«Быццам сяджу ў клетцы і ў мяне кідаюць каменьчыкі»: як нейраадметнаму чалавеку выжыць у офісе

Інклюзія
нейроотличность
5
(1)

Ці можа оўпэнспэйс быць камфортнай прасторай для людзей, якія вельмі адчувальныя да святла, гукаў і пахаў? Што рабіць, калі не ўсе супрацоўні_цы ўмеюць «чытаць думкі» начальні_цы? Сёння шчыра паразважаем пра офісы і патрэбы нейраадметных людзей.

— Час ад часу некаторыя гукі могуць дапамагаць мне канцэнтравацца, — кажа А. У яе сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці — СДУГ (дарэчы, яе адказу давялося пачакаць).— Час ад часу ў цішыні я не магу даць рады. Калі я сяджу ў кавярні і там грае музыка, я магу прымусіць сябе сысці ў гіперфокус, каб схавацца ад гуку і працаваць. Пры гэтым у дні, калі мне і без таго складана факусавацца, любы маленькі гук успрымаецца як рэальная атака, і з кожным такім гукам маё раздражненне расце. Я ператвараюся ў сабаку, якога дражняць, і проста пачынаю гаўкаць, быццам сяджу ў клетцы і ў мяне кідаюць каменьчыкі.

Нейраадметнасць vs карпаратыўны падыход

Аўстралійская сацыялагіня Джудзі Сінгер вызначае нейраразнастайнасць (англ. neurodiversity) як генетычную зменлівасць у чалавечым мозгу, якая звязаная з камунікабельнасцю, асаблівасцямі навучання, увагай, настроем і іншымі псіхічнымі функцыямі. Важна, што гэтая зменлівасць не ёсць паталагічнай. Нейраадметнасць — варыянт нормы. Проста мозг з нейраадметнасцямі функцыянуе не так, як у большасці людзей.

Канцэпцыя нейраразнастайнасці распрацоўвалася ў канцы 1990-х менавіта як выклік паталагізацыі розных псіхічных асаблівасцей. Прыхільні_цы канцэпцыі падкрэслівалі: замест інвалідызацыі людзей грамадства мусіць здымаць фізічныя і арганізацыйныя бар’еры ў асяроддзі, а таксама пераадольваць стэрэатыпы і забабоны.

«Вылечыць» нейраадрознасць нельга, бо гэта і не хвароба. «Лячыць» трэба наш свет.

Да нейраадметных станаў часта адносяцца: расстройствы аўтыстычнага спектра (РАС), сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ), дыслексія (складанасці з чытаннем і пісьмом), дыспраксія (складанасці з каардынацыяй і выкананнем складаных дзеянняў), сіндром Турэта (стан, для якога ўласцівыя рухальныя і галасавыя цікі) і шмат іншага.

Трактоўкі спецыяліста_к у вызначэнні мяжы, дзе канчаецца нейраразнастайнасць і пачынаецца паталогія, адрозніваюцца. Аднак зразумела галоўнае: трэба шукаць спецыяльныя падыходы да ўзаемадзеяння і супрацы з нейраадметнымі людзьмі, бо такія рашэнні будуць пазітыўнымі для ўсіх бакоў.

Прыклад: нейрадывергентнасць у карпарацыі

У 2017 годзе аўстралійскі банк Westpac сумесна з арганізацыяй Specialisterne Australia запускаў пілотную праграму па найме нейраадметных спецыяліста_к (людзей з РАС і іншымі кагнітыўнымі асаблівасцямі). Працэс адбору кандыдата_к тут быў прынцыпова іншы: замест класічных інтэрв’ю — трохтыднёвыя ацэначныя праграмы з практычнымі заданнямі, мадэляваннем працоўных сітуацый і назіраннем за працай у камандзе. Гэта дазволіла не адмесці на стадыі сумоўя людзей, якія не ўмеюць «прадаваць сябе», нават калі валодаюць каштоўнымі скіламі.

Пасля першага набору 8 чалавек атрымалі працу ў Westpac. Для некаторых з іх гэта была першая стабільная праца ў жыцці, бо раней наймальні_цы ім адмаўлялі, так і не даведаўшыся, што гэтыя людзі працуюць дакладна і якасна, дэманструюць высокія аналітычныя здольнасці і вельмі добра абыходзяцца з дадзенымі, а таксама выдатна знаходзяць памылкі.
Гэвін Бёртан
Гэвін Бёртан атрымаў працоўнае месца ў банку дзякуючы стажыроўцы, на якой улічваліся нейраадметнасці людзей з РАС, і стаў адным з ключавых супрацоўнікаў свайго аддзела. || westpac.com.au

Як можа выглядаць офіс, у якім не пакутуеш

Канцэпцыя open space — жах для нейраадметных людзей. Калі ты не можаш кантраляваць уласную прастору і ў любы момант са спіны можа падысці калега — узровень трывожнасці падвышаецца. 

— Калі я спрабую нешта сказаць ці ў мяне ідзе абмеркаванне з людзьмі, мне складана фармуляваць думкі, бо я не чую іх за гулам іншых, — працягвае А. — Але калі я хачу працаваць адна, то гул ператвараецца ў белы шум, і ў оупэнспэйсе я пачынаю чуць усе астатнія размовы і звяртаць на іх увагу. Дзесьці ў кагосьці звалілася бутэлька вады — і ўсё, я адразу там. У сваёй галаве я ўжо лячу падымаць гэтую бутэльку і размаўляць з людзьмі пра яе.

Сучасныя даследаванні прапаноўваюць занаваць офісную прастору. Выдатна, калі ў офісе ёсць:

  • Пакоі сэнсарнай разгрузкі — месцы з мінімальнай колькасцю стымулаў. Поўная адсутнасць тэкстаў на сценах, прыглушанае святло, зручныя крэслы-мяшкі;
  • Індывідуальныя працоўныя боксы — закрытыя або напаўзакрытыя прасторы для глыбокай працы. Высокія перагародкі ствараюць візуальны бар’ер, які дазваляе «схавацца» ад калег і цалкам пагрузіцца ў задачу;
  • Зоны актыўнасці — сталы для працы стоячы, фітболы замест крэслаў ці нават хадавыя дарожкі пад сталом. Гэта дазваляе стымуляваць цела, пакуль мозг заняты працай;
  • Зоны для малых груп — замест велізарных канферэнц-залаў, якія выклікаюць трывогу, варта мець нішы для 2–3 чалавек. У камернай прасторы лягчэй кантраляваць узровень шуму і ўдзельнічаць у дыялогу без ціску натоўпу;
  • Пераходныя зоны — прасторы паміж шумнымі калідорамі і ціхімі месцамі. Калідоры з мяккім асвятленнем або жывымі раслінамі дапамагаюць псіхалагічна наладзіцца на змену дзейнасці і знізіць узровень стрэсу.

Штосьці з гэтых падказак можна ўзяць на ўзбраенне і для дамашняй працоўнай ці крэатыўнай прасторы.

нейраадметнамы чалавек
Важна, каб у чалавека быў куток, дзе ён можа перазагрузіцца. | unsplash.com

Асцярожна: святло і пахі

Асаблівае месца ў жыцці нейраадметнага чалавека займае гіперсенсітыўнасць, то-бок павышаная рэакцыя арганізма на знешнія стымулы. Мігатлівае святло або шум кандыцыянера могуць выклікаць кагнітыўнае знясіленне і нават фізічны боль. Напрыклад, старыя люмінесцэнтныя лямпы працуюць на нізкай частаце, і нейратыповы мозг гэтага не адчувае, а вось нейраадметны ўспрымае як бясконцае раздражняльнае мігценне. Гэта правакуе мігрэні, сухасць у вачах, хуткую стамляльнасць. Занадта халоднае сіняе святло прыгнятае выпрацоўку мелатаніну і трымае нервовую сістэму ў стане пастаяннага стрэсу. 

Пераход на якасныя LED-панэлі і выкарыстанне дымераў (рэгулятараў яркасці) дазваляе стварыць для працы адэкватную атмасферу.

Для нейраадметных людзей нярэдка характэрная гіперасмія — стан анамальна вострага нюху, пры якім чалавек успрымае пахі значна інтэнсіўней, чым большасць. Пах духоў, кавы ці спецыфічнай ежы можа выклікаць у іх млоснасць або поўную немагчымасць думаць пра нешта іншае.

Магчымае рашэнне: устаноўка магутных сістэм вентыляцыі і стварэнне «зон без пахаў». Усё, ніякай смажанай рыбы, калегі і каляжанкі!

Новы стыль камунікацыі: асінхронная сувязь і канкрэтыка

Не «зайдзі зараз», а прадказальная камунікацыя

Начальні_ца выкліка_ла да сябе — і мозг імгненна запускае катастрафізацыю: пакуль дойдзеш да кабінета, 100 разоў сябе звольніш. Раптоўны сацыяльны кантакт патрабуе імгненнага ўключэння «маскіроўкі», што спальвае дзённы запас энергіі за хвіліну. 

Выйсце — асінхронная сувязь: Slack, Asana ці Notion. Важна камунікаваць тэкстам і даваць кантэкст. «Зайдзі зараз» — так пішуць аўтарытарныя чэрці. «Зайдзі а 15-й, трэба абмеркаваць праўкі па 3-м слайдзе. Нічога крытычнага, проста дробныя моманты» — так пішуць зайкі-лапкі.

Не «зрабі як ведаеш», а дакладнае тэхнічнае заданне

Яшчэ адна пастка — фраза «зрабі нешта прыгожае на свой густ». Чалавека з РАС падобнае ставіць у ступар. Яму/ёй патрэбныя крытэры, дэталі.

Таксама лепш ставіць некалькі прамежкавых дэдлайнаў, чым адзін вялікі праз месяц — гэта ратуе ўсіх ад «паралічу задачы». Людзям са СДУГ таксама будзе карысным метад «паралельнай прысутнасці»: гэта калі працуеш побач з кімсьці (фізічна ці па зуме), хто таксама заняты сваёй справай. Вы не размаўляеце, не робіце агульную задачу — вы проста «адлюстроўваеце» працоўны стан ад_на адн_ой. Такі сацыяльны якар дапамагае ўтрымаць увагу і не саскочыць на прагляд мемаў.

Насамрэч нейраінклюзіўны менеджмент карысны для ўсіх, хто паважае сябе. Бо гэта не пра прывілеі, а пра празрыстасць таго, што адбываецца ў вашых працоўных працэсах. Выйграюць усе. Гэта база.

нейраадметнасць
У камунікацыі важна быць паслядоўнымі, канкрэтнымі і прадказальнымі. | unsplash.com

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць