Культура адмены — сучасная інквізіцыя або маральны камертон?

ІнклюзіяВедыПравы чалавека
4.2
(11)

Колькі месяцаў таму ў беларускай медыяпрасторы здарыўся гучны інцыдэнт: журналіста Зміцера Панкаўца абвінаваціла ў хатнім гвалце ягоная былая жонка Ганна Клімовіч. У адказ на гэта журналіст заявіў, што менавіта ён пакутаваў ад гвалту з боку дзяўчыны — і далейшыя разборкі будуць ужо ў судзе. Пазней на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў з’явілася інфармацыя: Зміцер Панкавец больш не працуе на «Радыё Свабода». Гэты выпадак падобны да класічнага кэнсэлінга. На фоне гэтай падзеі мы вырашылі паразважаць пра межы культуры адмены, яе рэгуляванне і наступствы.

Галоўныя асаблівасці кэнсэлінга

Культура адмены (cancel culture) — гэта сацыяльная з’ява, пры якой асобныя людзі ці групы падвяргаюцца агульнаму асуджэнню, байкоту ці пазбаўленню падтрымкі за паводзіны, выказванні ці дзеянні, якія лічацца ў грамадстве непрымальнымі ці абразлівымі. 

Часцей за ўсё «адмяняюць» людзей, якія транслююць расісцкія, сэксісцкія, гамафобныя і іншыя дыскрымінацыйныя выказванні, здзяйсняюць дамаганні, ужываюць гвалт або злоўжываюць уладай.

Кэнсэлінг не рэгулюецца на прававым узроўні — гэта ініцыятыва грамадскасці. З дапамогай культуры адмены свядомае грамадства спрабуе ўплываць на свае маральныя нормы. Асабліва выразна гэта праяўляецца ў тых сферах, дзе праваахоўныя органы яшчэ не выпрацавалі норму (напрыклад, у выпадку абароны ад хатняга гвалту), не жадаюць прымаць удзел (напрыклад, абарона прадстаў_ніц ЛГБТ) або там, дзе іх удзел не патрабуецца (напрыклад, не варта караць чалавека адміністрацыйна за неакуратныя словы).

Культура адмены дазваляе пацярпелым атрымаць права голасу і падтрымку і прыцягнуць да адказнасці крыўдзіцеля. Таксама гэта матывуе людзей больш уважліва ставіцца да сваіх слоў і ўчынкаў. Напрыклад, часта можна пачуць «раней гэта было нормай» як аргумент у абарону харасмента на працы.

Абмеркаванне выпадкаў адмены садзейнічае зменам у сацыяльных нормах і паводзінах, дапамагае прадухіліць падобныя дзеянні ў будучыні і гучна сказаць: цяпер гэта не норма.

Так, у тым ліку з дапамогай культуры адмены, асяроддзе робіцца больш інклюзіўным і бяспечным для ўсіх.

«Культура гвалту існуе, а культура адмены — не»

Раней мы часта чулі пра культуру адмены ў заходніх краінах, але сёння гэта становіцца рэальнасцю і беларус_ак. На постсавецкай прасторы ўжо было зафіксавана шмт выпадкаў «адмены» з самых розных прычын: ад некарэктных выказванняў пра хатні гвал (успомнім Рэгіну Тадарэнка, якая, дарэчы, цалкам рэабілітавалася пасля кэнсэлінгу, папрасіла прабачэння і вярнула ўсе свае рэкламныя кантракты) да кэнсэлінгу ўкраінскіх артыстаў, якія некалі выступалі ў Расіі (напрыклад, Святлану Лабаду спрабавалі адмяніць пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе).

У Беларусі вядомы выпадак Сяргея Сялецкага, выкладчыка ЕГУ, якога абвінавацілі ў харасменце, а пасля расследавання — звольнілі. Мы, дарэчы, таксама пісалі артыкул пра гэта і разабіраліся ў адценнях: калі асуджэнне харасмэнту — гэта не цкаванне.

Сутнасць цкавання — не разабрацца ў сітуацыі (як у выпадку з асуджэннем харасмэнту), сутнасць цкавання — гвалт.  Чалавеку не абавязкова нешта рабіць, каб яго абралі мішэнню для агрэсіі. Калі ж грамадства абмяркоўвае выпадак харасмэнту, мэта гэтага — стварыць механізмы і стрымліваючыя практыкі, каб такога больш не паўтарылася.

з артыкулу «Цкаванне або асуджэнне харасмэнту? Разбіраемся»

У сезоне «Мне за гэта нічога не будзе» расійскага падкаста «Дачка разбойніка» Наста Красільнікава і Паліна Агаркова разбіраліся, што такое культура адмены: ці існуе яна ў Расіі, з якімі наступствамі сутыкаюцца адмененыя і чаго могуць дамагчыся тыя, хто адмяняе. Аўтаркі аналізавалі паведамленні аб гвалце і дамаганнях у рускамоўных сацсетках і СМІ за 2018-2022 гады, разглядалі абставіны іх з’яўлення і абмяркоўвалі ўплыў на грамадства смелых жанчын, якія дзяліліся сваімі гісторыямі.

Мы пагутарылі з журналісткай Настай Красільнікавай, каб даведацца яе меркаванне пра культуру адмены.

Я не лічу, што ў Расіі сапраўды кагосьці адмянілі. Было шмат гучных выпадкаў было — у падкасце мы абмяркоўвалі канкрэтныя эпізоды, звязаныя з гвалтам. Але складана ўспомніць, каб гэта калі-небудзь прывяло да істотнага выніку — каб чалавек, абвінавачаны ў гвалце, пазбавіўся працы ці панёс іншую адказнасць. Вялікая колькасць такіх людзей, магчыма, пацярпела маральна праз ціск грамадскасці, але гэта не вылілася ні ў якія канкрэтныя дзеянні. Ці ёсць працоўная схема як адмяняць этычна — я не ведаю. Бо ў нас не адмяняюць увогуле.

Культура адмены як з’ява адышла на другі план праз вайну, жахлівыя рэпрэсіі. Цяпер мы не чуем гучных публічных інцыдэнтаў, магчыма, таму, што на першы план выходзяць забойствы, згвалтаванні і іншыя жорсткія злачынствы, якія здзяйсняюць расійскія мужчыны супраць жанчын — як тыя, хто вярнуўся з фронту, так і тыя, хто не маюць да вайны ніякага дачынення.

Галоўнае падсумаванне, якое мы зрабілі па выніках нашага праекта: культура гвалту існуе, а культура адмены — не.

Наста Красільнікава, журналістка

За межамі культуры адмены

Галоўная мэта культуры адмены — прыцягнуць увагу да непрымальных паводзін або выказванняў і заклікаць да адказнасці тых, хто іх здзяйсняе.

Аднак культура адмены таксама выклікае спрэчкі і крытыку за магчымыя перабольшванні, пасяганне на свабоду слова і магчымасць рэабілітацыі.

Часам на чалавека абвальваецца грамадская нянавісць, якая не можа быць дапушчальнай. Успомнім рух #RIPJKRowling (Спі спакойна, Джоан Роўлінг). Гэты хэштэг пачаў распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках як форма пратэсту і асуджэння пісьменніцы за яе пазіцыю адносна гендарнай ідэнтычнасці.

У такім выпадку межы паміж «адменай» і булінгам страчваюцца.

Паколькі культура адмены — гэта сацыяльна-псіхалагічны інструмент рэгулявання, то мяжу тут намацаць дастаткова складана. Але яшчэ больш складана гэта зрабіць, калі пытанне тычыцца гвалту, асабліва фізічнага. У такім выпадку кэнсэлінг — гэта пачатковая, сацыяльная стадыя закліку да таго, каб гвалтаўнік панёс пакаранне за свае дзеянні. Такі падыход добра працуе, калі закон не дае рады ці проста неэфектыўны. Паколькі ў многіх краінах няма досведу ўвядзення пакарання за хатні гвалт, то застаецца толькі заклікаць грамадскасць. У такім выпадку «абяліць» чалавека можа толькі суд. Але, як паказвае практыка, такіх вядомых выпадкаў амаль няма. За выключэннем справы Эмбер Хёрд і Джоні Дэпа — акцёр быў цалкам апраўданы, яму ўдалося выйсці з кэнсэлінга.

Адмена за некарэктныя выказванні найчасцей праходзіць дастаткова экалагічна — бо шмат у чым закранаюцца пытанні этыкі. Абурэнне соцыума пачынаецца хутка, а пасля гэтак жа хутка сціхае — асабліва калі абвінавачаная асоба робіць нейкія дзеянні для аднаўлення сваёй рэпутацыі.

Практыка адмены за допісы і выказванні — гэта этычны аспект рэгуляцыі. Грамадства само вырашае, як яму гэта каардынаваць. Так было заўсёды.

З прыходам лічбавых тэхналогій ганьба і асуджэнне сталі адбывацца хутчэй. Раней неўхваленне не выходзіла за межы двара, у якім ты жывеш, а цяпер інфармацыя распаўсюджваецца імгненна. З гэтым нічога не зрабіць — грамадства самарэгулюецца ў такіх пытаннях. Але гэта добры спосаб для нармалізацыі вострых пытанняў соцыума, бо ён раней за ўсіх пачынае адчуваць, у чым канкрэтна яму патрэбны змены. Доказ гэтаму — вялікая хваля публічных выказванняў аб перанесеным гвалце. Значыць, людзям у гэтым пытанні неабходны карэктывы і змены на заканадаўчым узроўні.

Клаўдзія, псіхолаг- кансультант

У глабальным плане булінг найчасцей сустракаецца ў закрытых групах: у школьным класе, працоўным калектыве і інш. Ён носіць гвалтоўны характар: фізічны, псіхалагічны. Булінг у сацсетках таксама існуе, бо пэўнае кам’юніці можа абражаць і ажыццяўляць псіхалагічны гвалт над яго членамі. 

Калі мы гаворым пра адмену, то часта гаворка ідзе пра сацыяльна прымальную форму адмовы і абмежаванні чалавека ад таго ці іншага рэсурса. Напрыклад, звальненне з працы можа быць публічным — з асвятленнем інфармацыі на афіцыйным сайце. Аднак адмена і булінг часта ідуць у тандэме, бо пасля цкавання (напрыклад, у сацсетках) адбываецца адмена. Я лічу, што для ажыццяўлення этычнай адмены важна прытрымлівацца прэзумпцыі невінаватасці. Гэта добры спосаб пазбегнуць шматлікіх сумных наступстваў: нервовага зрыву, сацыяльнай ізаляцыі, сэлфхарма і інш. Ідэальна, калі фокус грамадскасці накіраваны на забеспячэнне сумленнага правасуддзя за кошт галоснасці, а не на «паляванне на ведзьмаў» ці самасуд.

Мне падаецца, што важна праз СМІ даносіць да грамадства ідэі пра тое, што ёсць розніца паміж вердыктам і расследаваннем, судовым працэсам. Пакуль віна не даказаная, чалавек невінаваты — гэта тычыцца прэцэдэнтаў у прававой сістэме. Аднак, як мне падаецца, ёсць выключэнні, калі прававая сістэма мае дзіркі — тады менавіта грамадства сваёй галоснасцю можа паўплываць на ўмацаванне абароны правоў чалавека. Яркі прыклад — справа казахстанскага экс-міністра Бішымбаева, які збіў да смерці сваю жонку. Дзякуючы галоснасці, у краіне сталі мяняцца законы.

Калі мы гаворым пра выказванні, пасля якіх адбылася адмена, то тут усё проста: калі чалавек не заклікае да гвалту і дыскрэдытацыі гонару і годнасці, не парушае закон — грамадства не павінна туды ўмешвацца. І ў скрайніх выпадках ужо закон павінен абараняць правы таго, хто проста выказаў сваё меркаванне. Тут я б успомніла адмену пісьменніцы Джоан Роўлінг, якая здарылася пасля яе пастоў у Твітары.

Алена Радчанка, інтэгратыўны псіхолаг

Атрымліваецца, што кожная сітуацыя асаблівая. Важна разумець, што лёс чалавека не можа залежаць цалкам ад меркавання грамадскасці.

Заўсёды ёсць права не падтрымліваць тое меркаванне, якое вы не падзяляеце, але пры гэтым не сціраць межы паміж неўхваленнем і грамадскім цкаваннем.

Важна ацаніць учынак або выказванне, за якое чалавека адмяняюць. Калі гэта супрацьпраўнае дзеянне, якое нясе рэальную пагрозу грамадству — тут працуе дзяржаўная сістэма. Калі ж асоба, што трапіла пад адмену, не парушыла закон, але здзейсніла нешта непрымальнае грамадствам — выкарыстоўваецца гуманны кэнсэлінг з правам апраўдацца.

Ці працуе культура адмены ў выпадку гвалту

Культура адмены дазваляе ахвярам гвалту публічна заявіць аб перажытым і звярнуць увагу грамадскасці на праблему. Ці можа агалошванне такіх фактаў пра гвалтаўніка падштурхнуць яго да самааналіза і шкадавання?

Імавернасць пазітыўных пераменаў вельмі малая, бо ёсць псіхалагічныя прычынна-выніковыя сувязі ў чалавека, які здзяйсняе гвалт над іншымі. У выпадку сацыяльнага ганьбавання, агрэсар з нізкім узроўнем псіхалагічнага развіцця будзе хутчэй адчуваць страх за свой дабрабыт, чым займацца самарэфлексіяй. І прычыны, па якіх ён першапачаткова ўчыніў гвалт, застануцца з ім. Калі ён пазбегне пакарання, то, хутчэй за ўсё, будзе і надалей здзяйсняць гвалтоўныя дзеянні, але больш абачліва, мінімізуючы рызыку выкрыцця, але не ўсвядоміць недапушчальнасць зробленага і не перастане гэтага рабіць.

Алена Радчанка, інтэгратыўны псіхолаг

Апублічванне такіх фактаў пра гвалтаўніка можа выклікаць у яго хвалю агрэсіі і абурэння. За якой, у сваю чаргу, могуць адбыцца дзеянні рознага кшталту: ад працягу запалохвання ахвяры і пагрозаў да поўнага адмаўлення і спробаў абяліць сябе ў сацыяльным полі. Псіхапаты, якімі ў большасці сваёй з’яўляюцца гвалтаўнікі, — не змяняюцца. Яны могуць ствараць бачнасць адэкватнасці, клопату, зацікаўленасці, каб завабіць ахвяру. Потым ствараюць бачнасць таго, што яны абавязкова зменяцца, раскайваюцца ў зробленым, шкадуюць. Але ўсё гэта толькі сацыяльная мімікрыя.

Клаўдзія, псіхолаг-кансультант

Тым не менш культура адмены ў выпадках гвалту асабліва важная. Яна стварае культуру, у якой гвалт і дамаганні лічацца непрымальнымі, а не дапушчальнымі ці ігнараванымі. Важна прыбраць адчуванне беспакаранасці дзеянняў, бо гэта — найлепшая глеба для развіцця гвалту.

У якіх выпадках кэнсэлінг недарэчны і пра што трэба памятаць, калі вы вырашылі кагосьці адмяніць

Культура адмены бывае рознай. Важна разумець, за што ў канчатковым выніку змагаюцца тыя, хто адмяняе, — за станоўчыя змены ў грамадстве або поўнае выдаленне абвінавачан_ай з інфармацыйнай і сацыяльнай прасторы? Межаў кэнсэлінгу няма — гэта не прававы механізм. І ў грамадства пакуль няма адзінага сцэнара.

На тое яна і культура, што ў ёй няма складнікаў крымінальнага кодэкса. Я не магу сабе ўявіць механізмаў рэгуляцыі кэнсэлінга, бо гэта грамадскі працэс, звязаны з развіццём інтэрнэт-культуры і ўзаемадзеяннем людзей анлайн. Думаю, трэба перастаць усё рэгуляваць на ўзроўні законаў, у нас іх і так зашмат — і ўвесь час з’яўляюцца новыя, усё больш жахлівыя. Таму мне было б страшна ўявіць, каб людзей прыцягвалі да адказнасці за выказванне іх думак.

Наста Красільнікава, журналістка

Але важна памятаць:

  • Рэзкія каментары не павінны абражаць гонар і годнасць чалавека. Інакш ёсць верагоднасць стаць тым, супраць каго змагаешся, праз дыскрэдытацыю ўласных каштоўнасцяў і пры пераходзе на асобы.
  • Кэнсэлінг не павінен перарастаць у ганенне. Заўсёды варта памятаць, што па той бок экрана — жывы чалавек са сваімі рэакцыямі, эмоцыямі і пачуццямі. І каментары з пажаданнямі смерці не прыдатныя для выказвання грамадскай вымовы.
  • Калі сітуацыя датычыць прававога поля і патрабуе ўмяшання (як у выпадку з гвалтам), то важна памятаць пра прэзумпцыю невінаватасці. Такія кейсы важна агалошваць і не чыніць самасуд.
  • Таксама варта разумець, што «адмена» з боку дзяржавы не з’яўляецца кэнсэлінгам. Калі падключаецца дзяржава і пераслед становіцца ухваленым зверху працэсам, то гэта ўжо не культура адмены. Кэнсэлінг — гэта грамадскі працэс, які не мае нічога агульнага з рэпрэсіямі.
  • Часам пад адмену трапляюць людзі, якія не здзейснілі па-сапраўднаму сур’ёзнай правіны — напрыклад, некарэктнае выказванне, за якое можна папрасіць прабачэння. Адваротны бок гэтай сітуацыі — хейт і псіхалагічны ціск. Нязначныя хвалі кэнсэлінга могуць фармаваць у людзей штучнае ўяўленне, быццам адмяніць можна кожнага і за што заўгодна. У той час як сур’ёзныя кейсы згубяцца.
  • Кожны чалавек можа памыляцца (вядома, не тады, калі размова вядзецца пра гвалт). У такім выпадку важна даць шанец рэабілітавацца ці папрасіць прабачэння.

Культура адмены важная і яе трэба выкарыстоўваць. Як мы ўжо казалі, яна дапамагае стварыць грамадства бяспечнае і інклюзіўнае для ўсіх. Важна разумець, дзе межы культуры адмены, памятаць, за што мы змагаемся, і не дапускаць цкавання.

Разуменне гэтых момантаў дапаможа нам больш смела выкарыстоўваць культуру адмены як інструмент і не баяцца яе.

Успомніце, як некалі грамадства баялася фемінізму і думала, што гэта пра няголеныя ногі, нянавісць да мужчын і агрэсію ў цэлым. Вывучэнне гэтага пытання дало нам магчымасць зразумець асноўныя мэты фемінізму — пра іх і важна памятаць і не несці адказнасць за ўсё тое, што можа падмяняцца пад гэтым паняццем. Гэта нармальна, што нейкія праявы таго, што называюць культурай адмены, нас палохаюць і выклікаюць пытанні — удумлівасць, сумневы і рэфлексія дапамогуць сфармаваць этычны кодэкс і смялей ствараць інклюзіўнае грамадства.


Аўтарка: Саша Камко

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.2 / 5. Колькасць галасоў: 11

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x