Гісторыя Евы, у якой было 9 спроб самагубства і якая даведалася пра свой дыягназ дзякуючы «Шэрлаку»

ІнклюзіяАсобы
Подкаст_выпуск 6
5
(3)

Ева — маладая персона з Менска, у якой у вельмі малым узросце пачалі праяўляцца сімптомы дэпрэсіі. Пазней Ева прайшла і праз сэксуалізаваны гвалт, і праз жорсткі булінг у школе, і была вымушана развітацца з прафесіяй, аб якой  марыла з дзяцінства. У падкасце Іншыя гісторыі мы размаўляем з Евай аб яе дзяцінстве, дзевяці спробах самагубства, пошуку адказа, што з ёй адбываецца, вымушанай эміграціі і аб тым, як яна зараз дае з гэтым усім рады.

Слухаць падкаст на Mave, Cast.box, Spotify, YouTube, Apple Podcasts.


«Почему у здоровых родителей двое детей оказались больны аутизмом, сказать не может никто. Болезнь, которая к двум словно превращает маленького человека в жителя другой планеты. По мировой статистике с такой особенностью рождается каждый 68-й ребенок».

Урывак з рэпартажу ОНТ ад 10 кастрычніка 2016 года «Первый в Беларуси центр поддержки семей, воспитывающих детей с аутизмом, открылся в Минске»

Дык усё ж такі гэта захворванне ці асаблівасць? Міжнародная Класіфікацыя Хвароб 10-га перагляду (якая ўжо дзейнічала ў 2016 годзе) не вызначае аўтызм як захворванне. Доказная медыцына кажа пра спектр разладаў уласна аўтыстычнага спектру, то бок пра шэраг разнастайных разладаў, якія характарызуюцца трыма асноўнымі прыкметамі: 

  1. у людзей з аўтызмам узнікаюць цяжкасці з сацыяльнымі сувязямі, 
  2. у іх абмежаваныя інтарэсы, 
  3. а яшчэ ў іх ёсць нейкія пэўныя паводзіны, якія яны часта паўтараюць. 

Аднак гэта такі вонкавы погляд на людзей з аўтызмам. Маўляў, якія яны дзіўныя: не сацыяльныя, цікавяцца толькі некалькімі рэчамі і ўвесь час паўтараюць адныя і тыя ж дзеянні. 

У большасці рэпартажаў пра людзей з аўтызмам, якія я глядзела, расказваюць, як цяжка родным і блізкім з гэтымі людзьмі. Але мала хто кажа, як цяжка людзям з аўтызмам. 

Шмат якія людзі з аўтызмам перажываюць складанасці з канцэнтрацыяй, высокую чуллівасць да гукаў і тактыльных адчуванняў. Некаторым людзям з аўтызмам вельмі складана ўсталёўваць блізкія сувязі. Некаторым — адаптавацца да любога кшталту змен, і нават малейшыя змены планаў могуць выклікаць бурлівую эмацыйную рэакцыю. 

Я ўвесь час кажу «у некаторых», бо ўсе людзі розныя (вось гэта адкрыццё!). І ўсе людзі з нейраадрознасцю — таксама розныя. Ва ўсіх ёсць свае асаблівасці характару, звычкі, свае дыягназы і ментальныя разлады, якія будуць таксама ўплываць на якасць жыцця. 

Шмат якія людзі з аўтызмам сутыкаюцца яшчэ і з дэпрэсіямі. Так здараецца не ў апошнію чаргу дзякуючы сацыяльным фактарам: цяжка жыць у асяроддзі, дзе твае патрэбы не ўлічваюцца. Да таго ж у Беларусі ёсць вялізныя праблемы з дыягностыкай такога кшталту асаблівасцяў. Таму даволі часта бацькі і настаўні_цы дзяцей з аўтызмам думаюць, што яны проста лянівыя, непаслухмяныя, няўважлівыя. Гэтую думку яны транслююць дзецям з аўтызмам і ўсім. Ад гэтага дзеці з аўтызмам адчуваюць сябе проста жудасна, а дзеці навокал могуць пачаць іх буліць. 

Да таго ж у свеце сацыяльна актыўных людзей, гучнай музыкі і каляровай бліскучай рэкламы, людзі з аўтызмам могуць хутка стамляцца, але, зноў жа, не знаходзяць разумення ад людзей, якія нармальна сябе пачуваюць з усімі гэтымі спецэфектамі. 

Хаця звычайна цяжка сказаць, што менавіта стала прычынай трывожнага, ці дэпрэсіўнага, ці іншага ментальнага разладу. Відавочна, што жыццё з тымі складанасцямі, з якімі сутыкаецца чалавек з аўтызмам (асабліва калі не ведае пра тое, што ў яго ці яе аўтызм, і што з гэтым можна рабіць) спрыяе дэпрэсіўным станам. 

Сённяшняя гераіня — Ева, дзяўчына з аўтызмам і дыягнаставаным дэпрэсіўным разладам

А яшчэ яна зрабіла некалькі спробаў самагубства: каля дзевяці, Ева сама дакладна не можа ўспомніць. 

А мяне завуць Дар’я Гардзейчык. Вы слухаеце падкаст «Іншыя гісторыі».

Маё сцэнічнае імя — я сёння буду прадстаўляцца менавіта ім — гэта Ева. Займеннікі, калі гэта важна, — яны, яе. Ідэнтыфікую сябе гендарна-флюіднай персонай.

Памятаеце, што значыць «гендарна-флюідная персона»? Гэта персона, чыя гендэрная ідэнтычнасць ці самавыяўленне могуць змяняецца напрацягу жыцця. Больш падрабязна мы пра гэта расказвалі ў гісторыі Поллі

Я першапачаткова з Менска. Зараз ужо амаль год, напэўна, жыву ў Вільні. Гэта амаль родны для мяне горад. Я напалову летувіска, бавіла вельмі шмат часу тут у дзяцінстве, нават збіраліся з сям’ёй пераехаць, але не атрымалася. І я па факце проста вярнулася на другую радзіму. Да гадоў васьмі-дзевяці я гадавалася ў поўнай сям’і, потым бацька вымушана пакінуў Беларусь. Вярнуўся гады праз паўтары, і яны з маці развяліся. Далей я расла з маці і малодшым братам. Я бы не сказала, што ў мяне дужа праблемная сям’я. Але ў мяне было дастаткова траўматычнае дзяцінства. Бацька вельмі шмат піў, а маці намагалася цягнуць на сябе і бацьку-алкаголіка, і нас з братам: у нас з малым розніца — чатыры гады. Ну і плюс я праблем дадавала, таму што ў мяне быў поўны букет ментальных хваробаў, і відавочна я была дзіцёнкам максімальна не простым. 

Мой ментальны стан, мне здаецца, заўсёды быў у нейкім мінусе, у такім разладзе, таму што першыя думкі пра смерць у мяне з’явіліся гадоў у пяць. Гэта эпізоды, якія я памятаю ўрыўкамі: я магла прыйсці да маці пасярод ночы — я вельмі часта не спала ўвогуле: у мяне хранічная бессань — і такая: лепей бы я не нараджалася, я хацела бы памерці. Я вельмі рана пачала выбачацца за сваё ісанванне, за праблемы, якія я нібыта дастаўляла. Напрыклад, я захварэла, маці з-за мяне ноч не спіць, я потым выбачаюся, што вось гэта праз мяне, лепей бы мяне ўвогуле не было, ад мяне адны праблемы. Але вось каб гэта прывівалася да мяне, што я праблемная, што клапаціцца пра мяне — гэта нейкі цяжар — такога я не памятаю. Напэўна, мне такога ніколі і не казалі, проста яно ад некуль з’явілася.

Як маці рэагавала на заявы малой Евы, што яна не хоча жыць і ад яе адныя праблемы?

Памятаю толькі адзін раз, калі бацька прыйшоў а чацвёртай гадзіне раніцы п’яны. Ці то ён сам дабраўся, ці то яго міліцыянты прывялі — не памятаю дакладна. Я тады прыйшла да маці. А гэта быў далёка не першы раз — гэта была дастаткова частая сітуацыя. Я кажу: лепей бы не нараджалася. І маці заплакала, абняла мяне і пачала маліцца. 

Да псіхіятаркі я дайшла дастаткова позна, таму што праз пэўныя спрэчкі ў сям’і ніхто не займаўся маім ментальным здароўем, асабліва, калі я была падлеткай. Але ўсё дзяцінства, наколькі я памятаю, з большага па аповедах маці, я хадзіла па тэрапеўтах, каб мяне сацыялізаваць і каб выявіць, што са мной. Я 2004 года нараджэння. Тэма аўтызма тады ўвогуле ледзь-ледзь падымалася. Я бы сказала, не падымалася ўвогуле. Было зразумела, што са мной штосьці не ў парадку, і маці аббегала ўсіх лекараў, якіх толькі магчыма, каб выбіць мне дыягназ СДВГ. 

СДВГ — гэта сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Такі разлад, пры якім чалавеку цяжка канцэнтраваць увагу, кантраляваць імпульсы, а гэта гіперактыўныя людзі. 

Потым былі нейкія тэрапеўты, штосьці мы з імі рабілі, нейкія гульні… Было штосьці накшталт груп для дзяцей па сацыялізацыі. Проста, каб мяне ў грамадства вывесці. Таму шта з гэтым відавочна былі праблемы. Пра аўтызм тады яшчэ ўвогуле размова не ішла. Да тэрапеўткі я патрапіла гадоў у 16 толькі, таму што маці ўбачыла парэзы на маім целе ўпершыню ў жыцці. Хаця на той момант я рэзала сябе ўжо досыць працяглы час. 

Што адбывалася ў той перыяд? У Евы быў вельмі цяжкі дэпрэсіўны эпізод. Пры рэкурэнтым (то бок такім, якое паўтараецца) дэпрэсіўным растройстве станы дэпрэсіі цягнуцца некалькі месяцаў, а потым само сабой надыходзіць паляпшэнне. І чалавек некаторы час адчувае сябе нармальна. Потым эпізод паўтараецца. Дык вось Ева лічыць, што ў яе дэпрэсіі такіх перапынкаў паміж эпізодамі ўвогуле няма.

Я бы не сказала, на самой справе, што гэта дэпрэсіўны эпізод. У мяне дэпрэсія заўсёды, проста было вельмі моцнае пагаршэнне. Я перастала хадзіць у школу, увогуле ўставаць, нечым цікавіцца. І маці мяне зацягнула да псіхалагіні і потым ужо атрымала накіраванне да тэрапеўткі. Потым я змяніла вельмі шмат тэрапеўтак, таму што амаль ніхто не хацеў за мяне брацца. Я прыходзіла на першую сэсію, каб проста тэрапеўтка азнаёмілася з маёй, так скажам, гісторыяй хваробы. І пасля таго, як я распавядала, часцей за ўсё клікалі маю маці і казалі, што за мяне не возьмуцца, таму што вялікая рызыка, што я проста памру, а гэта будзе на іхнім сумленні. Надта цяжкае ўсё, і яны самі не ведаюць, як мяне з гэтага выцягнуць. 

У Евы была вельмі цяжкая дэпрэсія. Акрамя таго ўвесь яе жыццёвы досвед не спрыяў аптымістычным прагнозам. Акрамя таго, што ў Евы быў бацька з алкагольнай залежнасцю, пэўныя ментальныя разлады з ранняга дзяцінства, ды яшчэ і булінг у школе. 

Вельмі жорсткі булінг

Былі моманты, калі гэта было не пару чалавек, якія з мяне здзекуюцца, гэта быў натуральна весь клас. Проста за тое, што я была не такой. Спачатку гэта былі пара дзяўчат, да якіх я на той момант — я была малая — хацела патрапіць у сяброўскую кампанію. Мяне відавочна не ўзялі, пачалі цкаваць. Потым гэта сапраўды быў весь клас, бо я была вельмі ранімай, вельмі лёгка было мяне давесці да слёз. Псавалі мае рэчы, цкавалі, «падстаўлялі» перад настаўнікамі. Я баялася хадзіць у школу. Класе ў сёмым-восьмым, асабліва ў восьмым, мяне ў школе білі. У шостым — збіраліся дзяўчаты за школай, і вось я выходзіла, яны мяне маглі падлавіць, адпінаць, у нейкі калючы куст кінуць, узімку хавалі мае пальчаткі, і прымушалі мяне ляпіць ім снежкі голымі рукамі. А я баялася сысці, бо натуральна іх вельмі баялася. Я гэта ўсё рабіла, потым у мяне былі адмарожаныя рукі, трэба было гэта неяк маці патлумачыць. Ну і плюс дзяцей правакавала тое, што я заўсёды была дастаткова дэпрэсіўнай. Раней казалі, што, тыпу, вось ты такая песімістка, з такімі ніхто не можа камунікаваць. Потым я зразумела, што ў мяне проста дэпрэсія была. Ужо. 

Я ўжо тады хацела памерці. Памятаю, быў эпізод: аднакласнікі сцягнулі з маёй шафы ў школе асабісты дзённік. Там было напісана пра тое, што я лічу сябе някчэмнасцю, што я бы на самой справе проста не існавала, я бы там пакончыла з сабой. Гэта быў клас пяты-шосты. Дзяўчаты распавялі ўсяму класу, потым мяне зноў жа цкавалі. 

У восьмым класе — гэта ўжо быў адзін дакладны чалавек — за любое слова не так мяне білі пад калені. І вось тады гэта ўжо дайшло да бацькоў, таму што былі ссадзіны і гематомы на нагах. І вось тады ўжо пачаліся разборкі. Але, што цікава, у гэта ўсё ніколі не ўмешваліся класныя кіраўнікі, настаўнікі. Усім было проста ўсё роўна. А з першага па чацвёрты, я лічу, што настаўніцы менавіта правакавалі цкаванне. Мяне маглі высмеяць за нейкія праявы — як я ўжо зараз разумею — аўтызму перад усім класам. Гэта была класная кіраўніца. Колькі гадоў прайшло, а я дагэтуль дзіка пакрыўджаная, проста не разумею, чаму, за што, да мяне так ставіліся. 

Быў нават момант, калі мяне пры настаўніцы аднакласніца ўдарыла пад калена, я ўпала. Відавочна, пад калені — гэта балюча. Калі настаўніца звярнула ўвагу, гэтая дзяўчынка сказала: ну вы на яе ўвагі не звяртайцеся, яна ў нас проста «актрыска». А ў мяне тэатральны бэкграўнд: я з трох гадоў на сцэне расла. Усе пра гэта ведалі, што я дзіцё тэатра. З таго, што я памятаю, я проста была такая не «ад міра сего». Я проста такая «дзяўчынка з зорак» была. Ну і плюс настаўніцы цкавалі за тое, што я не магла роўна сядзець. Мне трэба было 100-500 разоў перакруціцца на крэсле, ногі пад сябе засунуць, яшчэ што-небудзь. А ў нас за гэтым вельмі жорстка сачылі, я не ведаю чаму. Пару разоў — гэта было ўжо ў больш старэйшых класах, мо пяты-шосты — настаўніца магла прайсці, мяне ззаду па нагах пнуць. 

Плюс у мяне былі пэўныя гіперфіксацыі. Гіперфіксацыя — гэта ўвогуле для маёй маці была страшная тэма. Таму шта яна відавочна прам задалбывалася слухаць тры месяцы пра адну і тую ж тэму.  

Гіперфіксацыя — гэта такі стан, калі чалавек паглыбляецца ў пэўную тэму, зацыкліваецца на ёй, і яму ці ёй вельмі складана перанакіраваць увагу на іншы прадмет. 

Настаўніцы цкавалі, што вельмі шмат чытаю. Быў эпізод: у нас была школьная бібліятэка. Настаўніца ўзяла мой чытацкі білет. Там было запісана, напэўна, кніг пяць-шэсць за тыдзень. І яна мяне высмеяла, што я ілгунка, і прымусіла пераказваць усе гэтыя пяць кніг. А я сапраўды вельмі шмат чытала, таму што мне не падабалася ў рэальнасці. І гэта было прасцей. Плюс у мяне былі гіперфіксацыі на пэўнай серыі кніг.

Гэта ўсё былі жудасныя гісторыі пра школьны ўзрост, але асаблівасці Евы пачалі праяўляцца нашмат раней. 

Мяне было вельмі цяжка сацыялізаваць. Мяне прам за ручку бралі, выводзілі на пляцоўку, прыстаўлялі да нейкай кампаніі і казалі: вось яна цяпер з вамі, увечары забярэм.

Акрамя таго, Ева была вельмі прывязаная да маці

У больш ужо нейкім «дзіцячым дарослым» узросце — пяць-шэсць гадоў — маці магла выйсці ў краму на пятнаццаць хвілін, а ў мяне проста была гістэрыка. Я ўсе гэтыя пятнаццаць хвілін рыдала да хрыпаты. Пакінуць мяне на выходныя з бабуляй і дзядулем таксама было немагчыма. 

Ну і з сацыяльным кантактам было, канешне, складана. Напэўна, я перыядычна магла «ляпнуць» штосьці ці па-за кантэкстам, ці проста недарэчна. Таму што я і зараз не вельмі добра разумею ўсе гэтыя сацыяльныя штукі. Проста зараз я ўжо наглядзелася, як гэта рабіць. Тады — уяўляю, што гэта было. 

Каб неяк адключыцца ад усяго, што адбываецца навакол, Ева шмат чытала. А потым бясконца глядзела фільмы і серыялы. І не, гэта было не тое ж самае, як калі чалавек без аўтызма і іншых нейраадрознасцяў проста глядзіць 10 сезонаў серыяла за выходныя, таму што яму ці ёй гэта падабаецца. 

«Я ўпадала ў гіперфіксацыі»

Мне ў прынцыпе дастаткова камфортна сядзелася. Я пераглядала серыялы па 100-500 разоў, чытала і пісала фанфікі. У 13 я канчаткова «згубілася» ў дэпрэсіі. Я пачала пісаць гісторыі, дзе прататыпамі для сваіх персанажаў брала людзей з рэальнага жыцця і перапісвала сваё жыццё, як я хацела. Нібыта ўсё добра. Я памятаю, вельмі шмат сублімавала нейкія няўдалыя досведы ў тэкстах. Гэта ўсё распісвала, магла прыдумаць, што камусьці кармай усё вярнулася. 

Мяне ніхто не разумеў, не хацеў прыняць. 

«Я ўпала ў вельмі аб’юзіўныя, траўматычныя для мяне стасункі»

Гэты чалавек з’явіўся ў 13 гадоў у маім жыцці, потым знік, потым вярнуўся, неяк гэта дакацілася да стасункаў. І як толькі мы пачалі спаткацца, чалавек пачаў мяне знішчаць. Па факце, гэта скончылася сэксуальным гвалтам. Неаднакратным. У мой бок. І мне спатрэбілася амаль пяць гадоў, каб адпусціць. Зараз мне амаль 20. Я дагэтуль гэтага чалавека баялася. У мяне дагэтуль былі панічныя атакі, напрыклад, калі хтосьці пройдзе з такім жа адэкалонам. У мяне развіўся ПТСР, і стакгольмскі сіндром, і ў пэўны момант я вельмі абараняла яго, гэтую гісторыю ўтойвала. Вельмі хацела, каб ён вярнуўся. Потым узненавідзела, але, так ці інакш, мяне гэта «кашмарыла». І вось толькі пазаўчора я з гэтым чалавекам выпадкова сутыкнулася ў Вільні на вуліцы і зразумела, што мне не страшна, мне не балюча, нічога акром жадання плюнуць у твар, я не адчуваю што для мяне, канешне, перамога. 

Як бачым, Ева перажыла вельмі шмат разнастайнага гвалту ад вельмі розных людзей. Я звярнула асаблівую ўвагу на тую дзяўчыну, якая ўдарыла Еву па нагах, а потым назвала Еву актрыскай. 

Ева з дзяцінства была на сцене. Вось як гэта адбылося

Мяне аддалі ў тэатр, таму шта з маім СДВГ сказалі: «аддайце ў творчы гурток, дзе можна яшчэ і «пабясіцца», і будзе вам шчасце». Мяне аддалі ў тэатр, і гэтым здзейснілі вялізную памылку, таму што потым я ўсю сям’ю тэатрам затэрарызавала. 

Дэпрэсія не вельмі замінала тэатру, таму што, так як я вырасла ў гэтым асяроддзі, вырасла на сцэне, у мяне выбудаваліся прынцыпы працоўныя. Я магла тыднямі не хадзіць у школу, таму што мне блага, я не магу падняцца, але вось у тэатры рэпетыцыя, і я павінна там быць. Хадзіла ў тыя дні, калі проста магла ляжаць і плакаць. Хадзіла з тэмпературай 38, без голаса, з паламаным каленам, таму шта для мяне гэта было жыццё, гэта была культура. 

У той перыяд тэатр быў моцнай падтрымкай для Евы, а потым усё змянілася.

Тэатр мяне моцна падтрымліваў, але ён мяне ў выніку і забіў.

Але пра тое, што адбылося ў Евы з тэатрам, мы пагаворым трошкі пазней. А пакуль трэба пагаварыць пра самае цяжкае, але заканамернае ў яе гісторыі. Спробы самагубства. 

Калі адбылася першая спроба Ева дакладна не памятае

Я не памятаю дакладна, але мяркую, што гадоў у 16-17. Гэта была першая сур’ёзная спроба. Да гэтага было некалькі, але яны былі… не сказаць «несур’ёзныя», проста сваечасова злавілі за руку. Была ў 14 гадоў, калі я намагалася выскачыць з вакна, і мой маленькі брат у мяне проста ўчапіўся, сцягнуў мяне з падваконня — мы на восьмым паверсе жылі. І ў 15-16, калі я намагалася кінуцца пад машыну, і брат хадзіў за мной дзве гадзіны па раёне проста хвосцікам, таму што ведаў, што я пры ім не кінуся, я сабе не дазволю. Калі ўжо канчаткова выматалася, ён мяне дадому і вярнуў. Мне шчыра шкада майго брата. Я проста хачу выбачыцца перад ім. 

Як бы сказалі ў Твітары мае любімыя тролі, «сапраўдная» спроба была пазней. 17-18 — штосьці такое. У мяне быў вельмі цяжкі эпізод. Шмат фактараў адзін на адзін наклалася — я наглыталася снатворнага. Гэта не было нешта запланаванае. Яшчэ за 15 хвілін да гэтага я не думала, што пайду сябе забіваць. Я прымала ў пэўны момант снатворнае, пайшла піць яго перад сном і — таблетка за таблеткай, таблетка за таблеткай. 

Апошняе, што памятае з таго моманту — як я ляжу на падлозе, мне страшна, у мяне галюцынацыі. Я пісала тады сваёй дзяўчыне, што намагалася сысці з жыцця, наглыталася таблетак, у мяне галюцынацыі, мне страшна. І яна проста напісала: «добрай ночы, раніцай табе напішу». 

Раздуплілася гадзін праз 14. Напэўна, доза была проста недастатковая. Я асабліва яе і не разлічвала. Проста таблеткі глытала і глытала. Самае прыкольнае, ніхто нават увагі не звярнуў — я звычайна вельмі шмат сплю. Дзіўна, але акей. 

Пасля гэтага Ева пачала рэгулярна спрабаваць забіць сябе яшчэ і яшчэ

Ужо не памятаю, колькі іх увогуле было. Кожны раз стабільна я намагалася закінуцца нейкімі таблеткамі, памерці, і кожны раз штосьці не так. Напэўна, я гучу вельмі жалка, але забіць сябе я намагалася любым чынам. Я памятаю канкрэтныя трыгеры ў некалькіх сітуацыях, але гэта было ўжо недзе ў мае 19. 

У 18 — я проста ўвесь час тырчала дома. Гэта было паміж момантам, як я скончыла школу, і момантам, калі пачала хадзіць на працу. І мяне гэта дабіла, таму што ўвесь час дома, сяброў у мяне не было, нікуды не выбрацца, з дзяўчынай рассталася, на асабістым фронце не складвалася. Я проста гніла дома. Дэпрэсія мяне зжэрла імгненна. Дастаткова блізкі чалавек памёр, вельмі гаравала. Потым ужо было дзве спробы ўлетку. Пасля працоўнага карпаратыву ў мяне здарылася сітуацыя: да мяне дамагаўся хлопец плюс-мінус майго ўзросту. Ён мяне амаль распрануў, але там хтосьці ці то ўвайшоў у хату, ці штосьці такое. Спыніўся. А мяне гэта стрыгерыла так, што я прыйшла дадому і проста запіла кіпу таблетак віном. 

Другая такая спроба — гэта апошняя ў Менску была, калі мяне не ўзялі ў тэатральнае, што дагэтуль для мяне вельмі цяжкая і самая балючая тэма. Я падавалася тры разы, тры разы мяне не бралі. Я гарэла гэтым усё жыццё, а потым я пачала звяртацца да рэжысёраў навучальных тэатраў, тых, у якіх я служыла. І адна з рэжысёрак мне сказала: «ты недастатковая». А ў чым «недастатковая» не патлумачыла. А другая была некалі рэжысёркай нейкага з менскіх тэатраў. Сказала: «цябе не возьмуць, бо ты сфармаваная асоба, а туды патрэбныя людзі тыпажу “пластылін”». Ну і плюс праз тое, што я аўтычная, у мяне былі праблемы з камунікацыяй нават на іспыце. Я не заўсёды разумела, што ад мяне хочуць. Таму што давалі занадта мала кантэксту. Я без кантэксту часцей за ўсё проста не ўдупляю. 

Трэці раз мяне не ўзялі. Мы дамовіліся з маёй маці, што трэці раз — апошні, а потым я перастаю займацца фігнёй, таму што, калі я не паступіла ў першы раз, вырашыла не вучыцца — увогуле не ісці ва ўнівер. І што пасля трэцяга раза я здаюся і закрываю для сябе тэму тэатра. Пасля таго, што я пачула ад рэжысёрак, я зразумела, што ў тэатр ніколі не траплю. Тэатр мяне перажываў і выплюнуў. Гэта так і засталося марай жыцця, я не бачу сябе ні ў якой прафесіі акром як на сцэне, і я ніколі-ніколі-ніколі ўжо не буду граць у тэатры. Тут мяне жыццё, канешне, утаптала ў бруд.  

Пасля трох няўдалых спроб паступіць у тэатральнае Ева абрала іншую спецыяльнасць — рэжысёр і аператар кіно

Гэта канешне ж не тое. Я дзіка сумую па сцэне. Але ў тэатр не хаджу, таму што мяне накрывае гістэрыка з таго, што на сцэне акторы, і ніколі не буду я. Калі не думаць на перспектыву наступных сарака гадоў, то ў прынцыпе нібыта жыць можна. У мяне проста самы вялікі страх — гэта перад смерцю зразумець, што ніхрэна не самарэалізавалася. І хутчэй за ўсё такі момант у мяне будзе, калі я канчаткова не адпушчу тэатр. Але мая спецыяльнасць мне таксама падабаецца. Мне дастаткова цікава бегаць з камерай, у тэхніцы капацца. Я кіно люблю.

Паколькі Ева не бачыла сябе анідзе акрамя тэатра, яна не паступала ані ў які іншы ВУЗ, пакуль не скончыліся тыя тры спробы, якія яна дала самой сабе. Таму пасля школы яна пайшла працаваць. Працавала па прафесіі. Так, Ева мае прафесію. Майстар-візажыст. 

У 18 мяне прыстроілі — праз сувязі канешне ж — у вельмі круты салон у Менску, дзе я імгненна заняла добрую пазіцыю, таму што я сапраўды добра фарбую. Тут я ведаю, што я сапраўды кваліфікаваны майстар. І дзесьці паўгады да эміграцыі я адпрацавала візажысткай. 

Пакуль Ева працавала і ўсё яшчэ мела надзею паступіць у тэатральнае, яна рэгулярна наведвала лекарак, каб неяк даць рады са сваім ментальным станам. Гэта ўсё было даволі няпроста: доўгі час ёй не маглі паставіць дыягназ, падабраць адпаведную тэрапію. 

Ева прымала таблеткі, якія ёй не пасавалі. Ды і ўвогуле, тое, што ў яе аўтызм, высветлілася выпадкова

На пачатку мне хацелі ставіць біпалярнае, потым дыягназавалі ПРЛ…

Маецца на ўвазе біпалярна-афектыўны разлад. Пры біпалярным разладзе ў асобы эпізоды дэпрэсіі чаргуюцца з эпізодамі маніі або гіпаманіі. У маніі ў чалавека надзвычайна добры настрой, думкі пра ўласную непераможнасць і ўладальнасць, адчуванне, што ўсё прэўкрасна і ўсё атрымаецца. Гіпаманія падобна па сімптомах на манію, толькі яны не так яўна выражаныя. 

ПРЛ — гэта памежны разлад асобы. Людзям з памежным разладам асобы ўласцівыя імпульсіўнасць, цяжкасці з самакантролем, частыя змены настрою, высокая трывожнасць. Даволі часта людзі з памежным разладам прыбягаюць да самапашкоджанняў. 

Потым абсалютна выпадкова зразумелі, што гэта не біпалярнае і не ПРЛ, гэта аўтызм, які проста замаскіраваўся. Пакуль гэта зразумелі, вельмі шмат таблетак перабралі. 

Я чарговы раз пераглядала «Шэрлака», у мяне закралася думка, што штосьці ён на аўтычнага чалавека падобны. Пачала рэсёрчыць, даведалася пра высока функцыянальны аўтызм, пачытала пра яго. Думаю, штосьці вось падобнае на мяне. Патэлефанавала сваёй псіхіятарцы. Кажу: «дайце, калі ласка, медычныя тэсты на дыягностыку аўтызму». Яна мне ўсё скінула, я прыходжу да яе з вынікамі, яна такая: «у цябе не ПРЛ, мы твой аўтызм не заўважылі!».

То бок, па факце, калі гісторыю максімальна скарачаць, я даведалася, што ў мяне аўтызм, праз Шэрлака. 

Цяпер, калі з дыягназамі Евы ўсё зразумела, яна прымае антыдэпрэсанты ад дэпрэсіі, ходзіць на псіхатэрапію. Але і з таблеткамі, і з псіхатэрапіяй ёсць пэўныя складанасці

Прымаю антыдэпрэсанты. І нават на антыдэпрэсантах усё роўна бывае, што ў нейкія цяжкія станы завальваюся. Я дагэтуль магу сабе шкодзіць. Нягледзячы на тое, што я на антыдэпрэсантах. І гэта вельмі добра разбівае міф, што гэта таблетачкі шчасця, тыпу, прымаеш, і ў цябе ўсё крута. 

Гэта дапамагае мне быць больш стабільнай, але я дагэтуль магу сабе нашкодзіць. У мяне было пару спробаў ужо ў эміграцыі. Скажам, дзве з паловай. Трэцяя — была дзіўнаватая. І гэта я была на вышэйшай дозе сваіх антыдэпрэсантаў. Я прынамсі не рыдаю па паўдні, і я хоць трошкі, але сплю, таму што раней я не спала… Дзве прычыны. Па-першае тое, што я толькі выключала святло, я пачынала рыдаць так, што проста задыхалася. І гэта было кожную ноч стабільна. Зараз я ўвогуле плакаць не магу, дзякуй таблетачкам.

З псіхатэрапіяй у мяне было трошкі горш, чым магло быць, таму што я, выбачаюся за выраз, распіздзяйка. Забываю запісацца, магу не хадзіць два месяцы. У моманты, калі я пастабільней сябе адчуваю, магу падумаць, што мне ўжо не трэба. Потым такая: «бля, трэба». 

Я хаджу на псіхатэрапію ўжо амаль год да адной вызначанай тэрапеўткі. Ужо знайшла, да каго прыстроіцца. Тэрапія сапраўды вырашае мае пытанні. Маё РХП зрабілася лепей.  

РХП — гэта растройства харчовых паводзінаў. Да РХП адносяцца булімія, анарэксія, кампульсіўнае пераяданне і іншыя станы, звязаныя з прыёмам ежы і ментальнымі складанасцямі вакол гэтага.

Вось залячылі нядаўна ўсе мае траўмы, звязаныя з гвалтам у 15, і ў прынцыпе з тым чалавекам. Чатыры гады не магла нармальна жыць. Зараз у гэтым плане я ўжо цалкам здаровая. 

Якія інсайты вынесла Ева з тэрапіі

Людзі заўсёды будуць штосьці пра цябе думаць, не заўсёды штосьці добрае, але якім чынам цябе гэта характаразуе? У мяне быў пункцік наконт таго, што мне вельмі шмат розных гадасцяў казалі. Булінг у школе і мой «цудоўны» першы ў жыцці былы забілі самаацэнку проста ў нуль — я сябе не лічыла чалавекам вартым чалавечага стаўлення. Часцей за ўсё, калі да мяне ставіліся проста па-чалавецку, я пачынала рыдаць, таму што я не прывыкла. Потым я зразумела, што пра мяне думаюць людзі, і тое, як яны сябе паводзяць у дачыненні да мяне ці ў кантэксце ўзаемадзеянняў са мной, мяне не характарызуе абсалютны ніякім бокам. Іхняя нянавісць — іхнія праблемы. Я тут прычым? 

Калі на меркаванне людзей навокал сапраўды можна «забіць», то ад меркавання інстытуцый мы, на жаль, нікуды не дзенемся. Са школы памятаю, як нам расказвалі настаўнікі і настаўніцы, што падлеткаў пасля няўдалых спроб самагубства ставяць на ўлік. 

Які досвед у Евы ў сэнсе ўзаемадзеяння з беларускай дзяржавай пасля яе спроб самагубства

Я не траплялася. І намагалася ўсё абставіць так, каб калі атрымаецца, то як бы ўжо атрымаецца, ужо будзе пофіг. Тыпу, прабачце, памерлага ніхто не паставіць. А калі не атрымаецца, то каб гэта прайшло максімальна ціха, мяне нікуды не адвозілі. 

Праз тое, што я была і застаюся ментальна хворай, у мяне было дзесьці такое ж атачэнне — ментальна хворае. Зараз я ужо, канешне, іншых людзей абіраю. Наглядзелася я рознага. І як людзей «упякалі» ў Навінку, і яшчэ што. І я вырашыла, што мне вось такога не трэба. Таму я больш хітра да ўсяго ставілася. Але відавочна, калі чалавека ў нас, наколькі я ведаю, ратуюць пасля спробы самагубства, ён кладзецца ў лякарню. У мяне чалавек у жыцці быў: дзяўчына ўскрыла вены, трапіла ў рэанімацыю, з рэанімацыі адразу, не заязджаючы па рэчы, у Навінкі. З таго, што я чула, гэта вельмі розныя водгукі. Хтосьці кажа, што «сапраўды “мазгі ўправілі” і дапамаглі». Хтосьці — што «гэта быў кашмар, да ложкаў прывязвалі, ставіліся проста як да жывёлаў. І ні ў якім разе ніколі туды не кладзіся».   

Не ў першы раз заўважаю, што на псіхіятрычныя шпіталі ў Беларусі вельмі розныя водгукі. Напрыклад, пра гродзенскі цэнтр «Псіхіятрыя-Наркалогія» я чула і вельмі станоўчыя, і вельмі адмоўныя водгукі. Дапускаю, што гэта залежыць ад чалавечага фактара: якое менавіта гэта было аддзяленне, хто менавіта лекар ці лекарка, медсястра ці медбрат і гэтак далей. 

Беларуская псіхіятрыя вартая асобнага падкаста. Як і стаўленне беларускага грамадства да людзей з ментальнымі растройствамі і нейраадрознасцю. 

Ці бывала, што людзі змянялі да Евы стаўленне, калі даведваліся, што ў яе аўтызм

Калі фармулявала гэтае пытанне, я сказала нешта накшталт «напрыклад, ты кажаш: “добры дзень, у мяне аўтызм”»

Вось ты сказала: «добры дзень, у мяне аўтызм». На самой справе перыядычна гэта так і адбываецца, таму што ў мяне дагэтуль праблемы з тым, калі і што трэба казаць. Нявельмі разумею, калі дарэчна, калі — не. І калі я пераехала — я жыву ў інтэрнаце пры ўніверсітэце — тут вельмі шмат незнаёмых людзей, і першым жа фактам пра сябе пры знаёмстве выдавала, што ў мяне аўтызм. Але ў прынцыпе гэта спрацоўвала, таму што людзі потым проста ўжо ведалі, што са мной, і напэўна не лічылі мяне вар’яткай. 

Рэагуюць дастаткова нейтральна. Я бы сказала так: тут ужо ў інтэрнаце былі розныя гісторыі. Мне аднойчы на тое, што ў мяне аўтызм, сказалі: «ой, прабач, я не ведаю, як на такіх людзей, як ты, рэагаваць». Канешне, трапляюцца сітуацыі, калі нават сярод сваіх беларусаў я магу пачуць слова «аўтыст» у якасці абразы. Вось гэта раніць, я магу разрыдацца. Нават калі там не ў размове са мной, а проста дзесцьі пачую, я натуральна магу заплакаць. Ну, ужо не магу. Ужо — таблеткі. 

Але з большага рэагуюць нармальна. 

Я раз-пораз з’яўляюся ў «інтэрнэціках» як медыйная персона. У пэўных сацсетках я больш адкрыта кажу пра свой дыягназ. Мне там перыядычна можа прыляцець, штосьці тыпу: «ты дэфектная». «Машына без дэфекта лепей, чым машына з дэфектам». Я думаю: нічога сабе. 

Іншае пытанне, што ніхрэна пра аўтызм не ведаюць. Вельмі шмат жартаў пра Шэлдана Купера, Шона Мёрфі з серыяла «Добры лекар». 

«Самая частая фраза, якую я чула ў адказ на свой аўтызм — гэта “ты не падобная да Шона Мёрфі”»

«З Шонам Мёрфі я пазнаёміўся, калі яму было 14. Ён быў і застаецца надзвычайным юнаком. Аўтызм. Складанасці з камунікацыяй. Геніяльныя здольнасці ў некалькіх абласцях. Ён бачыць тое, чаму не бачым мы, і аналізуе рэчы неспасціжным для нас спосабам».

Урывак з трэйлера серыяла «Добры лекар».

Масавая культура сапраўды даволі часта паказвае людзей з аўтызмам як людзей, якія не вельмі ўмеюць камунікаваць, неяк дзіўна занудна размаўляюць, але геніяльныя ў матэматыцы. 

Я намагалася паглядзець «Добрага лекара». Мяне з першай жа серыі трыгернула. Па-другое, я даведалася, што па серыяле ў яго ідэнтычны з маім дыягназ, таму што аўтызм — гэта не агульны дыягназ. Ён па спектры ёсць. У мяне, напрыклад, сіндром Аспергера, які ўжо зараз у цывілізаваным грамадстве так не называюць, таму што Аспергер быў нацыстам. Але па факце — высока функцыйны аўтызм. І калі я даведалася, што ў Шона Мёрфі такі ж самы дыягназ, я разрыдалася. Гэта максімальна гіпербалізаваны вобраз, і ў выніку думаюць, што абсалютна ўсе аўтычныя людзі вось такія. Ці вось як Шэлдан Купер. Увогуле на самой справе самай дакладнай рэпрэзентацыяй аўтызму ў серыялах я лічу Шэрлака — які BBC. Акром таго, што ён геній, і ўсё такое, але ў сваіх чалавечых праявах ён сапраўды падобны на аўтычнага чалавека. Там і ўзгадваецца, што ў яго аўтызм. 

Масавая культура не толькі дрэнна рэпрэзентуе людзей з аўтызмам, але робіць і яшчэ шмат дрэннага для людзей з нейраадрознасцю ці ментальнымі асаблівасцямі

Можа быць, вы памятаеце, недзе два гады таму ў YouTube разыйшоўся фрагмент з відэа псіхалагіні Ліны Дзіянавай. Яна рабіла псіхалагічны разбор інтэрв’ю, дзе гераіня сказала, што ў яе было некалькі спроб самагубства. Ліна пракаментавала гэта так:

«Шесть попыток, и ни одной удачной?! Это была попытка обратить на себя внимание!».

Ліну пасля гэтага шмат крытыкавалі, потым увогуле ўзніклі пытанні да яе адукацыі і дыпломаў. Але яна агучыла тое пытанне, якое можа ўзнікнуць у людзей не знаёмых з пытаннем. Насамрэч не мае сэнсу, якую канчатковую мэту пераследаваў чалавек, які ці якая глыталі тыя таблеткі ці рабілі яшчэ нешта небяспечнае. Яны знаходзяцца пад рызыкай памерці, і тут няма чаго абмяркоўваць. Я ведаю гісторыю жанчыны, якая 10 раз намагалася забіць сябе, і на 10-й раз у яе атрымалася.

Я гэтае відэа не бачыла, бо я не сяджу на Юцюбе. Але само выказванне гучыць максімальна неэтычна і абуральна. Гэта для такога чалавека, як я, напрыклад, можа быць вялізным трыгерам. Так, людзі часам вельмі дзіўна рэагуюць, што ў мяне 9 спробаў — я жывая. Перыядычна мне прылятае…

Тры месяцы таму ў Евы была апошняя спроба самагубства. Пра сітуацыю, праз якую Ева хацела памерці, яна пісала ў сваіх сацыяльных сетках, і некаторыя каментары былі наступнага зместу.

«Мне стабільна пад кожным пастом прыходзіў чалавечак, які пісаў: “што ты ныеш, ідзі сябе забей”» 

Калі я напісала развітальны пост, вось што мяне вельмі здзівіла — гэта нашае беларускае кам’юніці, якое пачало мяне шукаць. Знайшлі маё сапраўднае імя і прозвішча, хаця сапраўднае прозвішча ну ўвогуле людзі не ведаюць. Знайшлі, дзе я жыву, мне напісалі вядомыя беларусы. І я была ў шоку.

Пад кожным такім пастом і дагэтуль прыходзіць адзін чалавечак, які піша: «а чаму ты не здохла, усе чакалі «зрелищ»?».  Я не ведаю, ці была б гэтая спроба, калі б не гэтыя каменты. Магчыма, усё роўна была б. Тады я толькі замацавалася ў сваёй думцы, што ўжо нефіг жыць. 

Апошняя спроба мела вялікія шанцы скончыцца смерцю Евы. Але яе ўратавала сяброўка. Здарылася гэта так. 

Мяне паўнепрытомную ў крывішчы і з нажом знайшла сяброўка ў маім пакоі. Перацягнула да сябе ў пакой і там заперла. Дні тры-чатыры я існавала там. Мяне не выпускалі з пакою. Нават у краму, каб я проста пад машыну не кінулася. 

Тым часам уся дыяспара віленскіх беларусак і беларусаў шукалі Еву пасля таго развітальнага паста. Аказалася, што яна была ў суседнім ад свайго пакоі, дзе яе ўтрымлівала сяброўка. У чарговы раз натхняюся салідарнасцю беларусаў і беларусак у вымушанай эміграцыі.

Як на агульным стане Евы адбіўся яе пераезд у Літву

Пра сябе магу сказаць, што вымушаны перазд з Беларусі ў Літву ў далёкім 2021 годзе адбіўся на мне пачаткам чарговага дэпрэсіўнага эпізода. Бо эміграцыя — гэта звычайна вялізны трыгер. 

У Беларусі паўнавартасна я не жыла з 2022 года. Я ездзіла ў Вільню і маталася туды-сюды. Прыязджала падзарабіць грошай і «ўматвала». Потым ужо зразумела, што не магу. Гэта вельмі моцна ціснула на мой ментальны стан. У мяне і там былі праблемы, якія я не магу агучваць. Я разумела, што рана ці позна прыйдуць па мяне, і калі прыйдуць, то мне «ўпаяюць» канкрэтна. Было вырашана паступаць ва ўніверсітэт за мяжой, з’яжджаць. Ды і ў прынцыпе: не паступіла бы — я бы проста паехала, напэўна, у Літву, пажыла. 

Самыя правільныя рашэнні — самыя складаныя. Першыя паўгады ўжо паўнавартаснага жыцця, калі я канкрэтна з’ехала, для мяне былі пеклам. Мне было цяжка і ў момант пераезда, я не разумела, як жыць далей. Памятаю, збірала рэчы і думала: «чым я буду займацца ў апошнія два дні?». І гэтыя апошнія два дні ў галаве ўспрымаліся як апошнія два дні жыцця. Вось, і я адразу сябе папраўляла, што жыццё будзе, проста ўжо не тут. Але здавалася, што не. 

Я шмат і рыдала, калі з’ехала. І гістэрыкі, што толькі. Першая за мяжой спроба самазабойства была на фоне таго, што, блін, не магу тут. Зараз жа я разумею, што гэта было правільнае рашэнне. Рэалізавацца і жыць там я бы не змагла. 

Лепей тут, чым у турме. 

Як мы памятаем, у чарговай спробе самагубства Еву ўратавала яе сяброўка. А раней некалькі раз ратаваў яе малодшы брат, які фізічна не даваў ёй нешта з сабой зрабіць. 

Як варта сябе паводзіць блізкім людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім дэпрэсіўным і стане і ў якіх ёсць думкі пра самагубства

Быць вельмі ўважлівымі. Так, такія людзі не заўсёды зручныя, але не заплюшчваць вочы, не адмахвацца, што «вось нейкі заскок, перажыве». Можа не перажыць. А яшчэ, калі штосьці здарылася, я бы параіла блізкім не проста казаць, што ўсё будзе добра. А паспрабаваць хаця б мінімальна фізічна дапамагчы. Прыгатаваць ежу. Трошкі ў пакоі прыбрацца. Калі ёсць машына, чалавека кудысьці адвезці, калі трэба. Асабліва, калі чалавек жыве адзін. Ці, напрыклад, як я: жыву з суседкай, мы з ёй асабліва не камунікуем. Часам я бывала ў такім стане, што магла днямі не есці, проста таму што ў мяне няма сіл у краму схадзіць, прыгатаваць, з ложку ўстаць элементарна. Сяброўка прыходзіла, мяне карміла. 

Што Ева параіла бы нашым слухачам і слухачкам

Я б дала параду блізкім аўтычных людзей. Я бы параіла цікавіцца гэтым. Не проста ўспрымаць аўтызм як нейкую дадзенасць, кшталту, што ёсць чалавек аўтычны, а пацікавіцца, як гэты чалавек функцыянуе, як яму палегчыць жыццё. Таму шта жыццё аўтыста — гэта, бляха, цяжкае жыццё. Увесь час — змаганне са сваёй нервовай сістэмай, са сваім мозгам. 

І проста знаёміцца з нейкімі «базамі». Зразумець і помніць, што рабіць пры мэлтдаўне і шатдаўне, напрыклад.

Мэлтдаўны і шатдаўны — гэта такія станы, калі псіхіка чалавека не дае рады з эмацыйным стрэсам навокал. 

Пры мэлтдаўне чалавек праз моцную трывогу ўпадае ў стан знешне падобны на гістэрыку ці панічную атаку (хаця, гэта не яны). Гэта рэакцыя эмацыйнага ўсплёску і зрыву ў адказ на сэнсарную перагрузку. Мэлтдаўн можа праяўляцца ў выглядзе крыкаў, слёз, самапашкоджання, агрэсіўных паводзін.

Шатдаўны — больш падобныя на рэакцыю замірання, ці ізалявання і адключэння ад раздражняльнікаў.  Мэлтдаўн можа перайсці ў шатдаўн. 

Шатдаўны і мэлтдаўны здараюцца праз сэнсарную перагрузку: занадта шмат камунікацыі, святла і колераў вакол, занадта шмат гукаў і гэтак далей. 

Чалавеку ў такім стане трэба ізалявацца ад усіх раздражняльнікаў: напрыклад, сысці ў нейкае цёмнае ціхае месца, зрабіць практыкаванне для супакаення дыхання, пабавіцца з тактыльнай цацкай. 

Па магчымасці трэба зніжаць узровень невызначанасці, каб зніжаўся суадносна і ўзровень трывогі: напрыклад, дапамагае, складаць планы на дзень. 

Мяне саму калісьці гэта вельмі моцна выратавала, калі дзяўчына, з якой я хадзіла на студэнцкую «тусоўку», знайшла мяне пасярод «шатдаўна», вельмі добра зрэагавала адразу. І знайшліся мне і бірушы, і што толькі, і пазбеглі траўм — маіх і чужых, таму што аўтычны чалавек пры тым жа мэлтдаўне можа шмат фігні нарабіць. 

І проста азнаёміцца з тым, што такое аўтызм, як гэта працуе, чым такім людзям можна дапамагчы. І таксама проста праяўляць увагу. Таму што пра аўтызм вельмі мала распаўсюду інфармацыі. І часцей за ўсё пра тое, як функцыянуюць аўтычныя людзі, ведаюць толькі аўтычныя людзі. Ну і іхнія лекары. 

І, канешне, варта распаўсюджваць нейкія веды. Таму што мы не нейкія людзі з Марса, не ўсе цікавімся матэматыкай. 

Як лепей казаць: чалавек з аўтызмам, аўтычны чалавек ці аўтыст / аўтыстка? 

Я, напрыклад, ужо прызвычаілася казаць чалавек з чымсьці (памятаеце, правіла «людзі на першым месцы»), але ў супольнасці аўтычных людзей няма кансэнсусу, ці прымальна гэта, ці не. Некаторыя кажуць, што выраз «чалавек з аўтызмам» як бы кажа пра тое, што чалавек — асобна, яго аўтызм — асобна. Але ў аўтычных людзей няма аніякай магчымасці неяк адасобіцца ад аўтызму: ён заўсёды з імі, і праяўляецца ва ўсіх сферах жыцця. 

Калі можна заставацца найбольш нейтральным, лепей заставацца найбольш нейтральным. Казаць «аўтычны чалавек», напрыклад. Я ўжываю слова «аўтыст», але звычайна толькі ў дачыненні да сябе. Да іншага аўтычнага чалавека — пакуль не даведаюся, што яму з гэтым ок. Каб пазбегнуць крыўд, трыгераў, канфліктаў, я бы параіла казаць «чалавек з аўтызмам» ці «аўтычны чалавек». Але не «аўтыст».

Галоўнае, як кажа Ева, не ўжываць аніякіх фразеалагем кшталту «чалавек дажджу», «чароўны дзіцёнак» ці «асаблівы чалавек». 

Калі кажуць, што людзі з аўтызмам «асаблівыя» — гэта нібыта нейкі прыкол, што такі вось незвычайны, і гэта здаецца нейкай плюшкай. Аўтызм — гэта не плюшка. Аўтызм — гэта калі ў цябе мозг гарыць 24/7. Прыемнага мала. 

Гэта была гісторыя Евы. І замест нейкай высновы напрыканцы я толькі хачу сказаць, што мне вельмі хацелася б, каб Ева больш ніколі не рабіла спроб самагубства, і каб ёй стала лягчэй жыць у гэтым свеце, ад якога 24/7 гарыць мозг. 

Гэта быў падкаст «Іншыя гісторыі». Падпісвайцеся на наш падкаст, каб даведвацца пра іншыя гісторыі Іншых. Пачуемся.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x