам.
У арганізатарак і арганізатараў івэнтаў ёсць два глабальныя спосабы пазбегнуць гэтай праблемы.
Спосаб першы: падпісвайце стравы як, напрыклад, веганскія. Гэта спрашчае арыентацыю ў прасторы і пазбаўляе вас бясконцых пытанняў, ці ёсць у складзе гэтага печыва яйкі. Каб зрабіць ваш зварот яшчэ больш празрыстым, напішыце асобны кароткі тэкст для тых, у каго няма абмежаванняў у харчаванні, каб яны найперш рабілі акцэнт на ўмоўна мясных і малочных стравах.
Спосаб другі: арганізоўвайце меню для кава-паўз такім чынам, каб ежа там пасавала як можна большай колькасці людзей. Напрыклад, зрабіце веганскім увесь стол. Гэта пазбавіць вас неабходнасці прадумваць дадатковыя запыты і ўвогуле кантраляваць, хто і што есць на вашым мерапрыемстве.
Не да канца прадумалі рассяленне ўдзельніц і ўдзельнікаў
Традыцыйна на выязных івэнтах, калі людзей не селяць па адным у пакой, іх рассяляюць паводле прынцыпу «жанчыны з жанчынамі і мужчыны і з мужчынамі». Але гэты падыход не ўлічвае самыя розныя асаблівасці і патрэбы людзей — камусьці важны толькі той факт, ці чалавек храпе, а хтосьці наогул катэгарычна не хоча спаць у адным пакоі з умоўна незнаёмым чалавекам. Арганізатаркі і арганізатары івэнтаў часта запытваюцца ў анкетах, ці ёсць ва ўдзельніц і ўдзельнікаў нейкія асаблівасці харчавання, але пытанні размяшчэння ў нумарах звычайна выпадаюць з іх фокусу ўвагі.
Каб зрабіць ваш івэнт больш інклюзіўным, па-першае, загадзя тлумачце ўдзельніцам і ўдзельнікам, як будзе адбывацца рассяленне, і ці будуць суседкі ці суседзі па пакоі, а па-другое, запытвайцеся ў анкеце, ці ёсць у іх пажаданні адносна гэтага пункту. Не заўжды вы зможаце задаволіць усе пажаданні, але чым больш пастараецеся, тым больш атрымаецца.
Тэкст: Наста Захарэвіч
Фота: Ann H, Yaroslav Shuraev, Karolina Grabowska, DS stories, Marta Dzedyshko, SHVETS productione (фотабанк Pexels)