Патэнцыял і сацыяльная значнасць людзей старэйшага ўзросту сістэматычна застаюцца незаўважнымі або недаацэненымі. «Бедныя, хварэючыя і стомленыя жыццём» — так часцей за ўсё ў даследаванні апісвалі вобраз сталага чалавека ў Беларусі. Пагаварылі з кіраўніцай адукацыйнага праекта для людзей старэйшага ўзросту Аленай Дзямідавай і высвятлілі, якія пытанні цяпер найбольш вострыя для беларус_ак сталага ўзросту, дзе шукаць новае сацыяльнае кола ў міграцыі і дома і што мы можам зрабіць для камфортнай старасці іншых людзей ужо зараз.
— Наколькі сацыяльнае выключэнне людзей старэйшага ўзросту і эйджызм характэрны для Беларусі? Якія пытанні стаяць зараз найбольш востра?
Новае старэйшае пакаленне значна больш разнастайна ў сваіх патрэбах, магчымасцях і запытах. Усё больш людзей, якія выходзяць на пенсію, выбіраюць захаваць працоўную занятасць. Так адбываецца па розных прычынах: недахоп фінансавых сродкаў, жаданне адчуваць сябе патрэбным, быць уключаным у сацыяльную актыўнасць, страх адзіноты.
Аднак па-ранейшаму сустракаюцца ўстаноўкі, што людзі старэйшага ўзросту — гэта абуза для грамадства, сацыяльна неактыўная група, з меркаваннем якой можна не лічыцца. Такое стаўленне і спрыяе ўзнікненню праблемы адзіноты, дыскрымінацыі і сацыяльнага выключэння.
Найбольш актуальныя дадзеныя аб распаўсюдзе эйджысцкіх установак сярод беларускага насельніцтва можна ўбачыць у даследаванні ЮНФПА 2019 году.
Некалькі высноў даследавання аб стаўленні насельніцтва да людзей сталага ўзросту і ўспрыманні феномена старасці:
- 26% апытаных ва ўзросце 45-52 гадоў хацелі б працаваць у старасці,
- 39% апытаных ва ўзросце 55-66 гадоў сутыкаліся з адмовай у прыёме на працу з-за ўзросту,
- чым старэйш_ая рэспандэнт_ка, тым больш высокі ўзрост ён/яна называе аптымальным для выхаду на пенсію.
- сярэдні і высокі ўзровень эйджызму* праяўляюць 62% рэспандэнт_ак, якія не ўспрымаюць сталых людзей як людзей з вялікім патэнцыялам.
COVID абвастрыў і агаліў праблемы дыскрымінацыі ў адносінах да людзей старэйшага ўзросту ва ўсім свеце. Стала відавочна неабароненасць і ўразлівасць гэтай групы насельніцтва, у тым ліку выключанасць з-за недахопу лічбавых ведаў. Каб скараціць рызыку заражэння COVID, мы сталі часцей рабіць звыклыя рэчы анлайн: аплачваць паслугі, заказваць дастаўку ежы, мець зносіны з сябрамі і блізкімі. Людзям старэйшага ўзросту, якія дрэнна ўмелі карыстацца інтэрнэтам, даводзілася выбіраць: рызыкаваць заразіцца ці быць адарванымі ад блізкіх і заставацца без доступу да закрыцця бытавых патрэб.
Да праблем можна аднесці і страту кантакту з дзецьмі, якія пакінулі краіну. Частка людзей старэйшага ўзросту магла разлічваць на дапамогу і падтрымку з боку сваіх дзяцей, якія выраслі. Цяпер сітуацыя пагоршылася ў сувязі з пераездамі і міграцыяй маладога пакалення.
Выезд за мяжу памяншае і магчымасць практыкі нефармальнага догляду*, якая шырока распаўсюджана ў Беларусі. Улічваючы гэта, можна меркаваць пра рост колькасці людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе, і адпаведна павелічэнне нагрузкі на сацыяльныя цэнтры.
— Якія змены ў дзяржаўнай палітыцы патрэбны для таго, каб беларус_кі на пенсіі маглі жыць у фінансавай устойлівасці і з асалодай?
Пашырэнне спектра сацыяльных паслуг, у тым ліку бясплатных, рэфармаванне пенсійнай сістэмы, развіццё пенсійнага страхавання, барацьба са стыгмай і дыскрымінацыяй — усё гэта неабходна для развіцця сацыяльнай палітыкі ў адносінах да людзей старэйшага ўзросту.
Важная падтрымка сем’яў, якія ажыццяўляюць нефармальны догляд: сацыяльная (у выглядзе паслуг перадышкі), матэрыяльная і інфармацыйная.
Інфармацыйная падтрымка — гэта навучанне практычным навыкам па догляду дома: як правільна даглядаць блізкіх, не наносячы ні ім, ні сабе фізічную і псіхалагічную шкоду. Напрыклад, парады аб тым, як правільна мець зносіны з людзьмі з дэменцыяй. Або практыкі псіхалагічнай падтрымкі, спосабы для барацьбы з выгараннем. Такая інфармацыя магла б быць сабрана на адзіным інфармацыйным партале. Ён быў бы карысны і сем’ям, і спецыяліст_кам.
Таксама неабходна, каб людзі старэйшага ўзросту ўдзельнічалі ў прыняцці рашэнняў і распрацоўцы палітыкі. Гэта могуць быць прадстаўні_цы грамадскіх аб’яднанняў або супольнасцяў.
Дзяржава і зараз займаецца «рэалізацыяй патэнцыялу» людзей старэйшага ўзросту. Развіваецца сістэма дадатковага пенсійнага страхавання, распрацавана Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце-2030». Аднак не ўсе пункты нацыянальнай стратэгіі рэалізуюцца. Магчыма, гэта звязана з недахопам фінансавання.
— Якія ёсць стратэгіі дапамогі і самадапамогі асобам старэйшага ўзросту, якія сутыкаюцца з праблемай ізаляванасці і адзіноты?
Развіццё лічбавых навыкаў. І пра гэта кажуць лічбы: усё больш людзей падключаюцца да інтэрнэту і выкарыстоўваюць яго штодня ў тым ліку для зносін.
Вырашыць праблему ізаляванасці могуць праекты, накіраваныя на ўмацаванне міжпакаленчых сувязей. Яны дазваляюць убачыць каштоўнасць кожнага з пакаленняў.
Напрыклад, А1 праводзіць праект #яанлайн, у межах якога валанцёр_кі дапамагаюць людзям старэйшага ўзросту засвоіць гаджэты. У «Узаемапаразумення» (рас. Взаимопонимание ) быў валанцёрскі праект з былымі вязнямі канцлагераў.
Адной з лепшых практык з’яўляецца фармаванне кам’юніці па інтарэсах. Гурткі да гэтага часу вельмі папулярныя ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання.
Ва ўніверсітэты трэцяга ўзросту* па-ранейшаму колькасць заявак на навучанне перавышае магчымую колькасць студэнтаў. Гэта сведчыць аб неабходнасці развіцця такіх паслуг і іх максімальнай падтрымкі з боку дзяржавы.
— Як праблема адзіноты выглядае для беларускіх эмігрант_ак старэйшага ўзросту? У якія ўстановы і ініцыятывы могуць звярнуцца людзі ў эміграцыі?
Можна назіраць некалькі стратэгій мігрант_ак старэйшага ўзросту :
- самастойная міграцыя,
- у дапамогу дзецям, якія заняты сваімі справамі і складанасцямі міграцыі, свая_чка старэйшага ўзросту дапамагае з дзецьмі.
І ў першым, і другім варыянце выступае праблема адзіноты і ізаляванасці. Бо гэта поўная змена звыклага асяроддзя, укладу жыцця і неабходнасць зноўку адбудоўваць сацыяльнае кола.
Як правіла, у цэнтрах падтрымкі мігрант_ак можна знайсці невялікія ініцыятывы для людзей старэйшага ўзросту. Напрыклад, ва Ўроцлаве гэта былі экскурсіі па горадзе і інфармацыйныя вечары.
— Што можна зрабіць ужо зараз сіламі грамадзянскіх супольнасцяў і нізавых ініцыятыў, каб палепшыць фінансавае становішча беларус_ак на пенсіі?
Пачніце з асабістага стаўлення да людзей старэйшага ўзросту ў вашым прафесійным асяроддзі. Ці з’яўляецца для вас ключавым узрост кандыдат_кі пры прыёме на працу? Як часта вы звяртаецеся па прафесійную параду да людзей старэйшага ўзросту? Як вы ўлічваеце стан здароўя супрацоўні_цы?
НДА і грамадскасць таксама маглі быць карыснымі ў пашырэнні адукацыйных магчымасцяў: адкрыццё курсаў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, курсаў па інфармацыйных тэхналогіях. У рэшце рэшт можна нават проста на валанцёрскіх пачатках дапамагчы сва_ёй сусед_цы ці свая_чцы разабрацца з мабільнай прыладай або пакупкамі анлайн, завесці сацыяльныя сеткі або ўсталяваць мэсанджары.
І зноў-такі — дапамога і падтрымка сем’яў. Некаторыя НДА і цяпер рэалізуюць праекты па комплекснай дапамозе пры арганізацыі догляду тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Створаны праграмы падтрымкі сем’яў, курсы навучання догляду.
Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў у траўні 2023 праводзіла канферэнцыю «Развіццё інструментаў, якія садзейнічаюць фарміраванню ўстойлівасці апекуноў». У гэтых напрамках працуюць Медыка-сацыяльная служба Чырвонага Крыжа і фонд «Узаемаразуменне». І, вяртаючыся да папярэдняга пытання, назапашаны ў гэтых пытаннях досвед НДА можна мультыплікаваць у сістэме дзяржаўных устаноў.
Мінскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту
Універсітэт залатога веку, Гродна
Цэнтр актыўнага даўгалецця, Мінск
Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аддзяленнях дзённага знаходжання
Гарадскія дамы культуры
Тэкст: Вікторыя Грабеннікава
Фотa: MART PRODUCTION, Andrea Piacquadio