Вечарынкі, менеджмент, права. Топ-5 інклюзіўных практык для НДА

ІнклюзіяВеды
5
(9)

Бяспечныя танцы і абарона правоў уразлівых груп, кіраванне арганізацыяй без лідэра ― гэта няпоўны спіс інклюзіўных практык і падыходаў, якія дазваляюць уключаць у працу больш мэтавых груп. Мы паразмаўлялі з тымі, хто рэалізуе такія практыкі, і даведаліся, як іх ужываць.

Параюрыст_кі дапамагаюць вырашаць сацыяльныя і юрыдычныя праблемы

«Існуюць арганізацыі, куды можна звярнуцца па дапамогу юрыст_кі. Але юрыст_ка не адвакат_ка і не пойдзе з вамі, напрыклад, на разгляд справы ў суд, ― кажа Багдан (па просьбе героя імя было зменена).

Багдан больш за тры гады займаецца прафілактычнай і кансультатыўнай дзейнасцю, а з лістапада з’яўляецца кансультантам-параюрыстам. 

Параюрыст_ка ― людзі без юрыдычнага дыплома, якія праз жыццёвыя абставіны маюць адмысловыя веды ў розных галінах і выкарыстоўваюць іх для кансультатыўнай і прававой дапамогі ўразлівым групам людзей.

У першую чаргу гаворка ідзе пра ВІЧ-пазітыўных людзей ці тых, хто ўжывае наркотыкі, а таксама пра мужчын, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі. Таксама звярнуцца могуць людзі з любых іншых уразлівых груп, у тым ліку без ВІЧ-інфекцыі.

 Кансультацыі параюрыст_ак  ― гэта ўнікальная практыка, якая існуе ў Беларусі з лета 2022 года. Да гэтага ў краіне не было ініцыятываў па дапамозе людзям з пералічаных уразлівых груп па юрыдычных, медыцынскіх або сацыяльных пытаннях.

«Калі мы разумеем, што нашых сіл хапае, то выступаем у ролі медыятараў. Напрыклад, чалавека звольнілі праз тое, што ён мужчына, які практыкуе сэкс з мужчынам. Я хадзіў летась на прадпрыемства і ўрэгуляваў канфлікт разам з яго кіраўніцтвам, мужчыну прынялі назад на працу», ― кажа Багдан.

З лістапада параюрыст адказаў прыкладна на 300 запытаў, а пасля суправаджаў 16 кейсаў да вырашэння сітуацыі. У выніку 12 з кейсаў завяршыліся паспяхова, два няўдала і ад двух людзі адмовіліся.

 Юрыст_кі дапамагаюць са складанымі запытамі  ― напрыклад, з іх дапамогай быў вырашаны кейс пра несправядлівае абвінавачванне ў крадзяжы:

«Прыходзяць да жанчыны, якая на замяшчальнай тэрапіі метадонам. Кажуць: «У нас ёсць відэазапіс, дзе ты крадзеш. Прызнаешся ― даем адміністрацыйку, не ― крыміналку». А на відэазапісе не яна. Мы сабралі дакументы, заплацілі юрысту, і па выніку двух судовых пасяджэнняў жанчына прызнаная невінаватай», ― распавядае Багдан.

Ён адзначае: параюрыст_ак часта не любяць тыя, ад каго даводзіцца абараняць людзей. Таксама ёсць выпадкі, у якіх дамагчыся справядлівасці нерэальна, і звычайна яны тычацца палітычна матываванага ціску.«Але мы бярэмся за справу, нават калі разумеем, што яна пройгрышная», ― кажа Багдан.

«У нас няма класічнага лідара» Як практыкаваць інклюзію ўнутры і звонку арганізацыі

Калі пашукаць матэрыялы аб інклюзіўным падыходзе на рускай або беларускай мове, то, хутчэй за ўсё, яны будуць пра людзей з інваліднасцю. Але сфера ўжывання падыходу значна шырэй, упэўненая Юлія Міцкевіч, праектная менеджарка грамадскай арганізацыі «Актыўнымі быць файна» (далей ― АБФ).

«Я ўпершыню пачула пра інклюзію ў Беларусі на форуме, у якім удзельнічалі розныя НКА (заўв. рэд. ― некамерцыйныя арганізацыі), у тым ліку арганізацыі людзей з інваліднасцю. Пазней я стала разумець, што інклюзіўны падыход не толькі пра іх. Ён заснаваны на ўключэнні ў працэс абсалютна ўсіх актараў, ідзе гаворка пра кіраванне арганізацыяй ці ўзаемадзеянне з мэтавымі групамі», ― кажа Юлія Міцкевіч.

«Актыўнымі быць файна» выкарыстоўвае інклюзіўны падыход як унутры арганізацыі, так і па-за ёй. Можна сказаць, што дзейнасць АБФ першапачаткова звязана з такім падыходам: арганізацыя з самага пачатку працуе з методыкай шведскіх гурткоў, дзе роўны навучае роўнага.

«10 гадоў таму мы запусцілі беларуска-шведскі праект [з выкарыстаннем гэтай методыкі], але ішло не вельмі добра. Людзям, якія выраслі ў сістэме фармальнай адукацыі, мы тлумачылі, што тут няма настаўні_ц, ёсць толькі фасілітатар_ка. Дагэтуль, бывае, на новых гуртках людзі чакаюць, што лідар_ка будзе рыхтаваць усе матэрыялы», ― тлумачыць Юлія Міцкевіч.

 Працэсы ўнутры арганізацыі пабудаваныя на такіх каштоўнасцях, як гарызантальная камунікацыя, адсутнасць іерархіі і падпарадкавання.  Існуе генеральная менеджарка, але гэтая пазіцыя не мае на ўвазе лідарства ў звыклым сэнсе.

«У нас няма класічнага патрыярхальнага лідара ― моцнага і харызматычнага, які вядзе за сабой, ― тлумачыць Юлія Міцкевіч. ― Я як менеджарка маю большую адказнасць, чым нехта іншы, але не прымаю рашэнні самастойна. Мы вырашаем у камандзе, потым каардынатар_кі абмяркоўваюць рашэнні з лідар_камі [гурткоў], лідар_кі ― з удзельні_цамі».

Каманда АБФ працуе выдалена з шасці краін, рэгулярна стэлефаноўваецца і ставіць дэдлайны. Але ў АБФ няма такога механізму кантролю як, напрыклад, падлік працоўнага часу.

«Калі давер у камандзе ― не проста дэклараваная каштоўнасць, то гэта не патрэбна. Людзі ведаюць, што яны мусяць рабіць. Гэта не значыць, што не бывае парушэнняў дэдлайнаў, але мы выносім пытанні на абмеркаванне і вырашаем. Не заўсёды атрымліваецца знайсці кансэнсус, але любая дэмакратыя ― гэта ў першую чаргу працэс, і толькі пасля ― вынік», ― кажа Юлія Міцкевіч.

Пінхол-фота дапамагае людзям з псіхічнымі захворваннямі

Чалавек з ментальнай інваліднасцю непатрэбны, і ў гэта вераць усе: грамадства лічыць, што ў такіх людзей ёсць глыбокія парушэнні, а яны самі ― што грамадства не хоча іх прымаць.

«Калі табе даецца група інваліднасці, для грамадства ты ўжо робішся проста чалавекам, які спажывае паслугі. Ільготы, выплаты, бясплатны праезд… Да людзей з ментальнай інваліднасцю ставяцца падазрона і ў той жа час несур’ёзна», ― тлумачыць псіхалагіня Вольга (па просьбе гераіні імя было зменена).

Вольга дапамагае людзям з ментальнай інваліднасцю рэабілітавацца і паляпшаць свае сацыяльныя навыкі. Летась яна рабіла гэта праз сацыяльны гарадскі праект, які доўжыўся каля чатырох месяцаў. Асноўная ідэя праекта палягала ў інтэграцыі людзей з ментальнымі асаблівасцямі ў грамадства, і ў гэтым дапамагло мастацтва пінхол-фота.

«Пінхол-фота ― гэта аналагавая форма фатаздымку, пра якую мала хто ведае. Гэтак жа і людзі з псіхічнымі захворваннямі ― пра іх мала ведаюць і не цікавяцца. Мы аб’ядналі гэта», ― кажа Вольга.

Пінхол ― прынцып атрымання малюнка на плёнцы або фотапаперы без выкарыстання лінзаў і аб’ектыва. Замест фотаапарата бяруць скрынку або бляшанку, дзе робяць маленькую дзірачку. Праз яе малюнак праецыруецца на фотаматэрыял і атрымліваецца перавёрнутым.

За час праекта людзі з ментальнай інваліднасцю з нуля стварылі курс па асновах пінхол-фатаздымкаў. Пасля яны набралі каля дзясятка вучняў і вучаніц, якіх навучылі рабіць пінхол-камеры, працаваць з фотапаперай і праяўляць здымкі. Праект скончыўся выставай пінхол-фатаздымкаў, знятых падчас навучання.

Як людзі з інваліднасцю здолелі выкладаць? Іх формы інваліднасці ― шызафрэнія, біпалярны разлад асобы і параноя ― не ўплываюць на інтэлект.

«У людзей маецца вышэйшая адукацыя. Але праблема была ў тым, што яны не маглі да канца паверыць у свае сілы, паказаўшы іх упершыню за доўгі час, які прайшоў пасля пастаноўкі дыягназу», ― тлумачыць Вольга.

Праект па-рознаму паўплываў на выкладчы_ц. Некаторыя моцна пераўзбуджаліся і хваляваліся, таму што даўно ўжо не працавалі. Іншым было камфортна, ім спадабалася камунікаваць і даведвацца новае пра іншых людзей.

«Удзельні_цы атрымалі шчырыя падзякі, калі мы зрабілі вялікую выставу. Яны выйшлі ― і ўсе пачалі пляскаць і дзяліцца сваімі пачуццямі, ― узгадвае псіхалагіня Вольга.

― Ім казалі, што смела было прыйсці і паказаць сваю творчасць. Што вельмі рэдка падымаецца тэма [ментальнага здароўя], але пры гэтым усе хоць раз у жыцці адчувалі трывожны або дэпрэсіўны стан».

Як уключыць палітыку недыскрымінацыі ў працу арганізацыі?

«Раней хтосьці жартаваў пра бландынак ― усе смяяліся. [У нас] у арганізацыі над сэксісцкімі жартамі смяяцца не будуць, а паспрабуюць патлумачыць, чаму гэта не окей», ― кажа Валерия Валкагонава, менеджарка праграм некамерцыйнай арганізацыі ОЕЕС.

У ОЕЕС недапушчальныя зневажальныя выказванні, выкарыстанне мовы варожасці і любога тыпу дыскрымінацыя. Каштоўнасці арганізацыі апісаныя ў дакуменце пад назвай «Палітыка недыскрымінацыі OEEC», які можна знайсці на сайце. Палітыка з’явілася пасля таго, як арганізацыя сутыкнулася з некарэктнымі паводзінамі адной з экспертак у публічнай прасторы.

Дакумент напісалі ў 2020 годзе, выкарыстоўваючы досвед усіх калегаў і каляжанак, якія працавалі ў арганізацыі ў той момант. З палітыкай прапануюць азнаёміцца эксперт_кам, а таксама ўдзельні_цам праграм, такім чынам адукоўваючы іх.

«Мне здаецца, што стэрэатыпы транслююцца аўтаматычна. [Гэта адбываецца, калі людзі] не разбіраліся ў тэме, ці ў іх няма / не было вопыту зносін, напрыклад, з людзьмі, якія ўжываюць наркотыкі, або этнічнымі меншасцямі. Мэтанакіравана кагосьці ненавідзяць даволі нешматлікія радыкальныя групы людзей», ― кажа Валерыя.

Людзі, якія працуюць з OEEC на сталай альбо часовай аснове, падпісваюць палітыку, але яна не з’яўляецца часткай дамовы. Ці даводзіцца ўжываць дакумент на практыцы? Так, бывае, што ўвагу супрацоўні_цы ў арганізацыі могуць звярнуць на парушэнне палітыкі і прапанаваць абмеркаваць сітуацыю на адной з планёрак. Гэта імкнуцца рабіць тактоўна:

«Складаныя сітуацыі лепш абмяркоўваць у групе, бо ў размове адзін на адзін чалавек будзе адчуваць ціск, а праца з абстрактным прыкладам у групе можа працаваць як асвета (…) Да таго ж у розных людзей розны ўзровень адчувальнасці. Хтосьці прапусціць жарт, а хтосьці ўбачыць у ім першыя прыступкі піраміды гвалту», ― тлумачыць Лена Шандрак, спецыялістка па праграмнай дзейнасці ОЕЕС.

Як падрыхтаваць палітыку недыскрымінацыі для сваёй арганізацыі? Спачатку  трэба вызначыць вобласць прымянення : толькі ўнутры, напрыклад, для супрацоў_ніц і валанцёр_ак, альбо для знешняй аўдыторыі таксама ― тых, хто ўдзельнічае ў праграмах, партнёр_ак, навед_ніц сайта і г.д. Пасля  скласці спіс каштоўнасцяў арганізацыі  і затым апісаць іх у выглядзе тэксту.

«Паспрабуйце ўключыць у працэс распрацоўкі палітыкі ўсіх людзей у арганізацыі ― валанцёр_ак, супрацоў_ніц, менеджар_ак. Усё адно, які ў іх вопыт у гэтым ― істотна, каб быў удзел», ― кажа Валерыя.

Для натхнення можна паглядзець прыклады чужых палітык ці параіцца з калегамі і каляжанкамі з іншых арганізацый. Калі патрэбна кансультацыя, то можна напісаць у ОЕЕС.

Танцы ― не правакацыя. Як праводзіць інклюзіўныя вечарынкі?

Аўтарка ― Анастасія Мяркулава

«Сяброўка аднойчы сказала мне: “Шкада, няма нейкіх закрытых вечарынак, тыпу дзявочніка”. Так, падумала я, сапраўды. І стала насіць гэтую думку ў сабе», ― кажа Анастасія Мяркулава, феміністка, актывістка.

Яна зрабілася суарганізатаркай інклюзіўных вечарынак, запусціўшы іх у Мінску ў 2019 годзе. Збіраліся поўныя бары людзей.

«Спачатку гэта былі закрытыя вечарынкі. Мы пускалі ўсіх [акрамя цыс-мужчын], мужчынам на ўваходзе ахоўнік тлумачыў, у чым ідэя», ― кажа Анастасія Мяркулава.

Першыя вечарынкі рабілі за свае грошы, і да траўня 2023 года іх прайшло ўжо каля дзесяці. Многія былі арганізаваны разам з мінскай квір-фем супольнасцю «тэндар на гендар». Зараз вечарынкі праходзяць у Вільні, таксама атрымалася знайсці фінансавую падтрымку на арганізацыю адной з іх.

Абвесткі публічныя, і іх можна знайсці ў Instagram на старонцы ініцыятывы ці на старонцы суарганізатаркі (старонка часова не працуе). Мэтавая аўдыторыя пашырылася ― гэта жанчыны і тыя, хто сябе ідэнтыфікуе як жанчын, а таксама транс, квір і небінарныя людзі. Таксама могуць прыходзіць іншыя людзі, галоўнае ― падзяляць каштоўнасці і ідэю аб тым, што прастора вечарынак павінна быць бяспечнай, дзе можна расслабіцца і не баяцца.

«На [звычайнай] вечарынцы ты разнявольваешся, танчыш ― і шмат каму гэта можа падацца запрашэннем да кантакту ці выклікам. Ты ў лёгкай вопратцы для танцаў, і паход у прыбіральню робіцца рызыкоўным. Быць згвалтаванай у прыбіральні ― гэта такая дрэнная класіка», ― тлумачыць арганізатарка.

На інклюзіўных вечарынках не прынята асуджаць удзель_ніц, пільна разглядаць, фатаграфаваць або дакранацца без згоды.

Падчас вечарынкі ў асноўным танчаць, але таксама можна паспрабаваць сябе ў ролі дыджэй_кі: атрымаць доступ да абсталявання і навучыцца з ім працаваць, зрабіць уласны музычны сэт. Для гэтага трэба напісаць суарганізатарцы Анастасіі, расказаць пра свой актывізм і жаданне зайграць.

«Кайф і драйв ― калі ты стаіш за пультам і бачыш, як людзі танчаць пад музыку, якую ты ставіш. Бо ў дыджэінгу [звычайна] вельмі мала жанчын», ― кажа арганізатарка вечарынак.

Вечарынкі з’яўляюцца дабрачыннымі. У Мінску падчас іх ішлі зборы грошай для арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагала пацярпелым ад гвалту жанчынам.

Гэтыя і іншыя практыкі мы збіраем у агульную базу ведаў, каб вы маглі пазнаёміцца з вопытам іншых арганізацый і ініцыятываў, а таксама скарыстацца ім ва ўласнай працы: напрыклад, як ствараць кнігі для дзяцей з асаблівасцямі зроку ці як арганізаваць ацэнку патрэбаў анлайн. Калі ў вас ёсць інклюзіўная практыка, якой вы гатовыя падзяліцца, то абавязкова запаўняйце форму, і яна з’явіцца ў нашай базе!

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 9

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць