Невідавочная дыскрымінацыя і як яе распазнаць

ВедыПравы чалавека
5
(1)

01.03.2021 у межах Тыдня нулявой дыскрымінацыі прайшоў эфір з Любай Ланінай, Прыхільніцай Цэнтра “Жывая Бібліятэка”, на тэму невідавочнай дыскрымінацыі. Ён быў супольна падрыхтаваны Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” і Цэнтрам “Жывая Бібліятэка”.

Першы эфір быў прысвечаны базавым пытанням і з’явам, менавіта: што такое дыскрымінацыя, яе віды, прычыны ўзнікнення і спосабы мінімізацыі дыскрымінацыі ў сучасным свеце.

Беларускамоўная Вікіпедыя падае наступную дэфініцыю слова “дыскрымінацыя”:

Дыскрымінацыя — абмежаванне або пазбаўленне правоў пэўных катэгорый грамадзян па прыкметах расавай ці нацыянальнай прыналежнасці, сацыяльнага паходжання, палітычных поглядаў, полу і інш.

Рускамоўны варыянт тлумачэння слова:

Дискриминация  — негативное или предвзятое отношение к человеку, или лишение его определённых прав на основании наличия какого-то признака.

Такім чынам, дыскрымінацыя – гэта дзеянні, якія належаць да прававога поля, таму і рэгулююцца міжнароднымі юрыдычнымі дакументамі, сярод якіх канвенцыі, пакты, а таксама нацыянальным заканадаўствам.

Да найбольш важных дакументаў, якія адмаўляюць дыскрымінацыю і абвяшчаюць усіх людзей роўнымі, адносяцца:

  1. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948)
  2. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (1966, у сіле з 1976)
  3. Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966, у сіле з 1976)
  4. Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (1965, у сіле з 1969)
  5. Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (1979, у сіле з 1981)
  6. Канвенцыя аб правах дзяцей
  7. Канвенцыя аб правах інвалідаў (2006, у сіле з 2008)

Вызначэнне дыскрымінацыі паводле рускамоўнай Вікіпедыі апелюе да негатыўнага ці прадузятага стаўлення да чалавека. Іншымі словамі, коранем дыскрымінацыі можна лічыць стэрэатыпы. Як гэтыя два паняцці звязаныя і да чаго гэта можа прыводзіць, можна ўбачыць са схемы ніжэй.

Падрабязней пра стэрэатыпы можна прачытаць па спасылцы.

Піраміда прыгнятання

Якія ёсць віды дыскрымінацыі?

У залежнасці ад таго, якое права чалавека прыгнятаецца або на якой з асаблівасцяў/адметнасцяў чалавека робіцца акцэнт, дыскрымінацыя можа падзяляцца на:

  1. дыскрымінацыю па полу і гендару (сэксізм),
  2. дыскрымінацыю па ўзросце (эйджызм),
  3. дыскрымінацыю па нацыянальнасці,
  4. дыскрымінацыю па расе або этнасе (расізм),
  5. дыскрымінацыю людзей з асаблівасцямі развіцця, інваліднасцю і іншымі захворваннямі (эйблізм),
  6. моўную дыскрымінацыю,
  7. дыскрымінацыю па прыкмеце знешнасці (лукізм) і інш.

Пашыраным прыкладам дыскрымінацыі па гендары з’яўляецца розніца ў заробку, які могуць атрымліваць мужчына і жанчына за выкананне ідэнтычнай працы. У абсалютнай большасці выпадкаў мужчыны маюць большы заробак, чым жанчыны. Часта працадаўцы тлумачаць гэта тым, што мужчыне трэба “карміць сям’ю”.

Да гэтага часу існуе спіс забароненых прафесій для жанчын, які актуальны і для Беларусі. Больш падрабязна пра яго будзем гаварыць у наступных артыкулах.

Прыклад лукізму – калі на працу бяруць “больш прыгожага чалавека” замест таго, каб звяртаць увагу на працоўныя якасці.

На беларускім рынку працы можна сутыкнуцца таксама і з эйджызмам, калі людзі перадпенсійнага веку не могуць дазволіць сабе памяняць працу, бо проста ніхто не захоча браць на працу чалавека, які хутка выйдзе на пенсію. Але часта здараюцца і адваротныя выпадкі, калі да маладых супрацоўнікаў не ставяцца як да роўных і не даручаюць ім выконваць адказных задач.

Прыклады дыскрымінацыі па прыналежнасці да пэўнай нацыянальнасці вельмі пашыраныя ў СМІ (асабліва раённых СМІ), дзе часта ставіцца акцэнт на тое, да якой нацыянальнасці ці этнасу адносіцца злачынца. Па гэтым прызнаку часта дыскрымінуюцца прадстаўнікі нацыянальнасці рома або народаў Каўказа. Таксама па прычыне прыналежнасці да вызначанага этнасу ім могуць адмовіць у здачы кватэр або ў прыёме на працу.

Станоўчая і адваротная дыскрымінацыя – гэта што?

Хоць з’ява дыскрымінацыі цалкам негатыўная, але існуе паняцце “пазітыўнай” або “станоўчай” дыскрымінацыі.

Прыклады станоўчай дыскрымінацыі, якія можна праназіраць у беларускім грамадстве:

  1. выдзяленне квотаў на прыём жанчын на працу ў пэўныя ўстановы,
  2. выдзяленне квотаў на прыём абітурыентаў з сельскай мясцовасці ў вышэйшыя навучальныя ўстановы,
  3. жанчына ці адзінокі мужчына, якая/які маюць на выхаванні дзіця да 3-х гадоў, могуць атрымаць у якасці адміністратыўнага пакарання толькі штраф, у той час, калі іншыя мужчыны або жанчыны могуць трапіць пад арышт
  4. у Беларусі да вышэйшай меры пакарання могуць быць прыгавораныя толькі мужчыны.

Гэтыя некалькі прыкладаў адлюстроўваюць сутнасць пазітыўнай дыскрымінацыі – штучнае ўвядзенне правілаў і захадаў, якія дазволілі б ураўнаважыць правы групаў людзей, якія тым ці іншым спосабам дыскрымінуюцца. Варта памятаць, што падобныя квоты не вырашаюць праблему няроўнасці.

Да таго ж, такія захады не заўсёды эфектыўныя і часта вядуць да такой з’явы, як “адваротная дыскрымінацыя”.

Адваротная дыскрымінацыя – прыніжэнне правоў большасці на карысць меншасці.

А гэта, у сваю чаргу, цягне за сабою нівеляванне асабістых дасягненняў чалавека, бо ягоныя поспехі прыпісваюцца не яму асабіста, а спісваюцца на прыналежнасць чалавека да пэўнай сацыяльнай групы.

Прыкладам адваротнай дыскрымінацыі можа быць становішча чарнаскурых людзей у ЗША. На працягу вельмі доўгага часу чарнаскурыя людзі падвяргаліся прыніжэнню і дыскрымінацыі, пасля чаго на дзяржаўным узроўні былі прынятыя захады па выраўноўванні правоў усіх людзей незалежна ад колеру іх скуры. А для тых, хто падвяргаўся дыскрымінацыі раней, былі створаныя спецыяльныя больш спрыяльныя  ўмовы (пазітыўная дыскрымінацыя). Але “белыя” людзі не заўсёды станоўча ацэньвалі такія змены і нават цяпер чарнаскурыя могуць сутыкнуцца з тым, што іх асабістыя поспехі не ацэньваюцца аб’ектыўна, а тлумачацца тым, што ў іх ёсць пэўныя прывілеі, звязаныя з колерам скуры. Гэта і ёсць адваротная дыскрымінацыя.

Як можна зразумець з вышэйнапісанага, пытанне дыскрымінацыі вельмі шырокае і супярэчлівае. Каб лепей разабрацца ў гэтай тэме, запрашаем вас далучацца да нашых актыўнасцяў, абвесткі пра якія вы можаце знайсці на нашай інтэрнэт-старонцы.

А таксама запрашаем прайсці невялікі тэст ад “РАДА”, у якім на прыкладах вы паспрабуеце вызначыць, якая была дыскрымінацыя ці яе не было зусім.

Тэкст: Юстына Саўка
Фота: shutterstock

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць