Слюр — гэта не новая з’ява, нават калі для большасці з нас гэта пакуль яшчэ новы тэрмін. Слюрам называюць словы, якімі можна абразіць людзей пэўнай нацыянальнасці, сацыяльнага статусу, сэксуальнай арыентацыі, гендара і стану здароўя — часам свядома, а часам не.
У гэтым артыкуле мы не будзем разглядаць словы, якія з’яўляюцца відавочна абразлівымі. Прапануем звярнуць увагу на тыя словы, якія мы можам выкарыстоўваць машынальна — бо яны настолькі трывала ўвайшлі ў нашую лексіку, што мы не задумляемся пра тое, што яны могуць зачапіць іншых людзей.
Мэта гэтага артыкула — не прысароміць кагосьці, а дапамагчы перагледзець выкарыстанне звыклых выразаў, якія насамрэч толькі падмацоўваюць шкодныя стэрэатыпы і павялічваюць дыстанцыю паміж людзьмі.
Наперад.
«Паўзе як інвалід», «Я сёння як калека»
Калі мы выкарыстоўваем словы, звязаныя з інваліднасцю, каб апісаць сябе, іншых людзей ці нейкія падзеі як дрэнныя, мы падмацоўваем стэрэатып пра тое, што інваліднасць — гэта нешта негатыўнае, няправільнае і тое, чаго трэба саромецца.
Успомнім знаёмыя са школы выразы «ну ты і сляпы!», «ты што, глухі?». Дзеці чуюць гэтыя выказванні ад настаў_ніц і бацькоў, забіраюць гэтыя словы ва ўжытак і пачынаюць выкарыстоўваць іх не думаючы, што за імі стаіць.
Але важна ўсвядоміць, што падобныя выказванні абразлівыя для людзей са слабым слыхам ці зрокам, невідушчых і людзей без слыху. Бо ні аслаблены слых, ні праблемы са зрокам не робяць чалавека горшым за іншых.
Што тады рабіць і як гаварыць? Змяняць моўныя звычкі. Ёсць мноства словаў, з дапамогай якіх можна выказваць свае думкі і пачуцці тактоўна. А слюр — гэта мікраагрэсія, якая нармалізаваная грамадствам і якой складана супрацьстаяць. Калі ў чалавека, статус якога выкарыстоўваюць у якасці абразы, няма ўстойлівага вонкавага і ўнутранага апірышча, то ён ці яна могуць пераняць гэтыя стэрэатыпы і паверыць, што з імі нешта не так.
Крыніца: Вікіпедыя
Таму не параўноўвайце людзей, кепскія рэчы і сітуацыі з інваліднасцю. Яны абразлівыя і ўкараняюцца так сістэмна і грунтоўна, што ўплываюць не толькі на негатыўнае ўспрыманне людзей з інваліднасцю, але і на іх жыццё.
Вось як можна сказаць інакш.

Разважаючы пра тое, чаму не варта выкарыстоўваць слова бомж (ні ў дачыненні да сапраўды чалавека з досведам бесхацінства, ні вобразна), варта ўспомніць яго паходжанне. З’явілася гэтая абрэвіятура ў часы існавання СССР. Тады міліцыянеры ў пратаколах выкарыстоўвалі абрэвіятуру БОМЖ, каб пазначыць чалавека без вызначанага месца жыхарства. Тады гэтае скарачэнне неабавязкова азначала чалавека, які жыве на вуліцы. БОМЖ ці б/о м.ж. маглі напісаць пра таго, хто жыве не па прапісцы, а па іншым адрасе — як, дарэчы, робяць многія з нас цяпер.
З часам слова набыло негатыўны сэнс. Цяпер пад словам «бомж» маецца на ўвазе часта не тыя, у каго няма дома, а тыя, хто неахайна выглядае, ад каго непрыемна пахне, хто мае праблемы з ужываннем алкаголю. Хоць насамрэч актывіст_кі, якія працуюць з гэтай групай, кажуць, што людзі з досведам бесхацінства ў большасці сваёй імкнуцца сачыць за сваім вонкавым выглядам.
Такім чынам, што мы робім, калі выкарыстоўваем слова «бомж» як эўфемізм неакуратнасці?
Па-першае, мы транслюем, што быць «бамжом» — сорамна. Гэта вядзе да таго, што чалавек, які апынецца на вуліцы, будзе саромецца звярнуцца па дапамогу, будзе хаваць свой статус і будзе імкнуцца даваць рады гэтай сітуацыі выключна самастойна — што значна складаней чым, калі б яны звярнуліся па дапамогу да сваіх блізкіх або да актывістскіх арганізацый.
Памятайце, што быць без дома і даху над галавой — гэта не выбар чалавека, гэта вымушаныя ўмовы, у якія яны патрапілі.
Выкарыстоўваючы слова «бомж» як жарт, метафару ці кпін, мы замацоўваем негатыўныя стэрэатыпы ў грамадства пра тое, як выглядаюць і паводзяць сябе людзі з досведам бесхацінства. Такім чынам, бар’ер сораму падмацоўваецца адчужэннем грамадства, і гэта яшчэ больш пагаршае сітуацыю.
Вось як можна сказаць інакш.

«Гэта інфацыганства»
Напэўна, вы ведаеце, што «інфацыганамі» называюць людзей з інфабізнэсу, якія не валодаюць цвёрдай экспертызай і прадаюць абстрактныя інфапрадукты нізкай якасці. Гэта курсы, майстар-класы, чэк-лісты, якія заснаваныя на магічным мысленні і спекулююць жаданнем людзей палепшыць сваё жыццё.
Атрымліваецца, што выкарыстанне слова «інфацыганы» вядзе да таго, што цэлую этнічную групу мы называем ашуканцамі.
Да таго ж нагадаем, што само слова «цыганы», якое ўваходзіць у актыўную лексіку беларусаў і беларусак, само па сабе з’яўляецца некарэктным. Гэтая назва лічыцца прыніжальнай, таму яе не варта выкарыстоўваць наогул. Замест гэтага лепш казаць «рома».
Рома і так пакутуюць ад мовы нянавісці як на ўзроўні міжасобасных зносін, так і на дзяржаўным роўні, а таксама працягваюць сутыкацца са стэрэатыпамі. Чым больш мы будзем выкарыстоўваць любыя вытворныя ад слова «цыганы» ў якасці абвінавачання ў ашуканстве, тым больш моцна будуць укараняцца гэтыя стэрэатыпы.
Вось як можна сказаць інакш.

«Ну ты псіх!», «зусім хворы»
Слова «псіх» можна часта пачуць не толькі як абразу, але і ў сяброўскіх жартах або подколах.
А тут што ня так? Справа ў тым, што пытанні ментальнага здароўя да гэтага часу досыць табуяваная тэма ў беларускім грамадстве. Многія баяцца звярнуцца па дапамогу нават да псіх_алагіні, не кажучы ўжо пра псіхіятра, бо асцерагаюцца атрымаць ад знаёмых кляймо неадэкватнага і неўраўнаважанага чалавека, з якім не варта лічыцца, ці яшчэ горш — стаць на ўлік.
Падумайце, ці шмат вы згубіце, калі перастанеце называць сябро_вак, знаёмых, кале_жанак «хворымі», «псіхамі» і падобнымі словамі? Ці сапраўды гэтыя ацэначныя меркаванні і абразы маюць каштоўнасць?
Вось як можна сказаць інакш — але, вядома, усё залежыць ад кантэксту.

Што з усім гэтым рабіць
1. Прааналізуйце, ці карыстаецеся вы такімі словамі
Здольнасць заўважыць свае неўсвядомленыя стэрэатыпы — першы і галоўны крок. Многія слюр-выказванні мы перанялі ад свайго атачэння і СМІ, дзе гэта лічылася дапушчальным. Вы можаце ўсвядоміць і перастаць перадаваць гэтую слюр-эстафету далей: сваім дзецям, сябр_оўкам, калегам і каляжанкам па працы.
2. Падумайце, як можна выражаць думкі і пачуцці іншымі спосабамі
Калі вы зразумелі, што выкарыстоўвалі слюр у адносінах да сябе і іншых людзей, то ведайце: гэта не робіць вас дрэнным чалавекам. Мы ўсе жывем у недасканалым грамадстве, і сапраўды складана аналізаваць усе словы, якія мы ўвесь час чуем і гаворым — асабліва, калі мы далёкія ад разумення патрэбаў уразлівых груп. Галоўнае — быць чул_ай да іншых і быць гатов_ай вучыцца.
3. Стаўцеся да словаў, якія вы выкарыстоўваеце, як да прылады для збліжэння з іншымі
Памятайце, што выкарыстоўваючы ўразлівасць пэўных груп як абразу, мы стыгматызуем і без гэтага ўжо маргіналізаваных людзей і адцягваем увагу ад таго, што спрабуем сказаць.
Калі вы маеце патрэбу пакрытыкаваць нечыя ідэі, сказаць, што вы чымсьці незадаволеныя ці з кімсьці не згодны — выдатна! Паспрабуйце гэта зрабіць, не нападаючы на фізічныя і разумовыя здольнасці гэтага чалавека.
Слюр больш, чым мова
Мова — гэта толькі адзін са спосабаў стыгматызацыі і выключэння людзей. Сапраўды, свет не стане адразу лепшым ад таго, што мы перастанем выкарыстоўваць словы «інвалід», «інфацыганы» і падобныя да гэтых. Прыбраўшы слюр са свайго слоўніка, мы не зробім у адзін момант грамадства інклюзіўным. Але гэта ўжо добрая глеба для грамадства, у якім ёсць павага да іншага.
Мова — гэта інструмент, які стала развіваецца і рэагуе на запыты грамадства. У нас з’яўляецца ўсё больш чуллівых і дакладных словаў у інклюзіўным слоўніку і магчымасцяў зрабіць так, каб усе ў нашым атачэнні пачуваліся нечужымі і дарэчнымі.
Тэкст: Юлія Міхасёва
Благодарю за отличную статью! Только вы путаете слова экспертность и экспертиза) у них разные значения)