Куды звярнуцца за дапамогай беларускім мігрант_кам: распавядаем пра магчымасці

ІнклюзіяВеды
5
(1)

Як сабраць і падрыхтаваць дакументы для ад’езду? Што патрэбна для легалізацыі ў новай краіне? Дзе шукаць кватэру, школу для дзяцей, лепшы спартзал і таннейшую краму? Куды ісці працаваць, а куды ― адпачываць? Эміграцыя ― і вымушаная, і нават запланаваная ― няпростае выпрабаванне. Аднак ёсць арганізацыі і ініцыятывы, якія акажуць беларускім мігрант_кам значную падтрымку і дапамогуць з падобнымі пытаннямі.

За апошнія тры гады колькасць беларуса_к, якія з’ехалі за мяжу, значна павялічылася. Першую хвалю эміграцыі склалі тыя, хто патрапілі пад рэпрэсіі, якія пачаліся летам 2020 года. Дакладных лічбаў не ведае ніхто, але можна звярнуцца да асабістага досведу: ледзь не кожн_ая мае родных, сябро_вак і знаёмых, якія з’ехалі з Беларусі. Асноўнымі напрамкамі сталі Украіна, Сакартвэла, Польшча і краіны Балтыі, у першую чаргу ― Літва. Другая хваля пачалася падчас поўнамаштабнага нападу Расеі ва Украіну. Па розных меркаваннях, колькасць з’ехаўшых з 2020 года беларуса_к ― ад 350 тысяч да мільёна чалавек. Гэта ад 3,8 % да 10,8% насельніцтва ― жахлівыя лічбы.

 Беларус_кі ў эміграцыі апынаюцца ў падвоена складаным становішчы.  З аднаго боку, большасць з іх не можа вярнуцца ў Беларусь да звыклага жыцця, бо асцерагаецца рэпрэсій. З іншага ― людзі могуць сутыкацца з мігрантафобіяй і дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце ў чужой дзяржаве.

Як дыскрымінацыя выглядае на практыцы? Залежыць ад краіны. У Сакартвэла, напрыклад, з пачаткам поўнамаштабнай вайны 34% апытаных беларуса_к сутыкнуліся з адмовай мясцовых банкаў у адкрыцці рахунка. Нават калі рахунак адчынялі, часцей за ўсё ён меў абмежаванні па функцыяналу. 

У Польшчы 17% нашых суайчынні_ц сутыкнуліся з праблемамі пры пошуку жылля: ім адмовілі праз беларускае грамадзянства ці праз агульную непрыязнасць да іншазем_ак. Акрамя адмоваў у арэндзе ёсць складанасці з прыёмам на працу ― пра гэта таксама паведамілі каля 17% эмігранта_к. 

Але і дапамогі беларускім мігрант_кам даволі шмат, у тым ліку ад мясцовых жыхар_ак. Людзі паўсюль розныя, няма «добрай» ці «кепскай» нацыі. Гэта тое, што намагаюцца данесці самі беларус_кі, распавядаючы пра сітуацыю ў Беларусі па-за межамі роднай краіны.

Што рабіць на пачатку?

Не кожн_ая з першага кроку разумее правілы гульні ў новай краіне. Раім адразу звяртацца ў арганізацыі, якія аказваюць юрыдычную і інфармацыйную дапамогу беларускім мігрант_кам. Напрыклад, там дадуць парады наконт пошуку жылля, працы, моўных курсаў і нават парэкамендуюць, як адкрыць збор грошаў на першы час.

ПОЛЬШЧА

На сённяшні дзень буйнейшая беларуская дыяспара агнездавалася ў Польшчы, таму менавіта ў гэтай краіне знаходзіцца вялікая колькасць арганізацый, куды можна звярнуцца за падтрымкай.

Адна з найбольш вядомых ― Цэнтр Беларускай Салідарнасці (ЦБС). Ён аказвае шматпрофільную дапамогу:

  • Кансультацыі па легалізацыі: атрыманне часовага ці сталага ВНЖ, нумара PESEL, NIP і прапіскі ў Польшчы.
  • Кансультацыі і суправаджэнне падчас падачы на міжнародную ахову.
  • Падтрымка рэпрэсаваных былых працаўні_ц дзяржпрадпрыемстваў, незалежных прафсаюзаў, стачкамаў.
  • Пошук жылля для рэпрэсаваных, пераклады з/на польскую мову, арганізацыя транспарту і дапамога з прадуктамі, афармленне сімкарт, інтэрнэта, адкрыццё рахункаў у банках, медстрахоўка.

Калі пералічаныя пытанні ў цябе ўжо вырашаныя, на сайце ЦБС можна даведацца пра адукацыйныя магчымасці для дзетак і дарослых. Зазірай у навіны Дэпартамента культуры ЦБС! Гэта дапаможа, з аднаго боку, глыбей інтэгравацца ў польскае грамадства, а з іншага, не страціць самаідэнтычнасць.

Яшчэ адна арганізацыя, на якую варта звярнуць увагу, ― Беларускі Дом у Варшаве. Тут ладзяцца шматлікія адукацыйныя праграмы, семінары, майстар-класы і розныя культурныя імпрэзы. Беларускі Дом аказвае моцную падтрымку грамадскім ініцыятывам, недзяржаўным арганізацыя (далей ― НДА) і незалежным медыа. 

Беларускі моладзевы хаб таксама знаходзіцца ў Варшаве. Гэта выдатная пляцоўка для развіцця культурных і адукацыйных праектаў. Будзе вельмі карысны для паступовай адаптацыі ў Польшчы і наладжвання жыцця ў новых умовах.

Колькасць розных НДА і праграм, якія працуюць з беларускімі мігрант_камі ў Польшчы ― велізарная! Розныя суполкі ёсць амаль у кожным вялікім горадзе, таму будзе разумна шукаць тэматычныя групы на Facebook ці адпаведныя чаты ў Telegram (напрыклад, Беларусы ў Кракаве/Гданьску/Познані і іншыя). Знайсці беларускі чат у сваім горадзе можна і праз dze.chat

ЛІТВА

Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года ў Літву прыехала шмат нашых суайчынні_ц. Не трэба губляцца: для беларуса_к тут ёсць шмат падтрымліваючых ініцыятываў і праграм.

Адна з самых вядомых ― Фонд салідарнасці BYSOL. Ён працуе за патрэбамі беларускіх мігрант_ак.  Дапамога можа быць рознай: ад грашовага збору на канкрэтныя запатрабаванні да псіхалагічнай падтрымкі і юрыдычных кансультацый. BYSOL таксама адкажа на любыя пытанні па выездзе з Беларусі і адаптацыі ў новай краіне (не толькі ў Літве). Фонд дапамагае з хуткай эвакуацыяй тым, каго пераследуюць улады. Прасцей за ўсё звярнуцца да фонду можна праз гарачую лінію ў тэлеграме. Таксама зазірні ў канал з карыснай інфармацыяй: BYSOL выезд и эвакуация.

Ужо амаль 10 гадоў у Літве працуе Міжнародны Цэнтр Грамадскіх Ініцыятыў «Наш Дом». Арганізацыя ахоплівае вялікае кола гуманітарных праблем, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя беларус_кі. Тут ты можаш разлічваць не толькі на юрыдычную кансультацыю, але і на парады з пошукам жылля ці працы. Пры патрэбе можна атрымаць неабходнае адзенне і харчаванне – у ініцыятывы ёсць склад гуманітарнай дапамогі ў Вільні. «Наш Дом» аказвае падтрымку найбольш уразлівым групам, на асаблівую ўвагу могуць разлічваць жанчыны і дзеці.

«Дапамога» ― валанцёрская арганізацыя для беларусаў у Літве. Тут ты атрымаеш сваю першую падтрымку пасля прыезду: дапамогуць з пошукам часовага жылля, працы, медыцынскага абслугоўвання і нават грошамі.

За культурніцкімі і адукацыйнымі праектамі звяртайся ў «Беларускі цэнтр культуры й супольнасці ў Вільні» таксама вядомы як Беларускі дом. Асабліва карысны для бацькоў з малымі дзеткамі: пры Цэнтры працуе суботняя беларуская школка. Гэта выдатная магчымасць прывіваць дзіцяці родную мову і культуру з маленства.

САКАРТВЭЛА

Пасля 24 лютага 2022 года гэты напрамак стаў адным з самых папулярных для  хуткай эміграцыі з Беларусі. У першую чаргу таму, што ў Сакартвэла беларус_кам не патрэбна віза і дадатковыя дакументы, каб легальна  знаходзіцца ў краіне амаль круглы год. Кожныя 364 дні трэба хаця б на пару гадзін выязджаць за мяжу ― і тады можна зноў вяртацца і працягваць жыццё ў гасціннай краіне.

Аднак у падобнай бачнай лёгкасці ёсць адваротны бок. З Сакартвэла ў нас не такія даўнія і глыбокія адносіны, як з той жа Польшчай ці Літвой. Таму тут не так шмат беларускіх арганізацый. Больш за тое, многія разглядаюць саму краіну як шэлтэр, лагер для часовага знаходжання, каб потым уехаць у Еўропу.

Іншая складанасць заключаецца ў тым, што ў гэтым рэгіёне значна менш ведаюць пра палітычнае становішча ў Беларусі. Таму не трэба здзіўляцца, калі ў соты раз ты пачуеш «а ў вас там нешта не так?» ці «а чаму шмат беларуса_к сюды едзе, у вас жа ўсё добра?». Нягледзячы на такую карціну, у Сакартвэла хапае добрых людзей і ёсць куды звярнуцца за дапамогай. Трымай некалькі карысных спасылак!

Калі ты працуеш у галіне праваабарончай дзейнасці і табе патрэбная аператыўная дапамога,  звярніся ў Тбілісі Шэлтэр Сіці (сайт ці Telegram-канал). Іх філіялы таксама ёсць у Батумі і Тэлаві. Праект існуе з 2016 года і падтрымлівае беларуса_к.

Калі хочаш прыйсці ў прастору, дзе можна пабачыць адно аднаго і пагутарыць, то табе трэба ў «Кропку». Ініцыятыва знаходзіцца ў самым цэнтры, на Плошчы Свабоды. У памяшканні ёсць магчымасць папрацаваць са сваім ноўтбукам і нават правесці сваё мерапрыемства. 

Калі знаходзішся ў Батумі, абавязкова завітай у беларускую прастору «аКсяродак». Тут будзе цікава і дарослым, і маленькім.

Звярні ўвагу на адукацыйныя тэлеграм-каналы, якія добра мець на ўвазе незалежна ад твайго месцазнаходжання. Найбольш папулярныя і актыўныя ― Sekktor, Варушыся! і Твои возможности. У каналах збіраюць прафесійныя і адукацыйныя праграмы для беларуса_к з самых розных сфераў. Можна знайсці прафесійныя рэзідэнцыі, стажыроўкі, конкурсы праектаў, лекцыі і семінары ― не прапусці!

Як знайсці патрэбн_ую спецыяліст_ку ці расказаць пра свае паслугі ў іншай краіне?

Зламаўся ноўт? Шукаеш, дзе зрабіць прыгожыя пазногці? Хочацца наведаць беларускае кафэ за мяжой?

Ёсць карысны сэрвіс ByMapka, які працуе па ўсім свеце. Гэта мапа беларускага бізнесу па-за межамі Беларусі. Яна не толькі дапаможа табе ў пошуку пэўнай паслугі, але і дасць магчымасць салідарызавацца з беларус_камі і падтрымаць адно аднаго. Прыемна!

Як мапа працуе? Напрыклад, ты знаходзішся ў Батумі, Гданьску альбо Коўна і табе патрэбныя перакладчы_цы ці спецыяліст_кі па рамонту хатняй тэхнікі. На сайце ты можаш выбраць пэўную краіну і з лёгкасцю знайсці неабходную паслугу. Таксама ты можаш размясціць інфармацыю пра сваю прафесійную дзейнасць. Май на ўвазе, што заяўкі прымаюцца толькі ад беларуса_к.

Не трэба чакаць, што нейкая адна арганізацыя вырашыць усе твае пытанні. Глядзі ў розных напрамках, не абмяжоўвайся адной інфармацыйнай пляцоўкай. Актыўна карыстайся тэматычнымі тэлеграм-каналамі, шукай групы, арганізаваныя суайчынні_цамі ў тваёй новай краіне. Не трапляй у самаізаляцыю. Вакол такія ж людзі, як і ты.  Памятай: мы патрэбныя адно аднаму. 


Тэкст: Марыйка Арлова
Фота: Taisiia Stupak, Victoria Akvarel, Astghik Khachatryan

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць