Гісторыя Яны, якая вядзе свой блог пра жыццё пасля бяздомнасці, спажывання псіхаактыўных рэчываў і разнастайнага гвалту

ІнклюзіяАсобы
Обложка_выпуск-8
5
(1)

Гераіню гэтага выпуска падкаста «Іншыя гісторыі» завуць Яна. Яна вядзе блог у Тэлеграме, дзе расказвае пра тое, як яна жыве, працуе ў Гданьску, чытае кнігі і выздараўлівае ў праграме «12 крокаў» ад наркатычнай залежнасці.

Акрамя ўсяго астатняга, Яна мае досвед бяздомнасці. У розныя часы Яна жыла на вуліцах трох розных гарадоў: Мінска, Санкт-Пецярбурга і Гданьска.

А яшчэ ў гэтай гісторыі шмат болі ад стаўлення бацькоў у дзяцінстве, булінгу, сэксуалізаванага гвалту, нежаданай цяжарнасці і аборту, досведу спажывання псіхаактыўных рэчываў і жыцця з інваліднасцю. Калі ласка, слухайце або чытайце асцярожна. 

Падкаст даступны на платформах: Cast.box, Mave, Apple Podcats, Spotify, Youtube.

Вядучая падкаста – Дар’я Гардзейчык.

Ніжэй – расшыфроўка выпуску.


Мала хто ўяўляў сябе на месцы нашых герояў, і яны таксама не думалі, што вуліца стане іх домам. Агулам у Беларусі каля 10 тысяч людзей, якія з розных прычын засталіся без прытулку. 
Урывак з рэпартажа тэлеканала СТВ «Бездомные в Минске: что для них счастье и почему они не стремятся изменить жизнь» ад 17 снежня 2015 года. 

Яна пра сябе

Мне складана расказаць пра сябе, бо я не маю ўяўлення пра сябе: хто я, што я. Як мне патлумачыў псіхіятр, прычына ў памежным разладзе асобы. А што да заняткаў – я толькі зараз пачынаю даведвацца пра свае хобі, бо вельмі шмат часу пайшло на ўжыванне.

І тут вы можаце сказаць: Даша, але ж у гэтым падкасце ўжо была гісторыя дзяўчыны з досведам спажыванне псіхаактыўных рэчываў. 

«Я ў пэўны момант, як бы гэта не гучала, вырашыла для сябе, што гэта мой шлях. Што я паспрабую гэта ў сваім жыцці. Я пачала з салей. З гэтых спайсаў...»
Фрагмент з выпуска падкаста «Іншыя гісторыі» «Гісторыя Любы, выпускніцы факультэта філасофіі, якая мае досвед спажывання псіхаактыўных рэчываў».

Памятаеце гісторыю Любы, якая скончыла філасофскі факультэт, а спажываць пачала свядома, бо хацела атрымаць гэты нетыповы досвед? Дык вось колькі людзей, столькі і гісторый. І ў людзей, якія, падавалася б, ёсць аднолькавы досвед – напрыклад, досвед спажывання, могуць быць абсалютна розныя гісторыі гэтага самага спажывання. Напрыклад, у Любы не сфармавалася залежнасць. А ў Яны – сфармавалася. Вяртаемся да яе гісторыі, яна вельмі падробна хутка пра гэта раскажа. 

Я зразумела, што мне падабаецца чытаць. Калі сюды (у Варшаву – заўв. рэд.) ехала цягніком 4 гадзіны, то палову кніжкі прачытала – пра наркаманку, «Мы дзеці са станцыі Зоо». Там пра 13-гадовую дзяўчынку, якая пачала ўжываць наркотыкі. Яна паспрабавала, думала, што “не такая”. Гэта значыць усё паводле класічнага сцэнарыя.

Яна вядзе тэлеграм-канал пра сваё жыццё, дзе расказвае пра тое, як змагаецца з залежнасцю і ўвогуле, як жыве

Я пачала весці блог у Інстаграме і ТыкТоку, яшчэ калі былі праблемы са здароўем і я была щ інвалідным вазку. Потым пачалася вайна, я вырашыла знікнуць з інфаполя, каб не прыцягваць увагу. Потым трэба было людзям пра нешта расказваць, і я вырашыла ўсё ж прызнацца, што ў мяне нарказалежнасць. Многія адрэагавалі вельмі злосна. У людзей ва ўяўленні чалавек на калясцы – добры і пухнаты, не павінен нават цыгарэты купляць. «Як табе не сорамна, будучы інвалідам, лаяцца матам?».

Але шмат хто адрэагаваў і станоўча на маё прызнанне, і я працягваю пра сябе гаварыць. У многіх такія ж праблемы з псіхікай, залежнасцямі, і мой блог дапамагае ім: напрыклад, зразумець, што можна пайсці, як і я, на праграму «Ананімных наркаманаў», «12 крокаў», і што гэта сапраўды працуе. Яны могуць нейкія думкі мае пачытаць, недзе пазнаць сябе ў іх.

Як Яна прыйшла да вядзенне блога? Варта пачаць з самага пачатку. З дзяцінства

Я нарадзілася ў пасёлку – такім маленькім, што яго можна было за гадзіну абысці. Мама не планавала цяжарнасць – ёй было ўсяго 17 гадоў, але яна ўсё ж нарадзіла мяне. Тата ў той час вельмі шмат піў, я памятаю іх з мамай сваркі, як ён яе біў, за валасы цягаў, з нажом мог на яе кінуцца. Бабуля казала, што я ў 3-4 гады ўжо магла патэлефанаваць дзядулю, каб ён прыйшоў абараніць маму. Я нічога не казала, проста лічбы націскала, і дзядуля прыходзіў.

Калі мне было 4-5 гадоў, мама развялася з татам. Мы пераехалі да бабулі. Нейкі час усе разам жылі, мама якраз давучылася ва ўніверсітэце. У той час яна пазнаёмілася з мужчынам. Я называю яго дзядзька Дзіма. Яна жыла з ім, а я – з бабуляй і дзядулем. Там я адчувала, што мяне любяць. Бабуля пра мяне клапацілася. Я памятаю да гэтага часу, як кожную раніцу мы разам на кухні сядзелі, як яна мне блінцы рыхтавала, як мы пілі гарбату разам, размаўлялі. І калі я клалася спаць, яна мяне цалавала, накрывала коўдрай і ўключала казкі на дыску. Казкі былі адны і тыя ж, я іх ведала ўжо на памяць, але мне ўсё роўна вельмі падабалася – такі заспакаяльны рытуал. Я да гэтага часу так раблю, толькі з фільмамі і серыяламі. Адно і тое ж гляджу па коле.

Дзядуля крыху агрэсіўны быў, даставалася і бабулі, і мне. Я яго баялася, але зараз мы нармальна камунікуем. Потым мама мяне забрала да сябе і таго мужчыны. Мы жылі ў жахлівай кватэры, там падлогі практычна не было. Памятаю, як я раніцай перад школай сядзела піла гарбату, а потым устаю, і ў тую ж секунду люстра падае на гэтае месца. Мне вельмі пашанцавала.

Дзядзька Дзіма да мяне ставіўся вельмі халодна, як быццам мяне няма. Мама прыкладна гэтак жа. Пасля мы яшчэ раз пераехалі, але ўжо ў добрую кватэру. Па-мойму, тады дзядзька Дзіма працаваў у Расіі на будоўлях. Паедзе на пару месяцаў, вернецца на два тыдні – і так па коле. Мне далі асобны пакой. Я вельмі часта ў ім сядзела. Калі дзядзька Дзіма прыязджаў, я з яго практычна не выходзіла.

Калі Яне было год 10-11, яны пераехалі яшчэ раз.

Мама нарадзіла майго брата. Мяне не заўважала і да малодшага брата нават не падпускала. Мне часта ад яе даставалася. Заўсёды было страшна, калі яна на абед прыходзіла з працы, і ёй трэба было накрычаць на мяне, што “крошкі на стале, талерку не памыла”. Нават калі ў кватэры чыста было, яна ўсё роўна знаходзіла да чаго дачапіцца, магла мінулае ўспомніць.

З татам мы не часта бачыліся. Ён раз на месяц аліменты толькі прывозіў, і ўсё. Трэба было яго ўгаворваць, каб я да яго прыйшла.

У 13-14 гадоў у мяне была толькі адна сяброўка. Са мной асабліва ніхто не сябраваў, я неяк не ўмела выбудоўваць камунікацыю. Заўсёды асобна сядзела, і са мной ніхто не хацеў сябраваць або зусім маглі здзекавацца. З першага па чацвёрты я вучылася ў класе, дзе былі адныя дзяўчынкі. Там у мяне яшчэ і настаўніца была дзіўная, таксама з мяне здзекавалася чамусьці, магла пацягаць мяне за вушы, калі я нешта не разумела.

Потым я перайшла ў іншы клас, там у мяне нават сяброўка з’явілася, але так… Мне падабаўся адзін хлопчык, а яна яму цыдулку ад майго імя падкінула, і мяне потым увесь клас праз цкаваў. «Ха-ха, табе падабаецца гэты хлопчык». Потым гэты клас расфарміравалі, і я патрапіла ў іншы. Там з мяне мацней за ўсё здзекаваліся: маглі мне спіну абхаркаць, насікаць у заплечнік, дзяўчынкі маглі аб’явіць мне байкот.

На той момант у мяне была адзіная сяброўка – мы з дзяцінства сябравалі – якая расказала пра гэта сваёй класнай кіраўніцы. Яна была настаўніцай расейскай мовы і літаратуры, вельмі строгая, яе ўся школа баялася. Але ў яе класе ў яе была дысцыпліна, і ніхто ні з каго не здзекаваўся. Тая запрасіла мяне перавесціся ў свой клас.

І пра сяброўку. У яе ёсць старэйшая сястра, якая пазнаёміла нас з мужчынам, яму было недзе 23-24 гады. Ён купляў піва, і мы хадзілі з ім піць недзе гадоў з 13. Мая сяброўка больш з аднакласнікамі гуляла. А мне асабліва не было з кім, бо яна мяне не клікала нікуды, і я хадзіла з Андрэем, слухала яго гісторыі за піва. Ён купляў «двулік» Жыгулёўскага, і мы ўдваіх яе пілі. Бывала так, што я моцна напівалася, прыходзіла дадому, але мама мне ні слова не казала.

Калі я курыла, то хавала бычкі і цыгарэты ў футарал ад акуляраў. Мама падчас прыборкі выкідвала бычкі і пакідала мне цэлыя цыгарэты. І таксама ні слова не казала. У нас не прынята было нешта абмяркоўваць. Прасцей закрыць вочы.

Мае аднакласніцы рукі рэзалі і расказвалі: «мама хвалюецца, плакала». Я таксама хацела, каб мама мяне заўважыла і парэзала сабе рукі. Прыйшла ў майцы на кухню, каб рукі відаць было. Мама паглядзела, але нічога не сказала.

Праз тое, што з мяне здзекаваліся ў школе, я туды практычна не хадзіла, магла месяц прагульваць. Нават да лекара не хадзіла па даведку, бо мяне там ужо ўсе ведалі. Глядзела ў інтэрнэце, як павысіць тэмпературу. Перад тым, як зайсці ў кабінет, нюхала перац, каб чхаць і соплі былі. Ела каву, каб узнімалася тэмпература. Яна не паднімалася, але так як у мяне катар быў, лекары спачатку верылі, пакуль я часта не пачала хадзіць. Яшчэ памятаю, што сядзела гадзіну-дзве ў ледзяной ванне, каб захварэць і не пайсці ў школу або каб мама мяне заўважыла.

Памятаю, як у мяне пачала моцна балець рука. Я сказала пра гэта маме, мы паехалі ў лякарню. Перад тым, як зайсці ў кабінет на рэнтген, мама мне сказала: «Калі ў цябе не будзе зламаная рука, я цябе прыб’ю, што мы сюды прыехалі». Заходзячы ў гэты кабінет, я малілася, каб у мяне быў пералом. Гэта была расколіна ў косткі – у прынцыпе, можна накласці гіпс. Я і папрасіла так зрабіць.

«Я часта сыходзіла с дому»

Проста боўталася па пасёлку да вечара – покуль мама не ляжа спаць, я не вярталася. Часам я нават уначы не вярталася. Мама магла пару разоў патэлефанаваць і сказаць ісці дадому, але я ўсё роўна не ішла, і яна мяне асабліва не гнала. Я магла да чатырох раніцы гуляць. Бо дома было жахліва. Асабліва калі там быў дзядзька Дзіма. Мне нібыта ўсім сваім выглядам паказвалі, што не хочуць мяне бачыць. На мой дзень нараджэння мама звычайна сядзела з сяброўкамі, а мне давалі кавалак торта, і я ішла ў свой пакой. Я тады глядзела анімэ, і там быў персанаж, вельмі блізкі мне па жыццёвым досведзе, у яго таксама з бацькамі праблемы, ён таксама пачуваўся нікому не патрэбным. Я раздрукавала яго фатаграфію на друкарцы, паставіла яе насупраць і з ім дзень нараджэння адзначала.

Мне бывала нават ноччу страшна выходзіць з пакоя ў прыбіральню. Я хадзіла на вядро, таму што калі маму разбуджу, то яна мяне стукне або накрычыць. Калі мы сварыліся, яна магла мяне за валасы схапіць, цягаць, пагражаць, што зараз галавой аб сценку ўдарыць. У мяне нейкая бздура была ў галаве, што я брала і сама білася аб падлогу, сценку, і крычала ёй “так лепш, так лепш!”. І тады яна ў слязах сыходзіла.

«У 15 гадоў я скончыла школу, хацела збегчы з дому, таму паступіла ў каледж у Мінску»

Там мне далі інтэрнат. У гэтым інтэрнаце сітуацыя была вельмі фіговая. Там, у асноўным, былі ўсе з дзіцячага дома. Мая суседка па пакоі – яна была крыху старэйшая за мяне, ёй ужо 16 было – з хлопчыкамі гуляла. І яна ў нас у пакоі магла з імі нешта рабіць: я прачыналася ноччу ў шоку, не ведала, што мне рабіць, ціха глядзела ў столь і слухала гэта ўсё.

Яны ўвесь час да мяне чапляліся, кампліменты рабілі: «Ты такая прыгожая, добра апранаешся». Але гэта хлусня: я дрэнна апраналася. Я насіла вялізныя штаны і падвязвала іх шнурком ад красовак, бо штаны былі на два памеры большыя. Насіла вялізныя кашулі і майкі.

Там быў такі хлопчык – Ваня. Ён моцна задзіраў маю аднагрупніцу. Я неяк за яе заступілася, а ён у мяне адціснуў кошаль, навушнікі і ладаванку. Я памятаю, што праплакалася і легла спаць. Аднагрупніца паехала дадому. Ваня прыйшоў недзе а 2 гадзіны ночы і кажа: «Давай у карты на распрананне. Адыграеш у мяне тое, што я ў цябе забраў». Я адмовілася. Ён кажа: «Давай тады ты са мной пераспіш, і я аддам усе твае рэчы». Я кажу: «Не, я не буду гэтага рабіць». І ён зрабіў гэта сілай.

Пасля гэтага ў мяне капітальна паехаў дах. Я памятаю, як іду па калідоры ў душ, стаю там недзе гадзіну, і ў мяне моцная дэрэалізацыя, нібыта я са свайго цела выйшла і назіраю збоку. Я па пстрычцы апынаюся ў сваім пакоі, потым я ўжо рэзка на прыпынку, каб ехаць у каледж. Усё пайшло плямамі: я то ў каледжы, то ў метро, ​​то ў інтэрнаце. Што між гэтым – не памятала.

Я хацела вярнуцца дадому. Сказала, што больш не хочу ў інтэрнаце жыць. Але я не магла сказаць пра тое, што адбылося. Вядома ж, на мяне накрычалі, што «раз паступіла, дык і вучыся».

«Тады я проста пайшла з інтэрната – жыць на вуліцу»

Мне там было прасцей. Бо гэты Ваня казаў усім, што на мяне крыху націсні, і я дам. Я моцна спалохалася, сабрала рэчы, якія ўлезлі ў заплечнік, і проста пайшла жыць на вуліцу.

Аднойчы калі я спала на лавачцы, мяне разбудзіла дзяўчына і кажа: «Не спі на лавачцы. Па-першае, змерзнеш: зіма. Па-другое, цябе абкрадуць. Ідзі дадому». Я кажу: «У мяне няма дома». Яна села са мной, запаліла цыгарэту, і аказалася, што яна таксама даўно на вуліцы. У яе такая сітуацыя ў жыцці адбылася, што яе сям’я трапіла ў ДТЗ, і ўсе загінулі. Ліда з гора пачала піць, пазнаёмілася з кампаніяй наркаманаў, пачала ўжываць. Там яе падманулі з дакументамі і забралі ў яе кватэру. Яна не асабліва засмуцілася, пайшла далей ужываць. Тарчала на гераіне, метадоне.

Так, Ліда мяне прывяла туды, дзе яны жылі, на цеплатрасу. Там яшчэ некалькі чалавек было, і дзіўная абстаноўка, але я хутка прывыкла там жыць. Мы сядзелі ў пераходзе і клянчылі грошы. Былі людзі, якія ежу куплялі. Лепш так, чым грашыма. Ліда збірала грошы на наркотыкі, а я была радая, што нам ежу прыносяць. Мы гатавалі на вогнішчы. Ад мяне смярдзела, і ад мяне маглі ў метро адсесці – не вельмі прыемна са смярдзючым чалавекам сядзець. У каледж я ўжо практычна не прыходзіла – толькі паесці, там кармілі бясплатна. Я яшчэ як мага больш батона адтуль выносіла. Пасля мяне адлічылі.

Ці не было ў Яны праблем з мінскай міліцыі, падчас яе жыцця на вуліцы

Не, бо які сэнс мяне чапаць? Іншых чапалі, бо яны былі п’яныя ці пад рэчывамі. Калі надыходзіла зіма і было халадно,  то я з’яжджала ў Навінкі. Там якраз мінімальна 3 месяцы ляжыш, і там ведалі маю сітуацыю, са мной цыгарэтамі дзяліліся, санітаркі за дапамогу выпускалі пакурыць. Там носяць бакі харчовыя – у іх прыносяць ежу і выносяць назад у сталовую праз вуліцу – гэта быў адзіны варыянт выйсці там на вуліцу.

Я звычайна ляжала ў першай палаце, каля медсястрынскага паста, і заўсёды чула, як дакументы рыхтуюць на выпіс. Адразу бегла да тых дзяўчынак, якіх выпісвалі, і яны мне аддавалі ўсё: ежу з халадзільніка, цыгарэты. Людзям гэта было ўжо ўсё роўна, ім шчасце было за тры месяцы на вуліцу выйсці.

Навінкі былі падобныя трошкі да турмы. Нельга было нават карыстацца тэлефонамі. Быў стацыянарны тэлефон, на які самі сваякі ці сябры тэлефанавалі, але гэта ўсяго дзве гадзіны на дзень. Уяві, якая чарга на гэтыя званкі. Людзі з сотага разу дазвоньваліся. Калі ў мяне сябар у псіхушцы ляжаў, я датэлефанавалася са 162 разу – у тэлефоне паказвалася, колькі разоў я набрала гэты нумар.

Калі я ляжала ў Навінках, мне паставілі дыягназ – дысацыятыўны разлад асобы. Праз тое, што нада мною быў здзейснены гвалт, яны казалі, што ўва мне было нібы два розныя чалавекі. Плюс на той момант у мяне ўжо стаяла эпілепсія.

Вось так я зімавала. Пасля я пачала знаходзіць сабе хлапцоў, у якіх магла пажыць. Заводзіла адносіны і жыла ў гэтага чалавека.

Потым, я ўсё ж, дарэчы, сустрэла Ліду. Яна мне як быццам маму замяніла. Клапацілася пра мяне, казала: «ніколі не пачынай ужываць, гэта вельмі дрэнна, потым не вылезеш з гэтага». Я ніколі не бачыла, як яна колецца. Я разумела, што яна пад наркотыкамі, але ніколі не бачыла, як яна іх ужывае. Здаецца, калі б яна даведалася, што я ўсё ж улезла ў гэта, яна б моцна засмуцілася. Яна за мяне пераймалася. Карміла мяне, крала ў крамах, грошы прасіла і купляла ежу для нас. Увесь час абараняла, клапацілася пра мяне.

А потым Ліда проста знікла. Калі я выйшла з вар’ятні, то нідзе яе не знайшла

Калі ў мяне пачаліся першыя праблемы з нагамі, я легла ў шпіталь. Гляджу, нехта ляжыць на іншым ложку ў гэтай палаце. Ляжыць, ёй памперсы мяняюць. Яна ў той дзень не размаўляла. На наступны дзень яна нешта санітарцы сказала. Я чую голас знаёмы. Падыходжу, гляджу: быццам і Ліда, быццам і не Ліда. Я кажу: «Ліда?». Яна расплюшчвае вочы: «Яна!» Сустрэліся.

Я паразмаўляла з санітаркай. Мне сказалі, што яна ўпала з лесвіцы. Ішла, грымнулася, страціла прытомнасць. У яе быў гепатыт, пачаўся некроз пячонкі, і яна ўжо гніла знутры. Сказалі, што яна ў іх ужо 2 месяцы ляжыць, і ёй заставалася жыць каля 2-3 тыдняў.

Я яе даглядала кожны дзень, нават калі мяне выпісалі, я ўсё роўна да яе прыходзіла, прыносіла ёй яблычнае пюрэ, сок. Яна любіла гэта ўсё, бо пад гераінам і метадонам есці не можаш, цябе ванітуе ад усяго. Яна заўсёды гэтыя яблычныя пюрэ ела ці сок, каб страўнік не турбаваў. Яна ела толькі з маіх рук. Я і памперс дапамагала ёй мяняць. Расчэсвала яе. Купіла сухі шампунь, мы яе вільготнымі сурвэткамі памылі з санітаркай. Яна Ліду асабліва не любіла, а як я пачала за ёй даглядаць, то яна са мной пасябравала і праніклася і да Ліды. Я сябе вінавачу праз тое, што ў мяне не хапіла сілаў прыйсці да яе ў апошнія дні яе жыцця. Я нібыта ўжо разумела, што ўсё. Памятаю, як яна ціхенька спала, як быццам ужо мёртвая. Я сядзела некалькі гадзін на крэсле і плакала, разумеючы, што зараз чалавека не стане.

Я тады жыла з хлопцам, з намі жыла яго маці, у якой была моцная алкагольная залежнасць. У яе быў мужчына, яны ўдваіх пілі, ноччу спаць не давалі. Іх сын таксама быў трошку таго: ён увесь час глядзеў у дзвярное вочка, баяўся, што прыйдзе міліцыя, што яго хочуць забраць. На вуліцу баяўся днём выходзіць, выходзіў толькі ўвечары, і тое ў капюшоне.

Я ад яго выпадкова зацяжарыла, прэзерватыў парваўся

Я даведалася аб цяжарнасці. Я тады прымала прэпараты, якія моцна ўплываюць на плод, і гэта давала магчымасць зрабіць аборт бясплатна. У мяне быў ужо нармальны тэрмін цяжарнасці – недзе месяцы тры – і мне зрабілі хірургічны аборт. Я памятаю гэты таксікоз, гэта жах. У мяне не было сіл ні на што, я нават у тэлефоне не сядзела, толькі тэлевізар глядзела, нічога есці не магла, ад усяго ванітавала. Пакуль не вырыгаюся на ноч, не засну. Валяр’янкай закідвалася і хуценька спаць клалася. І пах цыгарэт, божа мой, мяне ад яго так ванітавала! А там жа гэтыя алкаголікі на кухні кураць, а гэта побач з маім пакоем. Я прасіла свайго хлопца не курыць, але ён усё роўна курыў. Ён яшчэ і не працаваў, жылі за мае грошы. Я працавала ў “Бургер Кінгу”. Ён мяне неяк ударыў у жывот, калі я была цяжарная, за тое, што гучна пад домам размаўляла. Дзякуй богу, што атрымалася зрабіць аборт. Я была самая шчаслівая. Мне казалі, што я буду шкадаваць, што забіла чалавека. Не. Я б яму жыццё сапсавала. Я думала, калі мне не зробяць аборт, то я скончу жыццё самагубствам. Дзякуй Богу, усё абышлося. Стрэсу было вельмі шмат.

Увесь гэты час Яна ні разу не ўзгадвае, што думалі бацькі, наконт таго, у якой сітуацыі яна аказалася, ці намагаліся яны дапамагчы. Усёй сітуацыі Яны яны не ведалі, ды і не асабліва цікавіліся. На дапамогу дзяўчыне ў пэўны момант зноў прыйшлі бабуля з дзядулем.

«Я пераехала жыць у Маладэчна»

Пераехаць мне дапамаглі бабуля з дзядулем. Я там нейкі час жыла. У мяне з’явілася дзяўчына. Мы з ёй не вельмі доўга прасустракаліся, бо яна з Мінска. Ёй было не вельмі зручна ездзіць да мяне і мне да яе, таму яна знайшла іншага хлопца. Мы нармальна разышліся і да гэтага часу добра камунікуем.

Потым я знайшла іншага хлопца. Але выявілася, што ён лудаман – гуляў у казіно і аўтаматы. Нейкі час ён ад мяне гэта хаваў, пакуль яго маці не спаліла. У мяне проста зямля з-пад ног сышла, бо я з такім ніколі не сутыкалася, я чула, што гэта нешта страшнае, што людзі не могуць спыніцца. Ён сказаў: «Я магу напісаць заяву ў казіно, каб мяне туды больш не пускалі». Мы ў той жа дзень пайшлі, ён напісаў гэтую заяву, і я вырашыла, што ўсё добра.

Ён мяне пазнаёміў з марыхуанай, а пазней і з цяжкімі наркотыкамі. Гэта значыць першы раз я паспрабавала мефедрон і адразу ж па вене. Мне гэта не здавалася чымсьці такім “Ого!”, таму калі хуткая дапамога прыязджала здымаць мае прыступы, яны мне калолі дыязепам у вену – таксама наркатычны прэпарат. Я не разумела розніцу паміж нюхаць і калоць. Я не памятаю, што менавіта мне спадабалася першы раз, але памятаю, што я думала, што гэта будзе толькі адзін раз і больш я не зраблю гэтага. А калі мяне ўжо пачало адпускаць, я думаю, што нічога не зразумела і патрэбны яшчэ раз, і ўсё, мне хопіць, я зразумею. У наступны раз кажу сабе: да Новага года можна, а потым ужо ўсё пачну спачатку, больш не буду.

Пасля другога разу я ўжо нічога не адчувала ад гэтага мефедрона. Яго я ўжо з іншым чалавекам ужывала. Тады я не ўмела калоцца сама. Ён даставаў, і мяне ставіў. Я прылягу, пачынаю цяжка дыхаць, і адчуванне як быццам зараз памрэш. Свет сыплецца. Мне гэта нібыта падабалася нават: тое, што мяне не існуе, я не ў гэтым свеце. Размаўляць не хацелася, нічога. Мне падабалася, што я магла эмоцыі па-асобку адчуваць: эмпатыю, напрыклад, я здзівілася, што эмпатыя можа быць такой моцнай.

Я ўжывала мефедрон, проста каб не быць жывой, пакуль мяне не пазнаёмілі з альфа-ПВП. Мне ўводзяць гэтую сінюю жыжку, як «Дамэстас», і мяне б’е як малатком па галаве, пачынаецца параноя і галюцынацыі. Дрыжу, пот цячэ, я забілася ў кут, закрыла вочы, вушы. Мне сказалі, што я гадзіны 3-4 праседзела іне зварухнулася нават. Потым я гэтую Альфу курыла. Мне гэта спадабалася, я адчувала ўладу над сваім розумам. І мне падабалася, што я адчуваю сябе бадзёра. Не было параной ад яго, толькі калі я некалькі дзён не спала, то ў мяне ўжо галюцынацыі пачыналіся, мне здавалася, што за мной сочаць. У мяне яшчэ ў кватэры вочка не было ў дзвярах. Гэта пекла для тых, хто сядзіць на солях, калі ты не можаш у пад’езд паглядзець.

Потым я паехала да сяброўкі, якая таксама ўжывала, у Пецярбург

У Піцеры таксама бамжавала, у пад’ездах спала, крала ежу. Там танней было ўжываць. Калі ў мяне дах ехаў ад “солі”, мне сказалі: цябе супакоіць “герыч”.

«Солі» – гэта агульная назва для ўсіх сінтэтычных псіхаактыўных рэчываў. Напрыклад, мефедрона і α-PVP. А «герыч» – гэта слэнгавая назва гераіна. 

Мне цікава было паспрабаваць, зразумець, як было Лідзе. Я паспрабавала, мне спадабалася. Гэта тое, што я шукала: цябе ўвогуле выключае з гэтага свету. Ты не тут і не там. Калі адрубаешся, то такія сны сняцца, быццам знаходзішся паміж двума светамі. У галаве нуль думак, такое цяпло па целе. Толькі вельмі свярбела мне: да крыві расчэсвала сябе, бо не адчувала цела.

Я думала, што покуль мяне не ламае, то можна ўжываць. Я не ведала, што так хутка пачне ламаць – праз пару месяцаў. Я штодня гэта ўжывала. Тады я ўжо зноў “закідвалася” соллю, покуль гераіну не было, бо ён больш дарагі. Калі ўжо дрэнна зусім рабілася, я пералазіла. Зарабляла грошы тым, што раздавала ўлёткі ці расклейвала аб’явы па пад’ездах. Або ўжо зусім па-гнілому рабіць – гэта красці ў людзей, з торбаў, кішэняў, партфеляў. З кватэр нешта выносіць: у пад’езд заходзіш, правяраеш дзверы, ці адчынена. Красці ў краме, у ламбард здаваць. Або такая схема была: ёсць навічкі ва ўжыванні, гэта значыць у іх яшчэ такі ружовы перыяд, і ты ім кажаш: «Слухай, ёсць такая тэма бабак падняць – папрацаваць кладмэнам*. У цябе яшчэ і нарката на руках будзе. Адсыпеш сабе палову, засыпеш соды, змяшаеш гэта ўсё, ніхто не заўважыць, усё роўна будзе торкаць».

* Кладмен – гэта асоба, якая разносіць закладкі з псіхаактыўнымі рэчывамі па горадзе і пакідае ў хованках: пад пэўным каменем, у пад’ездзе пад падваконнем, у парку пад нейкім дрэвам. Карацей там, дзе без указання месца і фатаграфіі выпадковаму чалавеку знайсці той скарб амаль немагчыма. 

Прыкол у тым, што шопы проста так не даюць на працу ўладкавацца. Ты павінен унесці заклад. Угаворваеш новенькіх ва ўжыванні ўнесці гэтую суму. Вы ідзяце на майстар-клад. Там вялікая колькасць наркотыкаў ляжыць на тую суму. І ўсё – проста знікаеш. А ўсе праблемы і растрачаныя грошы – таму чалавеку.

Было, што я стаяла курыла траву. Да мяне падышоў паліцыянт, пачаў дапытвацца: «Што ты тут курыш? Давай адыдзем». За тое, што я з ім падзялілася, ён нічога мне не зрабіў. Звычайна неяк шанцавала, асаблівых праблем не было, або проста хуткія ногі, то ўцякала. І непрыкметная была. Я звычайна з сабой нічога не насіла, хавала дзе-небудзь. Мяне маглі спыніць за тое, што я нецвярозая. У выцвярэзніку ляжала. Але нічога страшнага не было. І тут, у Польшчы, таксама не было праблемаў з паліцыяй.

Праз тое, што ў Яны доўгі досвед жыцця на вуліцы ў розных гарадах, я запытваюся, які горад самы камфортны для гэтага 

Гданьск. Калі восень і халадно – апрануцца трэба цёпла. Тут усюды накідана шмотак на сметніцах. На кожнай сметніцы можна па матрацы забраць сабе. Тут і людзі нейкія больш прыязныя. Падыходзіш да чалавека, кажаш, што не маеш дома і што ў цябе няма грошай на ежу, просіш купіць што-небудзь з прадуктаў. Памятаю, падышла так да жанчыны, і яна вярнулася з двума пакункамі ежы. Там былі бананы, клубніцы, сырое мяса, якое можна на вогнішчы прыгатаваць, булачкі, хлеб, сасіскі – гэта значыць усё, што трэба. Я плакала перад ёй – настолькі я была ўдзячная за гэта. Тут часта людзі адгукаюцца, каб дапамагчы. Ёсць яшчэ такая арганізацыя Food Not Bombs, дзе кормяць бесхацінцаў. Яна працуе і ў Менску, і ў Піцеры, і тут, у Гданьску. У суботу ці нядзелю прыходзіш на кропку, і там табе даюць кашу, гарбату, печыва, хлеб. У Менску за тое, што я дапамагала такой арганізацыі, мне дадатковую порцыю давалі.

З трох гарадоў, у якіх Яне давялося жыць на вуліцы, самым камфортным для гэтага яна лічыць Гданьск. Але калі параўнаць Мінск і Пецярбург, то Пецярбург перамагае.

У Піцеры можна ў пад’ездзе паспаць. Калі спіш у пад’ездзе ў Мінску, на цябе выклікаюць міліцыю, і ў цябе будзе мільярд праблем. У нас міліцыя вельмі злая. У Піцеры – ім больш похуй, бо гэта партовы горад, такіх, як ты, там дафігішча. Што дзеля цябе адной катацца? Яны не прыедуць. І людзі ўжо прызвычаіліся да таго, што ў іх у пад’ездзе бомж спіць. Яны проста цябе пераступаюць і ідуць па сваіх справах. У плане ўжывання ў Піцеры танней было і можна было “нашкурыць”*. Ходзіш, шукаеш, капаешся ў зямлі ці пад падваконнем.

* Нашкурыць – гэта на слэнгу забраць чужую закладку. Некаторыя адмыслова шукаюць закладкі па ўсім горадзе – пад камянямі, пад падваконнямі і ў іншых прыдатных для таго месцах. І знаходзяць. 

“Калі ад перадазіроўкі памерла мая сяброўка, якая запрасіла мяне ў Піцер, я захацела да яе”

Мне так балюча было, так дрэнна. І я тады змяшала гераін з мефедронам, перабрала вельмі моцна. Была перадазіроўка, я аказалася ў бальніцы, і потым вярнулася назад у Беларусь, дзе адыходзіла ад гэтага ўсяго. Месяц ламала жорстка. Не спіш, не ясі нічога, цябе ванітуе, у цябе халодны пот, і яго так шмат, што ў цябе ўсё адзенне прыліпае да цела. Па руцэ правесці таксама балюча. Як быццам скура злазіць з цябе. І ўсё цела круціць. І яшчэ маральна дрэнна. Колеры раздражняюць моцна, быццам вочы слепяць.

Я злезла, і ў мяне пачаліся жорсткія праблемы са здароўем. Плюс яшчэ эпілептычныя прыпадкі і маё канверсійны разлад асобы. Цалкам у мяне не атрымлівалася аднавіцца, пакуль я не прайшла рэабілітацыю ў Маскве. Там мне дапамаглі з прыпадкамі, прызначылі тэрапію, дапамаглі аднавіць вагу, растлумачылі, што большасць гэтых сімптомаў ідзе ад канверсійнага разладу. Трэба абавязкова піць лекі і ісці да псіхолага. З таго часу я 2,5 гады хаджу да псіхолага. Мне вельмі пашанцавала знайсці маю псіхалагіню.

У той час я пачала весці блог, расказвала, як жывецца людзям з інваліднасцю. Праз тое, што я сама новенькая ў гэтым, то шмат ад чаго была ў шоку. Я падумала, што фігова, што людзі не задумляюцца пра тое, як быць нехадзячай, таму лепш з імі пра гэта паразмаўляць. Я рабіла гэта ў Інстаграме, а ў ТыкТоку – прыколы, у асноўным, былі. Тэлеграм пачала весці ўжо тут, у Польшчы, калі забіла на Інсту і ТыкТок. Вырашыла, што мне падабаецца пісаць. Вырашыла расказваць ужо пра іншае – пра нарказалежнасць. Пачынала весці блог, калі яшчэ ўжывала, таму расказвала, што ва ўжыванні адбываецца. Больш матывацыі весткі блог з’явілася, калі я пачала сур’ёзна з гэтага вылазіць. Калі я жыла на вуліцы, то ў мяне было нуль жадання вылазіць, бо куды я пойду? Я ў чужой краіне, зусім адна. Паехаць дадому да бацькоў не магу.

Яна прыехала ў Польшчу ў кастрычніку 2022 года. А на вуліцу патрапіла ў сакавіку 2023. Як гэта здарылася? 

З кватэры паперлі. Я здымала «кавалерку». Суседзі там у мяне былі вельмі кончаныя, вельмі жорстка ўжывалі. Мужык, беларус, дарэчы, 10 гадоў ужо актыўна ўжывае, займаецца нелегальшчынай усялякай, каб грошы зарабляць на наркотыкі. Ён жыў з дзяўчынай-украінкай. Яна такая прыемная, мілая, год з ім была і год ужывала. Вельмі сумна было, што яна з такім чалавекам звязалася. Ён яе і біў, і тэлефон у яе забіраў, маўляў «ты шлюха, будзеш сябраваць з кім не варта», хоць сам на лева хадзіў, нават да мяне прыставаў. Яму было пофіг на гэтую дзяўчыну, а я з ёй пасябравала. Памятаю, ён мне тэлефануе, кажа: «Давай паспрабуем быць парай». Я ўключаю на гучную сувязь і кажу: «Федзя, цябе чуе Аліна». Пасля гэтага ён ужо больш нічога такога не спрабаваў зрабіць. Акрамя аднаго выпадку, калі я ўжо пачала ўжываць і з імі гэта рабіла. Ён прапанаваў паехаць на машыне па справах. Я люблю на машыне катацца. Ён пах’ехаў да нейкага возера, чарціў мне даўжэзныя “дарожкіі” гэтага мефедрона. Калі б я гэта ўсё знюхала, то ад перадозу здохла б проста ў гэтай тачцы. У яго быў план, каб я адрубілася. Такое бывае: “овердознуўся” і падаеш без прытомнасці або проста спіш, або лібіда ўзнімаецца, і ты на ўсё згодная. Але гэта не пра мяне: мяне не цікавіць сэкс пад наркотыкамі. Мяне адсякае ад свету, я не хочу, каб да мяне наогул дакраналіся. Таму я проста здзімала палову. Пасля таго, як я ўжо дастаткова ўжыла, ён пачаў да мяне прыставаць. Адзінае, на што я пайшла, – гэта зняла майку, засталася ў станіку. Ён кажа: «Сядзь на мяне зверху і гавары». Я нешта затупіла, саджуся зверху, гавару. Ён глядзіць на мяне, пачынае мяне пагладжваць і кратаць. Я ў прыбіральню хочу. Надзела майку, пайшла ў прыбіральню. Потым кажу: «Усё, Федзя, паехалі».

У яго дах ад наркотыкаў паехаў. Калі мяшаеш мефедрон ці любыя хуткія наркотыкі з марыхуанай, то цябе пачынае «галюніць» ці параноя пачынаецца. Вось і ў яго гэта ўвесь час было. Напрыклад, ён быў упэўнены, што Аліна на ягоны тэлефон нейкую праграму ўсталявала, каб за ім сачыць.

Вось такія суседзі ў мяне былі. Яны моцна ўжывалі, прыводзілі людзей, оргіі маглі зладзіць, крычаць, сварыцца адзін з адным, біцца. Суседзі скардзіліся гаспадыні. Памятаю, там такі падвальчык быў. І яны туды пасялілі нейкага чэла. Ён жыў там, ужываў, курыў марыхуану. Усім смярдзела. І раніцай прыехала гаспадыня, але яна адамкнула мае дзверы сваім ключом і сказала: «Валі адсюль». Яна прыехала не адна, іх трое было, і яны мне кажуць, што трэба падпісаць нейкую паперку, каб у мяне не было праблем. Аказалася, што я падпісала паперу, што згодна на высяленне праз тры дні.

Я сабрала рэчы. З Беларусі я з’яжджала з Пашам – маім хлопцам, дакладней, мужам, бо мы распісаліся. Калі гэта ўсё адбылося, я яму напісала. Ён прыехаў і дапамог грашыма. Я зняла жыллё і так і сышлася з ім. Праз тое, што ён ужываў, мы вельмі моцна пасварыліся, ён сказаў: «Больш не прыходзь, бо я за гэта жыллё заплаціў». І я зваліла.

Першы час жыла адна на вуліцы. Калі я жыла з Федзем і Алінай, я проста марыхуану курыла і думала, што да сінтэтычных больш не вярнуся. На той момант я была без іх 4-5 месяцаў. Толькі на траўцы і «на аптэцы»*.

* «На аптэцы» – гэта значыць на рэчывах, якія можна купіць у аптэцы. Напрыклад, гэта нейкія настойкі на падставе спірта. Або транквілізатары, якія ў вялікіх дозах выклікаюць цікавы эфект. 

Тут ёсць шоп з наркотыкамі, і ў яго ёсць чат, дзе людзі камунікуюць. І вось я неяк гартаю гэты чат, гляджу, чэл піша: “У мяне ёсць меф, прыходзьце, бясплатна, мне патрэбна кампанія”. Я яму пішу: “ёў, вітаю, куды ехаць”. Ён мне дае адрас, я забіваю хуй і кладуся спаць. Думаю, не трэба мне гэта. Але потым я ўсё ж такі да яго паехала і так вярнулася ў гэта ўсё назад. Нейкі час я з ім не мела зносіны. А як даведалася, што ён таксама на вуліцы апынуўся, мы з ім скантачыліся і пачалі ўдвох жыць на вуліцы. Потым ужо завялі адносіны. Мне страшна адной жыць на вуліцы, бо я дзяўчынка, са мной можна зрабіць усё, што захочацца. Памятаю, у пад’ездзе прачнулася, а мяне бомж аблізвае. Гэта жах. Жыць з кімсьці больш бяспечна: нас два чалавекі, нехта спіць, нехта ахоўвае. А я не люблю не спаць. Мне гэтага хапіла ў Піцеры, калі пяць дзён ужываеш без сну і ежы практычна. Там і галюцынацыі ідуць, і для здароўя гэта дрэнна, і для галавы гэта дрэнна.

Жылі тут на вуліцы, спалі то ў кустах, то буданы тут будуюць у лясах. У закінутых будынках жылі – гэта наогул самае камфортнае было, такі вясковы вайб, проста на вядро ў туалет. Там матрацы былі. І не холадна. Тады ўжо імкнуліся “сінтэтыку” не ўжываць. Курылі шышку, гашыш, пілі алкаголь.

Потым ён паехаў на працу, дзе давалі жытло, а ў мяне ёсць беларуская пенсія, я яе наогул не чапала, і там сума набегла добрая. Так я змагла заплаціць за жыллё. Засталася там жыць, покуль хлопец зарабляе грошы.

«Я таксама пачала падпрацоўкі шукаць»

У мяне вялікія праблемы, каб на сталую працу ўладкавацца. Мне цяжка фізічна, гэта значыць калі я перастрэсую, то ўсё, у мяне пачынаецца слабасць моцная ў цягліцах. Я проста не магу фізічна. Як бы я сябе не прымушала. Я праз 6 гадзін проста ўжо паміраю. І мне цяжка знаходзіць агульную мову з калектывам: што ў школе ў мяне былі праблемы з гэтым, што ў каледжы. Мне прасцей хадзіць на падпрацоўкі. Чацік ёсць такі, дзе людзі шукаюць, хто на замену за іх можа выйсці. Нават посуд пайсці мыць 12 гадзін для мяне неяк прасцей. Я адна гэты посуд мыю. І гэта не 5 дзён на тыдзень: адзін-два дні схаджу і атрымаю грошыкі.

Самае маё ўлюбёнае – гэта сядзець на замерах кухняў. Гэта дзе людзі прыходзяць зрабіць замеры, каб кухню сабе выбраць. Ты проста сядзіш 12 гадзін і робіш, што хочаш. З аднаго боку, складана гэтулькі выседзець, спіна пачынае балець, у мяне дзве кілы ў хрыбетніку. Цяжка 12 гадзінаў займацца тым, чым хочаш, трэба сабе занятак прыдумаць. Я вучылася вязаць, калі ў мяне было шмат змен: па тры дні запар трэба было па 12 гадзін сядзець. Яшчэ збірала мазаіку, слухала відэа на ютубе. Ні з кім размаўляць не трэба, там няма калектыву. Людзі падыходзяць, ты ім проста візітоўку даеш, ці начальніцы тэлефануеш, даеш трубку, і яны ўжо самі ўсё вырашаюць. Яшчэ люблю прыбіраць кватэры пасля рамонту. Хоць і раблю гэта марудна, але мне кажуць, што я раблю гэта якасна. У мяне ўжо нават кліенцкая база ёсць. Але я ўсё ж хачу трапіць на сталую працу.

Я цяпер чакаю пацверджання інваліднасці ў Польшчы. Павінен прыйсці ліст, дзе мяне паклічуць на камісію. Я перавяла ўсе свае дыягназы на польскую, іх дастатковую колькасць. Планую атрымаць інваліднасць. Тут ёсць працоўныя месцы спецыяльна для людзей з інваліднасцю, дзе ты працуеш належную колькасць гадзін паводле твайго стана здароўя, які ацэніць камісія. Плюс табе плацяць заробак у брута, без выліку падаткаў. Калі губляеш працу і нейкі час не працуеш, то табе выплочваюць дапамогу.

Акрамя таго Яна вядзе тэлеграм-канал, дзе перыядычна размяшчае рэкламу. На гэтым яна таксама зарабляе невялікія грошы. 

Вяртаемся да тэмы залежнасці. Я запытваюся ў Яны, як яна пачала хадзіць на зборы так званых «Ананімных наркаманаў»

Помню, у фільмах бачыла сходы наркаманаў. Што рэальна такое ў жыцці існуе? Рэальна, ёсць сход у Менску. Папрасіла сябра са мной пайсці. Тады я піла алкаголь, ужывала, і прыходзіла туды, каб, не ведаю, цуд які-небудзь здарыўся, проста прыходзіла. Мне сорамна, што я туды прыходзіла ў нецвярозым стане, тым самым правакавала людзей, якія хацелі пазбавіцца ад задежнасці, але я не выказвалася і асабліва ні з кім не размаўляла там. Акрамя адной дзяўчынкі – яна пачала са мной камунікаваць. Відаць, у яе было жаданне сарвацца, і праз мяне яна хацела гэта атрымаць. Мне расказалі, што яе бацькі забралі з Піцера, дзе яна сур’ёзна тырчала. Яна там і ў псіхушцы ляжала, і зараз лечыцца: у яе 4-5 месяцаў чысціні было. І яна да мяне неяк падыходзіць і кажа: «Я ж бачу, што ты накураная, дай мне што-небудзь». Я пытаю: «Ты ўпэўненая, што хочаш? Ты ж скасуеш свае чыстыя дні». Яна: «Я нікому не скажу». Я ёй дала без задняй думкі. На наступны дзень яна расказала пра гэта ў групе. Я больш туды не прыходзіла. Мне было вельмі сорамна.

Я спрабавала злезці. Я вельмі спрабавала злезці. Я і шышку спрабавала не курыць. Мяне максімум хапала на месяц. Калі я без шышкі, то пачынаю піць. Калі я без алкаголю і шышкі, пачынаю таблеткі есці. Усё роўна знаходзіла, як змяніць свядомасць, і не разумела, што мне рабіць, покуль мне ў ТыкТоку не трапілася ў стужцы дзяўчына, якая таксама змагалася з залежнасцю і прыкольныя відосікі здымала на гэтую тэму. Трапіўся яе эфір, дзе яна расказвала, што ходзіць у групу «Ананімных наркаманаў», але жыве ў Турцыі. Я ў яе спытала, як яна ў іншай краіне знайшла групу, і аказалася, ёсць анлайн-сходы. Яна мне скінула шмат анлайн-груп, сказала прыходзіць і калі будуць нейкія пытанні – звяртацца. Я сядзела на гэтых групах, слухала, што людзі кажуць, і неяк пачула слова “спонсар”. На беларускіх групах я ніколі не чула гэтага слова, пішу ў чацік, пытаю, хто гэта. Мне тлумачаць, што гэта чалавек, які раней ужываў, але ў якога цяпер ўжо вялікі тэрмін чысціні, і ён набірае падспонсарных для таго, каб дапамагаць ім пазбаўляцца залежнасці і нагадваць самому сабе, якім ён быў пад час ўжывання, як сам апускаўся на дно і такім чынам перапраходзіць праграму зноў.

Мне скінулі групу, дзе я магу знайсці спонсара. Я ўсім у роспачы пісала – трэба менавіта дзяўчатам пісаць, дзяўчыны з дзяўчынамі, мужчыны з мужчынамі – покуль не натрапіла на дзяўчыну, якая скінула мне кантакт іншай дзяўчынкі. Так я выйшла на сваю спонсарку. Мусіць, гэта тая самая вышэйшая сіла, якая накіравала мяне да патрэбнага чалавека. Але я тады яшчэ не спыніла ўжываць, працягвала паліць шышку, есці аптэку. Мая спонсарка мне казала: «Абнуляй, і будзем пачынаць пісаць крок». Я думала, мне трэба паспець патырчэць на ўсім, чым я хачу. Яна мяне чакала з ужывання. Я да яе вярнулася. Мы з ёй раз на тыдзень стэлефаноўваемся.

Я заўсёды думала, што гэта нейкая лухта, звязаная з рэлігіяй, бо ў Беларусі мы на групе маліліся. Аказваецца, я проста не надавала значэння таму, што перад пачаткам групы нагадвалі, што слова «бог» кожны з нас разумее па-свойму.

Я кожны дзень хадзіла на гэтыя анлайн-групы, не вылазіла з іх. Потым я даведалася, што ёсць польскія «Ананімныя наркаманы» і папрасіла сяброўку, якая таксама залежная, схадзіць са мной. Прыехалі, і мне там так спадабалася, што я стараюся хаця б раз на два тыдні туды прыехаць, каб асабіста пабачыцца з усімі. Там я трэнірую сваю польскую мову. Карысна. Да таго ж толькі анлайн-асяроддзя недастаткова. У Варшаве ёсць рускамоўныя «Ананімныя наркаманы», што вельмі крута. Шкада, што такога няма ў Гданьску. Я езджу ў суседні горад, бо ўсе групы ў маім горадзе нецікавыя. Там мала людзей прыходзіць, і ўсе па коле па чатыры разы за паўтары гадзіны выказваюцца. Зусім нецікава.

Дзякуючы гэтым групам, дзякуючы спонсарцы, я чыстая да гэтага часу. Праз 3 дні ў мяне будзе 5 месяцаў поўнай чысціні. Я вельмі баюся гэта страціць, бо шмат усяго перажыла на чыстую галаву. Мой хлопец два разы зрываўся на мефедрон. Мы жывем разам.

Першы раз я натырчалася з ім на ўсім, чым можна. Планавала вяртацца ў праграму, і ён зноў зрываецца. Мне так крыўдна было. Я памятаю, як трымаю ў руках, тое што ён прывёз, і думаю, зараз з ім працягну, хай мне гэты меф і не цікавы. Потым перадумала і аддаю яму назад. Не магу заснуць уночы, бо ён сядзіць карткамі чэрціць. У мяне ўсё ламае, верне, круціць. Мне ванітаваць хочацца ад таго, што я хочу і не хочу. У мяне нібы дзве асобы ў галаве змагаюцца. Я збіраюся і іду катацца на аўтобусах-трамваях. Узяла з сабой шышку. Я тады ўжо чатыры дні не курыла. Пакаталася на аўтобусе. Памятаю, дастаю гэтую шышку з кішэні, гляджу на яе і думаю: «у мяне ўжо чатыры дні, ну навошта? Няма сэнсу. Перажыві гэта». Каб не быць адной, я пайшла да сяброўкі. Мы з ёй пабылі. Я паехала дадому. Там, вядома ж, чалавек на параноі, на ўсім, чым толькі можна. Цяжка было перажыць. Але другі яго зрыў быў самым жахлівым, бо ён проста знік. Мне так балюча было, проста па падлозе мяне размазала, ляжала, плакала, мяне круціла ад гэтага болю, але я ўвесь час была на сувязі са спонсаркай. Яна мяне супакойвала. Я і з сяброўкамі была на сувязі. Важна не ізалявацца ў такія моманты і браць дапамогу, дзе гэта магчыма.

Потым з яго боку пачынаюцца маніпуляцыі праз жаль. Я кажу яму: «Прыедзь, пакажыся мне». Прыязджае проста пачвара. Я ўпершыню ў жыцці цвярозымі вачыма паглядзела збоку, што гэта такое. У яго соплі цяклі. Яны з наркотыкам, і ўсё апякаюць. Мне так агідна аж да ванітаў. І я кажу яму: «працверазееш – вяртайся». І ён у адказ: «Я пайду, каб апошні раз ужыць, тады памру, я цябе няварты». Я ў слязах тэлефаную спонсарцы, яна мне кожнае ягонае слова тлумачыць, што гэта маніпуляцыя. Яна мне важную рэч сказала, што чалавек не хацеў зрабіць дрэнна мне, а хацеў зрабіць добра сабе. Гэта эгаізм. Мне лягчэй стала ад гэтага. Потым я зайшла на групу, калі яна ўжо заканчвалася, але я ўпершыню ў жыцці, калі моляцца ў канцы, гэтую малітву праз сэрца прапусціла. Не ведаю, як гэтае пачуццё апісаць. Я ў такой роспачы была, але не хацела зрывацца. Я сябе спыняла як толькі магла. Толькі не туды – назад. Пасля гэтага я разумею, што магу перажыць усё.

Мае бацькі даведаліся, што я ўжываю, і гэта я таксама на чыстую галаву перажывала. Мы з імі цяпер вельмі добрыя зносіны маем. Пасля псіхатэрапіі мне лягчэй значна. Я зразумела, як з імі размаўляць трэба. Пачала казаць сваім родным, што я іх люблю, сумую па іх. Праз паўгода я нават ад таты гэта пачула. Я яму кожны месяц казала: «я цябе люблю», а ён мне нічога не казаў. І вось праз паўгода ён мне ўпершыню ў жыцці сказаў: «я цябе таксама люблю». Я ледзь не здохла ад шчасця.

Яна і цяпер знаходзіцца ў стасунках з тым хлопцам з залежнасцю.

Ён не спыніў ужываць: піва можа выпіць, нейкі час таемна спрабаваў курыць шышку, часта цягае мае таблеткі. Я сама п’ю «лірыку», якая дзейнічае на апіёйдныя рэцэптары.

“Прэга” – то-бок прэпарат Прэгабалін (гандлёвая назва – Лірыка) – гэта супрацьэпілептычны прэпарат. Як і сказала Яна, прэпарат уздзейнічае на апіёйдныя рэцэптары. Праз гэта, калі здаровы чалавек прымае гэтыя таблеткі (асабліва ў вялікіх дозах), дасягаецца стан змененай свядомасці. 

Я кажу яму: «заканчвай тырчэць, бачыш, у мяне атрымліваецца». Я ўпершыню за ўвесь час так доўга чыстая. Я ў шоку ад таго, што праграма сапраўды працуе, як крокі змянілі маё бачанне самой залежнасці і мяне. Гэта бясплатная псіхатэрапія. Са спонсарам пішаш крокі, аналізуеш сваю залежную асобу, сваё стаўленне да свету.

Залежны хворы не толькі праз тое, што ён хоча ўжываць наркотыкі, там яшчэ і эгацэнтрызм, жаль да сябе, унутраную пустэчу хочацца чымсьці запоўніць. Часта людзі, калі перастаюць ужываць, то пачынаюць гэтую ўнутраную дзірку запаўняць тым, што дазволена і што прыносіць кароткатэрміновы кайф: пакупкі, ежа, газіроўкі, многія аказваюцца з крэдытамі на Вайлдберыз, пачынаюць лудаманіць або ў сэксе шукаць суцяшэння. У мяне звычка засталася па сметніках лазіць. Тут у Польшчы можна афігенныя рэчы знайсьці. Я тут, дарэчы, знайшла байку Tut.by. Аддала яе хлопцам з «Зеркало», яны выставілі яе на аўкцыёне, а атрыманыя грошы аддалі палітвязням. Узамен яны мне даслалі круты заплечнік, шопер, майку і кофту. Так задарылі за нейкую байку праз тое, што я ім яе аддала і не захацела сабе грошы браць. Людзі такія добрыя. Мне хочацца аддаваць у адказ, але я пакуль не ведаю, як. І якраз у праграме вельмі важна аддаваць у адказ. Для мяне гэта яшчэ адзін стымул развітацца з залежнасцю. Тое, што я потым змагу дапамагчы іншым людзям пазбаўляцца залежнасці. Плюс расказваю пра гэта ў блогу, што гэта працуе. Дзялюся тым, што ў “кроках” магу напісаць. Многія мне пішуць, што таксама ідуць у праграму, задумваюцца пра тое, што я пішу. Я казала, што па сметніках лазіла. Мне гэта запаўняла ўнутраную пустэчу, пакуль я не напісала гэта за крок. Калі я ўсвядоміла, навошта гэта раблю – усё, як адрэзала. Я не хачу больш лазіць па сметніках.

Што Яна хацела б сказаць нашым падпісантам і падпісанткам

Не ўжывайце наркотыкі. Лепш не спрабуйце, бо здаецца, што ты асаблівы, цябе гэта не закране, ты паспрабуеш толькі адзін раз. Такія людзі ёсць, якія сапраўды спрабуюць толькі раз, але іх адзінкі. Вось як у мяне было: я паспрабавала, і ўвесь час знаходзіла новыя адгаворкі. Мы жартуем са спонсаркай, што ў ананімных наркаманаў ёсць толькі сёння: толькі сёння я захоўваю цвярозасць, чысціню розуму. А ў актыўных ужывальнікаў — толькі не сёння.

Тым, хто яшчэ не спрабаваў, лепш і не спрабаваць, нават не гуляцца з лёгкімі наркотыкамі, траўкай, бо аднойчы гэта стане нормай.

Лепш нават алкаголь не ўжываць, бо хто ведае, як далёка гэта зойдзе. І весяліцца лепш без шкоды для здароўя, бо алкаголь шкодзіць. Многія, хто курыць шышку, кажуць: «гэта лепш, чым бухаць». І яны так іншых падкупляюць: «гэта ж лухта, залежнасці ад марыхуаны няма». І многія застаюцца ў гэтым усім. Нічога не лепш. Не трэба параўноўваць адно лайно з іншым лайном – якое з іх лепш пахне.

І магу яшчэ звярнуцца да людзей, якія ва ўжыванні. Ня трэба адкладаць адмову ад наркотыкаў на потым. Калі ўжо ёсць думкі пра гэта, проста бераце і заканчваеце. Будзе цяжка, складана, балюча, але вы не адныя. Ёсць вялікае таварыства «Ананімных наркаманаў». Вы можаце знайсці і анлайн-дапамогу, і спонсара, і на групах сядзець. Я з іх практычна не вылазіла, і мне гэта першым часам вельмі дапамагло. І спонсарка таксама вельмі дапамагла. Цяпер я з ёй практычна ўжо не спісваюся. Раз на тыдзень мы стэлефаноўваемся і ўсё.

Вас прымуць такімі, якія вы ёсць, нават калі вы яшчэ ў актыўным ужыванні, не можаце спыніцца, не ведаеце як, проста прыходзьце туды.

Вось такой атрымалася гісторыя Яны. 

У чым асабіста я пераканалася за час, пакуль працавала над гэтым падкастам? У тым, што кожны чалавек унікальны, кожны досвед унікальны. Нават калі нам падаецца, што жыццё іншай асобы нагадвае наша ўласнае, там акрамя агульнага будзе шмат-шмат адрознага. 

Глядзіце, у жыцці Яны ёсць нібыта падобныя на гісторыі іншых асоб, якія дзяліліся сваімі гісторыямі ў папярэдніх эпізодах. Шмат хто, перажылі сэксуалізаваны гвалт. Шмат хто, мае псіхіатрычныя дыягназы. Некаторыя маюць досвед спажывання псіхаактыўных рэчываў. Некаторыя вядуць свае блогі. Некаторыя працавалі прыбіральшчыцамі. Некаторыя жывуць у Польшчы. Усе з Беларусі. Усе знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Усе розныя. Усе іншыя. 

Дзякуй, што былі з намі.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x