Як беларусы і беларускі ставяцца да прадстаў_ніц ЛГБТК+-суполкі? Ці ёсць стыгматызацыя ЛГБТК+ у Беларусі? Ініцыятыва «Гэта Окей» правяла даследаванне, каб даведацца, якія стэрэатыпы наконт квір-персон ёсць у гетэрасексуальных беларусаў і беларусак. Дзелімся вытрымкамі з даследавання і разважаем, што можна зрабіць усім нам ужо зараз.
Пра тое, як праводзілася даследаванне
У апытанні ўдзельнічалі 445 беларус_ак, якія жывуць як у Беларусі, так і за яе межамі. Рэспандэнт_кі адказвалі на пытанні праз анлайн-анкету. Таксама актывіст_кі ініцыятывы «Гэта Окей» правялі 10 глыбінных інтэрв’ю.
Паводле даследавання 96% апытаных ведаюць, хто такія ЛГБТК+-людзі, а 79% — ведаюць хаця б адну ці аднаго прадстаў_ніцу ЛГБТК+ асабіста.
Вынікі даследавання не адлюстроўваюць меркаванне і погляды ўсіх беларусаў і беларусак, але мы і не ставілі перад сабой такой мэты. З вынікаў відаць, што група людзей, якая вывучаецца, у абсалютнай большасці ўсведамляе сацыяльны і палітычны ціск на ЛГБТК+-супольнасць, а таксама асабіста знаёмая з квір-персонамі.
Мы ўбачылі вялікую колькасць падобных прыкладаў стыгматызацыі ў адкрытых адказах у апытанні і інтэрв’ю. Фармулёўкі, якія былі агучаныя ўдзель_ніцамі даследавання, стыгматызуюць ЛГБТК+-супольнасць, бо не толькі не падмацаваныя навуковымі доказамі, але і ствараюць негатыўнае стаўленне і вядуць да дыскрымінацыі.
Актывіст_кі ініцыятывы «Гэта Окей»
«Квір — гэта прапаганда і не норма»
Адна з найбольш распаўсюджаных стыгмаў — гэта стыгма пра тое, што сэксуальную арыентацыю можна рэкламаваць і навязваць.
Вялікую сістэмную працу ў стварэнні і падтрыманні гамафобнага клімату ў краіне робяць дзяржава і СМІ. Так, у дачыненні да ЛГБТК+ на афіцыйным узроўні часта выкарыстоўваецца мова варожасці, а паводле справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі гвалт з боку сілавікоў заахвочваецца дзяржавай.
З чэрвеня 2023 года сітуацыя стала яшчэ больш крытычнай: беларускія ўлады пачалі распрацоўку закона аб «забароне прапаганды ЛГБТ» і ў сваёй рыторыцы ставяць «прапаганду ЛГБТ» у адзін шэраг з педафіліяй.
Маніторынг мовы варожасці, праведзены ініцыятывай «Журналісты за талерантнасць», паказаў, што ў 2022 годзе сітуацыя з рэпрэзентацыяй ЛГБТК+ у медыяпрасторы таксама значна пагоршылася: больш за палову публікацый пра ЛГБТК (53%) утрымліваюць некарэктную лексіку і праявы мовы варожасці.
Тоні Лашдэн, квір-фем актывіст:ка
Як толькі я чую, што чалавек ужывае тэрмін ЛГБТ-прапаганда, для мяне гэта значыць, што ён глыбока ўключаны ў палітычнае і культурнае жыццё Расіі, бо тэрмін імпартаваны да нас наўпрост з гэтай краіны. У 2023 годзе, пасля таго, як Расія пачала вайну ва Украіне, асабліва важна рэфлексаваць, адкуль бяруцца словы, якія мы выкарыстоўваем.
Сам тэрмін «ЛГБТ-прапаганда» мае мала сувязі з рэальнасцю. Ён іграе на страху, што чалавек, убачыўшы нешта адзін ці некалькі разоў, нейкім чынам радыкальна памяняе сваё ўяўленне аб сваіх сэксуальных перавагах і аб сваёй гендэрнай ідэнтычнасці.
«У гей-парах рэдка вырастаюць дзеці “натуральнай” арыентацыі»
ЛГБТК+-сем’і ў Беларусі знаходзяцца пад яшчэ большым ціскам: іх саюз не прызнаецца дзяржавай, а самі партнёр_кі вымушаныя называць сябе сябр_оўкай сям’і, каб не прыцягваць увагу школы і органаў сацыяльнай апекі, бо аднаполыя сем’і часта ўспрымаюцца грамадствам як пагроза для дзіцяці.
Наяўнасць гэтай стыгмы пацвярджаецца і вынікамі даследавання «Гэта Окей». Адным з частых сцверджанняў, агучаных рэспандэнт_камі, — гэта тое, што арыентацыя бацькоў уплывае на арыентацыю дзіцяці. Але даследаванні, праведзеныя ў гэтай галіне, гавораць пра тое, што колькасць ЛГБТК+ сярод аднаполых сем’яў не большая, чым сярод тых, хто вырас у гетэрасексуальных сем’ях. Так, гэтае меркаванне таксама з’яўляецца стыгматызацыяй, бо не адпавядае рэчаіснасці і абвяргаецца навуковай інфармацыяй.
«Любы марш — гэта заўсёды спроба навязаць сваё меркаванне іншым»
Падобных выказванняў было каля 15%. Тут адразу трэба адзначыць, што мы разумеем, што правядзенне маршаў у Беларусі цяпер з’яўляецца самашкодніцтвам і не заклікаем нікога выходзіць на вуліцы, але толькі таму, што ў краіне цяпер назіраецца прававы дэфолт. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі і 20-м артыкулам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожн_ая мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі. Права мірна і публічна выказваць сваё меркаванне ёсць абсалютна ў кожн_ай з нас.
ЛГБТК+-маршы — гэта не навязванне свайго меркавання іншым, а спроба прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем і патрэбаў квір-супольнасці: юрыдычнай і прававой абароне ад дыскрымінацыі ў галіне працаўладкавання, якаснай і свабоднай ад гамафобіі медыцыне, праве ствараць сям’ю і лічыцца сям’ёй.
«ЛГБТ у Беларусі не дыскрымінуецца, там проста ўсё пад ціскам»
Квір-супольнасць у Беларусі сутыкаецца не толькі са страхам і трывогай, з чым цяпер сутыкнуліся многія беларус_кі. Да гэтага дадаецца таксама стрэс меншасці — хранічны стрэс стыгматызаванай групы, якая знаходзіцца пад прыцэлам дзяржавы і грамадства.
87,8% рэспандэнт_ак лічаць, што ЛГБТК+ людзі знаходзяцца пад ціскам дзяржавы ў Беларусі
89,2% рэспандэнт_ак лічаць, што ЛГБТК+ людзі знаходзяцца пад сацыяльным ціскам у Беларусі
Што можна зрабіць ужо зараз
Марына Штрахава, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ»
Немагчыма пабудаваць нешта інклюзіўнае, не практыкуючы інклюзію. Немагчыма сказаць: «Вось зараз мы пабудуем Новую Беларусь і ўжо яе зробім інклюзіўнай. Вось там усім будзе класна: і ВІЧ-пазітыўным, і сола-мамам, і ЛГБТК+-супольнасці. А чаму там будзе ўсім класна, калі мы зараз пра гэтыя праблемы не клапоцімся?
Вось наш просты чэк-ліст дзеянняў, якія даступныя кожн_ай з нас — у той Беларусі, якая ёсць у нас цяпер:
- пачынайце з сябе: не выкарыстоўвайце мову варожасці і не распаўсюджвайце стэрэатыпы датычна ЛГБТК+-людзей;
- цікаўцеся і будзьце адкрытымі, даведвайцеся больш, каб не верыць стэрэатыпам, і адукоўвайце іншых, калі ёсць такая магчымасць;
- падтрымлівайце ЛГБТК+-ініцыятывы і медыяпрадукты: лайкам, рэпостам ці данатам.
Дзелімся акаунтамі ініцыятываў з актуальнымі інфармацыйнымі допісамі і карыснай інфармацыяй па тэме правоў ЛГБТК+-людзей.
Беларуский Национальный Молодежный совет РАДА
Беларуская правозащитная школа
Пра іншыя стыгмы адносна ЛГБТК+-супольнасці чытайце ў поўнай версіі даследавання “Гэта Окей”.
Фота: Mercedes Mehling