Дадзены матэрыял пра міфы і факты пра каранавірус падрыхтаваны ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Міфы vs факты пра COVID-19», створанай з мэтай распаўсюдзіць дакладную і актуальную інфармацыю пра новы каранавірус сярод насельніцтва Беларусі рознага ўзросту. У рамках праекта было створана 29 паштовак, якія мы з радасцю адправім вам, вашым родным і блізкім.
З’яўленне каранавіруса было нечаканым, але ўсё ж заканамерным. 21-е стагоддзе настолькі імклівае, але і на яго знайшлася “управа”. Пужалкі пра эпідэміі Сярэднявечча з падручнікаў па гісторыі сталіся рэальнасцю. Перад вірусам усе мы аказаліся аднолькава безабароннымі. Яшчэ раз чалавецтва ўпэўнілася ў крохкасці свайго існавання.
Мая навуковая дзейнасць у Акадэмі навук звязаная з калоіднымі сістэмамі, да ліку якіх таксама адносяцца і “славутыя” біяаэразолі, праз якія вірус пераносіцца ад аднаго чалавека да іншага. Таму час пандэміі цікавы мне і з прафесійнай кропкі гледжання.
Радая, што мне выпала магчымасць падзяліцца не толькі ўласным досведам перажывання апакаліпсісу пад назвай “пандэмія каранавіруса”, але і карыснымі парадамі па ахове здароўя, якія мы выпрацавалі разам з калегамі па лабараторыі.
Разуменне таго, што варта пераходзіць на новы лад жыцця, прыйшло да мяне ў другой палове сакавіка, калі я адчула, што ў мяне паднялася тэмпература. Ну, як паднялася – 37 па Цэльсію не так і шмат. Дастаткова, каб адчуваць сябе фігова, і не дастаткова для ўчастковага тэрапеўта, каб выдаць бальнічны. Але – о цуд! – у сувязі з напружанай эпідэміялагічнай абстаноўкай пачалі выдаваць бальнічныя і такім “сімулянтам”, як я. Мой першы – заслужаны – бальнічны за 4 гады працы ў дзяржаўнай установе.
Седзячы на бальнічным, трэба было прыдумляць сабе заданні, як правесці вольны час з той умовай, што я ўвесь час дома і магу пайсці толькі ў парк. І яно было няблага – быў час пачытаць кнігі (3 штукі адначасова – на кожную пару сутак свой экзэмпляр), час папрактыкавацца ў макіяжы, засвоіць новыя кулінарныя рэцэпты. Але лафа цягнулася нядоўга – усяго тыдзень, а там зноў выхад на працу ў інстытут.
Пра рэспіратары
Агаваруся, што праца ў навуковым інстытуце мае сваю спецыфіку. Гэта не шумны офіс з дзясяткамі супрацоўнікаў у адным вялікім памяшканні. Тут у досыць вялікім пакоі працуе па два, а то і па адным супрацоўніку. Таму на працы я пачувалася бяспечна. Небяспека падсцерагала пры перамяшчэнні сябе з дому на працу і назад. Я перастала карыстацца метрапалітэнам і перасела на аўтобус, які вёз мяне наўпрост да Акадэміі навук. Да таго ж я выбірала час, калі людзей найменш – то бок пасля 9 гадзіны раніцы. Калі надвор’е зрабілася больш вясновым і лагодным, я “злезла” з аўтобуса і пачала хадзіць пешшу. Раніцай было добра, да таго ж я адкрыла для сябе новыя хуткасныя маршруты напрасткі. А вось назад вяртацца было складаней. Людзей на вуліцах было шмат і яны ўпарта не хацелі захоўваць дыстанцыю ў славутыя 1-1,5 метры. Прыдумаўся хітрык, каб затрымліваць дыханне ў той крытычнай сітуацыі, калі не паспяваеш нацягнуць маску, а іншы чалавек ужо так небяспечна блізка каля цябе! =)
Варта сказаць, што з сакавіка маім новым усюдыісным спадарожнікам на роўных з тэлефонам і кошалем стаў рэспіратар 3M класу FFP3.
Падкрэслю, што рэспіратар – гэта сродак індывідуальнай аховы органаў дыхання ад удыхання аэразоляў. Вірус перадаецца ў першую чаргу менавіта рэспіраторна. Гэта значыць, што тая “порцыя паветра”, якую выдыхае хворы чалавек, утрымлівае ў сабе вірусныя часцінкі, якія ў хуткім часе трапляюць у арганізм усіх тых, хто знаходзіцца ў радыусе 1,5 м ад хворага. “Порцыя паветра” было ўзята ў кавычкі, бо паветра – гэта сумесь газаў, а чалавек (і здаровы, і хворы) выдыхае аэразоль. Аэразоль, у сваю чаргу, уяўляе сабою сумесь газаў і вельмі дробных і нябачных кропелек вадкасці. Менавіта праз гэтыя кропелькі і адбываецца перадача хваробы ад адной асобы да іншай.
Таму для засцярогі ад рэспіраторных інфекцый варта карыстацца рэспіратарам – гэтыя словы нездарма з’яўляюцца аднакарэннымі.
Але варта памятаць, што рэспіратары бываюць розныя. Вырабляюцца яны з розных матэрыялаў. Матэрыялы адрозніваюцца сваёй прапускной вартасцю – чым драбнейшыя часцінкі можа затрымаць матэрыял, тым вышэйшы будзе клас аховы рэспіратара, зробленага з такога матэрыялу. Такім чынам, клас FFP1 – самы нізкі, а FFP3 – самы высокі.
Усё, здавалася б, цудоўна – рэспіратар шчыльна прылягае да твару і тым самым надзейна закрывае нос і рот. Шчыльнасць прылягання – не менш важны фактар аховы, чым клас матэрыялу, з якога зроблены рэспіратар. Але! Тыповы рэспіратар, паводле інструкцый, з’яўляецца аднаразовым сродкам – пра гэта сведчаць нанесеныя літары NR (not reuse). Пасля выкарыстання яго неабходна зняць за лямкі (не дакранаючыся да яго “цела” – фільтруючага матэрыяла, а ён увесь і зроблены менавіта з яго) і ўтылізаваць.
Вышэйнапісаны абзац справядлівы і для медыцынскіх масак, зробленых са спанбонду.
Існуюць спосабы “рэанімацыі” рэспіратаў, але мыццё з мылам да іх не адносіцца, бо пасля такой працэдуры матэрыял, з якога зроблены рэспіратар, губляе свае фільтруючыя якасці.
Медыкі носяць не аднаразовыя рэспіратары з клапанам выдыху (яго, дарэчы, часта прымаюць за фільтр), а рэспіратары са зменнымі фільтрамі. Карыстаючыся такой штукай у камбінацыі са шчыльнымі акулярамі (як для плавання), можна быць упэўненым, што ты надзейна абаронены.
Адзначу таксама і тую акалічнасць, што на шкодных вытворчасцях выкарыстанне індывідуальных сродкаў аховы абавязковае, але гэтая мера неадназначная. Прывяду прыклады. Няправільна надзетая маска або маска з няправільна падабраным класам аховы можа даць ілюзію надзейнай абароны, і чалавек перастае быць пільным. Або калі маска непрывычная ці нязручная – чалавеку цяжэй засяродзіцца на працы. Абодва выпадкі могуць мець трагічныя наступствы.
Вычарпальная інфармацыя адносна сродкаў аховы органаў дыхання знаходзіцца тут і вось тут. Шмат карыснай тэматычнай інфармацыі можна знайсці у тэлеграм-канале грамадзянскай абароны LAB66. У дадзеным выпадку і ніжэй я спасылаюся на свайго калегу, які ў сваіх артыкулах спасылаецца на WHO (Сусветную арганізацыю аховы здароўя), CDC (Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША), EPA (Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША).
Рэмарка гэтая да таго, што рэспіратары і маскі – гэта добра, але варта не парушаць дыстанцыі і не збірацца вялікімі групамі ў закрытых памяшканнях.
Пра антысептычныя сродкі
Вярнуся да сваёй уласнай гісторыі.
Я таксама вырашыла “не збірацца больш, чым удвох” без пільнай патрэбы. Я перастала наведваць заняткі па харэаграфіі, якія былі неад’емнай часткай майго жыцця апошнія 8 год. Перастала хадзіць на сустрэчы з аднагрупнікамі і сябрамі. Перастала наведваць кавярні і кіно.
Змяніўся і мой хатні быт. Па прыходзе дахаты я праводзіла кварцаванне вітальні, кухні і ваннага пакою. Заадно кварцавалася мая вопратка, у якой я хадзіла на вуліцу, і торбы, што брала з сабою. (Кварцавая лямпа была куплена менавіта з нагоды каранавіруса.)
Упакаваныя прадукты, прынесеныя з крамы, заставаліся ў вітальні, дзе апрацоўваліся растворам хлоркі (калі больш дакладна – растворам Na-ДХЦК). Гэты танны сродак, які знішчае не толькі каранавірус, але і розныя віды бактэрый і грыбкоў. Гэтым жа растворам кожны вечар я апрацоўвала ўсе даступныя і частадатыкальныя паверхні ў кватэры. Падрабязна пра хлорку і яе аналагі можна прычытаць па гэтым адрасе.
Непасрэдна перад прыгатаваннем і ўжываннем ежы, таксама перад гігіенічнымі працэдурамі – асабліва датычна кантактных лінзаў – я апрацоўвала рукі антысептыкам на аснове этылавага спірту (70%). Якім чынам спірт дзейнічае на вірусы і бактэрыі – глядзець тут.
Апрацоўка рук антысептыкам неабходная і пасля мыцця рук з мылам – гэта не тоесныя маніпуляцыі.
Яшчэ раз нагадаю, як праводзіцца рытуал (хы-хы) па ачышчэнні рук.
Каб рукі былі чыстымі, патрэбна мыць іх з мылам на працягу 40 секундаў (не менш). Каб не было сумна так доўга церці адну руку аб другую, можна ў працэсе спяваць сабе пад нос куплеты песенак – у інтэрнэце шмат варыянтаў. Варта звярнуць увагу не толькі на працягласць працэдуры, але і на затраты энергіі – чым актыўней цярэш, тым эфектыўней. Пасля сушкі рукі неабходна апрацаваць антысептыкам. Разабрацца з пытаннем, чаму мыла мые і як яно гэта робіць, можна па спасылцы.
Спачатку мяне гэтыя працэдуры напружвалі і раздражнялі, але яны ж і прыносілі заспакаенне, што я засцерагаю сябе ад хваробы, што раблю ўсё тое магчымае, каб мінімізаваць распаўсюджванне хваробы і каб не стаць самой яе ахвярай.
Потым я злавіла сябе на думцы, усвядоміла, што ў мяне з’явілася некаторая трывога. Трывога ад разумення, што каранціну не будзе, што не будзе праўдзівых звестак аб колькасці хворых людзей у краіне. Яны не з’явіліся і на сённяшні дзень, але ўскосна з дадзеных Белстата, якія яны прыводзяць у сваіх справаздачах, можна ацаніць колькасць ахвяр па тым, як скараціліся людскія працоўныя рэсурсы рэспублікі. Акрамя таго, у статыстычнай сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) нядаўна былі апублікаваныя звесткі аб смяротнасці за першае паўгоддзе 2020 года. З іх вынікае, што смяротнасць ў Беларусі па выніках першага паўгоддзя пабіла пяцігадовы рэкорд.
Неспакойныя думкі часцей нападалі на мяне перад сном, таму на наступны дзень я часта прачыналася ў нестабільным настроі.
Летні “рэжым”
З надыходам летняй пары насіць шчыльны рэспіратар стала складана, таму я прыдбала сабе новую цацку – ахоўны экран, той самы, якім карыстаюцца стаматолагі. Яго выкарыстанне зніжае імавернасць таго, што буйныя кроплі трапяць ў органы дыхання ці ў вочы.
Наогул летам большасць людзей перасталі прытрымлівацца “масачнага рэжыму”, што цалкам тлумачальна: цяжка выконваць усе інструкцыі такі працяглы час, ды яшчэ калі не прызнаецца небяспека і не ствараюцца годныя ўмовы для людзей.
Цёплыя дні – раскоша для беларускага грамадзяніна, таму і мне хацелася атрымаць асалоду ад лета. Выехаць за межы няпроста, а на вёску да бабулі боязна. Таму шукала прыгоды для сябе ў межах Менску.
Толькі ў ліпені я дазволіла сябе наведваць кавярні. А таксама перасела на ровар, які за 15-20 хвілін давозіць мяне да працы. Стала значна весялей, але са мною нязменна вандруе экран і бутэлечка антысептыка.
На завяршэнне адзначу, што WHO не падзяляе пандэмію каранавіруса на хвалі, якія характэрныя для ранейшых сезонных эпідэмій.
Шчыра веру, што нам хопіць ментальных сілаў, хопіць адказнасці і ведаў, каб надзейна засцерагчыся і перажыць такі няпросты і трывожны час пандэміі.
Аўтарка тэкста: Юстына
Фота: свабодныя крыніцы ў інтэрнэце