Трывога за новыя зморшчкі, уколы ботаксу, блефарапластыка і іншыя працэдуры ў надзеі спыніць старэнне і адагнаць ад сябе такі «страшны» сталы век. У гэтым артыкуле мы пагаворым пра тое, адкуль бярэцца страх старасці, каму ён на карысць, пры чым тут капіталізм і што мы можам зрабіць, каб адчуваць сябе больш камфортна ў працэсе сталення і старэння.
Чаму мы баімся старэць
Мы баімся старэць з розных прычын. Баімся страціць сілы і стаць абузай для сваіх блізкіх: стаць уразлівымі і фінансава залежнымі. Таксама старасць нагадвае нам пра непазбежнасць смерці, што можа выклікаць страх перад невядомасцю ці шкадаванне аб няспраўджаных марах.
Але апроч усяго гэтага мы баімся старэць праз тое, як у нашай культуры ўяўляюць старасць.
Гэта заўважна па праявах эйджызму, які прысутнічае на ўсіх узроўнях — ад індывідуальнай прадузятасці да інстытуцыйных бар’ераў — і пазбаўляе людзей ва ўзросце доступу да пэўных рэсурсаў, напрыклад:
- асобных прафесій: «старым не месца ў IT», «шукаем спецыяліста да 35 гадоў у маладую і актыўную каманду». Дыскрымінацыя па ўзросце забароненая Працоўным кодэксам РБ, але адсейваць рэзюмэ ўсё яшчэ можна;
- медыцынскіх паслуг — пажылыя пацыент_кі атрымліваюць менш шанцаў на трансплантацыю органаў, калі ёсць маладзейшыя прэтэндэнт_кі. А яшчэ ўзрост пацыент_кі часта становіцца апраўданнем у сітуацыях, дзе ўрачам не хапае ведаў і магчымасцяў: «А што вы хочаце ў такім-та ўзросце»;
- прафесійнага спорту: прыкладам, футбол, гімнастыка або бегавыя дысцыпліны рэдка ўключаюць спартсменаў старэйшых за 35-40 гадоў, нават калі ў іх добрая фізічная форма.
У грамадстве, арыентаваным на маладосць і прадуктыўнасць, старасць стыгматызаваная. І калі паглядзець на страх старасці больш пільна, то можа аказацца, што мы баімся не саміх зморшчак, а таго, што яны сімвалізуюць у нашым асяроддзі.
Індустрыя прыгажосці: капіталізацыя страхаў
Індустрыя прыгажосці — гэта магутны капіталістычны сектар. Ён сілкуе і выкарыстоўвае нашыя страхі і няўпэўненасць, каб прапанаваць нам «рашэнні», якія трэба пастаянна купляць для змагання са сваім целам: зморшчынамі, сівізной, стратай эластычнасці скуры і іншымі прыкметамі ўзросту. Гэта стварае бясконцы рынак збыту:
- антыэйдж-крэмы і сыроваткі патрабуюць штодзённага нанясення,
- касметычныя працэдуры накшталт ін’екцый ботаксу або філераў маюць кароткатэрміновы эфект і патрабуюць рэгулярнага паўтарэння,
- пластычная хірургія часта вядзе да дадатковых карэкцый і іншых працэдур.
Рэклама, СМІ і сацыяльныя сеткі фарміруюць новыя патрэбы, прапануюць «неабходныя» прадукты і паслугі, ствараючы пастаянны попыт. Блогер_кі і інфлюэнсар_кі падтрымліваюць ілюзію дасягальнасці ідэалаў, умацоўваючы залежнасць ад касметычных працэдур і прадуктаў.
Такім чынам, страх старэння падтрымлівае як сацыяльныя стэрэатыпы, так і капіталістычныя механізмы, узмацняючы ціск на людзей і падштурхоўваючы іх да пастаяннага спажывання.
Значную ролю ў папулярызацыі пластычнай хірургіі адыгрываюць сацсеткі як пляцоўкі з вялізным рэкламным патэнцыялам. Міргаючы ў стужцы, хірургічныя працэдуры пачынаюць успрымацца як нешта распаўсюджанае і звычайнае. У росце папулярнасці некаторых працэдур заўважны ўплыў TikTok. Напрыклад, пластычныя хірургі паведамляюць, што павялічылася колькасць ахвотных выдаліць тлушчавыя камякі шчок, зрабіць ін’екцыі для сківіцы, паменшыць грудзі — якраз гэтыя працэдуры набралі папулярнасць у TikTok.
Акрамя паразітавання на існуючых стандартах красы, ствараюцца новыя «дэфекты», ад якіх варта пазбаўляцца, і правілы, якім «трэба адпавядаць». Гэта заўважна зноў жа на прыкладзе трэндаў TikTok. Для карэкцыі «дэфектаў» неабходна набываць новыя тавары — тэйпы для твару, прылады для крыямасажу, святлодыёдныя LED-маскі, патчы на лоб ад зморшчак і шмат чаго яшчэ.
Гэтыя трэнды іграюць на страху пастарэць і страціць прываблівасць, абяцаюць (часта зусім беспадстаўна) магічную маладосць і падштурхоўваюць купляць новыя і новыя прылады і прадукты. Увесьчаснае параўнанне сябе з недасяжнымі стандартамі выклікае трывожнасць, дэпрэсію і разлад харчовых паводзінаў.
Страх старэння: гендарнае вымярэнне
Страх старэння выяўляе значныя гендарныя адрозненні, абумоўленыя гетэрапатрыярхатнымі сацыяльнымі нормамі. Даследаванне 2024 года «Страх перад старасцю: апытанне дарослых у Вялікабрытаніі» паказала, што пра фізічныя прыкметы старэння турбуюцца 35,3% жанчын, у той час як мужчын — 23,1%.
Гэта нядзіўна, таму што менавіта жанчыны з самага дзяцінства сутыкаюцца з моцным ціскам заставацца маладымі і прываблівымі, бо ў грамадстве прыгажосць і маладосць часта з’яўляюцца крытэрамі іх каштоўнасці. У выніку зморшчкі, сівізна і іншыя прыкметы старэння ў жанчын успрымаюцца як «недахопы», якія неабходна хаваць. А калі раптам жанчына не фарбуе валасы, не хавае маршчыны, то яна «лянівая і недагледжаная».
Калі выйшаў працяг серыяла «Сэкс у вялікім горадзе» пад назвай «І проста так…», на галоўных гераінь абрынуўся шквал хейту — асабліва за сівыя валасы. У сацсетках з’яўляліся каментары пра «падурнелых» гераінь і іх неадрэтушаваныя прыкметы ўзросту.
«На нас шквалам абрынулася гэтая жанчынаненавісніцкая балбатня. Гэтага б ніколі не здарылася з мужчынам. “У яе што, сівыя валасы?” Я сяджу з Эндзі Коэнам, у яго густая сівая шавялюра, і ён цудоўны. Чаму для яго гэта нармальна? <…> Я ведаю, як выглядаю. У мяне няма выбару. Ды і што я магу зрабіць? Спыніць старэнне? Знікнуць?»
А што ж з мужчынамі? Гетэрапатрыярхат не надае такога значэння мужчынскай знешнасці — іх сацыяльны статус залежыць у большай ступені ад пазіцыі і дасягненняў. Аднак гэта не значыць, што мужчыны не сутыкаюцца са страхам старасці. У некаторых мужчын можа ўзнікаць страх страты фізічнай сілы або канкурэнтаздольнасці, асабліва ў традыцыйных «маскулінных» сферах дзейнасці.
На жаль, страх старэння моцна распаўсюджаны сярод квір-мужчын. Гей-культура мае некаторыя рысы аб’ектывізацыі, з якімі цыс-жанчыны сутыкаюцца ў гетэраадносінах. Гэта непазбежна, бо нават людзі, якія не ўпісваюцца ў гетэранарматыўнасць, усё роўна вырастаюць у гетэранарматыўнай культуры і інтэрналізуюць яе правілы гульні. Так, квір-мужчыны хвалююцца аб захаванні ідэалізаванага вобраза прывабнасці: падцягнутае цела, гладкая «ідэальная» скура, актыўнае сэксуальнае жыццё. Тыя, хто не адпавядае гэтым стандартам, могуць адчуваць сябе выключанымі і менш важнымі.
Страх старэння квір-жанчын і гетэрасэксуальных жанчын мае як падобныя рысы, так і істотныя адрозненні. І квір-жанчыны, і гетэрасэксуальныя жанчыны сутыкаюцца з памяншэннем сацыяльнай бачнасці і ўвагі з узростам, у грамадстве, дзе жаночая каштоўнасць звязваецца з маладосцю і знешнасцю.
Але ёсць і пазітыўнае адрозненне: у квір-супольнасці часцей лічыцца нармальнай разнастайнасць цел і ўзростаў, што дазваляе адчуваць сябе камфортней з узроставымі зменамі. Квір-жанчыны, асабліва актыўныя ў фемінісцкіх і ЛГБТК-рухах, часцей усведамляюць прыгнятальныя карані эйджызму і сэксізму і змагаюцца з імі, што дапамагае лепш спраўляцца з уласнымі страхамі старэння. Акрамя таго квір-людзі менш залежаць ад ацэнкі іх прывабнасці цыс-мужчынамі. Гэта дазваляе лягчэй прымаць змены знешнасці і пазбягаць страху страты зацікаўленасці партнёра. Аднак трэба разумець, што гэта не выключае інтэрналізаванасці мужчынскага погляду і ціску стандартаў прыгажосці.
Іншыя практыкі і погляды на старасць: шлях да вызвалення
Вось мы і зразумелі, як канструюецца наш страх старасці, але што рабіць далей? Штучная прырода страху не робіць яго нязначным. Мы знаходзімся і сталеем у асяроддзі, якое падштурхоўвае нас хвалявацца і баяцца, і нам не пад сілу наўпрост адзіным валявым рашэннем адмовіцца ад страху старасці. Але нешта зрабіць мы можам ужо зараз, каб паступова знізіць трывогу аб старэнні. Мы абралі некалькі ідэй, якія, спадзяёмся, будуць карысныя для вас!
Моцныя сацыяльныя сувязі
Страх самоты і непатрэбнасці — адна з прычын, з-за якой нас пужае старасць. Каб адысці ад гэтага страху, сфакусуйце сваю ўвагу на блізкіх людзях і сетках падтрымкі. Акрамя звыклых фарматаў адносін, як сяброўскія групы, сям’я, рамантычныя партнёр_кі, мы можам ствараць і такія сувязі, як выбраныя сем’і. Выбраныя сем’і — форма адносін, якая паходзіць з ЛГБТК-суполкі. Квір-людзі часта сутыкаліся (і сутыкаюцца цяпер, на жаль) з непавагай і непрыняццем ад сваіх бацькоў і іншых родзічаў па крыві. І ў такім выпадку, калі «першая» сям’я стае для цябе чужой, выбраная сям’я прапануе пачуцце блізкасці і падтрымкі.
Выбраная сям’я чымсьці падобная на сяброўскую групу, але часта член_кі такой сям’і могуць адзначыць большую ступень адданасці, стабільнасці і блізкасці.
Такія сем’і дапамагаюць змагацца з ізаляцыяй і страхам самоты ў сталым узросце.
Грамадскія змены для інклюзіі людзей сталага ўзросту
Для падтрымкі людзей сталага ўзросту важна ствараць грамадскія ўмовы, якія забяспечваюць іх актыўны і годны ўдзел у жыцці супольнасці. У любым узросце вы можаце пачаць клапаціцца пра стварэнне і прасоўванне падобных інфраструктур. Гэта ўключае развіццё даступнай інфраструктуры, якаснай медыцынскай дапамогі і сацыяльных праграм. Неабходна таксама падтрымліваць адукацыйныя ініцыятывы, якія дапамагаюць пажылым людзям адаптавацца да сучасных тэхналогій. Асаблівую ўвагу варта надаць барацьбе са стыгматызацыяй і адзінотай, спрыяючы стварэнню пляцовак для зносін і ўзаемнай дапамогі. Такія змены дапамогуць павысіць якасць жыцця для людзей сталага веку, і старасць ужо не будзе выглядаць такой страшнай.
Альтэрнатывы капіталістычнаму культу «сэлф-кэр»: устойлівыя практыкі клопату пра сябе
Гэтым артыкулам мы не заклікаем увогуле адмовіцца ад прадуктаў б’юці-індустрыі. Але прапануем сфакусавацца на практыках, заснаваных на клопаце пра сябе, а не на ліквідацыі «недахопаў». Звярніце сваю ўвагу на здароўе, дабрабыт і асалоду ад жыцця, ваш псіхалагічны стан. Зрабіце акцэнт на дабрыні да сябе і падтрыманні псіхалагічнага здароўя праз саўдзел у мастацтве, творчасці, фізічнай актыўнасці, медытацыі. Падобныя практыкі клопату пра сябе накіраваныя не на ліквідацыю «недахопаў», а на гарманізацыю з імі. Увайсці ў дыялог з уласнымі эмацыянальнымі патрэбамі і навучыцца быць больш прымальн_ай да сабе можна таксама падчас індывідуальнай і групавой тэрапіі.
Новы погляд на сваё цела
Паспрабуйце зірнуць на змены вашага цела не як на загану, а як на натуральную і прыгожую частку чалавечага шляху і сведчанне жыцця — яго пражывання, а не пазбягання.
«Маршчыны мае з мімікай распавядаюць, як я паднімалася на вулкан досвіткам, плакала з-за разводу, плакала з-за прыгажосці заходаў на акіяне, улюблялася, смяялася, сумнявалася, нараджала дзяцей, стамлялася ад пераездаў і адраджалася для новых этапаў жыцця. Сціраць усё гэта з твару — адчуваецца як здрада».
Вынікі
Страх старэння — гэта прадукт патрыярхату і капіталізму, які можна паступова пераадолець праз усведамленне і супраціў. Мы ведаем, што пераасэнсаванне каштоўнасцяў — гэта нялёгкі, але адначасова вельмі карысны працэс. Прыняцце разнастайнасці, адмова ад таксічных стандартаў прыгажосці, падтрымка фемінісцкіх ініцыятыў і антыкапіталістычных рухаў, падтрыманне здароўя (фізічнага і ментальнага), а таксама стварэнне моцных сацыяльных сувязяў — усё гэта можа паменшыць вашу асабістую трывогу аб старасці, а ў будучыні прывесці да сацыяльных змен.
Калі прыгледзецца, старэнне — гэта толькі этап жыцця. І нам самім вырашаць, якім сэнсам мы, як грамадства, хочам яго напоўніць.
Аўтарка: Вікторыя Грабеннікава
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.