Прывітайце ДазХіп ― медыя пра ґендар і сэксуальнасьць 

ІнклюзіяГендар
5
(2)

У лютым зьявілася новае беларускае мэдыя пра ґендар і сэксуальнасьць ― ДазХіп. Стваральні_цы кажуць, што праэкт павінен стаць «новай пляцоўкай для акумуляцыі ведаў, правоў, магчымасьцяў ЛГБТК+ людзей у Беларусі й за яе межамі».

 Сачыць за праэктам можна ў сацсетках:  Instagram, Telegram, TikTok

Стварэньне праэкту стала рэакцыяй на спыненьне працы разнастайных мэдыя, якія пісалі пра ґендар і сэксуальнасьць у вапошнія годы. Самае вядомае зь йіх ― MAKEOUT. Вядомы квір-фемінісцкі антыдыскрымінацыйны праект закрыўся напрыканцы 2021 года. ДазХіп пішуць, што іх «турбуе сытуацыя, у якой ЛГБТК+ людзі зноў становяцца нябачныя ў гістарычным пэйзажы, а іх унёсак у любыя зьмены размываецца, быццам яго й няма».

Дарэчы, па зьвесткам ILGA Europe ― міжнароднай няўрадавай арґанізацыі, якая абараняе правы ЛГБТК+ кам’юніці ― Беларусь займае пятае месца з канца ў рэйтынгу правоў ды магчымасьцяў ЛГБТК+ людзей у Эўропе. Ніжэй у рэйтынгу толькі Азэрбайджан, Турэччына, Армэнія ды Расея. У 2022 гаду Беларусь атрымала толькі 12 балаў са 100, а пяць год таму ў нас было 14.

У дакладзе ILGA Europe таксама ўзгадваюцца прыклады дыскрымінацыі ды зьнявагі ў бок прадстаўні_ц ЛГБТК+ у беларускіх дзяржаўных мэдыя. У кастрычніку 2022, напрыклад, ґенэральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа Зьміцер Шаўцоў заявіў па тэлевізьзі, што аднаполыя адносіны ― гэта псыхічнае захворваньне і што нетрадыцыйныя каштоўнасьці прапагандуюцца праз мультфільмы й падлеткавыя фільмы.

Атрымліваецца, што ў мэдыйнай прасторы, з аднаго боку, зачыняюцца і блякуюцца актывісцкія ды праваабарончыя праэкты, якія пішуць пра праблемы й цяжкасьці ЛГБТК+ людзей у Беларусі й за межамі. З другога боку, дзяржаўныя СМІ ўсё часьцей дазваляюць сабе выкарыстоўваць мову варожасьці ў дачыненьні ЛГБТК+ людзей.

Увогуле стаўленьне інстытутаў улады да квір-кам’юніці становіцца ўсе больш напнутым. Дэпутат_кі ды грамадзкія праўладныя дзеяч_кі ўсё часьцей гавораць пра вартасьць зьяўленьня ў Беларусі, па прыкладу Расеі, закона аб забароне так званай «прапаганды нетрадыцыйных каштоўнасьцяў».

Зараз кожная чацьвертая публікацыя на тэму ЛГБТК+ мае праявы мовы варожасьці. Да палітычнага крызісу 2020-га году мова варожасьці сустракалася толькі ў 15% публікацыяў ― так кажа маніторынг мовы варожасьці ў дачыненьні да ЛГБТК+ ад арганізацыі «Журналісты за талерантнасьць». Згодна гэтаму ж дасьледваньню толькі 35% матар’ялаў, дзе ўзгадваецца квір- ды транс-супольнасьці, акрэсьляюць жыцьцё й становішча ЛГБТК+ людзей у Беларусі.

Менавіта гэтыя праблемы сёньня стаяць перад беларускімі мэдыя, якія пішуць пра і для ЛГБТК+ людзей, у тым ліку перад ДазХіп. Ужо сёньня на сайце праэкту можна знайсьці складанку фільмаў на тэму фэмінізму, ґендэра й ідэнтычнасьці, артыкул пра новыя ЛГБТК+ тэрміны, успаміны й уражаньні беларусаў аб прайдах 2022-га году. Як пішуць сябр_оўкі праэкту,  «у першую чаргу мы канцэнтруемся на падзеях, якія адбываюцца цяпер і могуць паўплываць на будучыню; ґероях, якія даюць падставы для глыбокіх разважаньняў; зьявах, якія хочацца апісаць і як сьлед зразумець, каб мацней зацэмэнтаваць іх у падмурак агульнай рэальнасьці. Нам цікава ўсё, што хаваецца за спалучэньнем літар ЛГБТК+ Беларусі». 

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць