«На будучыню трэба азірацца»: Анжаліка Аношка — пра працу з вязн_іцамі нацыянал-сацыялізму, асэнсаванне гісторыі і дыялог пакаленняў

ІнклюзіяАсобы
Обложка_Анжелика А
5
(2)

У Беларусі Анжаліка Аношка шмат гадоў была кіраўніцай праўлення грамадскай арганізацыі «Узаемапаразуменне», якая паўстала пасля згортвання дзейнасці Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемапаразуменне і прымірэнне» (менавіта ён адказваў за выплаты нямецкай кампенсацыі ахвярам нацыянал-сацыялізму). Пасля пераезду ў Літву Анжаліка стала дырэктаркай публічнай установы «Формула чалавечнасці», якая працуе ў трох кірунках: садзейнічанне прымірэнню супольнасцяў пасля канфліктаў, пераадоленне савецкай мінуўшчыны і развіццё культуры памяці,  пабудова беларускага грамадства на падставе правоў чалавека. Мы паразмаўлялі з ёй пра тое, што цікавіць сталых людзей, акрамя памераў пенсіі, чым досвед старэйшых можа быць карысным моладзі, што не так з «урокамі мужнасці» ў школах і чаму без разумення няёмкага мінулага немагчыма пабудаваць адказную будучыню.

Анжелика Аношко
Анжаліка Аношка

— Яшчэ ў Беларусі нам хацелася, каб мы не толькі раздавалі вязням грошы, памперсы, лекі ды ладзілі мерапрыемствы для настрою і адукацыі. Нам хацелася, каб былі таксама мерапрыемствы, якія б дазвалялі грамадству паглядзець на гісторыю Другой сусветнай вайны і на лёсы вязняў нацызму з розных бакоў, не толькі так, як мы прызвычаіліся і як прапануе нам афіцыйная дзяржаўная палітыка памяці. І каб святы, якімі ў Беларусі звычайна адзначаюць падзеі, звязаныя з Другой сусветнай вайной, праходзілі па-іншаму, з меншым пафасам і афіцыйнасцю і з большай чалавечнасцю.

Мы бачылі, што гісторыя Другой сусветнай вайны не абуджае інтарэсу сярод людзей трэцяга пакалення (другое пакаленне — гэта дзеці сведак, трэцяе — унукі, якія не атрымалі веды пра вайну наўпрост ад тых людзей, якія яе бачылі). У маладых людзей іншае асэнсаванне. Прыкладна як для мяне Першая сусветная вайна: ты проста ведаеш, што яна была, і ўсё. А нам хацелася, каб у людзей узнікаў інтарэс скарыстацца магчымасцю паразмаўляць з жывымі сведкамі. І хоць больш-менш вольныя падыходы да тэмы ў Беларусі былі рызыкоўныя, некаторыя рэчы ў нас атрымліваліся. Мы нават ладзілі дыскусію пра тое, як святкаваць 9 Мая.

Як гісторыя сям’і падштурхнула да справы жыцця

— Мой дзед падчас Другой сусветнай вайны быў вывезены на прымусовую працу ў Германію. Вёска, у якой ён жыў, аказалася пад акупацыяй у першы ж тыдзень вайны. Мама распавядала, што ён быў прызваны ў армію, але не паспеў туды трапіць праз акружэнне і вярнуўся ў вёску да жонкі і трох дзяцей — маёй маці, цёткі і дзядзькі. Вёска была ў партызанскай зоне. Надышоў дзень, калі ўсіх жыхароў пашыхтавалі перад дуламі аўтаматаў, каб расстраляць. Але ў апошні момант паступіў загад адмяніць расстрэл і пагнаць жыхароў на чыгуначную станцыю, каб адаслаць у Германію. Вёску падпалілі.

Калі калона ішла праз лес, у палаючай вёсцы застаўся двухгадовы брацік маёй мамы. Вядома, бабуля вельмі перажывала, яна прасіла канваіраў, каб ёй дазволілі вярнуцца і ўзяць яго з сабою. Адзін з немцаў сказаў: «Ідзі спытайся ў начальніка калоны. Калі ён дазволіць, я цябе адпушчу». Яна адышла на нейкі час, а потым вярнулася і сказала, што ёй дазволілі. І канвойны адпусціў яе з дачкамі. Я ўпэўненая, што ён разумеў: нічога ні ў каго мая бабуля не пыталася, і ў гэтую калону яна не вернецца. То бок ён такім чынам яе ратаваў. Гэта была першая нечаканасць пра вайну для мяне ў дзяцінстве, калі ў кнігах я чытала толькі пра жахі і крывавыя схільнасці немцаў. Я ўпершыню пачула пра немца, які быў іншым.

Была і другая нечаканасць у гэтай гісторыі. Мой дзед апынуўся ў Германіі на прымусовай працы ў сельскай гаспадарцы, і гаспадары ставіліся да яго вельмі добра ў параўнанні з іншымі гісторыямі вязняў. Дзед працаваў у полі, але гэта была праца па гадзінах, без перапрацовак. У поле прывозілі каву, ежу. Умовы былі добрыя. У той жа час яго сям’я ў Беларусі засталася без хаты і без нічога, і да канца вайны была вымушаная прасіцца да іншых людзей, не заўсёды сустракаючы цёплы прыём. Ім давялося прайсці праз голад і розныя пакуты. Але ўсе выжылі, а дзед вярнуўся — ды яшчэ з прыгожымі падарункамі.

Таму гісторыя Другой сусветнай вайны для мяне з дзяцінства была вельмі рознай. Быў погляд пра гераізм, які ствараўся прапагандай, але была і асабістая гісторыя. І калі ў дарослым жыцці я пабачыла, што фонд «Узаемапаразуменне і прымірэнне» шукае юрыста, мяне найперш зацікавіла назва.

У выніку я прапрацавала там са снежня 1994-га да кастрычніка 2008-га. Гэта шмат гадоў, шмат гісторый, шмат людзей. Я атрымала доступ да архіўных дакументаў, і ў першыя месяцы працы разумела, што надышоў час абеду, толькі калі чула, як грукаюць у кубачках лыжкі, мяшаючы гарбату. Калі ж выдаткі фонду скончыліся, мы з калегамі вырашылі працягваць працу і стварылі грамадскую арганізацыю.

«Людзям патрэбныя не толькі грошы»

— Спачатку людзі патрабавалі толькі грошай. Ім прапанавалі выплаты, і яны за іх біліся: трэба было даказваць, што яны пацярпелі, шукаць архіўныя дакументы, дакументы не заўсёды знаходзіліся, тады даводзілася ісці ў суд і даказваць сваё права. І нават цяпер, калі выплаты скончыліся, калі ў іх запытаеш, што ім трэба, першае, пра што яны будуць казаць, — у іх малая пенсія і ім патрэбныя лекі.

Але калі пачынаеш размаўляць і нешта прапаноўваць, то разумееш, што насамрэч праблемы толькі грашыма не вырашаюцца. За шмат гадоў людзі атрымалі значныя сумы, але гэтыя сумы ніяк не паўплывалі на іх жыццё.

Мала хто нават здолелі рацыянальным чынам грашыма скарыстацца. Галоўная праблема была не на паверхні. Нехта жыве ў адзіноце. Нехта дужа пакрыўджаны, і яму трэба выгаварыцца і бачыць, што людзі яго слухаюць. Насамрэч мы не адразу гэта зразумелі.

Зразумець гэта дапамаглі нямецкія партнёры, якія фінансавалі праекты. Праз конкурс мы атрымалі ад нямецкага фонду праграму «Месца сустрэчы: дыялог», якая была накіраваная на пераадольванне адзіноты, праекты, звязаныя з вольным часам, сустрэчы, адукацыйныя рэчы. І пакуль мы працавалі ў гэтай праграме, мы шмат зразумелі пра тое, што для людзей азначае, калі на іх не ставяць крыж. Насамрэч людзям патрэбныя не толькі грошы. У іх застаюцца свае інтарэсы і патрэбы, і важна стварыць такія ўмовы, у якіх людзі змогуць да апошняга дня заставацца самастойнымі ў прыняцці рашэнняў, нягледзячы на ўзрост і лёс.

Аншлаг на мерапрыемстве пра сэкс у сталым узросце

— Спачатку вязні проста прыходзілі да нас на мерапрыемствы, а мы прапанавалі ім розныя забавы і заняткі. Праз год яны пачалі дапамагаць у арганізацыі і прапаноўваць сваё. Напрыканцы другога года мы прапанавалі ім самім для сябе арганізаваць экскурсію. І яны паехалі ў Піцер. Вярнуліся адтуль вельмі стомленыя, але і вельмі ўсцешаныя. Хоць і шмат хто з іх у тым Піцеры былі раней, але было крута, што нягледзячы на ўсе складанасці яны зрабілі амаль усё самі.

Потым яны сказалі, што ім патрэбныя валанцёры, бо сярод вязняў шмат людзей, якія не могуць перасоўвацца самастойна. Мы прапанавалі ім стаць першымі валанцёрамі, і ў нас атрымалася з’яднаць вязняў, якія дапамагалі іншым вязням. Мы стваралі камфортныя ўмовы, каб яны жылі недалёка ад падапечнага і каб у іх былі агульныя інтарэсы. І так запрацавалі пары, а потым далучаліся іншыя людзі.

Далей мы запрасілі прафесійную мастачку, якая займалася з вязнямі рознымі формамі творчасці: скрапбукінг, маляванне на шкле, рознае прыкладное мастацтва. У іх атрымліваліся прыгожыя рэчы, якія яны дарылі маламабільным людзям, да якіх прыходзілі. На нейкім этапе мастачка сказала, што хопіць займацца прыкладной творчасцю, — яны пачалі пісаць карціны. І праз гэту самарэалізацыю яны сталі бачыць у сабе іншыя магчымасці. 

Калі ты ствараеш людзям атмасферу, дзе няма пафасу і не трэба ўключаць самакантроль ды самацэнзуру, то людзі пачынаюць раскрывацца.

У 2018 годзе мы разам з іншымі арганізацыямі, якія займаліся сістэмнай падтрымкай сталых людзей, мы хацелі вывесці ўсё, што напрацавалі, на ўзровень дзяржавы, каб убудаваць гэта ў сістэму сацыяльнай падтрымкі. У 2019 годзе мы зладзілі Форум годнага даўгалецця разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Мы імкнуліся зламаць стэрэатыпы пра сталых людзей. Мы хацелі паказаць грамадству і дзяржаўным сацыяльным службам, што сталыя людзі ў любым узросце застаюцца жывымі людзьмі са сваімі патрэбамі і жаданнямі. Не трэба рабіць з іх недзеяздольных і не трэба абясцэньваць іх жыццёвы досвед. Адна з секцый гэтага форуму была прысвечаная сэксу ў сталым узросце. Прыехала экспертка з Ізраіля з адмысловым даследаваннем і вельмі дэталёва пра гэта ўсё распавядала.

У апошні момант высветлілася, што гэту секцыю давядзецца весці мне. Я была ў шоку: гэта ж «мае» вязні, я прывыкла бачыць іх у зусім іншых абставінах! Было няёмка, і я думала, што і сталыя людзі будуць саромецца, можа, ніхто нават не прыйдзе. (Відавочна, што, нягледзячы на шмат гадоў працы ў тэме, я таксама не змагла поўнасцю пазбавіцца ад стэрэатыпаў.) Але на гэтую секцыю прыйшло столькі людзей, што мы былі вымушаныя прынесці дадатковыя крэслы. А калі час сышоў, людзі не хацелі разыходзіцца, яны былі актыўныя, задавалі пытанні і нічога не саромеліся. Калі ставішся да людзей без прадузятасці і не запіхваеш іх у рамкі, то яны раскрываюцца насуперак стыгмам.

Што не так з «урокамі мужнасці»

— У школе да нас прыходзілі ветэраны і шмат чаго распавядалі, але з тых аповедаў мы не ўспомнім амаль нічога. Затое я памятаю гісторыі, якія былі ў маёй сям’і. І я памятаю, як настаўніца беларускай мовы аднойчы распавяла, як несла шмат кіламетраў, хаваючыся, мех з соллю ў партызанскі атрад. Я слухала яе і плакала, бо гэта была чалавечая гісторыя.

Напрыклад, гісторыя Азарыцкага лагера жудасная, але калі цяпер там праходзяць мітынгі, дзе на халодным ветры стаяць дзеці ў кашулях і піянерскіх гальштуках, пакуль дарослыя ў паліто і шапках прамаўляюць свае прамовы, то якое стаўленне можа быць у гэтых дзяцей да такой формы памяці? Гэта хутчэй адштурхоўвае ад таго, каб даведацца больш.

«Урокі мужнасці» ў школах я бачыла таксама. Адзін вязень прыйшоў у школу нават са сваім фільмам, з архіўнымі кадрамі, фотаздымкамі і насамрэч вельмі цікава распавядаў. Але па настаўніцы было відаць, што яна не магла дачакацца, калі гэта размова скончыцца. А што, гледзячы на такое стаўленне настаўніцы, могуць адчуваць дзеці? Некаму было цікава, але большасць проста адбывала час.

*«Жывая бібліятэка» — міжнародны праект супраць дыскрымінацыі і ксенафобіі. У якасці «жывых кніг» тут выступаюць людзі (звычайна са стыгматызаваным досведам): яны дзеляцца сваімі гісторыямі, а наведвальні_цы «бібліятэкі» слухаюць, задаюць пытанні, атрымоўваюць непасрэднае ўяўленне пра адрозных ад іх людзей праз камунікацыю з імі.

Самі вязні таксама памятаюць, як пра вайну распавядалі ветэраны. Яны пражылі жыццё ў атмасферы, калі шанавалі гераізм і мужнасць, а не чалавечыя пачуцці. І калі вязняў пачалі запрашаць у школы, яны ж не думалі, што атрымалі гэту магчымасць зусім не праз тое, што нехта змяніў стаўленне да лёсу вязняў, а толькі таму, што ветэранаў не засталося, а дзяржаве трэба некага прыводзіць да дзяцей у сваіх мэтах. І вось яны прыходзяць і распавядаюць тыя ж гісторыі пра класную савецкую армію ды класны савецкі народ. А такое зусім не чапляе.

У Беларусі мы два разы ладзілі «жывыя бібліятэкі», і госці не хацелі разыходзіцца. Адна з гэтых «бібліятэк» была часткай мерапрыемства для школьнікаў з Германіі, Украіны і Беларусі, якія ездзілі па месцах памяці і потым малявалі па слядах убачанага. Падчас гэтай майстэрні мы зрабілі «жывую бібліятэку»*.

Маладыя людзі слухалі трох вязняў і плакалі, а калі мы праз тыдзень падводзілі вынікі сустрэчы, удзельнікі сказалі, што трэба было зрабіць менш часу для малявання, а больш — для размоваў з гэтымі людзьмі. Тут нешта атрымалася, водгук пайшоў. Думаю, гэта таму, што людзі распавядалі па-чалавечы, без пафасу.

Няёмкае мінулае — ключ да адказнай будучыні

— Мы не пераасэнсавалі мінулае і менавіта праз тое наступілі на шмат якія граблі. Мы асуджалі і асуджаем нацыянал-сацыялізм, але не ставілі побач сталінізм, каб асэнсаваць яго ўплыў на нас. Я ўпэўненая: тое, што мы атрымалі ў Беларусі на трыццаць гадоў, — гэта менавіта праз тое, што мы ніколі не асэнсоўвалі ні Савецкі Саюз, ні сталінізм, ні нават нацыянал-сацыялізм. Мы спрачаліся, мы сварыліся, мы абмяркоўвалі, але не ставілі пытанне «Чаму так адбылося?». А гэта, магчыма, самае важнае пытанне. 

Як магло атрымацца, што былыя вязні нацызму, якія заўжды казалі, што вайна самае страшнае і мы павінны зрабіць усё, каб вайны не было, у 2022 годзе пайшлі да нямецкага пасольства выступаць у падтрымку нападу Расіі на Украіну? Як можна ставіцца да гэтага? Гэта, мабыць, трагедыя ўсяго майго прафесійнага жыцця.

Мы запусцілі YouTube-праект, які называецца «Азіраючыся на будучыню». Так, на будучыню трэба азірацца, бо ўсё, што з намі адбываецца і што нас чакае, ужо некалі было. Трэба азірацца, каб мы былі больш уважлівыя і хутчэй рэагавалі на выклікі, а не спалі ў шапку, калі нехта побач захоплівае ўладу і спрабуе вымусіць нас жыць так, як ён вырашыў. Гэта важна для таго, каб мы самі за сябе прымалі рашэнні ў будучыні і самі за гэтыя рашэнні адказвалі. 

Калі мы пачалі рабіць праект з інтэрв’ю пра прымірэнне, то прайшлі некалькі колаў экспертаў. Шмат хто адмаўляўся. І не толькі праз іншыя прафесійныя кампетэнцыі. Было зразумела, што тэма значна больш сэнсітыўная, чым нам здавалася. Не ўсе хочуць пра гэта гаварыць, можна атрымаць шмат хэйту, нават ад калег. І самымі адкрытымі для гэтага аказаліся людзі з Германіі — ад іх не было ніводнай адмовы, і іх інтэрв’ю былі вельмі цікавыя, вельмі крытычныя. Мне падаецца, важную ролю тут адыграла тое, што ў асэнсаванні трагічнага мінулага яны працуюць значны час. Яны змаглі цераз сябе пераступіць, каб працаваць з гэтымі балючымі пунктамі гісторыі, і бачаць у гэтым безумоўную карысць.

Што пажылыя людзі могуць даць маладым

— Калі падыходзіш да сталага ўзросту, то пачынаеш крытычна глядзець на мінулае жыццё. Пачынаеш сам сабе ставіць адзнакі, разважаць, ці не мог у нейкім выпадку зрабіць інакш і як той выбар паўплываў на будучыню. Пра нешта ў моманце думаеш як пра дрэнную падзею, а потым разумееш, што з таго выйшла нешта добрае. І наадварот. З узростам па-іншаму глядзіш на людзей, іх учынкі, паводзіны.

Сталы чалавек мае магчымасць глядзець на адны і тыя ж падзеі рознымі вачыма, абапіраючыся на свой досвед і веды, якія змяняюцца цягам жыцця. Ён бачыць падзеі ў вялікім часовым прамежку, бачыць іх доўгатэрміновыя вынікі. Ён адлюстроўвае цэлую эпоху, нават калі яго светапогляд і паводзіны часам расчароўваюць. Гэта — вялікая каштоўнасць для грамадства. 

Для маладых людзей такая мудрасць і чужы досвед могуць быць у нейкім сэнсе псіхадрамай — гэта калі, размаўляючы з чалавекам, ставіш сябе на яго месца, прайграеш сітуацыю і думаеш: «А што зрабіў бы я? Як бы я разважаў? Якія пачуцці ў мяне былі б?» Праз размовы з пажылымі людзьмі можна вучыцца не асуджаць з першага погляду, не рабіць хуткія высновы, а разважаць больш і глядзець з розных бакоў на гэты цудоўны свет, нашмат разумнейшы за нас.

Пра факты, што людзі даведаліся за жыццё, можна і ў кніжках прачытаць. Але калі пра факты распавядаюць з пачуццямі і ацэнкамі з вышыні мінулых гадоў — гэта сапраўды каштоўна.


Аўтарка: Марыя Пархімчык

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x