Чаму жарты пра тое, што мужчын «цягнуць у ЗАГС», даўно састарэлі

ІнклюзіяГендар
Обложка_шутки про загс
5
(2)

Мінулым летам у Расіі здарыўся выпадак, калі на пытанне працаўніцы ЗАГСа аб згодзе ўзяць шлюб жаніх жартам адказаў «не». Пасля чаго цырымонія шлюбу была завершаная. Жарты пра тое, што шлюб выгадны толькі жанчынам і з’яўляецца нейкім падступным намерам, усё яшчэ папулярныя. У сацсетках дагэтуль сустракаюцца зневажальныя відэа, на якіх жаніх проста каля алтара дастае таблічку з надпісам «help me»; партнёры дзяўчат, якія злавілі букет нявесты, уцякаюць з вяселля або адбіваюць букеты нагамі. Госці смяюцца, але сітуацыя выглядае зневажальнай.

У гэтым артыкуле разгледзім, чаму гэтыя жарты архаічныя, і пастараемся разабрацца, чаму ж яны ўсё роўна застаюцца папулярнымі.

Каго і «цягнуць у ЗАГС», дык гэта жанчын, якіх дагэтуль выкрадаюць і гвалтоўна выдаюць замуж

На жаль, гвалтоўнае выкраданне жанчын усё яшчэ існуе.

Дзяўчынак і дзяўчат і цяпер выкрадаюць у Кыргызстане, Казахстане, Таджыкістане, Эфіопіі, Паўднёвым Судане, Чачні, Малдове і іншых краінах. Найчасцей гэта здараецца ў патрыярхальным грамадстве, дзе мужчыны маюць больш улады, а жанчына разглядаецца як уласнасць, якую можна «заваяваць» ці «купіць».

У такіх краінах гендарная няроўнасць і гвалт трывала звязаныя з традыцыямі і неэфектыўнымі прававымі нормамі — усё гэта стварае клімат, у якім такія практыкі дазволеныя або ігнаруюцца.

У 2024 годзе праваабарончы праект AD REM правёў палявое даследаванне і апублікаваў даклад «Замужам гвалтам», у якім расказаў аб праблеме ранніх і прымусовых шлюбаў на прыкладзе Рэспублікі Дагестан, Рэспублікі Інгушэція і Чачэнскай Рэспублікі.

Выйсці замуж за незнаёмага чалавека ў 14 ці 15 гадоў, стаць ахвярай гвалту і знявагі з боку мужа і яго сям’і, нарадзіць першае дзіця ўжо праз год — такі лёс шматлікіх дзяўчынак і дзяўчат, якія апынуліся ў пастцы ранніх і прымусовых шлюбаў на Паўночным Каўказе:

«Я не рыхтавалася да замужжа, да таго, каб стаць мамай у 15 гадоў… Таму для мяне ўвесь гэты перыяд прайшоў у нейкім шокавым стане… Памятаю, як я адсочвала змены, якія адбываліся, калі жывот рос, калі ногі ацякалі. Я не разумела, што са мной робіцца… Самі роды таксама былі даволі складаныя. Я памятаю, як крычалі на мяне дактары. Я не разумела, што ад мяне хочуць».

(Ліяна, Дагестан, выкрадзеная ў 14 гадоў).

Мужчыны атрымліваюць шлюбную прэмію, у той час як жанчын чакае «падатак за мацярынства»

Шлюбная прэмія — гэта феномен, пры якім жанатыя людзі, асабліва мужчыны, зарабляюць больш і маюць больш прафесійных магчымасцяў і сацыяльных пераваг.

Так, напрыклад, паводле даследаванняў, жанатыя мужчыны зарабляюць больш на 10 – 20% — у залежнасці ад краіны і кантэксту. Чыннікі, чаму так, могуць быць рознымі: высокая матывацыя мужчыны зарабляць больш, бо зараз у яго ёсць сям’я, эмацыйная і бытавая падтрымка жонкі, а таксама станоўчае ўспрыманне жанатых работнікаў працадаўцамі.

Шлюбная прэмія выражаная значна больш у мужчын, чым у жанчын. Жанчынам жа шлюб не дае такіх відавочных эканамічных пераваг, бо ў большасці сем’яў менавіта жанчыны бяруць на сябе асноўную адказнасць за выхаванне дзяцей і вядзенне хатняй гаспадаркі. Гэта накладае на іх дадатковую нагрузку, якая, вядома ж, замінае засяродзіцца на кар’еры.

Замест шлюбнай прэміі жанчыны сутыкаюцца з падаткам на мацярынства: дэкрэтныя адпачынкі, бальнічныя і іншыя часовыя перапынкі ў рабоце, звязаныя з выхаваннем дзяцей, памяншаюць шанцы жанчын на прасоўванне па кар’ернай лесвіцы або на падвышэнне заробку.

Жанатыя мужчыны жывуць даўжэй, і гэта шмат у чым звязана з клопатам іх жонак

Да такой высновы прыйшлі даследчыкі Універсітэта Каларада. Яны сцвярджаюць, што жанатыя мужчыны радзей паміраюць ад сардэчнай недастатковасці, чым халастыя. Усё таму, што побач з імі знаходзіцца чалавек, які дбае пра іх здароўе. Халасцякі, паводле дадзеных даследавання, менш старанна клапоцяцца пра сваё здароўе, радзей наведваюць лекараў і грэбуюць прадпісаннямі. Цікава, што сярод жанчын няма падобнай залежнасці паміж сямейным становішчам і рызыкай смерці ад сардэчных захворванняў.

Бытавымі справамі часцей займаюцца жанчыны, чым мужчыны

Даследаванні пацвярджаюць, што жанчыны ў шлюбе выконваюць больш хатняй працы, чым мужчыны, нават калі яны зарабляюць столькі ж або нават больш за сваіх партнёраў.

У сярэднім жанчыны ў шлюбах, дзе даходы мужа і жонкі прыкладна роўныя, выдаткоўваюць на хатнія справы больш чым удвая болей часу, чым мужчыны: 4,6 гадзіны на тыдзень супраць 1,9 гадзіны ў мужчын. Жанчыны таксама амаль на дзве гадзіны на тыдзень больш займаюцца доглядам дзяцей, у той час як мужчыны больш часу прысвячаюць аплатнай працы і вольнаму часу.

Нягледзячы на ​тое што жанчыны працуюць гэтак жа, як і мужчыны, грамадскія завядзёнкі і чаканні па-ранейшаму ўплываюць на размеркаванне абавязкаў у сям’і. Апытанні паказваюць: большасць людзей лічыць, што грамадства больш шануе ўнёсак мужчын на працы, чым дома. Гэта адбіваецца і на практыцы размеркавання абавязкаў.

Такая няроўнасць нярэдка становіцца прычынай разрыву. Паводле дадзеных Divorce.com, у гетэрасэксуальных шлюбах ініцыятарамі разводаў у 69% выпадкаў з’яўляюцца жанчыны. Асноўнымі прычынамі яны называюць незадавальненне эмацыйных патрэбаў, недахоп камунікацыі і незалежнасці, а таксама дысбаланс у размеркаванні хатніх і бацькоўскіх абавязкаў, асабліва калі абодва партнёры працуюць.

Дык чаму жарты пра прымусовую жаніцьбу дагэтуль існуюць і распаўсюджваюцца ў сацсетках?

Па старой памяці

Раней шлюб для жанчыны быў неабходны як спосаб выжывання. У XIX стагоддзі і раней жанчына без мужа часта аказвалася па-за сістэмай, пазбаўленай права на ўласнасць, адукацыю і магчымасць самастойна зарабляць. Яе роля зводзілася да «ахоўніцы хатняга агменю», а грамадская думка дыктавала, што без мужа жанчына нібыта непаўнавартасная.

Сёння сітуацыя змянілася: і хоць гендарная няроўнасць працягвае існаваць, у жанчын ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю, купляць нерухомасць, працаваць і ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Для таго каб добра жыць, наяўнасць мужа ўжо не з’яўляецца абавязковай умовай.

Алена Радчанка, інтэгратыўны псіхолаг

У патрыярхальнай сістэме выказванне пачуццяў лічыцца слабасцю

Мужчыны часта ўспрымаюць адносіны і само пабранне шлюбам менш эмацыйна, чым жанчыны, і гэта звязана з тым жа патрыярхальным выхаваннем. З дзяцінства іх запэўніваюць, што праява пачуццяў — гэта слабасць, а шлюб часта ўспрымаецца не як эмацыйнае яднанне, а як сацыяльны абавязак або этап жыцця, які «трэба прайсці». У адрозненне ад жанчын, якім грамадства дазваляе і нават заахвочвае сентыментальныя перажыванні наконт кахання, сям’і і шлюбу, мужчыны вымушаныя захоўваць знешнюю стрыманасць.

Многія мужчыны пазбягаюць рамантызавання шлюбу. Яны баяцца, што празмерная эмацыйнасць можа ўспрымацца як страта кантролю або самастойнасці. Да таго ж, калі для жанчыны шлюб часта звязаны з чаканнямі аб падтрымцы, сумесным стварэнні ўтульнасці, блізкасці і эмацыйнай сувязі, для мужчын гэта можа ўспрымацца як новая адказнасць і нават пагроза асабістай свабодзе. Патрыярхальныя завядзёнкі сцвярджаюць, што мужчына павінен быць здабытчыкам і абаронцам, што дадае адказнасці на яго ў шлюбе, узмацняючы трывогі, звязаныя з фінансавымі і сацыяльнымі абавязкамі.

Мужчыны выхоўваюцца ў парадыгме стэрэатыпаў пра тое, якім павінен быць «сапраўдны мужчына». Але добрая навіна ў тым, што ўсё больш мужчын вызваляюцца ад гэтых абмежаванняў і дазваляюць сабе праяўляць эмоцыі, у тым ліку на вясельнай цырымоніі, калі гэта адпавядае іх унутраным пачуццям.

Алена Радчанка, інтэгратыўны псіхолаг

Такім чынам, дыктат патрыярхату фармуе стэрэатыпы, якія абмяжоўваюць свабоду выбару і ператвараюць шлюб у абавязак, а не ва ўсвядомленае рашэнне

Жарты пра тое, што мужчын «цягнуць у ЗАГС» ці «акальцоўваюць», падтрымліваюць стэрэатыпнае ўяўленне пра шлюб як пра форму кантролю, дзе адзін партнёр нібыта губляе свабоду.

Але шлюб сёння — гэта прастора для раўнапраўнага партнёрства, дзе абодва чалавекі будуюць адносіны на ўзаемнай павазе, падтрымцы і асабістай адказнасці. Таму важна супрацьстаяць дыктату патрыярхальных каштоўнасцяў і:

  • аспрэчваць састарэлыя нормы: перастаць глядзець на шлюб як на абавязковы сацыяльны этап або сродак выжывання. У сучасным грамадстве жанчыны і мужчыны могуць рэалізоўваць сябе незалежна, і шлюб робіцца выбарам, а не неабходнасцю;
  • падтрымліваць раўнапраўе: шлюб, пабудаваны на павазе і роўнай адказнасці за дом і сям’ю, разбурае міфы пра «слабасць» аднаго полу і «абавязкі» другога;
  • шанаваць разнастайнасць гісторый: разуменне таго, што адносіны ўнікальныя для кожнай пары, дапамагае пазбавіцца ад стэрэатыпаў і ціску.

Супрацьстаянне патрыярхальным нормам — гэта шлях да грамадства, дзе выбар і свабода асобы стаяць вышэй за дыктат традыцый. Шлюб у такім грамадстве — гэта не фармальны абавязак, а звяз двух раўнапраўных людзей, якія хочуць стварыць нешта значнае разам.


Саша Камко

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x