Стварэнне інклюзіўнай прасторы для нейраатыповых людзей: чэкліст

ІнклюзіяВеды
5
(4)

Калі мы ствараем грамадскую суполку — фізічную ці інфармацыйную прастору, мерапрыемства, калектыў — мы хочам стварыць суполку, камфортную для людзей. Разуменне камфорту не можа быць аднолькавым для ўсіх: у розных людзей ёсць свае асабістыя патрэбы і запыты. У гэтым артыкуле мы засяроджваемся на патрэбах менавіта нейраатыповых людзей і як стварыць інклюзіўную прастору для іх. Аднак гэта не адзіная група, чые патрэбы часта ігнаруюцца.

Больш інфармацыі аб стварэнні інклюзіўнай прасторы для розных уразлівых груп можна знайсці ў нашых рэкамендацыях «Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства».

Што ўвогуле значыць нейраатыповы? 

Панятак нейраатыповасці датычыцца людзей, чыё неўралагічнае функцыянаванне адрозніваецца ад шырока распаўсюджаных чаканняў. Нейраатыповасць можа выяўляцца ў розным: успрыманне, увага, апрацоўка інфармацыі, камунікацыя, мазгавыя і рухальныя функцыі, мысленне, настрой, кагнітыўныя здольнасці і іншыя. Гэта збіральны тэрмін, які ўключае ў сябе людзей з рознымі нейраатыповымі станамі, такімі як ментальныя хваробы, сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ),  аўтыстычны спектр, сіндром Даўна, цэрэбральны параліч — і іншымі разнастайнымі неўралагічнымі адрозненнямі.

Каб зрабіць інклюзіўную прастору, дзе кожная асоба можа адчуваць сябе прыязнай і паважанай, патрэбна свядома і на сталай аснове над гэтым працаваць: прыслухоўвацца да патрэбаў асобных груп і людзей, дазнавацца і быць адкрытымі да крытыкі і прапаноў.   Інклюзіўнасць не адбываецца раз і назаўжды — гэта працэс і праца.  Але мы спадзяемся, што наш чэкліст будзе для вас базавай інструкцыяй і падтрымкай на шляху да стварэння інклюзіі. 

Чэкліст ключавых фактараў, якія варта ўлічваць, ствараючы інклюзіўную прастору для нейраатыповых асоб.

Ясная камунікацыя:

  • Выкарыстоўвайце зразумелую і кароткую мову, калі даеце інструкцыі або перадаеце інфармацыю.
  • Выкарыстоўвайце візуальныя дапаможнікі, такія як графічны расклад.
    Графічны расклад — расклад працы, вучобы ці іншых мерапрыемстваў, дзе інфармацыя падаецца не толькі пісьмовай, але і візуальнай мовай. Напрыклад, у расклад дадаюць іконкі ці здымкі.
  • Улічвайце розныя спосабы камунікацыі. Прапануйце альтэрнатыўныя формы: маўленчыя прылады, жэставую мову ці пісьмовую камунікацыю.

Для паглыблення ў тэму рэкамендуем таксама прачытаць артыкул «Ясная мова: навошта яна вашаму івэнту?»

Улічванне сэнсарных асаблівасцяў:

  • Стварайце прастору, якая ўлічвае асаблівасці сэнсарнай інфармацыі: мінімізуйце лішні шум, яркае асвятленне або залішнія стымулы.
  • Дадайце спецыяльнае ціхае месца, куды людзі могуць сысці, калі ім патрэбны перапынак ад перанасычэння сэнсарнай інфармацыяй.

Фізічная даступнасць:

  • Забяспечце даступнасць будынкаў і памяшканняў для нейраатыповых людзей з абмежаванай рухомасцю або іншымі фізічнымі патрэбамі.
  • Забяспечце адаптыўнае абсталяванне і інфраструктуру: пад’ёмнікі, пандусы, рэйкі і іншыя.

Адаптыўнае асяроддзе:

  • Дадайце мажлівасць абраць опцыю спецыяльнага працоўнага абсталявання, мэблі і г.д. у адпаведнасці з патрэбамі канкрэтнай асобы.
  • Дайце магчымасць для персаналізацыі працоўных месцаў або навучальных прастор.
  • Будзьце гатовыя адаптавацца да індывідуальных патрэбаў, звязаных з раскладам мерапрыемства, навучання ці працы. Прадугледзьце опцыі гнуткага графіку, дазваляйце рабіць перапынкі і выкарыстоўваць альтэрнатыўныя метады навучання або працы.

Падтрымальная культура:

  • Увядзіце ў вашай прасторы правілы недыскрымінацыі і ўзаемнай павагі. Зрабіце вашы каштоўнасці недыскрымінацыі і інклюзіі бачнымі для ўсіх удзельні_ц. Сур’ёзна стаўцеся да выпадкаў парушэння гэтых правіл. Не дапускайце мову варожасці і праявы мікраагрэсіі ў калектыве.
  • Займайцеся адукацыяй і дапамагайце іншым даведацца больш аб розных нейраатыповых станах. Вы можаце арганізоўваць унутры вашай прасторы семінары, публічныя дыскусіі або інфармацыйныя кампаніі.
  • Распрацуйце праграмы навучання, якія дапамогуць супрацоўні_цам развіць навыкі эмпатыі, разумення і адаптацыі да розных нейралагічных патрэбаў.

Супрацоўніцтва з супольнасцю:

  • Супрацоўнічайце і кансультуйцеся з ініцыятывамі і арганізацыямі, якія абараняюць правы нейраатыповых людзей, каб атрымаць іх меркаванні і водгукі аб стварэнні інклюзіўнай прасторы.
  • Уключайце нейраатыповых асоб у працэсы прыняцця рашэнняў. Давайце ім дзяліцца сваімі прапановамі і досведам.

Шторазовае ацэньванне і ўдасканаленне:

  • Запытвайце водгукі нейраатыповых людзей аб праведзеных мерапрыемствах, каб пераканацца, што іх галасы пачуты і іх патрэбы на самай справе ўлічаны.
  • Рэгулярна ацэньвайце эфектыўнасць вашых інклюзіўных мерапрыемстваў і працэдур. Дадавайце карэкціроўкі і паляпшэнні ў адпаведнасці са зваротнай сувяззю.

Што яшчэ важна памятаць

Важна яшчэ раз падкрэсліць, што для стварэння сапраўды інклюзіўнай прасторы для нейраатыповых людзей  неабходна далучаць саміх нейраатыповых людзей.  Трэба ўважліва слухаць і паважаць іх меркаванне. Разуменне і ўлік патрэбаў немагчымыя без прамога досведу нейраадрознення. Толькі нейраатыповыя асобы могуць па-сапраўднаму расказаць пра тое, якія адаптацыі і змены ў прасторы зробяць яе больш даступнай і камфортнай.  Стварэнне інклюзіўнай прасторы — гэта бесперапынны працэс, які патрабуе адкрытасці, навучання і адаптацыі. 

Таксама важна памятаць, што нейраатыповасць — шырокі тэрмін. Ён уключае ў сябе вельмі розных людзей, чые патрэбы адрозніваюцца адна ад адной. Таму інклюзіўнасці немагчыма дасягнуць пасля кансультацыі з адной нейраатыповай асобай. Вы павінны быць адкрыты да новых запытаў і парадаў, ініцыяваць магчымасць выказацца. Вам трэба будзе адаптавацца, зыходзячы з гэтых новых запытаў ад людзей з супольнасці.


Тэкст: Вікторыя Грабеннікава
Фота: Google DeepMind

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x