10 шкодных міфаў пра беларусаў і беларусак

ІнклюзіяВедыПравы чалавека
мифы о беларусах
5
(2)

Пра беларусаў і беларусак лёгка расказваць мемамі, з якіх вынікае, што яны выраслі на вёсцы, дурэюць ад дранікаў і кожны жнівень ператвараюць кухню ў кансервавы цэх. Беларус_кі любяць парадак, унікаюць канфліктаў, шмат цярпяць, мала гавораць. Ёсць і такая версія: нібыта беларус_кі — амаль рускія, толькі з «вясковым акцэнтам» і крыху больш чыстымі вуліцамі.

Адкуль бяруцца міфы

Праблема такіх апісанняў не ў тым, што кожнае з іх цалкам выдуманае. Амаль любы нацыянальны стэрэатып вырастае з пэўнага рэальнага гістарычнага досведу.

Праблема пачынаецца тады, калі прыватнае назіранне ператвараюць ва ўніверсальную якасць мільёнаў людзей.

Псіхолаг Анры Тэшфел, аўтар тэорыі сацыяльнай ідэнтычнасці, яшчэ ў 1970-я гады паказаў, наколькі лёгка людзі пачынаюць дзяліць навакольных на групы нават па зусім нязначных прыкметах. Само сацыяльнае катэгарызаванне ўжо можа ўплываць на тое, як мы ўспрымаем «сваіх» і «чужых». А яшчэ раней журналіст і сацыёлаг Уолтэр Ліпман апісаў стэрэатып як гатовую карцінку свету, якая дапамагае чалавеку арыентавацца ў надта складанай рэальнасці.

Рэчаіснасць Беларусі складаная, а таму дае багата падстаў для вытворчасці такіх карцінак. Краіна мае насычаную гісторыю, жывучую савецкую спадчыну, дзве дзяржаўныя мовы, некалькі канкуруючых гістарычных наратываў і культуру, якую доўга апісвалі звонку: праз Расію, СССР, Польшчу або Літву.

Паспрабуем разабраць некаторыя ўстойлівыя ўяўленні пра беларуса_к і высветліць, што за імі на самай справе стаіць.

Міф № 1. Беларус_кі — вясковы народ

Гэты стэрэатып, бадай, самы відавочны. Вёска стала настолькі магутным культурным вобразам, што за межамі краіны Беларусь нярэдка ўяўляюць як прастору палёў, лясоў, драўляных хат і людзей, якія разбіраюцца ў бульбе.

Гэты вобраз мае гістарычнае абгрунтаванне. Да Другой сусветнай вайны беларускае грамадства сапраўды было пераважна аграрным. Але ў XX стагоддзі краіна перажыла настолькі імклівую урбанізацыю, што сучасн_ую беларус_ку ўжо немагчыма апісваць як прадстаўні_цу сялянскай культуры.

Пасля вайны Беларусь хутка ператваралася з аграрнай рэспублікі ў індустрыяльную. Асабліва рэзка гэты працэс пайшоў у 1950-я – 1960-я гады. Пры гэтым адбывалася масавая міграцыя насельніцтва з вёсак у гарады, а Мінск ператварыўся ў найбуйнейшы прамысловы цэнтр. Сталіца дасягнула статусу горада-мільённіка ў студзені 1972 года. Гэта была адна з самых хуткарослых агламерацый Савецкага Саюза.

Сёння 79% насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадах, гэта 7 157 309 чалавек.

Вясковых жыхароў і жыхарак у краіне 1 898 771 — гэта ўсё звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта на 1 студзеня 2026 года.

Такі парадокс беларускай ідэнтычнасці: вясковае паходжанне сапраўды мае вялізная колькасць сямей, але самі беларусы і беларускі за некалькі пакаленняў сталі пераважна гарадскімі жыхар_камі. Старыя звычкі могуць захоўвацца ў гарадскіх сем’ях нашмат даўжэй, чым само вясковае асяроддзе. Але лецішча, хатняе саленне і свая бульба яшчэ не робяць чалавека селянінам.

Беларусь мае вельмі моцную памяць пра вёску. Аднак памяць пра вёску і жыццё на вёсцы — не адно і тое ж.

Деревня в Беларуси

Міф № 2. Усе беларус_кі ўмеюць вырошчваць бульбу і рабіць загатоўкі

Бульба сапраўды мае велізарнае значэнне для беларускай кухні і сельскай гаспадаркі. Але знакамітая формула «беларус = бульба» з’явілася не таму, што ў беларусаў існуе нейкая асаблівая генетычная ўласцівасць вырошчваць гэты караняплод.

Бульба ўвогуле адносна позна стала часткай еўрапейскай кухні. Яе масавае пашырэнне на беларускіх землях адбывалася паступова, на першыя ролі яна выбілася ў XIX–XX стагоддзях. А далей адбылося тое, што часта адбываецца з нацыянальнымі сімваламі: адзін элемент культуры стаў прадстаўніком культуры цалкам.

Так працуе і стэрэатып пра загатоўкі. Хатняя кансервацыя дапамагала людзям рабіць запасы на зіму ва ўмовах дэфіцыту крамных тавараў і свежай гародніны. У савецкай і постсавецкай Беларусі гэтая практыка была звычайнай справай. Але веданне рэцэпта марынаваных гуркоў не з’яўляецца нацыянальнай прыкметай.

Нацыянальная кухня ўвогуле рэдка працуе як інструкцыя, якую абавязаныя выконваць усе прадстаўні_цы народа. Яна, хутчэй, з’яўляецца культурным архівам: набор прадуктаў, смакаў і спосабаў прыгатавання, якія перадаюцца паміж пакаленнямі. Таму бульба і загатоўкі — добры сімвал беларускай культуры. Але кепскі тэст на беларускасць.

Міф № 3. Беларус_кі законапаслухмяныя і пакорлівыя

Гэты стэрэатып з’явіўся не на пустым месцы. Беларускае грамадства доўга ўспрымалася як грамадства з нізкім узроўнем публічнай канфліктнасці і звычкай прыстасоўвацца да фармальных правіл на фоне моцнага дзяржаўнага кантролю. Але з гэтага зусім не вынікае, што беларусы і беларускі ад прыроды больш законапаслухмяныя, чым іншыя народы.

Важна разрозніваць культурную норму, інстытуцыянальнае асяроддзе і асабістыя паводзіны.

Доўгі час жыццё беларуса_к моцна залежала ад дзяржавы: яна кантралявала вучобу, працу, жыллё, медыцыну і многія іншыя сферы. У такіх умовах людзі прывыкаюць ставіцца да законаў іначай, чым там, дзе дзяржава менш умешваецца ў прыватнае жыццё.

Не варта таксама раўнаваць законапаслухмянасць і пакорлівасць. Гісторыя Беларусі поўніцца прыкладамі страйкаў, пратэстаў і падпольнай барацьбы. Найбольш яскрава гэта праявілася ў 2020 годзе. Тады масавыя пратэсты даказалі: беларускае грамадства не пасіўнае, многія людзі перасталі верыць афіцыйным інстытутам і сталі нашмат больш давяраць незалежным медыя і праваабаронцам.

Таму вобраз «ціха_й і законапаслухмяна_й беларус_кі» — маска, якую людзі могуць надзяваць на публіцы з-за жорсткай палітычнай сістэмы. Чалавек можа выдатна выконваць сваю працу і пераходзіць дарогу толькі на зялёнае святло, але гэта не значыць, што ён згодны з усім, што робіць дзяржава.

Міф № 4. Беларус_кі — «самыя рускія» сярод суседзяў Расіі

Гэты стэрэатып падаецца лагічным, калі глядзець толькі на мову. Руская сапраўды займае моцнае становішча ў грамадстве. Некаторыя даследчы_цы называюць Беларусь адной з найбольш русіфікаваных постсавецкіх дзяржаў. Пры гэтым выкарыстанне рускай мовы не азначае аўтаматычнай рускай ідэнтычнасці.

У Савецкім Саюзе руская была мовай міжнацыянальных зносінаў, адукацыі, кар’ернага прасоўвання. Беларуская мова паступова была выціснутая з асноўных абласцей чалавечых зносін і засталася на моцных пазіцыях у пэўных сферах — у колах нацыянальнай інтэлігенцыі, у вясковым асяроддзі, у сферах, звязаных з традыцыйнай культурай. Даследчы_цы зазначаюць, што паміж нацыянальнай ідэнтычнасцю і мовай штодзённых зносін сувязь можа быць слабай. І гэта якраз такі выпадак. Таму рускамоўн_ая беларус_ка — не супярэчнасць. Можна быць беларус_кай, размаўляць на рускай, чытаць літаратуру на рускай мове, мець рускамоўных бацькоў і пры гэтым зусім не лічыць сябе руск_ай.

Гэта адна з галоўных асаблівасцяў беларускай ідэнтычнасці, якую кепска тлумачыць формула «мова = нацыя». Калі хочацца паглыбіцца ў пытанне, можна пачытаць пра такі панятак, як «грамадзянская нацыя», калі супольнасць выбудоўваецца вакол правоў і інтарэсаў, а не на аснове мовы і этнічнай прыналежнасці.

Беларуская гісторыя развівалася ў некалькіх палітычных і культурных прасторах. Землі сучаснай Беларусі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польшчы і Савецкага Саюза. Кожная з гэтых эпох пакінула след у мове, рэлігіі, гарадской культуры, прававой традыцыі, архітэктуры і калектыўнай памяці.

Безумоўна, савецкае мінулае стварыла вялізную прастору агульнага досведу для рускіх і беларусаў. Але агульны досвед — яшчэ не аднолькавая ідэнтычнасць. Тым больш калі на доўгай лінейцы гісторыі гэта толькі фрагмент.

Міф № 5. У Беларусі няма сваёй літаратурнай традыцыі

Беларуская літаратурная традыцыя існуе як мінімум з эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў XVI стагоддзі Францыск Скарына перакладаў і выдаваў кнігі на мове, якая адносіцца да старабеларускай пісьмовай традыцыі. На беларускіх землях існавала рэлігійная, палемічная, перакладная і свецкая літаратура.

Гісторыя гэтай літаратуры была пры гэтым далёка не лінейнай. У 1696 годзе старабеларуская мова перастала выкарыстоўвацца ў афіцыйным справаводстве Рэчы Паспалітай, пасля чаго пісьмовая традыцыя аказалася ў больш складаным становішчы. Аднак яна не знікла.

В XIX–XX стагоддзях беларуская літаратура сфармавалася ўжо як сучасная нацыянальная літаратура — з паэзіяй, прозай, драматургіяй, літаратурнай крытыкай. Янка Купала і Якуб Колас сталі класікамі. Васіль Быкаў стварыў адзін з найбольш вядомых у сусветнай літаратуры мастацкіх поглядаў на вайну. Уладзімір Караткевіч працаваў з гістарычным раманам і дапамог сфармаваць сучасную цікавасць да беларускага гістарычнага мінулага.

светлана алексиевич
Святлана Алексіевіч

А ў 2015 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала Святлана Алексіевіч — беларуская пісьменніца і журналістка, якая стварыла ўласны дакументальна-літаратурны жанр на аснове інтэрв’ю і вусных сведчанняў.

Можна спрачацца пра мову, канон, палітыку памяці. Але сцвярджаць, што ў Беларусі няма вялікай літаратуры, — беспадстаўна.

Міф № 6. Беларуская музыка — гэта толькі народныя песні

Гэты стэрэатып узнік па тым жа прынцыпе, што і вобраз «вясковай Беларусі». Калі культура краіны мала прадстаўленая за яе межамі, іншаземны назіральнік звычайна знаёміцца не з сучаснай культурнай індустрыяй, а з тым, што прынята паказваць як нацыянальны сімвал. У выніку народны строй, вышыванка, традыцыйная песня і фальклор пачынаюць прадстаўляць усю культуру.

Але беларуская музычная сцэна даўно выйшла за межы фальклору. У XX стагоддзі існавалі акадэмічная музыка, джаз, рок, аўтарская песня, папулярная музыка. У познесавецкі перыяд і пасля распаду СССР узнікла самастойная рок-сцэна, а ў 1990-я – 2000-я гады з’явіліся гурты, якія выкарыстоўвалі беларускую мову ўжо не як музейны аб’ект, а як мову сучаснай музыкі.

Пры гэтым інтарэс да традыцыйнага фальклору нікуды не знік. Хутчэй, сучасная беларуская музыка ўвесь час уваходзіць з ім у дыялог. Менавіта таму беларускую культуру цікавей разглядаць як працэс: старыя формы пераходзяць у новыя, мова мяняе функцыі, а народныя матывы могуць з’яўляцца ў року, электроніцы або поп-музыцы.

Міф № 7. Беларуская гісторыя — гэта ў асноўным гісторыя войнаў

Вайна займае каласальнае месца ў гістарычнай памяці Беларусі. І тут стэрэатып часткова заснаваны на рэальнасці.

Тэрыторыя Беларусі неаднаразова рабілася зонай ваенных канфліктаў. Асабліва траўматычнай была Другая сусветная вайна. Насельніцтва краіны панесла велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты, былі знішчаныя гарады і вёскі, а значная частка яўрэйскага насельніцтва Беларусі загінула падчас Халакосту.

У савецкі перыяд Беларусь атрымала вобраз «партызанскай рэспублікі». Ваенная памяць стала адным з цэнтральных элементаў дзяржаўнай ідэнтычнасці. Аляксандра Гужон, французская спецыялістка па палітычных рэжымах Беларусі і Украіны, у сваіх даследаваннях паказвае, як савецкая памяць пра вайну будавалася вакол гераізму супраціву і злачынстваў нацыстаў, а ў познія 1990-я ў многім была перааформленая ў неасавецкую дзяржаўную версію гісторыі.

Даследчы_цы таксама адзначаюць, што памяць пра вайну стала адным з найважнейшых інструментаў фармавання сучаснай беларускай ідэнтычнасці. Адсюль і паходзіць памылка. Беларуская гісторыя не пачынаецца ў 1941 годзе. Да гэтага былі Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, паўстанні XIX стагоддзя, развіццё гарадоў і мясцовага самакіравання, яўрэйская гарадская культура, беларускі нацыянальны рух пачатку XX стагоддзя, Беларуская Народная Рэспубліка, савецкі перыяд, індустрыялізацыя.

Атрымліваецца дзіўны парадокс: вайна сапраўды займае вялізную частку беларускай гістарычнай памяці, але менавіта таму астатнія перыяды часта застаюцца ў цені. Беларусь — не краіна, у якой «уся гісторыя пра войны». Гэта краіна, чыя гісторыя ў XX стагоддзі была настолькі траўматычнай, што адна яе частка стала амаль цалкам засланяць іншыя, і розныя сілы маніпулююць гэтым у сваіх інтарэсах.

Міф № 8. Усе беларус_кі хочуць з’ехаць

Пасля выбараў 2020 года Беларусь сапраўды перажыла вялікую хвалю эміграцыі: многія людзі з’ехалі ў Літву, Польшчу, Грузію, Германію і іншыя краіны. Даследаванне BEROC ацэньвае лік грамадзян Беларусі, якія пераехалі ў краіны ЕС у 2021–2022 гадах, прыкладна ў 144–172 тысячы чалавек, калі выключыць часовую працоўную міграцыю і вучобу.

Але «многія з’ехалі» і «ўсе хочуць з’ехаць» — зусім розныя сцвярджэнні. Даследаванні міграцыйных намераў паказваюць, што нават да 2020 года лічбы моцна залежалі ад фармулёўкі пытання. Адна рэч — спытаць чалавека, ці хацеў бы ён пажыць за мяжой пры наяўнасці такой магчымасці. Іншая — ці мае ён канкрэтны план эміграцыі, ці збірае ён дакументы, ці шукае працу і ці сапраўды рыхтуецца пераязджаць.

У даследаванні BISS гэтыя катэгорыі спецыяльна раздзяляліся. Напрыклад, у 2006 годзе 13,5% апытаных заяўлялі пра намер пераехаць за мяжу на сталае месца жыхарства, але толькі прыкладна палова з іх рабіла канкрэтныя дзеянні. Іншыя даследаванні давалі яшчэ больш нізкія паказчыкі. То-бок жаданне «калі-небудзь пажыць у іншай краіне» нельга аўтаматычна лічыць эміграцыйным планам.

І яшчэ адна важная дэталь — міграцыя ніколі не размяркоўваецца раўнамерна. Маладыя гарадскія жыхар_кі звычайна часцей разглядаюць пераезд, чым людзі сталага веку або жыхар_кі невялікіх населеных пунктаў. Таму больш правільна казаць не «беларус_кі хочуць з’ехаць», а «Беларусь перажыла значную эміграцыю, асабліва пасля 2020 года, і міграцыйныя настроі заўважна адрозніваюцца паміж групамі насельніцтва».

Міф № 9. Беларус_кі вельмі цярплівыя, рахманыя і негаваркія

Мабыць, гэта самы цікавы стэрэатып, таму што яго цяжэй за ўсё праверыць. Няма навуковага прыбора, які вымярае нацыянальную цярплівасць. Псіхалагічныя рысы накшталт інтраверсіі, экстраверсіі, эмацыйнасці або таварыскасці маюць жыхар_кі любой краіны. У Беларусі жывуць вельмі розныя людзі: ад надзвычай таварыскіх да замкнёных, ад канфліктных да рахманых. Адкуль тады бярэцца вобраз «памяркоўнага беларуса»? Тут могуць перасякацца некалькі фактараў.

Па-першае, савецкая культура публічных паводзінаў сапраўды спараджала пэўную асцярожнасць. У аўтарытарным або моцна іерархічным асяроддзі чалавек можа навучыцца раздзяляць прыватнае меркаванне і публічнае выказванне.

Па-другое, гістарычна ў беларуса_к існавала культура адаптацыі да жыцця паміж буйнымі палітычнымі цэнтрамі. Беларусь доўга не была самастойнай нацыянальнай дзяржавай у сучасным сэнсе, а насельніцтва ўвесь час існавала ўнутры зменлівых палітычных сістэм.

Па-трэцяе, нельга наўпрост ператвараць асаблівасці грамадскіх паводзін у псіхалагічныя ўласцівасці народа.

World Values Survey, напрыклад, вымярае давер, стаўленне да ўлады, палітычны ўдзел, нормы, каштоўнасці і нацыянальную ідэнтычнасць менавіта як сацыяльныя ўстаноўкі, а не як «нацыянальны характар».

І нарэшце, гісторыя 2020 года зноў паказвае абмежаванасць стэрэатыпа. Людзі, якіх гадамі апісвалі як палітычна пасіўных і неканфліктных, выйшлі на вуліцы, стваралі гарызантальныя супольнасці, ініцыятывы ўзаемадапамогі і культурныя праекты, раскрываючы сябе як вельмі крэатыўны народ.

Гэта не даказвае, што беларус_кі на самай справе вельмі смелыя і бунтарскія, а хутчэй паказвае, што паводзіны грамадства залежаць ад абставін і магчымасцяў. Гэта ўмоўная велічыня.

Міф № 10. Беларус_кі вельмі любяць парадак

мифы про Беларусь
Фота ілюстратыўнае: Vitali Adutskevich || unsplash.com

Чыстыя вуліцы, акуратныя гарады, адсутнасць вялікай колькасці хаатычнай рэкламы і адносна дагледжаная грамадская прастора сапраўды могуць ствараць такое ўражанне. Але тут зноў адбываецца падмена прычыны следствам.

Парадак у грамадскай прасторы можа быць вынікам гарадской палітыкі, працы камунальных службаў, архітэктурнай традыцыі і дзяржаўнага кантролю.

Ён не даказвае, што ўсе людзі, якія жывуць у гэтай прасторы, маюць аднолькавую любоў да парадку. Больш за тое, у Беларусі парадак часта мае дваістае значэнне.

З аднаго боку, гэта бытавая каштоўнасць: чысціня, ахайнасць, прадказальнасць, звычка не замінаць навакольным. З іншага — гістарычна моцная дзяржава стварыла грамадскае асяроддзе, у якім парадак і кантроль часта аказваліся цесна звязанымі.

Таму фраза «беларус_кі любяць парадак» нашмат больш дакладна гучала б так: у беларускай культуры існуе высокая каштоўнасць бытавой акуратнасці і прадказальнасці, але гэта нельга ператвараць ва ўніверсальную псіхалагічную характарыстыку ўсіх жыхароў краіны. І, натуральна, любоў да чыстага пад’езда яшчэ нічога не кажа пра характар чалавека.

Чаму міфы пра беларуса_к такія жывучыя

Самае цікавае ў гэтых стэрэатыпах — тое, што амаль у кожнага ёсць рэальная гістарычная падстава. Беларус_кі сапраўды доўга жылі ў вясковай мясцовасці, але затым масава урбанізаваліся. Бульба сапраўды стала найважнейшай часткай мясцовай кухні, але не кожн_ая беларус_ка здольн_ая адрозніць бульбоўнік ад бурачніка. Руская мова сапраўды дамінуе ў паўсядзённай камунікацыі, але гэта не знішчыла беларускую нацыянальную ідэнтычнасць. Вайна сапраўды займае велізарнае месца ў калектыўнай памяці, але беларуская гісторыя нашмат даўжэйшая за Другую сусветную. Многія сапраўды эмігравалі пасля 2020 года, але з гэтага не вынікае, што люб_ая беларус_ка марыць жыць за мяжой. Людзі сапраўды могуць успрымацца як спакойныя і асцярожныя, але сацыяльныя паводзіны нельга ператвараць у прыроджаную нацыянальную рысу.

У гэтым і палягае галоўны механізм стэрэатыпа. Ён бярэ рэальную дэталь, павялічвае яе да маштабу краіны і прыбірае ўсё, што ў яе не змяшчаецца. Так з’яўляецца зручная карцінка: талерантны беларус з любоўю да чыстых вуліц і няздольнасцю пастаяць за сябе.

За простай карцінкай знікаюць мільёны розных людзей, а міфы можна выкарыстоўваць для любых маніпуляцый, у чым так налаўчыліся сучасныя папулісты.

Магчыма, самы дакладны спосаб гаварыць пра беларусаў і беларусак — гэта не спрабаваць знайсці адну рысу, якая аб’ядноўвае ўсіх. Беларуская ідэнтычнасць гістарычна фармавалася на перасячэнні некалькіх моваў, дзяржаваў, рэлігій, культурных уплываў і гістарычных траўмаў. Таму яна не абавязаная быць простай, аднароднай і лёгка пазнавальнай. Часам менавіта складанасць і ёсць самая характэрная рыса культуры.


Аўтарка: Саша К. 

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць