Калі табе зламалі кіпцюркі: беларускі стварылі чат-бот для дапамогі ў сітуацыі гвалту

ІнклюзіяГендар
5
(3)

Каманда беларусак стварыла чат-бот «Кіпцюры Рагнеды» для жанчын, транс і небінарных людзей, якія сутыкнуліся з гвалтам і іншымі складанымі сітуацыямі. Актывісткі сабралі ў адным месцы ўсе бяспечныя кантакты дапамогі ― псіхалагічнай і юрыдычнай. Як працуе новы чат-бот? Якую дапамогу можна там атрымаць? Як ідуць справы з прававым рэгуляваннем праблемы хатняга гвалту ў Беларусі сёння? Абмеркавалі гэтыя пытанні з камандай «Кіпцюры Рагнеды» ―  чытайце ў нашым матэрыяле.

Сумная статыстыка

― Мы робім гэты праект, таму што разумеем: праблема хатняга гвалту не вырашаецца, а толькі развіваецца,  ― дзеліцца адна са стваральніц «Кіпцюроў Рагнеды».

У 2022 годзе Фем-група праводзіла даследаванне пра хатні гвалт у Беларусі. Лічбы атрымаліся такія:

  • кожная другая беларуска турбуецца з-за таго, што можа стаць ахвярай фізічнага або сэксуалізаванага гвалту
  • 6% беларусак сутыкаюцца з сэксуалізаваным гвалтам
  • 5% сутыкаюцца з фізічным гвалтам
  • кожная другая беларуска, якая сутыкнулася з адным відам гвалту, сутыкаецца і з іншым ― гвалт комплексны
  • менш за 1% ахвяр гвалту з Беларусі звяртаюцца па дапамогу

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сцвярджае, што ў 2022 годзе было зарэгістравана больш за 70 тыс. выпадкаў хатняга гвалту. У рэальнасці маштаб праблемы яшчэ больш сур’ёзны: як паказвае даследаванне Фем-групы, далёка не ўсе ахвяры звяртаюцца па дапамогу.  Пацярпелыя баяцца грамадскага асуджэння, адсутнасці падтрымкі, сораму, беспакаранасці крыўдзіцеляў ― і маўчаць. 

З 2020 года рэпрэсіі ў Беларусі прымусілі мноства праваабарончых арганізацый зачыніцца ― у тым ліку і тыя, што займаліся праблемай хатняга гвалту і дапамогай пацярпелым. А дзяржаўнай сістэмы падтрымкі пацярпелых, якая б хоць крыху адпавядала маштабу праблемы, у Беларусі наўпрост няма. Раённыя сацыяльныя цэнтры, у якія можна звярнуцца ў сітуацыі гвалту, не заўсёды працуюць якасна і ашчадна. У міліцыі пацярпелых ад аб’юзу адгаворваюць падаваць заявы, абясцэньваюць перажыты досвед. Акрамя таго, звяртацца ў міліцыю ва ўмовах палітычнага крызісу можа быць небяспечна. 

Спробу прыняцця закону аб хатнім гвалце, які б рэгуляваў аказанне дапамогі, у 2018 годзе заблакавалі ўлады і царкоўныя аб’яднанні. Не так даўно намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Кавалькоў заявіў: праблема хатняга гвалту не стаіць настолькі востра, каб казаць пра неабходнасць прыняцця адмысловага закону. 

Адна з нешматлікіх дасяжных опцый дапамогі на сёння ― дзяржаўныя крызісныя пакоі, прытулак для тых, хто не можа вярнуцца дадому. Але і тут не ўсё гладка: пакоі працуюць па графіку і патрабуюць дакументы, якія не заўсёды маюць на руках пацярпелыя. Супрацоўні_цы такіх прытулкаў, як правіла, не ўмеюць карэктна камунікаваць з тымі, хто сутыкаецца з аб’юзам. Акрамя таго, у пакоі селяць не толькі пацярпелых ад хатняга гвалту, але і, напрыклад, людзей, якія страцілі дом у выніку бедстваў і катастроф ― людзей любога полу і гендэру. Усё гэта стварае сітуацыю, у якой пацярпелыя ад хатняга гвалту могуць сутыкнуцца з неразуменнем, дадатковымі псіхалагічнымі трыгерамі, некарэктным стаўленнем.

Дзе тады шукаць падтрымку?

― У такіх умовах мы прапануем альтэрнатыўныя варыянты дапамогі, як, напрыклад, чат-бот з праверанымі кантактамі дапамогі ў сітуацыях гвалту, ― распавядае стваральніца «Кіпцюроў Рагнеды».

 Бот карысны для беларус_ак унутры Беларусі і за яе межамі.  Усяго пару клікаў ― і бот выдасць кантакты ініцыятыў і арганізацый, якія прапануюць псіхалагічную, юрыдычную і інфармацыйную дапамогу анлайн і афлайн. Жанчыны, транс і небінарныя людзі, якія жывуць у Мінску або Мінскай вобласці, могуць запісацца на асабістую псіхалагічную кансультацыю. Каманда выбрала ананімізаваны фармат работы: гэта бяспечна як для пацярпелых, так і для людзей, якія аказваюць прамую падтрымку. 

Каманда стварыла бот за тры месяцы. Беларускі праштудзіравалі дзясяткі дзяржустаноў для таго, каб скласці спіс сапраўды бяспечных арганізацый, куды ўсё яшчэ можна звярнуцца па дапамогу ў сітуацыі гвалту.

― Зараз наша мэта ― наладзіць усе працэсы ў «Кіпцюрах Рагнеды», паназіраць, наколькі адгукаецца канцэпцыя чат-бота нашай аўдыторыі, і зрабіць працу праекта максімальна аўтаматызаванай, ― кажа адна са стваральніц праекту. ― Гэта цікавы і важны працэс ― ствараць зручны прадукт, які адказвае патрэбам пацярпелых. 

Калі вы або вашы знаёмыя пацярпелі ад хатняга гвалту ― абавязкова звяртайцеся па дапамогу. Запускайце чат-бот патрэбны кантакт знойдзецца.

За праектам «Кіпцюры Рагнеды» можна сачыць у інстаграме.


Тэкст: Саша Камко

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць