Няёмкая праўда пра цішотку за $ 2: як масмаркет выкарыстоўвае дзіцячую працу?

Правы чалавека
Обложка_як масмаркет выкарыстоўвае дзіцячую працу?
5
(5)

Сёлета ў прэсе з’явілася інфармацыя пра планы Еўрасаюза абкласці пошлінай танныя пасылкі з кітайскіх маркетплэйсаў. Ініцыятыва мае мэтай абараніць інтарэсы мясцовых прадаўцоў, але заадно стала інфанагодай, каб распавесці аматар_кам купіць капеечную цішотку, што яе, цалкам верагодна, у жудасных умовах сшыла бяспраўнае дзіця. Разбіраемся з феноменам хуткай моды і альтэрнатывамі неэтычнаму спажыванню.

Што такое хуткая мода?

Памятаеце сваю першую стылёвую цішотку, на якую ўламалі маці, калі былі падлеткам? Маці яшчэ, напэўна, казала нешта пра «жах якую няякасную тканіну», а вы адказвалі, што вам усё адно, бо гэта «трэнд». Праз год цішотка выйшла з моды, надзяваць яе было ўжо не так крута і даводзілася набываць новую. І так зноў і зноў, пакуль аднойчы вы не знайшлі свой стыль.

Карпарацыям па вытворчасці адзення выгадна вымушаць нас набываць больш, чым нам сапраўды патрэбна. І калі рабіць грошы толькі на змене сезонаў не атрымліваецца, брэнды пераходзяць на тактыку часцейшага абнаўлення асартыменту, паралельна з гэтым працуючы над успрыманнем трэндаў. Усё тое, што яшчэ ўчора было марай, праз некалькі месяцаў робіцца абсалютна «неактуальным».

Напрыклад, GAP прадстаўляе 12000 дызайнаў за год, H&M — 23000, Zara — 40000, а Shein — больш за 1,5 млн (!).

Да таго ж зношваецца «трэндавае» адзенне вельмі хутка. Усё гэта — ключавая частка феномену fast fashion (хуткай моды).

Фаст-фэшан узнік у выніку імкнення капіталістычнай сістэмы максімізаваць прыбытак і скараціць выдаткі. Дзеля гэтага ў сярэдзіне XX стагоддзя кампаніі пачалі пераносіць сваю вытворчасць у краіны з таннай працоўнай сілай, дзе можна было б вырабляць больш, хутчэй і за меншыя грошы, чым у Еўрасаюзе ці ЗША. Пры гэтым брэндаў з галаўнымі офісамі ў заходніх краінах тое, што адбываецца на фабрыках, нібыта не датычыцца. А там, між іншым, часта выкарыстоўваецца дзіцячая праца.

Гумарыстычны ролік Saturday Night Live пра тое, што стаіць за хуткай модай

Якія брэнды карыстаюцца дзіцячай працай?

Да таго як адзенне трапляе на паліцы крам, вытворчасць звычайна ідзе па такім цыкле: здабыча сыравіны → вытворчасць тканіны → шыццё → лагістыка. Вядомыя факты выкарыстання дзіцячай працы буйнымі брэндамі на ўсіх этапах вытворчасці, у тым ліку на першым. Дзяўчаты і хлопцы лічацца карыснымі працаўні_цамі, бо ў іх маленькія пальцы, якія не шкодзяць пушачкі бавоўніку і не псуюць валокны. Да таго ж для працадаўцы непаўналетнія — зручныя супрацоўні_цы, якімі лёгка кіраваць праз узрост.

Часта дзяўчаткі і хлопчыкі, якія не дасягнулі паўналецця, працуюць па 12 гадзін ва ўмовах экстрэмальнай гарачыні, пераносяць цяжкія мяшкі, знаходзяцца пад уздзеяннем пестыцыдаў. Пры гэтым яны атрымліваюць зарплату ніжэйшую за пражытковы мінімум і амаль не ходзяць у школу. Падлічана, напрыклад, што ў Бангладэш, дзе адшываюцца шмат якія брэнды, дзеці да 14 гадоў працуюць у сярэднім 64 гадзіны на тыдзень і зарабляюць менш за $ 2 у дзень. Каб зарабіць больш, працаўні_цы выходзяць на дадатковыя змены і працуюць без выходных.

Пра тое, што буйныя брэнды адзення выкарыстоўваюць дзіцячую працу, стала вядома яшчэ ў 1990-я. У вялікі скандал трапіў Nike, футбольныя мячы якога за мінімальныя грошы ў жахлівых умовах шылі пакістанскія дзеці. У 2001 годзе свет убачыла кніга Ціма Конара «Still Waiting For Nike To Do It», у якой аўтар падрабязна распавядае пра эксплуатацыю працаў_ніц кампаніяй Nike і дрэнныя ўмовы працы. Зразумела, аналагічныя даследаванні можна надрукаваць пра шмат якія іншыя брэнды. У прыватнасці, СМІ пісалі пра выкарыстанне дзіцячай працы брэндамі New Look, Lonsdale, H&M у М’янме, Zara — у Бразіліі, Adidas — у Тайландзе. А рытэйлер Shein абвінавачвалі не толькі ў капіяванні дызайнаў, але і ў прымусовай працы ва Уйгурскім рэгіёне Кітая і ў выкарыстанні дзіцячай працы. Кампанія была вымушаная апублікаваць заяву аб тым, што супрацоўніцтва з фабрыкамі, дзе парушаюцца правы, прыпыненае да выпраўлення сітуацыі.  

Паводле дадзеных UNISEF за 2021 год, колькасць дзяцей, уцягнутых у працу, склала 160 мільёнаў чалавек. Прыблізна палова гэтых малых знаходзіцца ў Азіі, траціна — у Афрыцы, астатнія — у Лацінскай Амерыцы.

Адной з падзей, што ўзрушылі свет, стала трагедыя ў бангладэшскім Савары: 24 красавіка 2013 года там абрынуўся васьміпавярховы будынак, дзе размяшчаліся швейныя фабрыкі. Загінулі больш за 1100 чалавек, было паранена каля 2500. Сярод іх былі дзеці. Так, напрыклад, Янур Актэр на момант катастрофы было 15 гадоў. Яна выжыла, але атрымала сур’ёзныя пашкоджанні ног і жывата, з-за якіх не магла знайсці новую пастаянную працу. Янур распавядала журналіст_кам, што выжыўшым працаўні_цам патрэбная доўгатэрміновая падтрымка дзяржавы і што яна грукалася шмат у якія дзверы, каб данесці сваю гісторыю, але за дзесяць гадоў так і не была пачутая.

Прычынамі трагедыі ў Савары сталі незаконнае дабудаванне паверхаў і перавышэнне дапушчальнай нагрузкі. Гэты выпадак выклікаў абурэнне грамадства і прыцягнуў увагу да праблем бяспекі і ўмоў працы ў тэкстыльнай прамысловасці, прымусіўшы многія брэнды ўвесці больш жорсткія правілы кантролю вытворчасці.

Як рэагуе свет?

На дадзены момант можна зрабіць выснову, што комплексна сітуацыя паляпшаецца. Скандалы прыцягваюць увагу журналіста_к і праваабаронцаў, а многія брэнды вымушаныя перагледзець сваю палітыку. Існуюць дакументы, якія рэгулююць пытанне дзіцячай працы. Сярод іх наступныя:

  • Канвенцыя аб правах дзіцяці — прызнае права дзіцяці на абарону ад эканамічнай эксплуатацыі і выканання любой працы, якая можа пагражаць здароўю, перашкаджаць адукацыі або наносіць шкоду фізічнаму, разумоваму, духоўнаму, маральнаму і сацыяльнаму развіццю.
  • Канвенцыя аб мінімальным узросце для прыёму на працу — мінімальны ўзрост для прыёму дзіцяці на працу павінен быць не ніжэйшым за ўзрост заканчэння абавязковай школьнай адукацыі і не меншым за 15 гадоў. (У асобных выпадках, якія патрабуюць абгрунтавання, удзельнікі Канвенцыі № 138 могуць знізіць мінімальны ўзрост да значэнняў, згаданых у дакуменце.)
  • Канвенцыя аб забароне і неадкладных мерах па выкараненні найгоршых формаў дзіцячай працы — тут рэкамендацыя № 190 вызначае найгоршыя формы дзіцячай працы і абавязвае дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна прымаць эфектыўныя меры для забароны і ліквідацыі гэтых форм працы. Ёсць пункт пра «працу, якая па сваім характары або ўмовах, у якіх яна выконваецца, можа нанесці шкоду здароўю, бяспецы або маральнасці дзяцей».

Асвятляюць праблему журналіст_кі і рэжысёр_кі. Вось некалькі свежых фільмаў, якія дапамогуць паглыбіцца ў праблему:

  • «Invisible Hands» — фільм выкрывае дзіцячую працу і гандаль дзецьмі ў ланцужках паставак найбуйнейшых сусветных карпарацый;
  • «Child labour behind global brands’ best-selling perfumes» — расследаванне BBC пралівае святло на цёмныя бакі парфумнай індустрыі;
  • «Chain Reaction: Child labour revisited» — дакументальнае даследаванне дапамагае паглядзець на праблему вачыма дзяцей.

Што можа зрабіць кожн_ая?

Натуральна, тое, што адбываецца на фабрыках брэндаў, — гэта не наша віна. Карпарацыі хаваюць інфармацыю аб умовах працы сваіх супрацоўні_ц, а часам і не ведаюць пра парушэнні самі. Многія людзі вымушаныя шукаць сабе адзенне па нізкіх коштах і задавальняюць свой запыт на маркетплэйсах і ў крамах масмаркету. Аднак праз хуткую моду вопратка там недаўгавечная і гардэроб патрабуе чарговага абнаўлення. Гэта ўсё зразумела, але, калі хочацца крыху палепшыць свет, можна рабіць свае маленькія крокі:

  1. Прыгледзьцеся да лакальных этычных вытворцаў. Гэта не будзе танна, але адзенне, хутчэй за ўсё, будзе сшытае дарослымі людзьмі са справядлівай аплатай іх працы. У лакальных брэндаў звычайна даволі празрысты ланцужок вытворчасці. Да таго ж рэчы не хутка губляюць таварны выгляд.
  2. Пашукайце апсайклінг-брэнды, якія крэатыўна перашываюць старое на новае. Гэта і экалагічна, і дапамагае вылучацца за кошт унікальнасці вобразу. Некаторыя апсайклінг-рэчы існуюць у адзіным экзэмпляры, а каму не хочацца быць унікальн_ай?
  3. Падаўжайце жыццё свайго адзення і абутку. Часцяком рамонт улятае ў капейчыну, але гэта не пра эканомію, а пра этычны і экалагічны падыход. Менш ужываеце — менш кагосьці эксплуатуеце.
  4. Наведвайце сэканд-хэнды і праглядайце платформы, дзе прадаюць тое, што было ва ўжытку. Гэта сапраўдны эканом-варыянт. І нават купляючы ў сэкандзе рэчы Zara ці Shein, вы не будзеце наўпрост падтрымліваць брэнды, бо гэтыя рэчы ўжо існуюць і пры іншых абставінах яны адправіліся б забруджваць планету, а так пашанцавала трапіць да вас.
  5. Пашырайце веданне пра праблему дзіцячай працы. Разуменне сітуацыі і размовы пра яе — гэта ўжо дзеянні на паляпшэнне. Можна, напрыклад, падзяліцца гэтым артыкулам у сваіх сацсетках. Ці паказаць сябр_оўкам ролік Vox, які ставіць правільныя пытанні.

Барацьба з дзіцячай працай застаецца адной з самых складаных сусветных праблем. Але кожны раз, калі мы набываем адзенне, мы можам зрабіць свядомы выбар, які будзе прынамсі не пагаршаць умовы жыцця тых, хто стварае гэтыя рэчы.


Аўтарка: Арына

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x