Як беларуская ўлада ўзмацняе сябе праз прыроду

Экалогія
Обложка_политизация природы
5
(6)

Што можа сказаць беларускі лес пра палітычныя рэпрэсіі ў краіне? Аўтарытарны рэжым асядае на розныя паверхні жыцця, як пыл у кватэры, прасякаючы паўсюль, часам заўважны, а часам амаль непрыкметны. Прырода пакрываецца аўтарытарным пылам, магчыма, менш відочна за нейкія іншыя рэчы, але гэтак жа злавесна і няспынна. З дапамогай ідэй палітычнай экалогіі ў гэтым артыкуле мы распавядзем, як беларуская ўлада палітызуе навакольнае асяроддзе і ці можна гэтаму супраціўляцца. 

Чым займаецца палітычная экалогія? 

Палітычная экалогія — гэта навуковая дысцыпліна, якая даследуе ўзаемаадносіны паміж палітычнымі сістэмамі, экалагічнымі праблемамі і грамадствам. 

Палітычная экалогія можа быць карыснай для: 

  • інфармавання палітыкаў пра складанасці экалагічнага развіцця, што дапамагае палепшыць кіраванне прыроднымі рэсурсамі; 
  • лепшага разумення таго, як супольнасці прымаюць рашэнні наконт прыроды ў кантэксце іх сацыяльнага і палітычнага жыцця; 
  • выяўлення, як няроўнасць у грамадстве і дзяржаўная палітыка ўплываюць на прыроду. Часам гэта пра тое, як навакольнае асяроддзе адлюстроўвае палітычны рэжым і становіцца інструментам дзяржавы для ўмацавання свайго кантролю. 

У Беларусі першыя два пункты ў вялікай ступені рэалізуюцца дзякуючы дзейнасці экалагічных НДА (якія працягваюць працаваць і пасля прымусовай ліквідацыі) і актывісцкіх рухаў, а таксама часткова праз нацыянальную ахову прыродных тэрыторый і прасоўванне ўстойлівай сельскай гаспадаркі. У гэтым артыкуле мы сфакусуемся на апошнім пункце ў спробе заўважыць, як і ў якіх абставінах прырода губляе сваю незалежнасць і становіцца часткай палітыкі праз прымус і маніпуляцыі.

Палітычная экалогія ў дзеянні

Міграцыйны маршрут па пустыні ЗША — Мексіка.

Гэты пераход лічыцца самым смяротным наземным маршрутам для мігранта_к ва ўсім свеце. За апошнія тры гады колькасць людзей, якія спрабуюць перасячы гэтую мяжу, рэзка вырасла. Толькі ў 2022 годзе было зафіксавана каля 2,76 мільёна незарэгістраваных мігранта_к. 

Антраполаг Джэйсан Дэ Леон дае цікавае палітычна-экалагічнае меркаванне ў сваёй працы «Зямля адкрытых магіл», у якой ён асвятляе розныя стратэгіі ўрада ЗША ў сувязі з крызісам. Ён паказвае, што

ўлада ЗША не толькі выкарыстоўвае жорсткія меры па кантролі межаў, але і стварае медыйны вобраз пустыні як дзікага і небяспечнага месца, дзе людзі гінуць не з-за памежнай палітыкі, а з-за самой прыроды. Такое апісанне пустыні дазваляе ўраду часткова зняць з сябе адказнасць за гібель тысяч людзей, перакладаючы яе на варожыя ўмовы асяроддзя замест уласных дзеянняў.

Падрыў Кахоўскай гідраэлектрастанцыі ў 2023 годзе.

* Больш пра «гераічныя праекты» можна прачытаць у кнізе Пола Джозэфсана «Гераічныя праекты: Расійская імперыя і вялікія тэхналогіі ад Леніна да Пуціна».

Расійская армія рэгулярна атакуе важныя інфраструктурныя аб’екты, і падрыў Кахоўскай плаціны быў часткай плана выкарыстання прыродных рэсурсаў як зброі. Гэта прывяло да разбурэння дзясяткаў тысяч дамоў і гаспадарак, пакінула людзей без пітной вады і нанесла шкоду жывёльнаму і расліннаму свету ў рэгіёне. Аднак цікава адзначыць, што будаўніцтва Кахоўскай ГЭС у 1956 годзе ў сваю чаргу было маштабным праектам эканамічнага развіцця, які ўвасабляе перавагу тэхналогіі і палітыкі над прыродай. Кахоўская ГЭС і іншыя інфраструктуры транспарту, энергіі і водных рэсурсаў былі не проста інфраструктурамі — яны былі сімвалам дзяржаўнай улады, помнікам, узведзеным праз ахвяраванне экалагічным і натуральным. Такія савецкія будоўлі часам называюцца «гераічнымі праектамі»*. Гэта буйныя інфраструктурныя праекты, якія выкарыстоўвалі прыродныя рэсурсы з мэтай стварэння і падтрымання імперыі. Не дзіва, што сёння, падчас вайны Пуціна супраць Украіны, у спробе аднавіць «імперыю» такія «гераічныя праекты» і прыродныя магчымасці атрымалі новую актуальнасць і мілітарысцкі патэнцыял.

Гістарычны кантэкст — Вялікі Сталінскі план ператварэння прыроды. 

Сучасныя падзеі, пра якія вядзецца гаворка ў гэтым артыкуле, ёсць сэнс разглядаць і ў гістарычным ахопе. Як было згадана раней, будаўніцтва імперыі з магутнай эканомікай і вялікай вайсковай моцай было цэнтральным інтарэсам савецкай мадэлі развіцця. Лідары СССР лічылі, што будучыня нацыі залежыць ад вытворчасці, здабычы і гандлю прыроднымі і мінеральнымі рэсурсамі — узяць, напрыклад, Вялікі Сталінскі план ператварэння прыроды. 

Паміж 1950 і 1955 гадамі праз эксплуатацыю прыродных рэсурсаў былі знішчаныя 88 са 128 запаведнікаў на тэрыторыі Савецкага Саюза, у тым ліку два з трох у Беларусі (па іроніі лёсу захавалася Белавежская пушча, дзе былі падпісаныя пагадненні, што спынілі існаванне СССР). 

У вялікай меры экапалітычны курс сённяшняй Беларусі ідзе па ўжо пратаптанай сцежцы. 

Што выкрывае палітычная экалогія ў Беларусі?

Запрашаем вас у Белавежскую пушчу (а таксама ў іншыя лясы на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой). У 2021 годзе лясное покрыва Беларусі раптоўна і без сваёй на тое згоды стала месцам дзеяння палітычнай гульні. У адказ на еўрапейскія санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, улада здырыжавала шматхадовую палітычную кампанію. Па яе выніках дзясяткі тысяч уцякачак і ўцекачоў з Ірака, Сірыі, Афганістана і іншых краін былі накіраваныя ў бок беларускай мяжы з Еўрасаюзам. З надзеямі на лёгкі пераход яны апынуліся ў пастцы памежнай зоны паміж краінамі, сустракаючы гвалт і з аднаго, і з іншага боку. Міністарка ўнутраных спраў Германіі Нэнсі Фэзэр абвінаваціла Лукашэнку ў выкарыстанні мігранта_к як інструмента палітычнага ціску на Еўрапейскі саюз. 

Мы прапануем разгледзець прыроду ў гэтай сітуацыі такім самым чынам, як і мігранта_к — як нявольна ўмешаную ў палітычныя амбіцыі істоту. Лес, дзякуючы сваім асаблівасцям, робіцца зручным месцам для схову і перамяшчэння людзей. Яго складаней патруляваць як унутраным актарам, так і замежным, і Белавежская пушча, такім чынам, стала арэнай помсты і супраціву беларускага ўрада. Хаваючы ў сабе сотні ўцякацкіх сем’яў, гэты ўнікальны першабытны лес стаў жыць па зусім іншых правілах, чым тыя, што ён стварае сам сабе. Адзін з прыкладаў — гэта плот, які быў узведзены Польшчай на мяжы з Беларуссю ў адказ на гэтую міграцыйную маніпуляцыю. Раптоўная сцяна ў лесе ўмешваецца ў звычныя правілы экасістэмы і перарывае натуральны рух жывёл, якія доўгі час свабодна перасякалі гэтыя тэрыторыі.

Падобным чынам змянілася, амілітарызавалася будзёншчына і іншых лясоў. Дзеля прасоўвання ваеннай тэхнікі ў падтрымку расійскай агрэсіі пракладваюцца дарогі праз беларускія балоты, лес выкарыстоўваецца як база для армейскіх трэніровак, закладаюцца міны. Летам мінулага года быў прыняты праект Закона «Аб змяненні Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь» — у ім адзначыліся паўнамоцтвы ваенных выкарыстоўваць лясны фонд краіны з мэтай нацыянальнай бяспекі, а таксама паўнамоцтвы прэзідэнта краіны на вызначэнне адносін у галіне выкарыстання ляснога фонду з мэтай нацыянальнай бяспекі.

Палітычнае і экалагічнае скрыжоўваецца паўсюдна. Дзяржаўныя медыя сустракаюць дзёрзкімі загалоўкамі «У Беларуси три союзника: леса, болота и Россия». Нельга не згадаць пераслед экалагічных актывіста_к і ліквідацыю 110 экалагічна накіраваных арганізацый. Шмат з іх займаліся адаптацыяй прыроды да змены клімату, распрацоўвалі праекты па зніжэнні негатыўнага ўплыву чалавецтва на здароўе асяроддзя — дзеянні, якія сталі немагчымымі праз палітыку цішыні і «аднамыслення». Да таго ж летам 2022 года Лукашэнка падпісаў указ аб выхадзе з міжнароднага пагаднення, якое рэалізуе падтрымку права чалавека на чыстае, здаровае і ўстойлівае навакольнае асяроддзе (Орхуская канвенцыя). Праз гэта магчымасцяў для міжнароднага маніторынгу стала яшчэ менш, і дзеянні ўнутры краіны пакрываюцца большай таямніцай як для глабальнага, так і для беларускага грамадства. 

Хутчэй за ўсё, у Беларусі дастаткова патэнцыялу, каб перайсці на стоадсоткавую аднаўляльную энергетыку, але для гэтага патрэбная палітычная воля. Калі яе не будзе, то ў нас усё застанецца як ёсць: з атамнай і газавымі станцыямі.

З артыкула «Новая зялёная Беларусь: што мы можам зрабіць для экалогіі прама зараз: размова з Ірынай Сухій, заснавальніцай Экадома»

Роля прыроды ў супраціве аўтарытарнай палітыцы

Выкарыстанне прыродных асаблівасцяў працягвае дапамагаць рэжыму весці вайну і супраць свайго народа, і супраць іншых. Аднак істотна і адваротнае — тое, наколькі важнай можа быць роля прыроды ў супраціве. Гістарычна лес быў месцам сховішча і будавання апазіцыі сярод тых, хто шукае свабоды, як і сімвалам таго, што не ўсё падпарадкоўваецца палітычным рэжымам.

Праз оптыку палітычнай экалогіі можна разглядаць зялёныя рухі як частку працэсу дэмакратызацыі.

Дзякуючы ўсведамленню таго, што аўтарытарны рэжым выкарыстоўвае несправядлівыя практыкі кіравання і эксплуатуе рэсурсы, барацьба за экалагічныя правы робіцца часткай больш шырокага руху за сацыяльную справядлівасць.

І прызнанне чалавецтва часткай прыроды, а прыроды — вольнай істотай насычае глебу для пераасэнсавання ўзаемаадносін улады і грамадства. Гэта будуе супольнасць, у якой экалагічная справядлівасць становіцца часткай агульнага разумення дэмакратыі, якая ўлучае ў сябе не толькі правы чалавека, але і правы прыроднага свету. 

У выпадку Беларусі адно права прыроднага свету, з якога можна пачаць, гэта простае права не быць часткай зброі ў ваенных канфліктах і рэпрэсіях. 

Такім чынам, разважанне пра палітычную экалогію ў кантэксце Беларусі адкрывае некалькі кірункаў думкі. Адно з пытанняў, якое нас цікавіць, — як змена асабістага і калектыўнага стаўлення да прыроды, прызнанне яе раўнапраўнай і незалежнай істотай (напрыклад, са сваімі правамі), можа паўплываць на палітычны стан і грамадзянскі актывізм? 

Іншае — як экалагічны і дэмакратычны рухі могуць узмацніць адзін аднаго? Нарэшце, як заканадаўства новай Беларусі можа паспрыяць прыроднай дэмакратыі? 


Аўтарка: Ева

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x