Важнасць гендарнай няроўнасці ў беларус_ак на апошнім месцы — новае даследаванне Фемгрупы

Гендар
5
(10)

Фемгрупа Каардынацыйнай рады апублікавала вынікі даследавання «Уяўленні беларускага грамадства пра гендарную роўнасць». Дзякуючы гэтай працы мы можам зразумець, наколькі праблема гендарнай няроўнасці актуальная для Беларусі сёння. Адразу скажам — усё складана.

Пра тое, як праводзілася даследаванне

У Фемгрупы было некалькі задач:

  • вызначыць, якія гендарныя праблемы здаюцца беларус_кам найбольш важнымі,
  • зразумець, ці ёсць у беларус_ак вопыт сутыкнення з гендарнай няроўнасцю і які ён.

Для гэтага даследчыцы апыталі 402 паўналетнія жыхары і жыхаркі гарадоў Беларусі — і змаглі прасачыць асноўныя тэндэнцыі.

 Алена Агарэлышава, гендарная даследчыца, актывістка, удзельніца Фемгрупы Каардынацыйнай рады: 

Для даследавання мы выкарыстоўвалі метад CAWI (computer-assisted web-interview). Была сфармаваная квотная выбарка з людзей, якія жывуць у буйных гарадах і ў якіх ёсць доступ да кампутара і інтэрнэту. Мы хацелі зрабіць колькаснае даследаванне, але нашая выбарка нерэпрэзентатыўная. Нельга сказаць, што калі ў нашым дакладзе 70% апытаных лічаць нейкую праблему актуальнай, то і ва ўсёй Беларусі 70% людзей думаюць аналагічна. Але тым не менш даследаванне дазваляе нам казаць пра тэндэнцыі у краіне ў цэлым.

Што ж кажа статыстыка?

Нават высячэнне лясоў для беларус_ак — больш вострае пытанне, чым гендарная няроўнасць у грамадстве

Для апытаных беларус_ак цяпер найбольш вострымі з’яўляюцца праблемы нізкага заробку, а таксама нестабільнай эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. І нават праблема высячэння лясоў непакоіць жыхар_ак Беларусі больш, чым гендарная няроўнасць у грамадстве.

 Алена Агарэлышава, гендарная даследчыца, актывістка, удзельніца Фемгрупы Каардынацыйнай рады: 

Калі мы просім людзей расставіць праблемы паводле прыярытэту або выбраць з прапанаванага спіса найбольш актуальныя, то яны выбіраюць тое, што цяпер для іх найбольш адчувальна. І часцей за ўсё гендар апынаецца на перадапошнім ці апошнім месцы. За апошнія два гады, на жаль, гэтая тэндэнцыя не змянілася. Па-першае, з пункту гледжання беларус_ак, праблемы беднасці насельніцтва і ўплыву палітычных і эканамічных працэсаў цяпер больш важныя. З іншага боку, не ўсе апытаныя дакладна разумеюць значнасць гендарнай няроўнасці: на што яна ўплывае і да чаго вядзе. Ёсць адчуванне, што ўмоўная роўнасць мужчын і жанчын у грамадстве, адсутнасць забароны на атрыманне адукацыі і на займанне шэрагу пасад — для большасці ўжо азначае поўны парадак у гендарным пытанні. Але калі паглядзець глыбей, то нават паводле вынікаў нашага даследавання бачна, што да гэтага часу статус ў грамадстве часта залежыць ад полу — гэта прызнае і трэць апытаных.

Людзі не заўсёды ўсведамляюць, што ў праблемы, з якой яны сутыкаюцца — гендарная сутнасць

Напрыклад, розніца пазіцый і заробкаў мужчын і жанчын у розных прафесіях — відавочная праява няроўнасці. Або прадузятасць, што выхаванне дзяцей гэта жаночы клопат — таксама можна залічыць у скарбонку праблем з гендарным падтэкстам. У даследаванні 43% мужчын і 38% жанчын адказалі, што да іх прымянялі фізічны гвалт як метад выхавання. Таксама жанчын часцей ацэньваюць паводле іх полу або паводле паводзінаў (у грамадстве да гэтага часу жывуць стэрэатыпы, што жанчына не можа быць кіраўніцай і інш.), а мужчыны ў многіх выпадках былі вымушаныя абараняць сваю пазіцыю або перакананні ў бойцы. Абсалютна відавочная гендарная дыскрымінацыя — гэта прызыў на вайсковую службу, які датычыцца толькі мужчын. Шмат для каго тут няма наўпроставай сувязі з гендарнай няроўнасцю, але гэта тыя рэчы, якія з’яўляюцца яе вынікам.

 Таццяна Зінякова, праваабаронца Human Constanta: 

Паводле шматлікіх даследаванняў — у тым ліку і паводле нашага — відаць, што ў грамадстве распаўсюджана меркаванне пра тое, што гендарныя пытанні другарадныя.

Многім здаецца, што гэта тыя праблемы, якія можна вырашыць у другую ці трэцюю чаргу.

Калі людзям прапануецца выбудаваць іерархію патрэбаў у грамадстве, то праблемы эканамічнага і палітычнага кшталту апынаюцца ўверсе, а праблемы гендара — дзесьці ўнізе.

Цалкам магчыма, што ёсць стэрэатып, быццам праблема гендарнай няроўнасці — гэта выкрунтасы для развітых краінаў, якія ўжо закрылі ўсе базавыя патрэбы і зараз могуць заняцца чымсьці накшталт барацьбы з гендарнай дыскрымінацыяй. Гэта, вядома, памылка — складана ўявіць, што грамадскія праблемы можна вырашаць у нейкай дакладнай паслядоўнасці.

Яшчэ адна прычына, чаму людзі могуць не лічыць праблему актуальнай —  гендарная няроўнасць успрымаецца як праблема толькі адной з частак грамадства.  Уяўляць гендарную дыскрымінацыю як нешта, што тычыцца толькі жанчын — гэта чарговая памылка, бо гэта не толькі пра бінарную жаночую і мужчынскую ідэнтычнасці, але і пра спектр небінарных гендараў. Ёсць таксама радыкальная група людзей, для якіх «гендар» — гэта стоп-слова, і ўсё, што з ім звязана, — дэманізуецца. Гэта ўзмацняецца прапагандай — калі чуеш слова «гендар», значыць, маеш справу з «дрэннымі» заходнімі каштоўнасцямі і небяспечнай талерантнасцю, якая вось-вось разбурыць славянскі інстытут сям’і! Гэта літаральна рыторыка Аляксандра Лукашэнкі, якая суправаджала неўвядзенне Закона аб хатнім гвалце ў 2018 годзе. У выніку, мы прыходзім да таго, што частка нашага грамадства гендарна сляпая — мы не можам некаторыя відавочныя праблемы ідэнтыфікаваць як гендарныя.

Беларус_кі гендарна сляпыя?

З вынікаў даследавання вынікае, што беларус_кі не заўсёды могуць ідэнтыфікаваць праблему як гендарную. Напрыклад, 38,3% апытаных жанчын лічаць, што становішча чалавека ў грамадстве хутчэй не залежыць ад полу. Але на пытанне «ці сутыкаліся вы асабіста з дыскрымінацыяй / прыніжэннем вашых правоў з-за свайго полу?» больш за 28% жанчын адказалі «так».

 Алена Агарэлышава, гендарная даследчыца, актывістка, удзельніца Фемгрупы Каардынацыйнай рады: 

Калі мы пыталіся, якія праблемы беларус_кі лічаць важнымі і прапаноўвалі ім пералік кейсаў, якія маюць пад сабою гендарную дыскрымінацыю, то бачылі вялікую розніцу ў адказах. Так, напрыклад, усё лічаць важнай праблему алкагалізму. Хоць, у сярэднім, адсотак мужчын, якія пакутуюць на алкагалізм, у Беларусі моцна вышэйшы, чым адсотак жанчын. І для людзей прыярытэтна змагацца з гэтай праблемай, бо ў гэтым бачыцца нешта ненатуральнае. А, напрыклад, наяўнасць спісу забароненых для жанчын прафесій расцэньваецца не як абмежаванне, а як клопат з боку дзяржавы. Але насамрэч, існаванне такога забароненага спісу — гэта і ёсць дыскрымінацыя. Па-першае, мы гаворым пра дарослых людзей, якія ў стане самі вырашыць, якая прафесія ім падыходзіць, а якая — не. Да таго ж, мы давяраем жанчынам нараджаць дзяцей і браць на сябе адказнасць за жыццё іншага чалавека, але не дазваляем ім рабіць прафесійны выбар. Мне здаецца гэта дастаткова дзіўным, бо, у рэшце рэшт, гэта не гучыць як абавязковая для жанчын прафесія. Іншае пытанне, што калі гэтыя прафесіі шкодныя для здароўя, то як тады наконт мужчын? Мы імі можам ахвяраваць? І зноў жа падвойныя стандарты.

У нас была гучная справа пра гендарныя квоты у медыцынскіх ВНУ: Міністэрства аховы здароўя лічыць хірургію і анэстэзіялогію спецыяльнасцямі, не прызначанымі для жанчын. Адным з аргументаў з’яўляецца тое, што гэтыя прафесіі небяспечныя для жанчын — цэлы дзень трэба стаяць на нагах, што ў сваю чаргу вядзе да варыкознага пашырэння венаў. Але пры гэтым у нас ёсць жанчыны, якія працуюць дворнікамі ці прадавачкамі. І гэтая праца таксама патрабуе аналагічнай фізічнай нагрузкі.

 Таццяна Зінякова, праваабаронца Human Constanta: 

На жаль, грамадства не заўсёды гатовае назваць праблему гендарнай і нават не заўсёды бачыць гендарны кампанент у тых пытаннях, з якімі сутыкаецца. Часам патрабуюцца адукацыйныя намаганні, каб патлумачыць, што праблема звязаная з палавой дыскрымінацыяй. Праз адсутнасць ў нашай краіне фармальнай адукацыі на гендарную тэматыку і немагчымасцб нефармальнай адукацыі прыжыцца праз рэпрэсіі, аказваецца, што людзі недастаткова дасведчаныя і не заўсёды могуць распазнаць дыскрымінацыю. Часам страшна зрабіць і такую выснову — здаецца, што ты змяшчаеш сябе ў прыгнечаную пазіцыю.

На нас ёсць вялікая адказнасць як на прадстаў_ніцах грамадзянскай супольнасці, лідар_ках меркаванняў. Важна быць гендарна адчувальнымі у сваёй працы, карэктна выказвацца. У ідэальным свеце (і, спадзяюся, у нашай хуткай будучыні) у фармальнай адукацыі будзе больш пра гендар. Напрыклад, у ВНУ можна будзе атрымліваць адукацыю, звязаную з гендарнымі даследаваннямі. Цяпер, ва ўмовах палітычных рэпрэсій, гэтыя думкі гучаць як фантазія, таму пакуль мы можам факусавацца толькі на нефармальнай адукацыі і рабіць прадукты і мерапрыемствы, здольныя зацікавіць аўдыторыю гендарнай тэматыкай. І, вядома, важна аналізаваць уласныя паводзіны і зважаць на тое, што ты асабіста прасоўваеш і якія каментары сабе дазваляеш.

Высновы даследавання, якія сведчаць пра тое, што ў беларускім грамадстве няма разумення значнасці гендарнай роўнасці

  • У параўнанні з іншымі праблемамі ў грамадстве гендар займае апошняе месца.
  • Нізкая дасведчанасць пра тое, што ўваходзіць у пералік гендарных праблем.
  • Няма разумення ўзаемасувязі ўласнага досведу і гендарных праблем у грамадстве.

Даследчыцы бачаць два інструменты, якія дапамогуць змяніць сітуацыю: адукацыя і інфармацыйныя кампаніі як па асобных гендарных тэмах, так і ўсяго паняцця ў цэлым.

Чырвоныя сцягі гендарнай няроўнасці

Таццяна Зінякова падзялілася сваімі «чырвонымі сцягамі», якія сігналізуюць пра гендарныя праблемы ў грамадстве.

Адсутнасць Закону аб хатнім гвалце
Гэта самая відавочная прыкмета таго, што ў грамадстве ёсць праблемы, бо хатні гвалт заўсёды ў тым ліку і гендарна матываваны. І страшна, калі няма інструментаў, якія б дазвалялі з гэтым спраўляцца. Сёння ў Беларусі не засталося незалежных арганізацый, якія раней дапамагалі спраўляцца з такімі сітуацыямі, а Закон аб хатнім гвалце так і не быў прыняты. Акрамя таго, яго непрыняцце суправаджалася мізагіннай рыторыкай: нібыта «нам такое не трэба, гэта ад злога, гэта заходнія каштоўнасці». У выніку людзі, якія падвяргаюцца гвалту, аказваюцца ў сітуацыі, калі атрымліваць дапамогу страшна, а камусьці расказваць — таксама, і няма спецыяльных інструментаў, якія звычайна прадугледжваюцца адпаведным законам, каб стварыць бяспечныя ўмовы. Частка насельніцтва апынаецца ва ўразлівым становішчы.
Зневажальныя выказванні пра жанчын
Гэта таксама інструмент рыторыкі ўладаў. Лічыцца нормай выказвацца пра жанчын зневажальна. Мы памятаем цытату «у нас Канстытуцыя не пад жанчыну». Нават той факт, што ў нас абраная прэзыдэнткай жанчына — гэта прадукт таго, што ёй нібыта паблажліва дазволілі ўдзельнічаць у выбарах, бо «за жанчыну дакладна ніхто не прагаласуе».
Спецыфічныя пагрозы ад сілавых структураў
Гэта стала асабліва заўважна ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі і высокім узроўнем грамадзянскага актывізму. З боку сілавых структур гучаць пагрозы, якія «б’юць» мэтанакіравана па жанчынах і датычацца стэрэатыпаў пра жанчыну як пра галоўную, калі ідзе гутарка пра клопат пра дзяцей. Пагражаюць пазбавіць бацькоўскіх правоў, забраць дзяцей у дзіцячы дом.
Квоты і спіс забароненых для жанчын прафесій
Наяўнасць квотаў ва ўніверсітэтах — гэта дыскрымінацыя. Дзесьці фармальна, дзесьці не — табе могуць ціхенька сказаць, што спецыяльнасць не вельмі жаночая. І гэта нават не ўлічваючы той факт, што ў нашай краіне ўсё яшчэ існуе спіс забароненых для жанчын прафесій.
Ліквідацыя жаночых арганізацый
Дзяржава сапраўды не спрыяе гендарнай роўнасці, ліквідуючы жаночыя арганізацыі і прасоўваючы «традыцыйную» ідэалогію з сямейнымі каштоўнасцямі. Уладам нібыта пагражае ўсё, што звязана з гендарам. Але новаму дэмакратычнаму грамадству, якое імкнецца прымаць правільныя рашэнні і самаадукоўвацца, таксама ёсць над чым працаваць у тэме гендарнай адчувальнасці і дасведчанасці.
15

Ці заўважаеце вы выпадкі гендарнай дыскрымінацыі?

Прайдзіце тэст, каб праверыць сябе.

1 / 7

  1. Ці патрэбны ў Беларусі закон аб хатнім гвалце?

2 / 7

Што вы адчуваеце, калі сустракаеце выразы кшталту «прыгожая палова чалавецтва» ці «слабы пол»?

3 / 7

У медуніверсітэт на бясплатнае навучанне на анэстэзіялогію 9 месцаў для мужчын і адно для жанчын. Што скажаце?

4 / 7

У Беларусі ліквідаваныя ўсе жаночыя НДА і цяпер вырашэннем праблемаў займаюцца дзяржарганізацыі, якімі кіруюць мужчыны. Што думаеце пра гэта?

5 / 7

Жанчыны спраўляюцца з кіруючымі пасадамі горш, чым мужчыны. Ці праўда?

6 / 7

Ці згодныя з тым, што мужчына, які плача, выглядае менш мужным?

7 / 7

Справа не ў тым, што жанчын пазбаўляюць правоў, а ў тым, што яны самі не жадаюць быць больш бачнымі. Праўду кажу?

Your score is


Тэкст: Саша Камко
Фота: DS stories

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 10

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x