Што патрэбна, каб гарады ў Новай Беларусі сталі сучаснымі і камфортнымі? Першыя крокі да змен

Інклюзія
5
(6)

Адразу адзначым, што Новая Беларусь — гэта не поўнае зруйнаванне той, «Старой» Беларусі, накшталт «разбурым дашчэнту, а потым Мы наш, Мы новы свет пабудуем…». Гэта пра іншае. У гэтым артыкуле пагаворым пра дэцэнтралізацыю гарадоў і чаму гэта важна, пра гарадскія каштоўнасці і шматбаковае разуменне інклюзіі, а таксама пра новую сістэму планавання гарадоў.

Новая Беларусь, з пункту гледжання ўрбаністыкі — гэта краіна, дзе гарады пабудаваны, улічваючы патрэбы людзей. Каб абмеркаваць, якімі яны могуць стаць і колькі часу на гэта спатрэбіцца, мы запрасілі да размовы экспертку з Менскай Урбаністычнай Платформы — прафесіянальную архітэктарку, выкладчыцу і ўрбаністку.

— У апошнія гады ў многіх беларус_ак з’явіўся досвед жыцця ў іншых краінах. Там яны бачаць іншыя і нязвыклыя падыходы да горадабудаўніцтва і інфраструктуры. Таму хочацца пачаць нашу гаворку з такога пытання: што трэба зрабіць у першую чаргу, каб наблізіць беларускія гарады да камфортнага жыцця іх жыхар_ак?

— Каб адказаць, трэба закрануць розныя напрамкі, таму пойдзем паступова.  Горад — гэта такая сістэма, якая будуецца на спалучэнні дзейнасці некалькіх актараў. Гэта не толькі праекціроўшчы_цы, якія непасрэдна займаюцца гарадскім асяроддзем, але і пэўныя ўмовы, якія ўплываюць на тое, як гарады будуюцца.  Гаворка ідзе пра нормы і практыкі будавання, пра сістэмы кіравання гарадскімі прасторамі і бюджэтамі, пра адукацыю  ў галіне горадабудаўніцтва і г.д.

Таму, каб станоўча мяняць гарадскую прастору, патрэбны перагляд наступных маштабных рэчаў:

1. Дэцэнтралізацыя прасторы Беларусі

Зараз усе рашэнні ў галіне горадабудаўніцтва і ўладкавання тэрыторый прымаюцца ў Менску: тут фарміруюцца бюджэты ўсіх беларускіх гарадоў, аддаюцца загады па будаўніцтве новых дамоў і зносе старых і г.д. Мясцовыя ўлады іншых гарадоў не маюць да гэтага дачынення, а значыць, і адказнасці за размеркаванне фінансаў і прынятыя «зверху» рашэнні. Але чаму такая цэнтралізацыя шкодная? Якасная гарадская прастора — гэта адзін са сродкаў канкурэнцыі паміж гарадамі за людзей, за той самы інтэлектуальны капітал.  Такім чынам, калі ў нас няма дэцэнтралізацыі, то і ў гарадоў няма ні патрэбы, ні магчымасці паўнавартасна канкурыраваць паміж сабой і станавіцца больш прывабнымі для людзей, якія будуць развіваць гарадскую прастору і рабіць яе лепей.

Ідзем далей. Бюджэты фарміруюцца цэнтралізавана. Гарады ў Беларусі не атрымліваюць грошы, якія зарабляюць — усё ідзе ў сталіцу. Але калі мы паглядзім на прыклады іншых краін, дзе гарады кіруюць сваім бюджэтам самастойна, то ўбачым, што там адразу плануецца больш якаснае асяроддзе, каб туды прыехалі новыя людзі і развівалі яго, а мясцовае насельніцтва не з’ехала ў буйныя гарады.

— Ці ёсць яшчэ нейкія праблемы, звязаныя з існуючай сістэмай цэнтралізаванага размеркавання бюджэту?

— Ёсць. Зараз сістэма пабудавана так, што гарадскія ўлады не могуць пераразмяркоўваць грошы з аднаго праекта на іншы, дзе яны больш патрэбныя і іх магчыма было б выкарыстаць больш эфектыўна. 

Атрымліваецца так: гораду вылучылі нейкую колькасць сродкаў на пэўны напрамак, напрыклад, на дзіцячыя пляцоўкі. Уявім, што ўлады горада, кіруючыся больш эфектыўным падыходам, сэканомілі частку гэтай сумы. Калі б горад сам размяркоўваў свае сродкі, то ён мог бы направіць захаваныя грошы на іншую дзейнасць. Але не ў нашым выпадку. У Беларусі будзе так: у наступным годзе гораду вылучаць менш грошаў на гэтую дзейнасць, бо «бюджэт быў не засвоены ў поўным памеры», што значыць, «гораду столькі не патрэбна».

Такім чынам, у гарадскіх уладаў няма задачы эканоміць сродкі і больш эфектыўна імі карыстацца. Калі б гарады былі дэцэнтралізаваныя, тады б на месцах больш думалі пра пошук найлепшых рашэнняў і магчымасці пераразмяркоўваць фінансы на развіццё іншых напрамкаў. Гарады былі б самастойныя.

Дэцэнтралізацыя і самастойнае размяркоўванне сродкаў — гэта штуршок да развіцця якаснага гарадскога асяроддзя.

2. Перагляд сістэмы горадабудавання

— Якая зараз роля гараджан_ак у планаванні горада?

— Пакуль што роля фармальная. Зараз жыхар_ак не ўключаюць у гарадскія пытанні, а проста інфармуюць: фармальна паказваюць ужо гатовы праект, на які амаль няма магчымасці сур’ёзна паўплываць.

 Але трэба больш глыбока ўключаць мясцовых жыхар_ак менавіта ў самі працэсы распрацовак.   Напрыклад, праводзіць воршкопы, дзе праекціроўшчыкі разам з жыхар_камі вырашаюць, як зрабіць двор больш зручным: якія сцежкі дадаць, дзе паставіць арэлі і лаўкі і г.д. Вось тады гэта будзе працаваць лепш, бо жыхар_кі — галоўныя эксперт_кі таго, як ім было б лепей жыць. А ўжо потым трэба далучаць эксперт_ак па транспарце, экалогіі, дызайне і г.д. Канешне, роля праекціроўш_чыц таксама вельмі важная, бо яны ведаюць, як ператварыць пажаданні жыхар_ак у рэальны праект.

— Ці ёсць у дзяржаўных установах такія эксперт_кі, якія камунікуюць з мясцовымі жыхар_камі на стадыі распрацоўкі праектаў?

— У Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва («БелНДІПгорадабудаўніцтва») былі пэўныя спецыяліст_кі. Яны праяўлялі ініцыятыву, прыязджалі ў гарады (за што ім не даплачвалася дадаткова) і размаўлялі з жыхар_камі, мясцовымі актывіст_камі і ўладай. Гэта дапамагала ім лепш зразумець горад, улічыць пэўныя праблемы, якія маглі быць не заўважныя на першы позірк, і як вынік зрабіць якасны праект. 

Але адзначу, што сістэмна гэта ніяк не замацавана: ні ў практыках, ні ў нарматывах, ні на ўзроўні заканадаўства. А гэта магло б палепшыць агульную сітуацыю. Бо ўявіце, калі вы з Менску і праектуеце нешта для Гародні, то як яшчэ даведацца пра штосьці важнае для жыхар_ак гэтага горада.

Ёсць яшчэ якія хібы ў сістэме горадабудавання, якія трэба пераглядзець?

— Мала часу і сродкаў на якасныя распрацоўкі праектаў. Засталася састарэлая сістэма падліку кошту распрацоўкі праектаў планаў горада на наступныя 10-20 гадоў. Яна яшчэ з савецкіх часоў, калі планавалася, што ўсе гарады будуць расці, жыхар_ак будзе станавіцца больш і г.д. Па сутнасці, так у нас працуе толькі Менск, а практыкі засталіся, і іх трэба пераглядзець.  Увогуле, гэта адна з нашых вялікіх праблем: не гнуткая сістэма планавання. 

Яшчэ трэба пераглядзець працу паміж самімі інстытутамі. Там няма канкурэнцыі. У нас ёсць дзяржаўныя і паўдзяржаўныя інстытуты, якія займаюцца планаваннем гарадскіх прастораў. Яны не канкурыруюць паміж сабой за больш якасныя праекты, за пошук лепшага рашэння.

— Калі няма канкурэнцыі, то што рабіць у такой сітуацыі: ствараць новыя арганізацыі ці паляпшаць адукацыю спецыяліст_ак? Колькі часу на гэта спатрэбіцца?

— Спецыяліст_ак у нас хапае. Большасць праблем сыходзіць не з таго, што спецыяліст_кі «дрэнныя», трэба наўпрост шукаць новыя веды, змяніць прызму бачання, праз якую мы глядзім на ўсе працэсы.

Іншымі словамі, можна пакінуць тыя інстытуцыі, якія ёсць зараз, але трэба крыху перавучыць спецыяліст_ак. Там заўсёды былі людзі, які абралі менавіта дзяржаўныя ўстановы, а не прыватныя архітэктурныя бюро, таму што хацелі станоўчых змен. Праблема ў агульнай сістэме і падыходзе да горадабудавання.

Інстытут — гэта не сістэма горадабудавання, гэта арганізацыя, якая стварылася ва ўмовах горадабудавання. Яна існуе такім чынам таму, што такія ўмовы. Калі зменяцца ўмовы — зменяцца і падыходы.

Цяжка адказаць, колькі гэта зойме часу. Трэба глядзець кожны кірунак асобна:

  • паглядзець, дзе мы знаходзімся зараз,
  • прааналізаваць сітуацыю, 
  • зразумець, якія ў нас ёсць рэсурсы: інтэлектуальныя, матэрыяльныя,
  • вызначыць, да якой кропкі мы хочам дайсці і які наш першы крок. Ён патрэбны, каб закрыць базавыя пытанні. 

І вельмі важна адразу прадугледзець грамадскі ўдзел, тады справа пойдзе хутчэй і лепей.

3. Фарміраванне базавых гарадскіх каштоўнасцяў

— На якія каштоўнасці трэба абапірацца, каб зрабіць гарады лепшымі для людзей?

— Было б вельмі добра прааналізаваць нашы гарадскія прасторы на такія базавыя каштоўнасці як:  інклюзіўнасць, разнастайнасць, камфорт, бяспека, экалагічнасць, удзел людзей у гэтых прасторах, якасць гэтых прастораў і інш.  Калі мы ўключаем у працэс планавання гарадской прасторы жыхар_ак, то яны і робяць лепшыя прапановы для сябе. Кожн_ая агучыць прыярытэты, якія неабходныя для камфортнага жыцця.

А ўжо далей можна выбудоўваць новыя практыкі і тэсціраваць іх: працуюць яны ці не працуюць у нашых умовах. На гэта патрэбна шмат часу. Гэта даволі доўгі час перабудовы. Нельга проста скапіраваць гарадскія рашэнні іншых краін. Трэба яшчэ ўлічваць мясцовыя асаблівасці, кантэкст і тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца жыхар_кі гэтых гарадоў.

Мы павінны адаптавацца пад новыя ўмовы. Вось зараз, напрыклад, галоўная праблема — гэта сістэма планавання, і нам трэба знайсці спосабы, каб яе вырашыць. Потым ідзём далей, і так крок за крокам.

— Вы згадалі пра інклюзію і разнастайнасць. Можаце больш падрабязна патлумачыць, што гэта значыць у кантэксце горадабудаўніцтва і як гэта ўключыць у гарадское асяроддзе?

— Гэта важнае пытанне. Яшчэ адзін з кірункаў працы і адукацыі — змяніць прызму, праз якую ўсе ўспрымаюць інклюзіўнасць. Бо гэта не толькі пра безбар’ернае асяроддзе. Гэта ўвогуле пра тое, каб людзі, якія апынуліся ў пэўных жыццёвых сітуацыях, маглі выконваць свае штодзённыя задачы.

Фізічная мабільнасць — гэта пэўны спектр, бо ёсць чалавек на вазку, якому цяжка перасоўвацца па горадзе; і ёсць той ці тая, хто злама_ла нагу; ці дзяўчына, якая стамілася ісці на высокіх абцасах. Для кожна_й патрэбна зручнае перасоўванне па горадзе. Калі, напрыклад, у чалавека няма рукі, ці ён/яна трымаюць дзіця або цяжкія торбы з крамы, то рукі заняты ў любым выпадку і імі немагчыма карыстацца.

І вось калі мы пачнём успрымаць інклюзіўнасць значна шырэй — як нейкія жыццёвыя сцэнарыі і сітуацыі — тады мы будзем больш эмпатычнымі і зможам інакш планаваць гарады, рабіць іх зручнымі для ўсіх.

У нас улічваюцца асаблівасці па перасоўванню, па зроку, па слыху, а вось нейкія нейраатыпічныя ментальная спектры не ўлічваюцца. Ці менш тыповы прыклад: чалавеку псіхалагічна цяжка з’явіцца ў люксавай, суперзаможнай прасторы. Альбо наадварот: непрыемна, бо падаецца, што прастора крыміналізавана. Мы ўсе розныя, і нашы пажаданні, штодзённыя патрэбы і перспектывы развіцця можна ў тым ліку вырашаць сродкамі горадапланавання.

Таксама важная наша беларуская кантэкстуальнасць, нашы асаблівасці. Беларускія асаблівасці — гэта асаблівасці тых людзей, якія жывуць у Беларусі (гэта не пра «Беларусь для беларусаў», ці нацыянальны каларыт у архітэктуры). 

Патрэбны ўлік ужо існуючай інфраструктуры і архітэктуры, таму што мы не можам зруйнаваць усё і пабудаваць новыя гарады. Мы працуем з наяўнай базай. Вось гэта і ёсць беларускі кантэкст. Таму што выпрацоўваць свой уласны архітэктурны стыль, напрыклад, народны,  гэта таксама можа быць дыскрымінацыяй для мігрантаў, лічбавых качэўнікаў і інш.  Народны стыль можа добра аб’яднаць прастору, аднак Беларусь — краіна са складанай гісторыяй, таму абагульняць беларус_ак пад адзіны стыль было б не лепшай ідэяй. Трэба захаваць нашы тэрытарыяльныя асаблівасці і адрозненні лакальных ідэнтычнасцяў. Напрыклад, у нас ёсць Палессе, са сваёй гісторыяй, прыродай і архітэктурай. Калі мы будзем выпрацоўваць стылі на базе лакальнасці, а не толькі з улікам агульнай нацыянальнасці, то гэта будзе больш інклюзіўна і якасна ствараць сувязь людзей з месцам, незалежна ад іх паходжання.

Было б добра, нягледзячы на складанасць.

— Гэта заўсёды складана, бо гаворка ідзе пра медыяцыю і камунікацыю. У гэтым пытанні трэба дамаўляцца з рознымі бакамі. Але гэта таго каштуе.

Каб у нас сапраўды ўсё гэта працавала, трэба ўводзіць пэўныя рэгламенты і практыкі як абавязковыя. Напрыклад, воднае праектаванне з улікам водных ападкаў. Прыглядзецца да прыкладу зялёных дахаў у іншых краінах. Таксама больш карысным для экалогіі з’яўляецца рэдэвелапмент, а не будаванне новых раёнаў. Перапрацоўка і перабудова ўжо існуючай інфраструктуры. Папулярызацыя сярод насельніцтва пешаходнага перасоўвання і карыстанне грамадскім транспартам. Біяразнастайнасць, таму што ў нашых гарадах раслінны свет не вельмі багаты і г.д.

Калі мы будзем гэта ўлічваць, то і нашыя населеныя пункты будуць куды больш камфортнымі і прывабнымі для сваіх жыхар_ак. І тады не будзе патрэбы пры першай магчымасці з’язджаць у сталіцу ці іншыя буйныя гарады.


Размову вяла Марыйка Арлова

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x