«Мне не пашчасціла нарадзіцца ў Амерыцы, я нарадзілася на Данбасе». Гісторыя трансгендарнай дзяўчыны Дыяны

ІнклюзіяГендар
«Мне не пашчасціла нарадзіцца ў Амерыцы, я нарадзілася на Данбасе». Гісторыя трансгендарнай дзяўчыны Дыяны
5
(1)
Трансгендарнасць
Фота з асабістага архіва гераіні

«Твая трансгендарная шэфіня. Нарадзілася на Данбасе, выжыла і змяніла пол» — так пазіцыянуе сябе ў сацсетках наша гераіня. У 2021 годзе Дыяна пераехала з Украіны ў Літву. Жыве ў Вільні, працуе ў рэстаране, вядзе блог, дзе адкрыта расказвае пра сябе і вучыць смачна гатаваць. Мы пагаварылі з Дыянай пра сустрэчу з сабой сапраўднай, пра бюракратычныя складанасці і жыццё на раздарожжы.

«У нас была толькі Сярдзючка»: пра асэнсаванне сябе

Калі мне было недзе сем-восем год, я ўпершыню падумала: «Я ж дзяўчынка, а чаму я па-іншаму выглядаю? Чаму ў мяне такое імя?» Але ў тым узросце здавалася, што ўсё акей. А вось калі пачаўся пубертат, я адчула: нешта зусім не тое, і мне гэта не падабаецца. Тады я і зразумела, што я іншая.

Спачатку думала, што я крыху таго, і, відаць, слушна, што мяне ў школе буляць. Гэта былі 2005–2010-я гады ва Украіне, у мяне не было інтэрнэту, па тэлевізары таксама нічога такога не паказвалі. Якія трансгендары? Я нават слова такога не ведала. У нас была толькі Сярдзючка, але гэта за межамі ўсяго.

Толькі са з’яўленнем у маім жыцці інтэрнэту і фанфікаў я даведалася, што такія людзі, як я, існуюць. Пачала гугліць, чытаць нешта і зразумела, што са мной усё акей.

У мяне былі дзве сяброўкі, і неяк у шчырых размовах я расказала ім, што адчуваю сябе дзяўкай, што мне падабаецца жаночая вопратка. Абедзве добра мяне прынялі, і мы дагэтуль добра стасуемся і сябруем.

У маім родным Краматорску крый божа хлопцу выйсці ў вузкіх джынсах — гэта ўсё, ужо катастрофа. У Кіеве карціна была не лепей, і было даволі цяжка. Я па-свойму правярала людзей, прымуць ці не, — у працэсе стасункаў казала сяброўцы: «Глядзі, у такое вось свята пераапранулі мяне дзеўкай», скідвала фатаграфію, і калі бачыла нармальную рэакцыю, то казала пра гэта больш. Калі ж рэакцыя ішла ў агрэсію і неразуменне, я хутка зводзіла ўсё на жарты, казала, што пераапраналася толькі адзін раз.

У цэлым да пераезду ў Літву я жыла ў татальным страху. І дагэтуль ва Украіне ўсё яшчэ даволі гамафобнае і трансфобнае грамадства.

«Мяне нішто не трымала»: пра эміграцыю

— Адна з прычын майго пераезду ў Літву — пошукі лепшага жыцця, магчымасцяў зарабляць. Другая: мне не падабалася гамафобнае асяроддзе і культура. Хацелася ў больш талерантнае грамадства. На той момант ва Украіне ў мяне нікога, акрамя мамы, не было, мяне нічога не трымала.

Выбар краіны здарыўся выпадкова: су-шэф у адным з рэстаранаў Кіева спытаў: «А чаму ты тут сядзіш? Рухайся некуды далей. Я часта бываў у Літве, хачу перабірацца туды з жонкай. Давай падкажу табе кантору, калі раптам захочаш з’ехаць. Там дапамогуць з афармленнем, з жыллём». Тады я прыйшла дадому, паглядзела ў свой кашалёк і вырашыла, што пераязджаю.

Першае месца, куды я прыйшла ў Вільні, яшчэ калі вяла двайное жыццё, была кавярня Elska, таму што ў іх быў вясёлкавы сцяг. Я вельмі часта там сядзела, і калі было старое кіраўніцтва, са мной нават дырэктар вітаўся. Цяпер ужо ўсюды адчуваю сябе камфортна, нават не ў самых паспяховых раёнах.

Літоўцы вельмі талерантныя. І старэйшае пакаленне, і маладое. У мяне цудоўная сямейная доктарка, многа знаёмых-літоўцаў, з якімі сябруем і стасуемся. У гэтым плане ў Літве мне вельмі падабаецца, і ў цэлым па Еўразвязе ў мяне не з’яўляецца трансфобных момантаў, яны, хутчэй, у маёй галаве.

Часам мяне місгендараць, але, як правіла, суайчыннікі. Стараюся не звяртаць увагі, таму што чалавек у сваім свеце знаходзіцца. Я папраўляю і тлумачу. Калі гэта паўтараецца, то спыняю або мінімізую зносіны.

«Гэта не Канада»: пра дакументы

— На жаль, у юрыдычнай плоскасці пытанні трансгендарных людзей знаходзяцца ў Літве на такой жа стадыі, як ва Украіне. Нас у прынцыпе не існуе. Калі я ўпаду і зламлю нагу, мяне пакладуць у мужчынскую палату ў лякарні. Але можна спрабаваць дамовіцца.

З-за таго што ў Літве няма законаў па абароне трансгендарных людзей, дакументы тут мяняюцца толькі праз суд. Калі ты замежны грамадзянін, то яны дакладна прывязаныя да дакументаў па месцы нараджэння. Без змены ўкраінскіх дакументаў я не магу памяняць літоўскія. Гэта не Канада, дзе можна атрымаць ID на падставе дыягназу. Я працавала з юрыстам, і з-за мяжы памяняць гендарны маркер нельга, а ехаць ва Украіну для мяне небяспечна. Таму цяпер давядзецца заставацца з гэтымі дакументамі, але можна паспрабаваць змяніць імя.

Усё гэта моцна ўплывае на звычайнае жыццё. Заходзіш у праграму банкінгу — а там мужчынскае імя. Ідзеш здаваць краў — трэба паказаць ID, і да цябе могуць звярнуцца па імені, якое там пазначанае, даводзіцца тлумачыць.

Трансгендарнасць
Фота з асабістага архіва гераіні

Але з гэтым можна працаваць. Напрыклад, Swedbank на мой запыт выпусціў картку з маімі ініцыяламі, хаця і не змог памяняць імя ў праграме. У дадатку трэнажорных залаў LemonGym гендар памянялі. Такія моманты даводзіцца ў ручным рэжыме карэктаваць. Але вось я хачу памяняць працу і не ведаю, ці нармальна мяне прымуць у новым месцы або будуць місгендарыць. А былі б у мяне жаночыя дакументы, ніхто б не дакопваўся.

«Людзі самі мяне знаходзяць»: пра сваіх 

Як любы эмігрант, я жыву працай. Мая кухарская дзейнасць забірае вельмі шмат энергіі, хаця мне і пашанцавала з графікам 3 праз 3. Я часта ўваходжу ў спячку, таму што арганізм вырубаецца аўтаматычна. Акрамя працы — спорт: я бегаю, хаджу ў зал. Плюс базавая актыўнасць — кудысьці схадзіць, з кімсьці ўбачыцца. І, вядома, блог: кулінарныя рылсы, сторысы.

Мне заўсёды хацелася быць знакамітай, папулярнай, мець мільён падпісчыкаў. І калі я была ў стасунках, мая дзяўчына, якая выкладала анлайн і здымала рылсы, прапанавала весці блог: «У цябе ёсць класная тэма, ты добра гатуеш, а яшчэ і трансгендарная жанчына, гэта будзе цікава, паспрабуй!» Так я і сумясціла дзве тэмы — кулінарны і трансгендарны блог. Гэта ўсё частка майго жыцця, і я маю дастаткова стойкасці і сілы, каб шырока расказваць пра тое, хто я.

З ЛГБТК+-арганізацыямі я не кантактую і да іх дзейнасці стаўлюся скептычна. Калі вы займаецеся квір-актывізмам, чаму вы не змагаецеся за правы трансгендарных людзей, хаця іх відавочна не стае? Яны проста збіраюцца і гутараць, глядзяць прэзентацыі, час бавяць.

З кам’юніці ЛГБТК+ мне заўсёды ёсць з кім стасавацца і пазнаёміцца, гэта кайфова. Людзі самі мяне знаходзяць, гэта адбываецца цалкам выпадкова. Псіхолагі кажуць: калі ты маеш патрэбу ў людзях — ты іх не знаходзіш, а калі ты робішся самадастатковай асобай — да цябе, наадварот, пачынаюць прыцягвацца.

У лістападзе я рассталася з дзяўчынай, і мы засталіся сябрамі з прывілеямі. Мы як дарослыя людзі ўсё абмеркавалі: каханне прайшло, але мы ў добрых стасунках, працягваем бавіць час разам. На спатканні я асабліва не хаджу.

Я пазіцыяную сябе як лесбійка з бісэксуальнымі схільнасцямі. Але каб мне вось спадабаўся хлопец — не ўпэўненая. 

У маіх фантазіях гэта нібыта гучыць праўдападобна, але ў жыцці — хутчэй не. Збольшага мяне атачаюць менавіта дзяўчаты, і рандомны хлопец (не квір) дагэтуль выклікае асцярогу.

«Бачу сябе класнай жанчынай, якая шмат зарабляе»: пра будучыню

— Цяпер я знаходжуся на скрыжаванні ўсяго. Мне падабаецца мая сфера дзейнасці, але надта цяжка: яна не прыносіць столькі грошай, колькі заслугоўвае мая праца. Таму хочацца штосьці памяняць. Праз пяць гадоў я не бачу сябе шэф-кухарам на кухні.

Незразумела, што з дакументамі, ці скончыцца вайна, ці пачнецца яна тут. Але калі думаць пазітыўна — я бачу сябе класнай жанчынай, якая шмат зарабляе.

Мне падабаецца Літва, але пытанне, ці хачу я заставацца тут назаўсёды, усё яшчэ адкрытае. Магчыма, паехала б некуды яшчэ. Магчыма, бачу сябе ў стасунках, але яшчэ трэба прапрацаваць некаторыя траўмы. Як паказалі папярэднія адносіны, я даволі моцна прывязваюся, адсоўваю свой свет і занураюся ў свет іншага чалавека. Гэта не вельмі здаровая штука, і я так не хачу.

Мой шлях навучыў мяне выжываць пры любых абставінах. Мне не пашчасціла нарадзіцца ў Амерыцы, я нарадзілася на Данбасе, адпаведна, супраць цябе ўсё.

І ты проста ідзеш напралом, таму што ты — гэта ты. І ў нейкі момант прыходзіць асэнсаванне, што ты ўсё правільна зрабіла.

Людзям, якім адгукаецца мая гісторыя, я б параіла ісці да сваёй мэты і да саміх сябе нягледзячы ні на што. З’язджаць у больш талерантныя краіны, калі вы з Расіі, Беларусі, Украіны. З’язджаць усімі спосабамі. У нашых краінах жыцця пазбавіцца вельмі лёгка.

Жыццё адно. Праз 10 тысяч год нас ніхто не ўспомніць, і, магчыма, гэтай планеты не будзе існаваць. А мы пражываем жыццё са сваімі перажываннямі. Ідзіце ў тэрапію, напрацоўвайце стойкасць і рухайцеся да сваёй мэты, якой бы яна ні была. 


Аўтарка: Martha K.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць