Сёння інстытут экспертнасці перажывае не найлепшыя часы. Здаецца, людзі гатовы паверыць каму заўгодна — абы чалавек быў пераканаўчым ды харызматычным. У прэсе раз-пораз усплываюць гісторыі аб тым, як нехта выдаваў сябе за эксперта ў галіне, да якой калі і мае дачыненне, то ўскоснае. Але нават калі самы сапраўдны акадэмік заходзіць у TikTok, гэта не азначае, што ён паўплывае на аўдыторыю папулярнага блогера, меркаванне якога разыходзіцца з рэальным становішчам рэчаў. Як жа так сталася?
Адкуль бяруцца эксперт_кі
Нагадаем, чаму і навошта на старонках СМІ з’яўляюцца каментары эксперта_к. Звычайна сітуацыя выглядае так: журналіст_кі збіраюць і распаўсюджваюць актуальную для грамадства інфармацыю, імкнучыся (у ідэале) да аб’ектыўнасці. Экспертны каментар патрэбны ім для таго, каб надаць матэрыялу больш вагі, бо журналіст_ка пры ўсім жаданні не можа разбірацца ва ўсіх пытаннях. Аўтар_ка дэлегуе эксперт_цы тлумачэнне прычын, следстваў і кантэксту, важных нюансаў і такім чынам аддае частку адказнасці за праўдзівасць выкладзенага. Акрамя таго, без спецыялісткі бывае цяжка зрабіць прагноз, які мае шанцы спраўдзіцца.
Чаму мы часта бачым адны і тыя ж твары?
Рэдакцыі звычайна вядуць уласныя базы кантактаў, каб звярнуцца па каментар ці прапанаваць сумесную працу над матэрыялам па вызначанай тэме. Верагодна, вы заўважалі, што ў вашых любімых СМІ пытанні, напрыклад, палітыкі каментуе адзін і той жа чалавек (ці парачка). Усё лагічна: гэта праверан_ая эксперт_ка, з ёй або ім зручна працаваць, ды і аўдыторыя прывыкла да я_е манеры выказвання.
Бывае і так, што нейкую тэму ў розных СМІ каментуе адна і тая ж асоба. Гэта можа быць следствам журналісцкай ляноты: навошта шукаць кагосьці яшчэ, калі ёсць чалавек, які каментаваў нешта раней? Але часам проста складана знайсці кагосьці яшчэ, хто добра разбіраецца ў тэме і без доўгіх роздумаў пагодзіцца камунікаваць са СМІ. І ўжо задача з зорачкай — знайсці прадстаўні_цу ўразлівай групы.
Як адзін чалавек можа «ведаць» усё?
Часта ўзяць каментар трэба «сёння на пазаўчора», і на пошукі чалавека няма часу. Тады экспертнасцю ў матэрыяле дзеліцца той, хто хутчэй адазваўся. Вынік залежыць і ад таго, на якія запыты эксперт_ка прывык_ла адклікацца. Можна заўважыць, што экспертыза некаторых людзей з часам «пашыраецца». Напрыклад, чалавека запрашаюць як феміністку, і яна каментуе самыя розныя інфанагоды: сітуацыю з хатнім гвалтам у Беларусі, гендарныя квоты, сэксісцкі скандал у Галівудзе, свежую выставу на «жаночую» тэму. Акрамя пытання, у чым чалавек разбіраецца на ўзроўні ведаў і досведу (напрыклад, у палітыцы ці ў праваабароне), відавочна і тое, што феміністкі бываюць вельмі розныя, і каштоўнасці, якія транслююцца эксперткай з подпісам «феміністка», могуць адрознівацца. Але калі журналіст_цы трэба спрацаваць тэрмінова, то на больш дасканалы выбар чалавека ў яе можа не хапіць часу. Такім чынам назіраем, як каментар на любую тэму можа даць палітолаг ці паліталагіня, сацыёлаг ці сацыялагіня і, вядома ж, блогер ці блогерка.
Чаму блогер_кі каментуюць усё?
Таму што людзі, у якіх ёсць свой інстаграм, тэлеграм-канал ці ютуб на нейкую тэму, ужо маюць медыйную вагу.
Калі чалавек вядзе TikTok на тэму харчавання і ў я_е ёсць аўдыторыя, то ён ці яна ўжо нібыта мае што сказаць па тэме. Ён ці яна можа пракаментаваць меню школьных сталовых, знешні выгляд зоркі 90-х, скандал з прэпаратам для «схуднення» — і хтосьці абавязкова да гэтага меркавання прыслухаецца.
З’явіўся нават спецыяльны тэрмін «helicopter view», то бок «від з верталёта» — гэта калі чалавек не паглыбляецца ў дэталі, а ўпэўнена транслюе свае меркаванні пад выглядам ісціны. За кошт харызмы за такім «верталётам» ляцяць многія.
Чаму дыпломы сталі няважныя?
Час — вельмі каштоўны рэсурс і прывілей. У большасці людзей няма часу на тое, каб азнаёміцца з рознымі меркаваннямі па прышчэпках/кліматычных зменах/гендары, і яны гатовыя проста прыняць пазіцыю таго ці той, каму давяраюць. Ці ёсць у гэтага чалавека адмысловы дыплом — не так важна.
Да таго ж, у медыя раз-пораз узнікаюць скандалы, калі чарговы эксперт аказаўся голым каралём або ніякага эксперта насамрэч не было, як у выпадку са «старэйшым аналітыкам Пентагона Дэвідам Джубергам», якога актыўна цытавалі СМІ, а потым выявілася, што гэта выдуманы персанаж. Узнікае карцінка, нібыта нават спецыяліст_кі не правяраюць, з кім маюць справу, а недзе нават свядома канструююць экспертныя фігуры пад свае задачы, як гэта робіць прапагандысцкае тэлебачанне (The Insider і «Настоящее время» прысвяцілі пракрамлёўскім «экспертам» цэлы ютуб-спецпраект). Інстытут спецыялістаў дыскрэдытаваны, а значыць, трэба спадзявацца толькі на сябе.
І гэта мы пакідаем за дужкамі сферы, дзе погляды і каштоўнасці могуць вар’іравацца. Што нам гаворыць дыплом гісторыка? Толькі тое, што чалавек валодае датамі і імёнамі. Але як ён ставіцца да гэтых дат і імёнаў? Прастор для інтэрпрэтацый дужа шырокі. Даступнасць трыбуны ў эпоху інтэрнэту таксама сцірае межы паміж акадэмікам і блогерам: яны могуць нават у адной перадачы выступаць, і на чыёй пазіцыі акажацца аўдыторыя — ад дыплома не залежыць.
Жаданне пачуць тое, што хацелася б пачуць
Часта мы назіраем эфект замкнёнага кола: журналіст_ка чакае ад эксперт_кі вызначанай пазіцыі, а т_ая ў сваю чаргу ведае, якую пазіцыю ад я_е чакаюць.
Відавочна, што ў любога выдання ёсць пэўная палітыка і падыход да розных тэмаў, дакладнае ўяўленне, пра што і як расказваць. Таксама любому выданню патрэбныя прагляды і рэакцыі. Гэта значыць, што ідэальным кандыдатам будзе папулярны чалавек, да меркавання якога прыслухоўваюцца. Як варыянт: т_ая, з чыім меркаваннем захочуць паспрачацца, але гэтае меркаванне ў любым выпадку не пойдзе на шкоду генеральным наратывам, што транслюе выданне.
У публічных каментатара_к з часам фармуецца выразнае ўяўленне, каму і навошта яны патрэбныя. Таму яны лёгка адаптуюць сваё выказванне пад пляцоўку, дзе яно мусіць прагучаць. І нічога, калі прагноз не спраўдзіцца. Заўсёды можна спісаць паварот сцэнара на «чорную лебедзь». Так, журналіст_кі «Проекта» падлічылі, што 90% прагнозаў крыніц «Медузы», заяўленых як «блізкія да Крамля», не спраўдзіліся — але наўрад ці гэта адбілася на ўзроўні даверу да выдання.
Часта людзі лічаць эксперт_камі тых, хто дае ім надзею і ўхваляе іх думку. Ёсць такі тэрмін — «эксперт_ка надзеі». Гэта т_ая, хто можа казаць што заўгодна, нават алагічныя або абсурдныя рэчы, але аўдыторыі, якая вельмі трывожыцца наконт будучыні, я_е словы будуць бальзамам на душу. А т_ая, хто кажа нязручную праўду, можа выклікаць раздражненне і адпрэчванне — нават калі яна ці ён дэманструе бясспрэчныя факты.
Як TikTok кідае выклік інстытуту экспертнасці
Паводле справаздачы NewsGuard за 2022 год, TikTok, паказваючы відэа на запыты па актуальных інфанагодах — ад супрацькавідных вакцын да амерыканскіх выбараў, у 19,4% выпадкаў трансляваў дэзінфармацыю. Вынікі аказаліся значна горшымі за тое, што прадэманстраваў Google. Атрымліваецца, што праз TikTok вельмі зручна маніпуляваць і распаўсюджваць тэорыі змовы. Можна спытаць у сэрвісу: «Ці праўда, што вакцыны прыводзяць да аўтызму?» — і атрымаць мноства ролікаў, дзе насуперак усім навуковым дадзеным адказ будзе станоўчым. Больш за тое, TikTok лёгка прасоўвае сцвярджэнні, якія могуць зашкодзіць здароўю. Напрыклад, на запыт «Ці можна выклікаць аборт палыном?» платформа прапаноўвала больш за дзясятак вынікаў з інструкцыямі.
У адказ на справаздачу NewsGuard прадстаўнікі платформы паведамілі, што ў правілах TikTok прапісана: шкодная дэзінфармацыя недапушчальная і з платформы яе выдаляюць: «Мы супрацоўнічаем з эксперт_камі, каб прасоўваць аўтарытэтны кантэнт па тэмах аховы здароўя, і з незалежнымі факт-чэкер_камі, якія дапамагаюць ацэньваць кантэнт». Аднак зразумела, што за такім аб’ёмам інфармацыі складана паспяваць.
З 2019 года TikTok публікуе справаздачы аб выкананні правілаў супольнасці. Паводле такой справаздачы, у пачатку 2022 года TikTok выдаліў больш за 102 мільёны відэаролікаў за парушэнне сваіх правілаў. Аднак толькі менш як у 1% выпадкаў прычынай выдалення стала дэзінфармацыя.
TikTok зручны, таму што ён хуткі, яскравы і, як сацсеткі, дзейнічае па прынцыпе звужэння бурбалкі. Карыстальні_ца з большай верагоднасцю атрымлівае тыя меркаванні, якія падмацоўваюць я_е ўласнае, а ў дадатак — самыя экстрэмальныя пазіцыі з іншых «лагераў», якія могуць выклікаць у я_е яркую рэакцыю, жаданне пракаментаваць і падзяліцца.
У выніку свет робіцца чорна-белым, людзі дзеляцца на «сваіх» і «чужых», адценні і прамежкавыя станы нават не трапляюць у стужку. Інфармацыя (і дэзінфармацыя) распаўсюджваецца ў TikTok, як снежны ком. Увагай авалодвае т_ая, хто зробіць самы віральны ролік, а не т_ая, хто раскажа нязручную праўду. Умоўна кажучы, хтосьці зніме грунтоўнае выкрыццё аб’юзарскага мінулага папулярнай тэлезоркі, але зорка міла паўзаемадзейнічае з кацянём — і сімпатыі застануцца на яе баку.
Сацсеткі пастаўляюць невымерныя аб’ёмы новага з фантастычнай хуткасцю, і важная інфармацыя лёгка патанае ў віры. Калі хэштэг 2013 года заставаўся наверсе ў сярэднім 17,5 гадзіны, то ў 2016 годзе топавы хэштэг трымаў сваё месца ў сярэднім толькі 11,9 гадзіны. І гэтая тэндэнцыя захоўваецца.
Даследнікі Combine Resource Institution упэўненыя ў тым, што TikTok адыграў вялікую ролю ў перамозе на нядаўніх выбарах прэзідэнта Інданезіі Субіянта Прабова — кандыдата, якога неаднаразова абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека і нават ваенных злачынствах. Інданезія са 125 млн актыўных карыстальні_ц TikTok — гэта другі па велічыні рынак гэтай сацсеткі ў свеце. Аўдыторыя гэтая маладая, актыўная і для электаральных кампаній важная. У TikTok у Прабова фармаваўся вобраз мілага, прыязнага дзядулі, які можа нязмушана станцаваць на сцэне і кінуць кашулю ў публіку. Ну як за такога не прагаласаваць?
Сітуацыя парадаксальная. Мы вызваліліся ад фільтраў, якімі маніпулявалі медыя мінуўшчыны, вырашаючы, хто мае права даносіць свой пункт гледжання, а хто не. І тут жа трапілі ў пастку. «Пасля таго як традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі перасталі выконваць ролю брамніка, якая заўсёды суправаджалася журналісцкай праверкай якасці, мы як карыстальні_цы засталіся сам-насам з бясконцым аб’ёмам інфармацыі ў нас на далоні», — кажа журналіст, даследчык TikTok Маркус Бёш.
5 мільёнаў відэа загружаецца за 1 гадзіну ва ўсім свеце — як даць гэтаму рады? Прасцей за ўсё — даверыцца т_ой, каго мы пачалі ўжо слухаць. Бо ў нас няма часу з гэтым разбірацца. А ў саміх аўтара_к кантэнту таксама не занадта шмат матывацыі, каб правяраць, што яны кажуць. Іншыя без згрызотаў сумлення будуць наўмысна ўводзіць у зман, бо ў роліка пра «шкоду» 5G відавочна больш шанцаў завірусіцца, чым у любога праўдзівага расказу пра гэту тэхналогію.
Цікавы факт: карыстальні_цы сацыяльных сетак сцвярджаюць, што нібыта скептычна ставяцца да інфармацыі, якую там спажываюць, але ўсё роўна спажываюць яе і нярэдка падманваюцца. На думку Тома Дывона, які вывучае TikTok у Габрэйскім універсітэце ў Іерусаліме, прычына можа быць у тым ліку ў на дзіва дакладным падборы кантэнту «пад чалавека»: «Карыстальні_цы разумеюць, што відэа, якія ім паказваюць, падабраныя пад іх індывідуальныя густы і перакананні, а гэта спрыяе даверу. Як следства, гэта можа павысіць іх гатоўнасць прымаць інфармацыю, з якой яны сутыкаюцца на платформе, і дзяліцца ёю».
Як не трапіць у варонку маніпуляцый
Добрыя навіны заключаюцца ў тым, што «смерць экспертнасці» павінна стымуляваць крытычнае стаўленне да любой інфармацыі і імкненне фармаваць уласную думку замест таго, каб пераймаць чужое «гатовае». Калі эксперт_кі з гарвардскімі дыпломамі былі па-сапраўднаму значныя, то і давяраць ім можна было без пярэчання. «Гэта ж доктар навук — як я магу з ім спрачацца?» Сёння спрачацца можна ўвогуле з усімі. Аднак варта прытрымлівацца інфармацыйнай гігіены і разумець новыя правілы гульні.
Калі нагадваць сабе пра гэта, то ўжо не атрымаецца лічыць сябе эксперт_кай у тэме пасля знаёмства з меркаваннем у TikTok. Даследчыцы адзначаюць, што спажыўцам кароткага кантэнту становіцца складаней узаемадзейнічаць з больш грунтоўным кантэнтам, які патрабуе большага заглыблення. Пры гэтым «мікрадазаванне TikTok на працягу пары гадзін чамусьці лічыцца меншай пракрастынацыяй, чым прагляд поўнаметражнага фільма». Стваральні_цам кантэнту даводзіцца падладжваць і спрашчаць, ахвяруючы значнымі нюансамі.
Падчас электаральнай кампаніі Прабова ў Інданезіі карыстальні_цы TikTok запісвалі відэа, на якіх яны плачуць, рэагуючы на крытыку, накіраваную супраць дарагога ім «дзядулі». Гэта эмацыйны кантэнт, да якога лёгка «падключыцца». Але гэты кантэнт нічога не гаворыць пра сам аб’ект крытыкі і эмпатыі.
Мемы і іншы забаўляльны кантэнт на сур’ёзныя тэмы часта знаходзіць водгук, але пры гэтым узнікае спакуса ўспрыняць важнае павярхоўна. Для даследавання розных пунктаў гледжання і ідэй усё яшчэ трэба прыкладаць намаганні. Уяўленні аб канфліктах, палітычных трэндах, кліматычных зменах не могуць быць сфарміраваныя кароткімі відэа, хай і выкладзенымі людзьмі, якія здаюцца нам вельмі прыемнымі.
Важная асаблівасць TikTok і іншых платформаў, якія прапануюць нешта падобнае, — персанальнасць. Нават вядоўцы навін з буйных выданняў, з’яўляючыся на экране нашага смартфона, ператвараюцца ў прыяцел_ек. Пабачыўшы акаўнт пад назвай «Washington Post», маладая аўдыторыя падумала, што гэта містар Вашынгтон, які робіць пасты, а не газета з сусветным імем. Кур’ёз, але сэнс у тым, што менавіта гэтак успрымаецца інфармацыя, якая ляжыць на далоні, — персанальна.
У гэтым ёсць вялікае задавальненне: людзі з розных кутоў планеты нешта нам расказваюць, паказваюць, дзеляцца эмоцыямі, адкрыццямі, болямі і радасцямі. Але яны па-ранейшаму людзі са сваім мікракосмасам, і чалавек, які спадабаўся нам сваім аналізам свежага серыяла, не абавязкова гэтак жа класна разбіраецца ў іншых аспектах быцця нашага Сусвету. І гэта цудоўна, бо Сусвет такі разнастайны, а прыслухоўвацца да розных галасоў у ім — частка займальнага падарожжа пад назвай «жыццё».
Аўтар_ка: МП