5
(1)

3-га сакавіка ў межах Zero Discrimination Week у Мінску прайшла сацыяльная гульня “Іншы погляд”.

Сацыяльная гульня – гэта адна са сталых практык Цэнтра “Жывая Бібліятэка”, якая накіравана на руйнаванне стэрэатыпаў, замест чаго прапаноўваецца адкрытасць і талерантнасць да ўсяго іншага. Фармат гульні такі, што ў ёй можа прымаць удзел адвольная колькасць людзей незалежна ад узросту, гендару і адукацыі.

“Правілы гульні” вельмі простыя: удзельнікі і ўдзельніцы атрымліваюць нейкую сацыяльную ролю (цягнуць паперку ўсляпую і не раскрываюць таго, якая менавіта роля дасталася), пасля чаго становяцца ў шэраг. Мадэратар/ка агучваюць пытанні, і кожны_ая павінны даць адказ “так” або “не”. Хто адказвае станоўча – робіць крок уперад, калі адказ адмоўны – чалавек застаецца на месцы.

Такім чынам, у канцы гульні можна візуальна зафіксаваць, як прасунуўся кожны ўдзельнік/удзельніца цягам гульні.

Мэта гульні – атрымаць магчымасць “панасіць” іншую сацыяльную ролю і паразважаць, што ж мы ведаем пра людзей, якія адносяцца да той ці іншай сацыяльнай групы, а таксама пастарацца адсачыць той ланцужок асацыяцый, па падставе якіх у нас і фармуецца вобраз пэўнай катэгорыі людзей.

Атрымліваецца, што гульня мае два складнікі: “прымерка” новай ролі і разважанні пра тое, адкуль мы бяром інфармацыю / чым мы кіруемся, калі робім высновы пра тых ці іншых людзей / ці адпавядае рэчаіснасці тая інфармацыя, на якую мы абапіраемся.

Удзельнікі і ўдзельніцы падчас гульні

Асноўная і самая цікавая частка гульні – рэфлексія, на якой кожны мае магчымасць падзяліцца ўласнымі адчуваннямі і думкамі наконт стэрэатыпаў. Таксама на рэфлексіі ўдзельнікі і ўдзельніцы “раскрываюць карты” – агучваюць, якая роля каму дасталася.

Як стала зразумела пры абмеркаванні, кожны і кожная з удзельнікаў/удзельніц сутыкнуліся з такой цяжкасцю, як немагчымасць хутка даць адназначны адказ на пытанні мадэратаркі, якія гучалі падчас самой гульні. Бо як толькі мы аказваемся ў “скуры” іншага чалавека, толькі тады свет сапраўды бачыцца такім шматгранным і варыятыўным, і мы разумеем, што стэрэатыпы – зусім не тое, чым варта кіравацца ў стасунках з людзьмі.

На абмеркаванні закраналіся пытанні спіса дазволеных жаночых прафесій, праблема дыскрымінацыі нацыянальнасці рома. Гэтыя тэмы ўсплылі самастойна – яны не фігуравалі сярод сацыяльных роляў, якія “адыгрывалі” удзельнікі і ўдзельніцы.

Важна, што ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы маглі выказацца і ўбачыць сваіх аднадумцаў, адчуць, што яны не адны і ёсць пляцоўкі, дзе можна абмеркаваць пытанні, які не прынята падымаць у нашым грамадстве.

Дык што ж такое стэрэатыпы і навошта яны існуюць?

Стэрэатып – адносна ўстойлівы і спрошчаны вобраз сацыяльнай групы, чалавека, падзеі або з’явы.

Калі казаць інакш, то стэрэатып – гэта штучна адасобленыя фрагменты нашых думак і паводзін. Мы робім высновы, абапіраючыся на ўжо знаёмыя паводзіны іншых людзей у падобных сітуацыях. Тым не менш, усё роўна будуць адрозненні і ў паводзінах паміж рознымі людзьмі адной сацыяльнай групы, і ў паводзінах аднаго і таго ж чалавека ў розных сітуацыях, што можа рабіць нашы высновы недакладнымі.

Нельга дэклараваць стэрэатыпы як абсалютнае зло – яны з’яўляюцца праблемай тады, калі яны недакладныя, асабліва калі гэтыя недакладнасці негатыўныя і варожыя. Часта стэрэатыпы могуць дапамагчы нам у пабудове эфектыўных зносін, бо яны маюць (і выконваюць) пэўныя функцыі ў міжасабовай камунікацыі.

Функцыі стэрэатыпаў:

  • паскараюць працэс пазнання;
  • дазваляюць скараціць час рэакцыі на змены, што адбываюцца навокал;
  • даюць першасную аснову для арыентавання ў знешніх умовах.

Таксама варта адзначыць, што стэрэатыпы бываюць двух відаў, а менавіта:

  1. стэрэатыпы, якія адлюстроўваюць уяўленне людзей пра саміх сябе;
  2. стэрэатыпы, якія паказваюць уяўленні пра іншых людзей, пра іншыя сацыяльныя групы.

Нярэдка бываюць выпадкі, калі людзі, якія адносяцца да сацыяльнай групы з “негатыўным іміджам” у грамадстве, не могуць, напрыклад, уладкавацца на працу, бо стаўленне працадаўцы і будучых калег загадзя адмоўнае. Атрымліваецца, што за “іміджам” не бачна самога чалавека, а калі ён сапраўды годна выконвае свае працоўныя абавязкі, то яго/яе дзеянні расцэньваюцца як падман/часовае старанне з мэтай дагадзіць.

Падчас сацыяльнай гульні ўзнімалася тэма нацыянальнасці рома, а дакладней абмяркоўваліся спосабы, якімі прадстаўнікі і прадстаўніцы гэтай нацыянальнасці зарабляюць сабе на жыццё.

Ва ўяўленні большай часткі беларускага грамадства прадстаўнікі нацыянальнасці рома – махляры, злодзеі і гандляры забароненай прадукцыяй. 

Многія людзі гэтай нацыянальнасці становяцца закладнікамі стэрэатыпаў, якія існуюць у грамадстве. Калі знайсці працу не выпадае магчымасці, то прыходзіцца шукаць “нелегальныя” спосабы зарабіць. І атрымліваецца, што людзі рома як бы пацвярджаюць стэрэатыпы, што існуюць вакол іх.

Такім чынам, яны трапляюць у замкнёнае кола, вырвацца з якога зусім няпроста.

Як не дапусціць разбуральнага ўплыву стэрэатыпаў?

Грамадства не можа цалкам адмовіцца ад стэрэатыпаў – гэта будзе раўназначна выдаленню вялікага пласта ведаў і вопыту, таму мы заклікаем да ўдумлівага “карыстання” стэрэатыпамі.

Некаторым негатыўным стэрэатыпам можна процідзейнічаць.

Што магу зрабіць асабіста я?

Пазнаёміцца з Іншымі, даведацца іх “з іншага боку”. Гэта можна зрабіць на тых жа Жывых Бібліятэках ці Сацыяльных Гульнях, дзе ствараецца камфортная для дыялогу прастора. Атрыманым досведам можна падзяліцца, каб распаўсюдзіць яго на большую аўдыторыю.

Асабістае знаёмства з людзьмі дапамагае разбурыць негатыўныя вобразы. Добра працуе знаходжанне чагосьці агульнага: хобі, любімая музыка, праца.

Важна разумець, што Іншыя таксама адчуваюць страх і смутак, перажываюць і радуюцца. Агульныя эмоцыі робяць людзей падобнымі на людзей, у той час як стэрэатыпы могуць “дэгуманізаваць” іх. 

Нават разуменне таго, што адзін чалавек можа адхіліцца ад стэрэатыпу, з’яўляецца пачаткам, першым крокам да памяншэння дыскрымінацыі.

Пажадана пераправяраць інфармацыю, атрыманую з СМІ, імкнуцца знаходзіць нейтральны выклад падзей. 

Сродкі масавай інфармацыі маюць вялікі ўплыў на фарміраванне стэрэатыпаў рознай формы. Калі СМІ характарызуюць пэўныя групы людзей пэўным чынам, іх гледачы або чытачы, хутчэй за ўсё, зробяць тое ж самае. 

Да прыкладу, калі сацыяльную групу ў навінах ілюструюць негатыўна, выкарыстоўваючы мову варожасці, паказваючы толькі на іх адмоўныя рысы, гэта будзе ўвекавечваць негатыўныя стэрэатыпы і пагаршаць канфлікты.

Калі ж яны падкрэсліваюць станоўчыя бакі груп, то, нават калі гэта супярэчыць распаўсюджаным стэрэатыпам, гэта можа спрыяць пабудове ўзаемаразумення і наладжванню адносін сярод сацыяльных груп.

Кожнаму і кожнай з нас будзе карысна даследаваць здагадкі, якія мы робім пра Іншых. Спытаць сябе: адкуль яны бяруцца, на якой інфармацыі заснаваныя? На асабістым вопыце зносін? У якім кантэксце? Ці могуць “Іншыя” быць іншымі ў розных сітуацыях? Вам нехта распавёў ці вы даведаліся з навін або фільмаў? Ці магчыма, што некаторыя з вашых негатыўных або станоўчых вобразаў няслушныя? А хаця б для некаторых людзей?

Асабістае знаёмства можа не толькі скарэктаваць вашыя стэрэатыпы ў адносінах да Іншых, але можа і зменшыць колькасць стэрэатыпаў у дачыненні да вас.

Некалькі парадаў, якая дапамогуць стаць больш лагоднымі да іншых і іншага:

  1. абмяркоўвайце тое, што вас хвалюе/закранае;
  2. з павагай стаўцеся да меркаванняў іншых людзей, бо кожны з нас мае на гэта права;
  3. будзьце гнуткімі і адкрытымі, бо свет змяняецца вельмі імкліва;
  4. пры сустрэчы з новым імкніцеся скласці сваё ўласнае меркаванне;
  5. не рабіце хуткіх абагульненняў – асаблівасць аднаго канкрэтнага чалавека не ёсць асаблівасці ўсёй групы, да якой ён належыць.

Да таго ж кожны з нас адносіцца да некалькіх дзясяткаў сацыяльных груп адначасова, менавіта на гэтых перакрыжаваннях і нараджаецца нашая ўнікальнасць.

Сачыце за абвесткамі і прыходзьце ўзяць удзел у сацыяльнай гульні “Іншы погляд”- гэта не толькі новы погляд на Іншых, а, у першую чаргу, новы погляд на сябе.

Тэкст: Юстына Саўка
Фота: Яцкевіч Юля, Unsplash

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць