«Сам ты пацук!» Чаму параўнанне людзей і жывёл не заўсёды добрая ідэя?

ІнклюзіяПравы чалавека
Обложка_про сравнение с животными
5
(3)

Часта нам складана зразумець людзей, якія глядзяць на свет іначай. Што ўжо казаць пра жывёл? Нам проста не дадзена разабрацца, што адбываецца ў галаве ў хатняга гадаванца або вароны, якая села на галінку ў парку. Але, паколькі мы глядзім на жывёл са свайго цела, сваіх ведаў і досведу, узнікае спакуса надзяляць іх чалавечымі думкамі і эмоцыямі. З аднаго боку, гэта дапамагае адчуць сябе ў адной лодцы з іншымі насельнікамі планеты і, напрыклад, адмовіцца ад торбы з нечай скуры. З іншага боку, гэта вядзе да таго, што людзі выкарыстоўваюць выявы жывёл, як палічаць патрэбным, ігнаруючы той факт, што досвед жывёлы яны ніколі не змогуць зразумець. Да таго ж зручныя паралелі часта вядуць да размывання ўяўленняў аб разнастайнасці таго, што могуць адчуваць розныя істоты.

Спесішызм: калі чалавек не ёсць мераю ўсіх рэчаў

Філосаф Пітэр Сінгер у сваіх працах па біяэтыцы развіваў тэрмін «спесішызм» (англ. speciesism — відавая дыскрымінацыя, відацэнтрызм), які сёння ўсё больш актыўна выкарыстоўваецца абаронцамі правоў жывёл і ў нашых краях.

Спесішызм — гэта парушэнне інтарэсаў або правоў аднаго біялагічнага віду іншым, заснаванае на перакананні ва ўласнай перавазе. Спесішызм — гэта дыскрымінацыя людзьмі жывёл і раслін.

У сваёй працы «Вызваленне жывёл» (Animal Liberation: New Ethics for Our Treatment of Animals, 1975) Пітэр Сінгер бачыць барацьбу за правы жывёл натуральным працягам руху за грамадзянскія правы расізаваных людзей і руху за правы жанчын. Аднак многія, хто паслядоўна выступае супраць расізму і сэксізму, крытыкуюць Сінгера і іншых антыспесішыст_ак, бо прыгнечаныя людзі самі ўзначальвалі рухі за свае правы, а жывёлы, відавочна, знаходзяцца ў іншай сістэме каардынат. Мяркуецца, што нельга дыскрымінаваць тых, хто не заяўляе пра тое, што іх дыскрымінуюць.

Антыспесішыст_кі ў сваю чаргу заяўляюць, што нягледзячы на тое, што жывёлы валодаюць адрозным ад чалавека розумам і не могуць «па-чалавечы» расказаць пра свае праблемы, яны здольныя пра сябе клапаціцца, а гэта значыць, у нейкай ступені спазнаюць сябе — і ўжо на падставе гэтага нельга глядзець на жывёл вачыма больш «высокай» істоты і выкарыстоўваць іх, як захочацца. Для антыспесішыст_ак пакуты жывёл, якіх вырошчваюць для ежы ці лабараторных доследаў, не стаяць на прыступку ніжэй за чалавечыя пакуты, хоць і «відавочна, што паміж людзьмі і іншымі жывёламі ёсць важныя адрозненні, і гэтыя адрозненні павінны весці да некаторых адрозненняў у правах» (Peter Singer «A Utilitarian Defense of Animal Liberation»).

«Жанчына-мяса», «жанчына-звер»

Адносіны паміж людзьмі і жывёламі — гэта часта адносіны дамінавання. Але і паміж рознымі групамі людзей адносіны могуць будавацца паводле падобных сцэнароў. Калі мы чытаем чарговую навіну пра тое, што «больш за дваццаць беларусаў вызвалілі з рабства ў Падмаскоўі», можна выказаць здагадку, што становішча гэтых работнікаў было нічым не лепшым (ці нават горшым) за становішча працоўнай жывёлы на ферме.

Яшчэ часцей параўнанне людзей і жывёл узнікае ў медыя і сацыяльных сетках, калі гаворка ідзе пра становішча жанчыны ў патрыярхальным грамадстве. Бо целы жанчын прадаюць і купляюць, з імі жорстка абыходзяцца, іх эксплуатуюць. Аднак пісьменніца-феміністка Кэры Луі Гамільтан у кнізе «Veganism, Sex and Politics: Tales of Danger and Pleasure» (2019) перасцерагае ад абагульненняў, за якімі могуць сцірацца нюансы: «Разуменне таго, як іерархіі, структуры ўлады і сістэмы эксплуатацыі дзейнічаюць супраць розных целаў і груп, — гэта важны крок да таго, каб кінуць ім выклік. Але, хоць гэтыя сістэмы злучаныя, распаўсюджванне этыкі негвалтоўнасці на ўсіх істот не залежыць ад дэманстрацыі таго, што людзі і іншыя жывёлы эксплуатуюцца ці зазнаюць гвалт аднолькава. Наадварот, яна патрабуе, каб мы надавалі столькі ж увагі адрозненням, колькі і падабенству. Яна таксама патрабуе, каб мы не супрацьпастаўлялі розныя формы гвалту, напрыклад, маючы на ўвазе, што адна з іх больш актуальная, чым іншая. І нарэшце, яна патрабуе, каб мы ўсведамлялі, што параўнанні могуць як збіваць з панталыку, так і паясняць».

Разгледзім прыклад. Папулярнае супрацьпастаўленне ў фемасяроддзі 1980-х, якое актуальнае і ў нашыя дні, — «жанчына як мяса» і «мужчына як спажывец мяса». Мужчынскае дамінаванне і мясная дыета звязаныя, напрыклад, у працы Кэрал Дж. Адамс «Сэксуальная палітыка мяса» (The Sexual Politics of Meat: Feminist-Vegetarian Critical Theory, 1990). Адамс мяркуе, што прыгнёт жывёл і прыгнёт жанчын звязаныя міжсобку і ўмацоўваюць адзін аднаго. І сапраўды, цяжка не пагадзіцца, што смакаванне стэйка з крывёй і рознага роду агрэсія ў стаўленні да жывёл была (і шмат у чым застаецца) часткай стэрэатыпнага партрэта «сапраўднага мужчыны». Пры гэтым Адамс пакідае за дужкамі досвед мужчын-вегетарыянцаў, небінарных людзей, жанчын, якія з задавальненнем з’ядуць стейк, і іншых.

Сучасніцы Адамс — радыкальныя феміністкі Андрэа Дворкін і Кэтрын Макінан — мысляць у тым жа кірунку, выступаючы з крытыкай парнаграфіі і сэкс-работы. Жанчына ў іх працах падаецца як абсалютна пасіўны аб’ект — усё той жа стэйк на талерцы мужчыны. Аднак актывістка, перформерка і сэкс-працаўніца Мірха-Салейл Рос з імі зусім не згодная. Яна настойвае на тым, што порна-акторка і карова знаходзяцца ў прынцыпова розным становішчы. У адным з інтэрв’ю на радыё Рос гаворыць пра плакат з выявай жаночага цела, якое праходзіць праз мясарубку, і нагадвае, што праз мясарубку жывёлы праходзяць не сімвалічна, а літаральна:

«Тое, што адчуваюць жывёлы на фабрычных фермах, падчас перавозкі і ў працэсе забою, зусім непараўнальна з тым, што адчуваем мы, жанчыны, якія згаджаюцца на тое, каб нам плацілі — і нядрэнна, дзякуй — за аказанне сэксуальных паслуг».

Рос заяўляе, што жанчыны з сэкс-індустрыі не думаюць пра сябе, як пра кавалкі мяса, а калі нехта так думае, то гэтаму чалавеку варта было б пабываць у хляве, дзе сотні тысяч курэй чакаюць сваёй смерці, і адчуць страх і агонію, якія ахопліваюць бойні ў рэжыме 24/7. «Я заўсёды лічыла такое параўнанне абразлівым, бо яно змяншае тое, праз што на самай справе праходзяць жывёлы», — падкрэслівае Рос.

Што не так з параўнаннем бойні і генацыду

У 2005 годзе зоаабарончая арганізацыя PETA (People for the Ethical Treatment of Animals) арганізавала выставу «Animal Liberation Project» («Праект вызвалення жывёл»). У кнізе «Sistah Vegan» (2009) актывістка-антырасістка Эмі Брыз Харпер апісвае дыскусіі, якія разгарэліся вакол гэтай экспазіцыі. На выставе дэманстраваліся здымкі, якія нагадваюць пра жорсткасць у стаўленні да карэнных жыхар_ак Амерыкі, афраамерыкан_ак, габрэ_ек. Побач з імі размяшчаліся візуальна зарыфмаваныя фатаграфіі жорсткасці ў адносінах да жывёл. Пры гэтым фатаграфіі з людзьмі былі чорна-белымі, а фота з жывёламі — каляровымі, што, на думку некаторых крытыкаў, сведчыла пра тое, быццам нейкія формы прыгнёту засталіся ў мінулым і абсалютна прапрацаваныя, а гэта не так. Зрэшты, гэтая прэтэнзія да праекту не адзіная. І не толькі гэты праект выглядае праблемным.

Абаронцы жывёл нярэдка параўноўваюць жорсткае абыходжанне з жывёламі з гісторыяй расавага гвалту або генацыду. Аднак падобныя параўнанні выклікаюць пытанні, бо могуць прыніжаць гістарычны досвед людзей, а таксама ўмацоўваць расісцкія стэрэатыпы. Бо групы, якія прыгнятаюць іншыя групы, нярэдка называюць іх нейкімі жывёламі або надзяляюць іх «звярынымі» рысамі.

Каб пазбегнуць сітуацыі, калі, абараняючы адных, актывіст_кі закранаюць пачуцці іншых, чорны* (тут выкарыстоўваецца як палітычны тэрмін, англ. Black — заўв. рэд.) пісьменнік-веган Крыстафер-Себасцьян Макджэтэрс прапаноўвае параўноўваць не людзей, якія былі ў рабстве, з жывёламі, а самі сістэмы прыгнёту, у механізмах працы якіх наогул шмат агульнага. Так, Макджэтэрс сцвярджае, што светапогляд, які дазваляў стагоддзямі апраўдваць рабства, у нейкай ступені сугучны са светапоглядам, які дазваляе сёння апраўдваць самыя жудасныя рэчы, якія людзі робяць з жывёламі. Атрымліваецца, калі мы параўноўваем светапогляд, прыёмы прапаганды або інструменты, якія выкарыстоўваюцца сістэмамі прыгнёту, — гэта зусім не тое, што размясціць побач фота падвешанай тушы быка і фота лінчаванага куклускланаўцамі чалавека.

У кнізе «The Dreaded Comparison: Human and Animal Slavery» (1988) чорная* пісьменніца-веганка Марджары Шпігель падсвятляе падабенствы ў інструментах кантролю і практыках прыгнёту. Амерыканскія фермеры ўжывалі наморднікі і ланцугі як для жывёл, так і для людзей. І тых, і тых прымушалі да полавых актаў і нараджэння дзяцей. Шпігель піша, наколькі важна шукаць агульныя аспекты ў сістэмах прыгнёту і супрацьстаяць ім: «Адмаўляць наша падабенства з жывёламі — значыць адмаўляць і падрываць нашу ўласную сілу». Аднак Шпігель не ставіць знак роўнасці між сістэмамі прыгнёту, а толькі паказвае на іх перасячэнне.

Падобным шляхам ідзе гісторык Чарльз Патэрсан. У кнізе «Eternal Treblinka: Our Treatment of Animals and the Holocaust» (2002) ён звязвае жорсткае абыходжанне чалавека з жывёламі з ідэалогіяй перавагі белых хрысціян_ак, якія доўгія стагоддзі ачарнялі яўрэ_ек, паказваючы іх «звярамі» і «паразітамі». Шырока вядома, наколькі эфектыўна нацыянал-сацыялістычная прапаганда ў Нямеччыне выкарыстоўвала гэтыя антысеміцкія метафары і да чаго яны прывялі. Патэрсан піша аб практыках прымусовага размнажэння, стэрылізацыі, прамысловага забойства людзей. У плане інструментаў генацыд можа быць вельмі падобны да таго, як людзі абыходзяцца з жывёламі. Пры гэтым важна разумець, што сістэма забойства мае пад сабой іншую глебу і адбываецца ў іншым кантэксце.

Паліталагіня Клэр Джын Кім лічыць, што вышэйапісаны праект PETA «апраўданы маральна», бо праз шок прыцягвае ўвагу да этычнай праблемы эксплуатацыі жывёл, але ён «не апраўданы палітычна», бо праз параўнанні людзям з розных груп становіцца складаней аб’яднацца і сумесна накіраваць свой гнеў на ўзаемазвязаныя структуры панавання. Атрымліваецца так, што ў канкурэнтным параўнанні ніводнаму з элементаў не надаецца той увагі, якой ён варты. А людзям цяжка салідарызавацца, калі тое, ад чаго балюча ім, супрацьпастаўлена болю іншых. Калі актывіст_кі ў 1995 годзе выкарыстоўвалі плакаты з надпісам «Auschwitz», каб выступіць супраць жорсткай транспарціроўкі цялят, яны закранулі людзей, для якіх «Аўшвіц» («Асвенцім») — гэта не слова з падручніка, а іх жудасны вопыт.

У сваю абарону прадстаўні_цы PETA сцвярджалі, што яны параўноўвалі вопыт жывёл і расізаваных людзей, каб данесці думку аб тым, што людзі — гэта таксама жывёлы, і што ў нас ёсць маральныя абавязкі перад усімі жывымі істотамі на планеце, а не толькі перад нашым відам. Гэта, безумоўна, высакародны парыў, аднак яго можна інтэрпрэтаваць так, быццам мы можам падтрымаць жывёл толькі тады, калі ўявім, што іх пакуты не меншыя за чалавечыя. І зноў у цэнтры сусвету апынаецца чалавек — тое, супраць чаго выступаюць антыспесішыст_кі. У горшым варыянце гэта чалавек, які эксплуатуе, у лепшым — які ратуе. Але ён усё роўна самы «галоўны».

Многія абаронцы правоў жывёл лічаць, што час навучыцца паказваць жывёл больш актыўнымі і значнымі. У гэтым плане праблемнымі могуць быць не толькі параўнанні з пакутамі людзей, але і пастаянная дэманстрацыя выяваў змардаваных жывёл.

З аднаго боку, людзей сапраўды ўражваюць вобразы жорсткасці, і многія веган_кі сцвярджаюць, што адмовіліся ад мяса і малака пасля дакументальнага фільма «Зямляне» («Earthlings», 2005) з закадравым голасам Хаакіна Фенікса. Жудасныя кадры з дакументальных фільмаў і навінаў могуць матываваць людзей заявіць, што яны супраць убачанага, і нават выйсці дзеля гэтага на вуліцы. Забойствы кітоў у Японіі ці дэльфінаў на Фарэрскіх выспах выклікаюць рэзананс шмат у чым праз тое, што людзі назіраюць трупы жывёл і мора колеру крыві ў прайм-тайм па тэлевізары. Аднак мастак Стыў Бэйкер заклікаў падумаць над новымі «карцінкамі».

У кнізе «Picturing the Beast» (1993) Бэйкер параўноўвае зоаабарончыя плакаты 1989 года, дзе куча мёртвых сабак па-мастацку запаралеленая з чалавечымі целамі, згрувашчанымі ў канцэнтрацыйным лагеры, і постар, на якім намаляваны завязаны, напоўнены чымсьці (маецца на ўвазе цела сабакі) смеццевы мяшок. На думку Бэйкера, другі візуал больш выразны, паколькі нічога не навязвае гледачу, а дазваляе самастойна звязаць у галаве А і Б. Мастак выступае за выкарыстанне больш тонкіх выяў, над якімі чалавек можа паразважаць і зрабіць сваю выснову замест таго, каб прыняць навязаную і нібыта адзіна дакладную ісціну, якая да таго ж можа абразіць іншых.

Иллюстраци к статье про сравнение с животными

Свіння ні ў чым не вінаватая, але людзі любяць метафары

Людзі заўсёды выкарыстоўвалі жывёл як вобразы, якія павінны нешта расказваць пра людзей. Успомнім байкі, дзе жывёлы сімвалізавалі чалавека з вызначаным наборам якасцяў: ліса — хітрага, мурашка — працавітага, заяц — баязлівага. Гэта былі як станоўчыя, так і адмоўныя персанажы, і пэўны звер звычайна аказваўся або сярод тых, або сярод іншых — «сумяшчэнні» не часта сустракаюцца.

Цікава, што назвы жывёл мы выкарыстоўваем і як словы пяшчоты: «вы коцікі», «мая рыбка», «ты зайка» і гэтак далей. Але часта робім і наадварот. Калі нам трэба апісаць непрыемнага чалавека, мы выбіраем вобраз звера ў залежнасці ад таго, што нам зрабіў чалавек: здрадзіў — змяя, пляткарыць — пацук, упарціцца — баран. Таксама ў мове ёсць устойлівыя выразы, якія прыдуманыя для абразы пэўных групаў людзей. У турэмным асяроддзі або пад яго ўплывам геяў называюць «пеўнямі». А палітычныя актывіст_кі ў ЗША называюць паліцыянт_ак «свіннямі», а багатых — «тлустымі катамі».

З аднаго боку, параўнанне дапамагае ёміста данесці думку. З іншага — рысы, якія прыпісваюцца жывёлам у такіх метафарах, ім не ўласцівыя. Каты не робяць нічога дрэннага, у іх свеце нават няма паняццяў «добра» і «дрэнна». Свінні нічым не заслужылі актывісцкага гневу. Як і не заслужылі быць галоўнымі злыднямі «Скотнага двара» Джорджа Оруэла. Яны не злыя, не ўладныя і не подлыя. І нават неахайнымі яны не з’яўляюцца. Гразевыя ванны неабходныя для свінні якраз таму, што людзі трымаюць яе не ў камфортных умовах, і бруд дапамагае ёй астудзіцца і абараніць сябе ад паразітаў. (Парадокс: людзі «штурхаюць» свінню ў бруд, а потым заяўляюць, што яна «брудная».) Зразумела, што пісьменнікі ўсяго толькі выкарыстоўваюць выявы — як і аўтары баек. Аднак варта разумець, што, калі на людзей нацягваюць маскі свіней, гэта закранае саміх свіней, бо тады іх прасцей лічыць не вартымі нічога, акрамя таго, каб быць з’едзенымі.

«ІншыЯ» публікавалі матэрыял пра слюры — некарэктныя словы, якія апісваюць людзей якой-небудзь уразлівай групы і выкарыстоўваюцца як абразы. Слюры кідаюць у адрас чалавека, які да гэтай групы не належыць, тым самым пагаршаючы становішча людзей з уразлівай групы (бо быць такім, атрымліваецца, «дрэнна»).

Паступова людзі ўсведамляюць, што абзывацца «глухімі» ці «бамжамі» не варта. Але для таго, каб перасталі абзывацца «жабай», «пацуком» або «кабылай», павінна прайсці яшчэ больш часу.

Адна з першых арганізацый па абароне правоў сэкс-работніц у ЗША называлася COYOTE (Call Off Your Old Tired Ethics). Ёсць розныя версіі, чаму менавіта COYOTE, то бок «каёт», аднак артыстцы Мірсе-Салейл Рос больш блізкая тая, у якой каёты — гэта казлы адпушчэння, на якіх уладальнікі ранча вешаюць усіх сабак (усяго адзін сказ — а для стварэння вобразнасці нам спатрэбіліся і казлы, і сабакі!). Бо каётаў вінавацяць ва ўсім, прыкладна так, як у гарадах спісваюць праблемы раёна на сэкс-работні_ц. У сваім перформансе «Yapping Out Loud: Contagious Thoughts of an Unrepentant Whore» Рос даследуе гвалт у дачыненні да сэкс-працаўніц, аднак не забываецца нагадаць і пра дзікіх сабак: «Каёты — вельмі моцныя жывёлы, прыгожыя жывёлы. Таксама яны могуць быць страшнымі. Вы не можаце нічога не адчуваць, калі апынаецеся побач з каётам. Гэтак жа, як і з сэкс-работні_цамі». Тут мы назіраем параўнанне, якое ўмацоўвае «лінію абароны» ўсіх, каго параўноўваюць. Ніхто не застаецца абдзеленым.

Звезды_перебівка

Параўнанні людзей і жывёл могуць дапамагаць у тым, каб адстойваць права на паважлівае стаўленне да ўсіх насельнікаў гэтай планеты. Аднак часам параўнанні становяцца трыгернымі і праблемнымі. Адна справа — калі мы спрабуем звярнуць увагу на чалавечую крывадушнасць, а іншая — калі пры гэтым забываемся падтрымаць тых, каго выкарыстоўваем у сваёй барацьбе, надзяліць іх актыўнымі рысамі і паставіць з сабою на роўных.


Аўтарка: МП

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x