Мастацтва не толькі дазваляе творцам данесці свае ідэі і выклікаць эмоцыі ў аўдыторыі, але таксама дае прастор для разважанняў, канцэнтруе ўвагу вакол пэўных праблем і па выніку можа весці да пазітыўных змен у грамадстве. Сёння мы пазнаёмім вас з пяццю свежымі рэзананснымі мастацкімі праектамі, якія закранаюць тэмы памяці, страты каранёў, пошуку і захавання ідэнтычнасці ў абставінах пераезду. Аўтар_кі кожн_ая па-свойму падыходзяць да далікатных тэм, аднак іх яднае досвед асэнсавання прымусовых зменаў у жыцці, іх прыняцце і пошук выйсця.
«Ампутацыя каранёў» — досвед балючага расстання са спадчынай
Праекты Cemra (псеўданім гарадзенскай мастачкі Дар’і Сямчук), якая зараз жыве ў Варшаве, заўсёды прыцягваюць да сябе ўвагу. Cemra грунтоўна працуе з тэмамі беларускай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны, а яе выказванні часцяком выбіваюць глебу з-пад ног. Так, для праекта «Спадчына» мастачка распісала чорным графіці даматканыя кашулю і абрус, чым выклікала шквал абурэння ў публікі.
Вясной у вітрыне TFH Concept Store ў Варшаве Cemra зладзіла перформанс з гаваркой назвай «Ампутацыя каранёў». Аўтарка апісала яго наступным чынам: «Ампутацыя ў маёй працы сімвалізуе страту, разрыў і трансфармацыю. Гэты вобраз адлюстроўвае не толькі мой асабісты досвед вымушанай эміграцыі, але і калектыўны беларускі досвед, прасякнуты гісторыяй гвалтоўных страт і спроб захаваць ідэнтычнасць. Ампутацыя становіцца метафарай балючага расстання — з траўматычнай спадчынай, з уласнай гісторыяй, са знакамі мінулага, якія больш не частка сучаснасці. Гэта працэс, які пакідае сляды на целе, у свядомасці і культуры».
Галоўны пасыл перформансу ў тым, што нягледзячы на ўсе страты, боль і складанасці, гэта не канец, а пачатак чагосьці новага і значнага — шлях да асабістага і калектыўнага аднаўлення. Паводле мастачкі, «рана становіцца месцам новых пачаткаў».
«Невядомы» — жаночы голас на тле гісторыі
У межах вялікага праекта «Патэнцыйныя гісторыі» ў варшаўскай Нацыянальнай галерэі мастацтва Zachęta, была выстаўленая праца беларускай мастачкі Алы Савашэвіч — «Невядомы». Гэтая інсталяцыя была зробленая ў 2021 годзе, яна знаходзіцца ў калекцыі Гданьскага музея мастацтва NOMUS, але ўжо экспанавалася на шэрагу буйных выстаў і працягвае свой слаўны шлях па галерэях, а сёлета была намінаваная на адну з найважнейшых узнагарод у культурніцкай сферы ў Польшчы — Paszport Polityki.
Вобраз «Невядомага» вельмі зразумелы для насельні_ц постсавецкай прасторы: гэта «галава, скінутая з помніка, які ніколі не існаваў і не прызначаўся для ўвекавечання памяці каго-небудзь канкрэтнага». «Невядомы» — ананімны сімвал гісторыі, які вісіць над зямлёй, за некалькі імгненняў да падзення.
У сваіх творах Ала стала звяртаецца да праблемы прыгнечання жанчын і гендарнага падзелу працы ў патрыярхальнай таталітарнай сістэме. Тое, што інсталяцыя зробленая з лямцу на каркасе, — не выпадкова. Абраўшы такую «жаноцкую» тэхніку, мастачка хацела падсвяціць незаўважнасць жанчын у патрыярхальнай сістэме.
BETONIUM — панэлькі як праваднікі ідэалогіі
Сёлета ўзнагароду «Талент году 2024» ад познаньскай фундацыі і галерэі PIX.HOUSE атрымала беларуская фатографка Кацярына Кузьмічова за фотапраект BETONIUM. Конкурс быў сканцэнтраваны на абмеркаванні важных сацыяльных тэм сродкамі фатаграфіі.
BETONIUM здымаўся ў Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Чэхіі, Грузіі, Літве, Эстоніі і Беларусі. У гэтым праекце Кацярына Кузьмічова даследуе сучасную ідэнтычнасць краін былога Усходняга блоку ў кантэксце жыцця гараджан_ак у панэльных (бетонавых) жылых дамах. Аўтарка прапануе па-новаму зірнуць на звыклую і нібыта зразумелую нам архітэктурную спадчыну, пабудаваную за савецкім часам. Праз яе аб’ектыў мы можам пабачыць, як моцна змяняюцца светапогляды і дзеянні жыхар_ак панэлек, дзякуючы новым гарадскім рытуалам і практыкам.
Гэта ўдалая візуальная спроба знайсці адказы на пытанні аб фарміраванні ідэнтычнасці ў гарадскім асяроддзі з улікам ідэалогіі, гарадской палітыкі і ўласнага досведу жыцця ў адной з постсавецкіх рэспублік.
«Руіны Беларусі» — фотафіксацыя страчанага
У лістападзе ў Берліне адбылася выстава «Руіны Беларусі» беларускага мастака Уладзіміра Грамовіча. Аўтар даўно працуе з тэмай руйнавання і трансфармацыі гарадской прасторы. Уладзімір кажа, што яго цікавіць напружанне паміж мінулым і сучаснасцю, аўтаномна і ў калабарацыі з архівам VEHA ён вывучае помнікі і рытуалы памяці, перагружаныя ідэалагічнымі сэнсамі. Летась ініцыятыва збірала здымкі да 1970 года, дзе людзі пазіруюць на фоне разбураных помнікаў архітэктуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Здымкі для выставачнага праекта Уладзімір Грамовіч набыў на eBay. Гэтыя фатаграфіі былі зробленыя ў беларускіх гарадах падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную, то бок гэта фотафіксацыя з пункту гледжання каланізатара і ка́та. Але гэта і каштоўны гістарычны матэрыял, бо толькі праз аб’ектыў захопніка-немца мы змаглі ўбачыць будынкі, якія зніклі, не пакінуўшы слядоў.
«Руіны робяць час бачным; яны выражаюць як памяць, так і сучаснасць, — кажа куратарка праекту Катарына фон Хагенаў. — Нават калі іх архітэктура страціла сваё функцыянальнае і прадстаўнічае значэнне з-за заняпаду ці разбурэння, іх успрыманне з’яўляецца паказчыкам сучаснага палітычнага клімату».
«Дзяцінства ў эміграцыі» — кавалачкі разрозненай рэчаіснасці
Аўтарка праекта «Дзяцінства ў эміграцыі» Аксаны Дабрыянец не мастачка, а журналістка, але мы не маглі абмінуць увагай яе выставу праз тое, што яна дае магчымасць пазнаёміцца з досведам маленькіх эмігранта_к. Тэму дзяцінства ў выгнанні немагчыма абысці бокам не праз штампы накшталт «дзеці — наша будучыня» ці «нам важн_ая кожн_ая маленьк_ая беларус_ка», а таму, што гэта асобная група людзей у складаным становішчы, якім вельмі патрэбная павага, падтрымка і клопат.
У аб’ектыве Аксаны — дзеці беларускіх актывіста_к, якія ў выніку рэпрэсій у Беларусі разам з бацькамі пераехалі ва Украіну, а з пачаткам поўнамаштабнай вайны — у Польшчу. Аксана шмат размаўляла з дзецьмі і ўважліва іх слухала, каб дакладна перадаць настрой сваіх герояў і гераінь праз фота. Яны сфатаграфаваныя ў розных прасторах: жытло, вуліца, пляцоўка для гульні. Можна эмацыйна адчуць, як яны ўспрымаюць новыя і нязвыклыя для сябе ўмовы жыцця. Дзе яны адчуваюць сябе вольна, а дзе — насцярожана замыкаюцца і хаваюцца ў свой сусвет. Асобную ўвагу аўтарка надала такой важнай дэталі, як цацкі — гэта менавіта тое, што ўзмацняе дзіцячы свет.
Калі дарослыя балюча перажываюць вымушаную эміграцыю і немагчымасць вярнуцца да звыклага жыцця, то наколькі ж складана дзецям? У іх яшчэ нават не сфарміраваны той надзейны фундамент, да якога можна было б «вяртацца». І калі для дарослых эмігранцкае жыццё — гэта разбураны пазл іх мінулага, то ў дзяцей у руках толькі маленькія кавалачкі разрозненай рэчаіснасці. Сваёй выставай Аксана намагалася — праз фотаздымкі, малюнкі і допісы — данесці праблему, якая не ўсім відавочная.
Дарэчы, раім паслухаць падкаст з Аксанай пра тое, як яна адна з 15 гадоў выхоўвае дачку.
BONUS: народнае мастацтва як спосаб дакрануцца да каранёў
На пачатку снежня ў Парагваі адбылася чарговая сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, і падчас пасяджэння беларуская выцінанка была ўнесеная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
У кантэксце нашага артыкула варта адзначыць, што выцінанка выкарыстоўваецца не толькі для ўпрыгожвання інтэр’ераў і друкаванай прадукцыі, але і ў якасці арт-тэрапеўтычнай практыкі. Лічыцца, што яна спрыяе развіццю дробнай маторыкі і творчага мыслення; выцінанцы навучаюць людзей з фізічнымі ці ментальнымі асаблівасцямі, бо гэта спрыяе іх рэабілітацыі і творчаму развіццю. І, канечне, выцінанка — частая тэма эмігранцкіх варкшопаў, бо даволі нескладаная практыка выразання з белай, чорнай ці каляровай паперы традыцыйных сюжэтаў — гэта просты спосаб аб’яднацца і пакамунікаваць са спадчынай праз любыя адлегласці прасторы і часу.
Аўтарка: Марыйка Арлова