З якімі перашкодамі сутыкаюцца ініцыятывы ў сферы інклюзіі

Інклюзія
5
(13)

У пачатку красавіка 2023 года «ІншыЯ» правялі ў Вільні форум «All Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах», для падрыхтоўкі якога нам спатрэбілася дадатковая інфармацыя пра тое, што зараз адбываецца ў сферы інклюзіі. З якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія арганізацыі і актывіст_кі? Наколькі адрозніваецца бачанне і патрэбнасці тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь? Што неабходна для таго, каб палепшыць агульны стан нашай дзейнасці? Мы правялі апытанне сярод беларускіх арганізацый і ініцыятыў, для якіх інклюзія з’яўляецца кірункам працы альбо каштоўнасцю, каб высветліць гэта. І так, распавядаем, як справы ў сферы інклюзіі.

«Наша апытанне, — адзначае сузаснавальнік і дырэктар «ІншыЯ» Зміцер Радзіеўскі, — гэта спроба прааналізаваць агульную сітуацыю ў арганізацыях і ініцыятывах, для якіх інклюзія з’яўляецца кірункам працы альбо каштоўнасцю. Мы ведаем, што за апошнія тры гады такіх даследаванняў у Беларусі не было, а розных значных падзей адбылося вельмі шмат. Таму нам трэба было зразумець, як на гэта паўплывала пандэмія COVID-19, палітычныя пратэсты, рэпрэсіі, вайна і некалькі хваляў эміграцыі. І мы спадзяёмся, што гэтыя дадзеныя зробяць больш яснай і празрыстай карціну нашых агульных складанасцей і дапамогуць нам рухацца далей».

1. Адсутнасць агульных сустрэч і адукацыйных мерапрыемстваў

Самы папулярны адказ (62%) на пытанне «Чаго вам не хапае для эфектыўнай працы ў галіне інклюзіі на дадзены момант?» — недахоп мерапрыемстваў для абмену досведам з іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі. У першую чаргу гэта звязана з тым, што шмат актывіст_ак вымушана з’ехалі з Беларусі, і зараз усім вельмі патрэбны выязныя сустрэчы, каб людзі, якія жывуць як унутры, так і па-за межамі Беларусі, маглі заставацца ў кантакце і абменьвацца досведам.

Праблему адсутнасці адукацыйных мерапрыемстваў адзначылі 36% рэспандэнтаў_ак. Крыху часцей гэты запыт быў з боку тых, хто застаўся ў Беларусі. Складанасць у тым, што большасць мерапрыемстваў зараз не могуць быць публічнымі ў мэтах бяспекі тых актывіст_ак, якія потым плануюць вяртацца ў Беларусь. Сустрэчы адбываюцца, але ў зачыненым фармаце, і пра іх ведаюць, у асноўным, тыя, хто быў знаёмы і раней, а новыя актывіст_кі застаюцца за межамі падзей і адчуваюць сябе пакінутымі.

2. Адсутнасць актуальнай інфармацыі пра стан стыгматызаваных і дыскрымінаваных груп

Яшчэ адной значнай праблемай, якую згадалі 53% рэспандэнт_ак, з’яўляецца недасяжнасць актуальнай інфармацыі пра стан стыгматызаваных і дыскрымінаваных груп. Так, напрыклад, нельга пабачыць рэальны маштаб сітуацыі з хатнім гвалтам у Беларусі, бо Міністэрства ўнутраных спраў вельмі неахвотна дзеліцца гэтымі дадзенымі, імкнучыся схаваць рэальнае становішча. Да таго ж, далёка не ўсе пацярпелыя звяртаюцца па дапамогу. Сітуацыя з ЛГБТК+ таксама вельмі размытая: гэтая ўразлівая група знаходзіцца ў падполлі ў сувязі з гамафобнай палітыкай дзяржавы і неахвотна ідзе на кантакт з-за боязні аутынгу.

Аутынг — публічнае разгалошванне інфармацыі аб сексуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці чалавека без яго згоды.

3. Складанасць працы з мэтавай аўдыторыяй

Адна з асаблівасцей працы ў сферы інклюзіі заключана ў тым, што для больш эфектыўнай дапамогі патрэбна мець прамы кантакт са сваёй аўдыторый, а зараз гэта стала амаль немагчымым, асабліва для тых арганізацый і актывіст_ак, якія з’ехалі з Беларусі. Так, на пытанне «Што больш за ўсё ўплывае на вашу працу ў галіне інклюзіі?» каля трэці адказаў (32%) сведчаць пра тое, што быў страчаны прамы доступ да аўдыторыі, і 51% — што мэтавая аўдыторыя наўпрост баіцца ўзаемадзейнічаць і ўдзельнічаць у актыўнасцях арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС). Гэта звязана з тым, што грамадскі сектар зараз прыраўноўваецца ўладамі да палітычнага і пераследуецца дзяржавай. З-за гэтага людзям таксама страшна трапіць пад рэпрэсіі.

Да таго ж, новы анлайн-фармат працы падыходзіць не ўсім мэтавым групам. Напрыклад, людзям сталага веку складана карыстацца тэхнікай, а праца з людзьмі, якія знаходзяцца ў закрытым хоспісе, і зусім не можа быць заменена анлайн-фарматам.

*Групы, з якімі працуюць рэспандэнт_кі. Памер і яскравасць колеру залежаць ад таго як часта адзначалі групу ў апытанні: чым больш людзей адзначыла, тым цямнейшым і большым шрыфтам напісана група.

4. Небяспечнасць працы ўнутры Беларусі і агульнае неразуменне, як працаваць у бягучых палітычных абставінах

Самыя папулярныя адказы — каля 60% — сведчаць пра страх і небяспечнасць працы ўнутры Беларусі: страх затрымання, адсутнасць даверу ў грамадстве, немагчымасць легальнай і адкрытай працы, рэпрэсіі, якія павялічваюцца, ціск з боку дзяржавы, небяспечнасць камунікацыі з актывіст_камі ўнутры краіны. Гэтыя адказы значна часцей называлі людзі, якія жывуць у Беларусі.

Зараз няма яснасці з тым, што легальна, а за што можна патрапіць пад крымінальны пераслед: не зразумела, як ладзіць афлайн-мерапрыемствы, ад якіх арганізацый можна атрымліваць фінансаванне і падтрымку, з якімі СМІ можна супрацоўнічаць, каб не згубіць давер аўдыторыі і ў той жа момант не трапіць пад пераслед за працу з экстрымісцкім рэсурсам. Таму ранейшая актыўная дзейнасць многіх арганізацый і праектаў, якія застаюцца ў Беларусі, стаіць на паўзе.

5. Немагчымасць доўгатэрміновага планавання працы

Каб эфектыўна весці сваю дзейнасць, неабходна бачыць блізкую і далёкую перспектывы, у тым ліку, фінансавую. Аднак значная частка рэспандэнтаў_ак (43%) кажуць, што колькасць крыніц фінансавай падтрымкі зменшылася, а 34% кажуць пра памяншэнне яе памера. Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, у два разы часцей адзначалі гэтыя праблемы ў параўнанні з тымі, хто знаходзіцца за мяжой.

Гэта звязана з тым, што зараз АГС складаней атрымліваць гранты і данаты, таму што людзі і бізнэс баяцца трапіць пад пераслед за «фінансаванне пратэстаў», а атрымаць замежнае фінансаванне ўвогуле лічыцца самагубствам, бо гэта практычна адразу робіць ініцыятыву «агентам Захада» і вядзе да рэпрэсій.

6. Выгаранне, фрустрацыя, зніжэнне матывацыі і недахоп людзей у камандзе

Зразумела, што такі агульны стан у галіне інклюзіі вядзе да выгарання і зніжэння матывацыі, прычым, як асноўнай каманды арганізацый, так і валанцёр_ак. Аб гэтай праблеме сведчыць 15% усіх адказаў. З-за нелагічнасці рэпрэсій некаторыя актывіст_кі выбіраюць больш бяспечны від дзейнасці, некаторыя — часова пакідаюць свой сектар і сыходзяць у больш крызісныя вобласці, такія як дапамога палітвязн_ям. Непрадказальнасць дзеянняў з боку дзяржавы, адказнасць за бяспеку ўразлівых груп, недахоп людзей у камандзе прыводзіць да выгарання і фрустрацыі. 

***

Зараз мы маем пэўны зрэз наяўнай сітуацыі і дакладна вызначаныя праблемы, то бок, можам планаваць мерапрыемствы, напрыклад, форумы ці адукацыйны праграмы, для паляпшэння нашага агульнага становішча — у той меры, у якой можам уплываць. Разам пакрокава абмяркоўваць усе складанасці і выпрацоўваць рэкамендацыі для наступных дзеянняў.

Больш падрабязна з вынікамі нашага апытання можна пазнаёміцца ніжэй.


Тэкст: Марыйка Арлова

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 13

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x