Рэпрэсіі супраць студэнцтва ў Беларусі: што адбываецца?

Правы чалавека
5
(1)

Студэнт_кі часта сутыкаюцца з прыгнётам ад адміністрацыі ўніверсітэту з-за іх палітычных поглядаў, гендэрнай ці сэксуальнай ідэнтычнасці, знешняга выгляду. Гэта ўразлівая група, праблемы якой патрабуюць пільнай увагі і агалоскі. Рэпрэсіі супраць беларускага студэнцтва і выкладчы_ц, якія нязгодныя з палітыкай беларускіх уладаў, не спыняюцца і толькі пагаршаюць і становішча беларускай акадэміі. Задзіночанне беларускіх студэнтаў (далей ― ЗБС) падрыхтавала справаздачу пра дыскрымінацыю і выпадкі пераследу студэнта_к ў 2022 годзе. Пераказваем асноўныя тэзісы справаздачы ў нашым матэрыяле. 

Поўныя вынікі даследаванняя

За што затрымлівалі студэнта_к у 2022 годзе?

 Пратэснай актыўнасці ў беларускіх універсітэтах зараз амаль не існуе, але ўлады працягваюць помсціць актыўнаму студэнцтву за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. 

ЗБС апісвае асобныя выпадкі затрыманняў. Часцей за ўсё студэнта_к затрымлівалі за ўдзел у пратэстах па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Сярод доказаў вінаватасці супрацоўні_цы следчага камітэту выстаўляюць фотаздымкі з удзелаў у пратэстах, якія яны знаходзяць у тэлефонах затрыманых. Часта затрыманым па дадзеным артыкуле прысуджаюць некалькі гадоў «хатняй хіміі» альбо «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Іншай формай пакарання з’яўляюцца так званыя «пакаяльныя відэа», дзе затрыманых прымушаюць сведчыць супраць сябе і распавядаць падрабязнасці іх удзелу ў пратэстах. Вядомы выпадак, калі дзяўчыну вымусілі зняцца ў такім відэа з-за яе прысутнасці ў чаце Беларускіх Студэнта_к за Свабоду (БСС) ― незалежнай ініцыятывы, якая займаецца нефармальнай адукацыяй. Іншага студэнта вымусілі прызнавацца на камеру ва ўдзеле ў апазіцыйным плане «Перамога».

Самыя вялікія выракі сярод студэнцкай супольнасці былі вынесеныя студэнт_кам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (далей ― ЕГУ) Марфе Рабковай і Акіхіры Гаеўскаму-Ханадзе за іх дзейнасць у Праваабарончым цэнтры «Вясна». Ім прысудзілі 15 і 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У дадатак, з іх вырашылі спагнаць штраф па 22400 рублёў з чалавека.

Прымусовая выплата штрафаў ― частая форма пакарання ў дадатак да зняволення. Напрыклад, з затрыманай студэнткі ЕГУ Соф’і Сапегі спагналі 167,5 тысячы беларускіх рублёў і пошліну ў памеры 7,5 тысячы рублёў.

Не толькі затрыманні. Як яшчэ рэпрэсуюць студэнцкую супольнасць?

Яшчэ адна распаўсюджаная рэпрэсіўная практыка ―  прызнанне сацсетак розных студэнцкіх ініцыятываў «экстрэмісцкімі» . Вырабніцтва і распаўсюджванне кантэнту ў такім выпадку лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем.

Таксама студэнтаў_к прымушаюць ствараць «масоўку» на розных дзяржаўных мерапрыемствах. Моладзь зганялі на датэрміновае галасаванне падчас лютаўскага рэферэндуму 2022 году. У кастрычніку 2022 году Лукашэнка падпісаў распараджэнне па прымусовым накіраванні шкалярства і студэнцтва на сельскагаспадарчыя працы.

З-за пандэміі каранавіруса многія студэнт_кі медычных універсітэтаў былі вымушаныя працаваць у шпіталях з захварэўшымі праз недахоп кадраў.

Важнае новаўвядзенне ―  змена ў Кодэксе аб Адукацыі.  Цяпер студэнт_кі, якія прапускалі пары з-за адбывання адміністрацыйнага арышту могуць быць адлічаныя па рашэнні адміністрацыі ўніверсітэту.

Змены закранулі і адтэрміноўкі ад службы ў арміі. Быў прыняты закон, у адпаведнасці з якім моладзі, якая навучаецца за мяжой без дзяржаўнага накіравання, больш не будуць выдаваць адтэрміноўкі ад абавязковай службы ў войску.

У справаздачы ЗБС адзначае і пэўныя змены ў адукацыйным працэсе. З 2024 года зачыняецца Менскі інавацыйны ўніверсітэт. На факультэце журналістыкі  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту (далей ― БДУ) зачынілі спецыяльнасць «міжнародная журналістыка». Таксама Беларусь скасавала міжнароднае пагадненне з Польшчай аб узаемным прызнанні дыпломаў у сферы мастацтва. З-за павышэння коштаў на навучанне і закрыцця спецыяльнасцяў план прыёму ва ўніверсітэты быў скарочаны на 1.5 %.

Чаму звальнялі выкладчыкаў_ц?

Вядома, што ад улады ва многія ўніверсітэты прыходзяць спісы «недабранадзейных» працаўні_ц, якіх універсітэт абавязаны звольніць. Выкладчы_цам з актыўнай пазіцыяй не працягваюць кантракты з-за іх удзелу ў паслявыбарчых пратэстах альбо падтрымцы сваіх студэнта_к. 13 содняў арышту прысудзілі выкладчыку БДУ за тое, што ён «у думках падтрымліваў пратэстоўцаў». Некаторыя з выкладчы_ц былі затрыманыя, пасля чаго іх звальнялі.

 Звольненыя выкладчы_цы сведчаць пра вялікі недахоп кадраў ва ўніверсітэтах, з-за чаго якасць адукацыі істотна зніжаецца. 

Прапаганда ва ўніверсітэтах

 Прапаганда з’яўляецца адным са сродкаў запалохвання студэнта_к.  Напярэдадні лютаўскага рэферэндуму са студэнт_камі ладзіліся прафілактычныя гутаркі, каб засцерагчы іх ад удзелу ў мітынгах. Студэнта_к прымушалі падпісваць дакументы з папярэджаннем аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

У дадатак Міністэрствам Адукацыі прымаюцца розныя пастановы аб ідэалагічна правільным выхаванні моладзі, якія рассылаюцца ва ўніверсітэты. Перад беларускім студэнцтвам часта выступаюць з лекцыямі прапагандыст_кі і супрацоўні_цы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

На пачатку апошняга навучальнага года Лукашэнка правёў чатырохгадзінны ўрок гісторыі для старшакласні_ц і студэнта_к, падчас якога адзін са студэнтаў задаў яму пытанні пра пратэсты 2020 года. У адказ Лукашэнка пачаў пагражаць студэнту перагледзець яго апошнюю здадзеную сэсію.

Як паўплывала расейская агрэсія ва Украіне на рэпрэсіі супраць студэнцтва?

 Студэнцкая супольнасць рашуча адрэагавала на пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне.  Студэнт_кі і выкладчы_цы выйшлі на пратэст супраць вайны да выбарчых участкаў (27 лютага 2022 года, праз тры дні пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у Беларусі прайшоў рэферэндум па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю). За мірныя пратэстныя сходы студэнт_кі былі затрыманыя. Некаторыя былі адлічаныя.

Студэнта_к затрымлівалі таксама за адпраўленыя відэа з перасоўваннем расейскай тэхнікі ў пэўныя тэлеграм-каналы. Вядомы выпадак, калі студэнт быў затрыманы па крымінальных артыкулах за жаданне ваяваць на баку Украіны. У кастрычніку студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэту атрымаў штраф у 320 рублёў і канфіскацыю тэлефона за малюнак узрыву Крымскага моста і абразу Лукашэнкі.

Дыскрымінацыя і падтрымка беларускіх студэнта_к за мяжой

ЗБС адзначае, што  пачатак вайны моцна пагоршыў становішча беларускага студэнцтва замежжа.  У Эстоніі студэнт_кі сутыкнуліся з адмовамі прыняць іх на навучанне. Выключэннем сталі толькі тыя, хто ўжо мелі дазволы на побыт у Еўразвязе.

У Чэхіі беларускія студэн_кі, якія навучаліся на тэхнічных спецыяльнасцях, былі вымушаныя змяніць кірунак альбо спыніць вучобу. Таксама краіна спыніла выдачу віз беларус_кам, з-за чаго навучанне для многіх стала проста немагчымым. Адзін з чэшскіх універсітэтаў блакаваў студэнцкія карткі сваім студэнт_кам-беларус_кам.

ЗБС адзначае шматлікія затрымкі ў выплатах стыпендый, што негатыўна ўплывае на становішча студэнта_к: для многіх гэта адзіная крыніца прыбытку.

Нягледзячы на асобныя выпадкі дыскрымінацыі, часта беларускай студэнцкай супольнасці ва ўніверсітэтах выказваюць словы падтрымкі і прапаноўваюць стыпендыі. Напрыклад, пацярпелыя ад рэпрэсій беларускія студэнт_кі, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах Польшчы, Літвы, Чэхіі і Латвіі, могуць падацца на стыпендыю EU4Belarus

Што з гэтым усім рабіць?

ЗБС робіць высновы пра тое, што рэпрэсіі супраць студэнцтва і выкладчы_ц уплываюць не толькі на становішча маладых людзей, але і пагаршаюць якасць адукацыі. Студэнт_кі ўсё менш жадаюць вучыцца ў Беларусі  і з’язджаюць за мяжу. Многія сутыкнуліся з палітычным пераследам, што таксама спрыяе адтоку насельніцтва з краіны. Ва ўніверсітэтах фіксуецца недабор па многіх спецыяльнасцях, кошт вышэйшай адукацыі расце.

ЗБС заклікае міжнародную супольнасць спрыяць паляпшэнню ўмоў адукацыі для беларускіх студэнта_к: адсочваць выпадкі дыскрымінацыі беларускага студэнцтва замежжа, ствараць стыпендыяльныя праграмы для рэпрэсаваных беларуса_к, спыняць візавыя баны для студэнта_к.

 Сачыць за навінамі ад ЗБС  можна на сайце, у Instagram і Telegram


Фота: Pixabay, Miguel Á. Padriñán.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць