Сітуацыя з хатнім гвалтам у Беларусі пагаршаецца: невыразная статыстыка, адсутнасць годнай падтрымкі з боку дзяржавы і прымусовае закрыццё ініцыятыў, якія аказвалі рэальную дапамогу беларус_кам у крызісных сітуацыях. Але спосабы барацьбы з хатнім гвалтам усё яшчэ існуюць. Мы сабралі для вас інфармацыю аб рэсурсах дапамогі, абмеркавалі з актывісткамі сітуацыю ў краіне і тое, чаму ўвядзенне паўнавартаснага закону аб хатнім гвалце зараз немагчыма, але ў будучыні — неабходна.
Замоўчванне рэальнай статыстыкі
Адна з галоўных праблем сітуацыі з хатнім гвалтам у Беларусі — адсутнасць разумення маштабу. Паводле дадзеных Міністэрства унутраных спраў Беларусі, у 2022 годзе было зарэгістравана больш за 70 тыс. выпадкаў хатняга гвалту. Але даследаванне Фем-групы, праведзенае ў 2022 годзе, паказвае, што далёка не ўсе пацярпелыя звяртаюцца па дапамогу. Акрамя таго, МУС неахвотна дзеліцца інфармацыяй, імкнучыся схаваць рэальнае становішча спраў.
Тоні Лашдэн, квір-фем актывіст:ка:
Адна са складанасцей працы з сітуацыяй хатняга гвалту ў Беларусі — гэта адсутнасць якой-кольвек дакладнай інфармацыі аб маштабах. Калі раней у краіне працавала некалькі буйных арганізацый, напрыклад, Гендарныя Перспектывы і шэлтар Радзіслава, якія сістэматычна збіралі статыстыку, то зараз гэтыя арганізацыі ліквідаваны, і магчымасці збіраць такія дадзеныя на нацыянальным узроўні няма.
Разам з гэтым актывіст_кі і арганізацыі за межамі Беларусі вядуць даследчую працу і спрабуюць запоўніць пустэчу.
У 2022 годзе Фем-група апублікавала дадзеныя, па якіх мы бачым: кожн_ая друг_ая беларус_ка асцерагаецца пацярпець ад фізічнага гвалту, а кожн_ая трэц_яя сутыкну_лася з псіхалагічным гвалтам (пагрозамі, абразамі і зневажэннямі).
Даследаванне распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі, і каляжанкі з Фем-групы не мелі прамога фізічнага доступу да пацярпелых ад гвалту (які, напрыклад, быў у шэлтара або на гарачай лініі Гендарных Перспектыў). Таму ў падобных дадзеных ёсць абмежаванні: групы, найбольш уразлівыя для хатняга гвалту — людзі сталага веку, людзі з інваліднасцю, жанчыны не ў буйных гарадах — маглі не быць ахоплены праз сацыяльныя сеткі. А значыць, агульная статыстыка пацярпелых можа быць значна вышэйшай.
Наколькі ўвогуле важна разумець статыстыку па пацярпелых? Як актывіст_цы, мне важна сказаць, што ва ўмовах цалкам разбуранай сацыяльнай сістэмы падтрымкі пацярпелых нават дзесяць кейсаў гендарна-абумоўленага гвалту — гэта ўжо вельмі шмат. Гэта дзесяць чалавек, якім у Беларусі зараз практычна няма дзе атрымаць ні псіхалагічную, ні юрыдычную дапамогу. Гэта дзясятак чалавек, якіх зараз унутры краіны няма куды адсяліць ад агрэсараў, гэта дзясятак цяжкіх і балючых кейсаў. У сваёй практыцы я бачу, што гаворка ідзе далёка не пра такую колькасць выпадкаў: мы гаворым пра сотні людзей, якія зараз па вялікім рахунку могуць спадзявацца толькі на свае рэсурсы.
Што з законам аб хатнім гвалце ў Беларусі зараз і чаму ён важны
Аліна Харысава, лідарка «Яна/Ёй»:
Як у Беларусі, так і ў Расіі няма нармальнага закону аб хатнім гвалце. І гэта супадае з канцэптам той палітыкі, якую вядуць гэтыя дзяржавы. Адна краіна развязвае агрэсіўную вайну, другая — у ёй удзельнічае і паводзіць сябе максімальна дэспатычна ў адносінах да сваіх грамадзян. Увёўшы закон аб хатнім гвалце, які прадугледжвае рэальную адказнасць, абедзве гэтыя дзяржавы паставяць пад пытанне метады свайго ўтрымання ўлады. У Новай Беларусі, вядома, неабходны такі закон, але зараз мне цяжка ўявіць, каб нешта падобнае было ўведзена ў нашай краіне. Для цяперашняй улады гэта будзе дыскрэдытацыяй яе ўласнай палітыкі.
Раней у нас рабіліся спробы ўвесці закон аб хатнім гвалце, бо Беларусь з’яўляецца сябрам ААН і падпісалася выконваць мэты ўстойлівага развіцця (далей — МУР), адной з якіх з’яўляецца гендэрная роўнасць. Мне падаецца, з-за таго, што Беларусь у некаторых з МУР ніякага прагрэсу не дасягала, урад вырашыў стварыць бачнасць дзейнасці хоць недзе. І вось адна з іх — фіктыўная барацьба за гендэрную роўнасць і супрацьдзеянне хатняму гвалту.
У 2014 годзе быў унесены новы від пакарання ў закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» — ахоўнае прадпісанне. Гэта зусім абсурдная мера. Па сутнасці, агрэсара прымусова маглі вывесці з дому… і гэта ўсё. Праз нейкі час ён абавязкова вяртаўся (што відавочна) дадому, таму што з боку праваахоўных органаў больш не вынікала ніякага пакарання. Атрымліваецца, гэты чалавек вяртаўся і працягваў сябе паводзіць як раней. У некаторых сітуацыях нават горш — з-за таго, што пацярпел_ая звярну_лася ў міліцыю. Зразумелая справа, што часцей агрэсія проста эскалявалася ў рамках пэўнага дома ці сям’і, а пацярпел_ая пасля маг_ла баяцца кагосьці паклікаць на дапамогу. Нярэдка гэта прыводзіла нават да забойстваў — у Беларусі прыкладна траціна забойстваў здзяйсняецца членамі сям’і.
У 2018 годзе Лукашэнка раскрытыкаваў законапраект аб хатнім гвалце, і гэты працэс быў прыпынены.
Тоні Лашдэн, квір-фем актывіст:ка:
Ва ўмовах прававога дэфолту спецыяльны закон аб хатнім гвалце наўрад ці нешта зменіць у Беларусі зараз. У доўгатэрміновай перспектыве гэты законапраект вельмі важны і патрэбны, бо ён прапануе спецыялізаваныя механізмы дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, праграмы рэабілітацыі для тых, хто здзяйсняе гвалт, і стварае інфраструктуру дапамогі і падтрымкі пацярпелых унутры краіны.
Куды звярнуцца, калі сутыкну_лася з хатнім гвалтам
Рэсурсы дапамогі ў Беларусі
1. Чат-бот Кіпцюры Рагнеды
Гэта рэсурс для жанчын, транс- і небінарных людзей, якія сутыкнуліся з гвалтам і іншымі складанымі сітуацыямі. Актывісткі сабралі ў адным месцы ўсе бяспечныя кантакты дапамогі ― псіхалагічнай і юрыдычнай. Навігацыя ў чат-боце простая і зразумелая: трэба ўсяго толькі выбраць варыянт неабходнай дапамогі, пасля чаго з’явіцца вялікі спіс кантактаў арганізацый, якія дапамагаюць.
Каманда Кіпцюроў Рагнеды:
У Кіпцюрах Рагнеды можна атрымаць інфармацыйную падтрымку: даведацца, па якіх кантактах звярнуцца па дапамогу. Пакуль геаграфія праекта ― гэта Мінск і Мінская вобласць, але ў чат-боце можна знайсці кантакты ініцыятыў, арганізацый і гарачых ліній па ўсёй Беларусі. Псіхалагічныя кансультацыі часова прыпыненыя, але мы плануем перазапусціцца восенню і дадаць яшчэ адзін фармат падтрымкі. Сачыце за нашымі навінамі. На платформе ёсць шэраг практык (цялесных, дыхальных і г. д. ), якія дапамагаюць у крызісных сітуацыях.
Больш пра чат-бот і яго каманду можна даведацца ў нашым артыкуле.
2. Яна/Ёй
Беларуская ініцыятыва, створаная для барацьбы з дыскрымінацыяй і гвалтам у адносінах да жанчын у Беларусі. Яна/Ёй займаецца адукацыйнымі праектамі, аказвае юрыдычную і псіхалагічную дапамогу.
Аліна Харысава, лідарка «Яна/Ёй»:
Калі да нас паступіла просьба аб дапамозе ад чалавека, які пацярпеў ад хатняга гвалту, мы звязваемся з прадстаўні_цамі арганізацый, якія займаюцца гэтай тэмай, і імкнемся аператыўна знайсці дапамогу. У Беларусі засталіся некаторыя мясцовыя ініцыятывы, якія да гэтага часу працуюць, але імкнуцца не адсвечваць лішні раз. З імі таксама можна звязацца праз нас.
3. spravka.guide
Сэрвіс бясплатнай юрыдычнай і псіхалагічнай падтрымкі для беларус_ак, якія сутыкнуліся з хатнім гвалтам і іншымі бытавымі праблемамі. Праца spravka.guide пабудавана на 4 кампанентах: матэрыялы-памяткі, узоры заяў і скаргаў, кансультацыі юрысткі, кансультацыі псіхалагіні.
4. Оливия
Бясплатная інфармацыйная, псіхалагічная і прававая дапамога беларускім жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.
Больш пра фармат падтрымкі можна даведацца з тэкста ў нашай Базе практык.
Рэсурсы дапамогі ў эміграцыі
На сайце labirint сабраныя рэсурсы дапамогі ў розных краінах.
Аліна Харысава, лідарка «Яна/Ёй»:
Хатні гвалт ― дастаткова цяжкая тэма для беларус_ак, якія эмігравалі , якія эмігравалі, напрыклад, усёй сям’ёй пасля 2020 года. Здараюцца сітуацыі, калі за мяжой у мужа і жонкі здараецца канфлікт з ужываннем гвалту, але пацярпел_ая партнёр_ка знаходзіцца ў залежнасці, пры гэтым не мае магчымасці вярнуцца ў Беларусь. Часцей за ўсё гэта здараецца ў тых краінах, у якіх не такая дрэнная сітуацыя з арганізацыямі, якія дапамагаюць. Можна атрымаць падтрымку не толькі ў незалежных ініцыятывах, але і ў дзяржаўных структурах, на гарачых лініях.
Як можна дапамагчы пацярпелым ад аб’юзу
Насця Меркулава, феміністка і актывістка:
Калі ты сведка гвалту, адразу выклікай паліцыю. Калі ты ведаеш, што твая сяброўка ў сітуацыі гвалту ў сям’і, то не прымушай яе нешта з гэтым рабіць і сыходзіць. Дай ёй ведаць, што табе можна давяраць і да цябе можна звярнуцца па інфармацыю і дапамогу. І калі яна вырашаецца нешта рабіць — тады ўжо дапамагай усімі магчымымі для цябе спосабамі. Гэта могуць быць кантакты мясцовых арганізацый, грошы, асобны пакой ці кватэра, тэлефон, адзенне, бялізна, ежа, дапамога з дакументамі. На што хопіць сілы і рэсурсаў.
Аб стыгматызацыі пацярпелых
Аліна Харысава, лідарка «Яна/Ёй»:
Трэба больш казаць аб праблеме аб’юзу. Не нармалізоўваць яго, а распаўсюджваць думку, што пацярпел_ая не вінават_ая. Вінаваты заўсёды агрэсар. Гэта выбар актара гвалту — прымяняць яго ці не.
Насця Меркулава, феміністка і актывістка:
Са стыгматызацыяй пацярпелых ад хатняга гвалту мы працягваем змагацца інфармацыйна. Думаю, тут дапамаглі б флэшмобы ў сацыяльных сетках. Засваенне Укантакце, Аднакласнікаў таксама было б крута і карысна, таму што там вельмі шмат патрэбнай аўдыторыі. Гэта датычыцца і распаўсюду інфармацыі аб дапамозе ў сітуацыях гвалту: часам яна проста не далятае да пэўных людзей.
Тэкст: Саша Камко
Фота: Hutomo Abrianto, Karolina Grabowska