Некалькі месяцаў таму «ІншыЯ» правялі форум «All Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах». Адной з асноўных тэм мерапрыемства стала дыскусія «Новая (Інклюзіўная) Беларусь». Удзельні_цы абмяркоўвалі важнасць інклюзіўнага падыходу пры пабудове новай дэмакратычнай Беларусі. Каб развіць тэму інклюзіўных практык, мы паразмаўлялі з актывіст_камі беларускіх недзяржаўных арганізацый (далей — НДА). Пра іх ідэі і прапановы чытайце далей у нашым артыкуле.
Законы, якія будуць абараняць ЛГБТК+-людзей
У Новай Беларусі патрэбна адсутнасць крыміналізацыі негетэрасексуальных стасункаў і заканадаўчая адказнасць за дыскрымінацыю людзей на падставе іх біялагічнага полу, гендару, сексуальнай арыентацыі і сямейнага становішча. Так, зараз у Беларусі няма крыміналізацыі квір-людзей, але і няма адкрытай падтрымкі і абароны. Дзеючая Канстытуцыя не ўключае паняцце гендарнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі. У вачах дзяржавы не існуе ЛГБТК+-людзей. Такое стаўленне робіць злачынствы ў дачыненні да гэтых людзей непакаранымі.
Актывіст_кі з арганізацыі па ЛГБТК+-асвеце «Такія Самыя»
Забойства гея ў Мінску некалькі гадоў таму толькі пацвярджае адсутнасць сур’ёзнай крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць ЛГБТК+-людзей у Беларусі. У выніку канфлікта каля гей-клубу смяротную траўму галавы атрымаў гей Міхаіл Пішчэўскі. Яго збіў былы выкладчык фізкультуры, які спецыяльна прыйшоў да месца гей-вечарыны. У выніку забойца атрымаў два гады і восем месяцаў пазбаўлення волі, але правёў у калоніі толькі 11 месяцаў. Яго датэрмінова вызвалілі па амністыі.
Затрыманыя ў сувязі з пратэстамі 2020 году прадстаўні_цы ЛГБТК+ сутыкаюцца з асаблівымі формамі катаванняў і пагрозаў з боку праваахоўных органаў. Пра гэта мы таксама пісалі ў нашым артыкуле пра катаванні ЛГБТК+-затрыманых.
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну сітуацыя з правамі ЛГБТК+-людзей у Беларусі істотна пагоршылася. Беларуская прапаганда пачала трансляваць расейскія гамафобныя наратывы. У 2022 годзе старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла пра магчымае з’яўленне закона аб забароне «ЛГБТК+-прапаганды». Такое ж меркаванне пазней выказаў Лукашэнка. Небяспека крымінальнага пераследу на падставе сексуальнай арыентацыі сёння як ніколі блізкая.
Адкрытая падтрымка ЛГБТК+-людзей з боку асобных інстытутаў і груп людзей
Вядома, прыняцця аднаго закону недастаткова. Шмат у дзяржаве залежыць ад асобных людзей. Каб квір-людзі насамрэч адчулі ахову з боку праваахоўнай сістэмы, патрэбна адкрытая падтрымка асобных інстытутаў і груп людзей. Як гэта можа выглядаць? Мясцовая міліцыя Новай Беларусі можа дадаць на свой сайт навіну пра новы закон і што яна — бяспечнае месца для квір-людзей. Мясцовы гарадскі выканаўчы камітэт можа праспансаваць выставу беларускіх маста_чак на тэму гендару і квірнасці. Секс-асвета ў школе павінна стаць універсальнай для дзяцей усіх палоў. Яна мусіць уключаць тэмы бяспечных стасункаў, актыўнай згоды, кантрацэпцыі і базавай фізіялогіі. Можна расказаць пра розніцу паміж полам і гендарам, абмеркаваць гендарныя стэрэатыпы, пашэрыць цікавыя рэсурсы для дадатковага чытання.
Актывіст_кі з арганізацыі па ЛГБТК+-асвеце «Такія Самыя»
У беларускіх школах секс-асветы амаль што не існуе. Выкладчы_цы біялогіі саромеюцца падрабязна расказваць дзецям пра рэпрадуктыўнае здароўе. Параграфы пра гэта часта даюцца на дом для самастойнага вывучэння. Часцей за ўсё дзеці даведваюцца пра пол, гендар і секс з інтэрнэту. У лепшым выпадку ім можа патрапіцца адпаведная кніга. Вялікая адказнасць за секс-асвету ляжыць на сям’і дзіцяці. Але менавіта ў школах закладваецца база ведаў дзяцей. Чым больш асоба ведае пра сябе, тым прасцей ёй далей сябе ідэнтыфікаваць і не адчуваць адрынут_ай ад грамадства.
Адкрыццё квір-фрэндлі прастораў
Прыняцце адпаведных законаў і адкрытая падтрымка надасць квір-персонам адчуванне бяспекі і прыняцця. Астатняе квір-грамадства можа зрабіць само. Калі яму не перашкаджаць, то хутка адчыняцца квір-фрэндлі кавярні і сэканд-хэнды, створаныя адмыслова для ЛГБТК+-кам’юніці, небінарна- і трансінклюзіўныя цырульні_цы, раёны з гей-барамі. Людзі будуць рабіць жывыя сустрэчы: летнікі, кніжныя клубы, класы макіяжу і г.д. Гэтыя праекты і зараз існуюць, але калі будзе бяспечна, яны закрасуюць новымі колерамі яшчэ ярчэй!
Актывіст_кі з арганізацыі па ЛГБТК+-асвеце «Такія Самыя»
Пасля пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі былі ліквідаваны амаль што ўсе НДА, якія працавалі з ЛГБТК+-людзьмі. Для гэтых людзей амаль што не засталося бяспечных прастораў, дзе яны могуць смела быць сабою. Такія прасторы і арганізацыі важныя, бо ў нашым грамадстве гамафобія і трансфобія вельмі моцныя.
Гарызантальныя сувязі ў грамадстве
Гарызантальныя сувязі — гэта мадэль пабудовы арганізацыі, пры якой розныя дэпартаменты і часткі каманды знаходзяцца на адным і тым жа ўзроўні прыняцця рашэнняў і ўзаемадзеяння. Супрацьлегласць вертыкальнай (іерархічнай) мадэлі.Першае і галоўнае для нас — гэта гарызантальныя сувязі ў грамадстве. Гэта тая практыка, якую няблага было б перадаць таксама і палітычным актар_кам Новай Беларусі. Чаму мы так лічым? Таму што менавіта такая форма арганізацыі большасці працэсаў з’яўляецца самай аптымальнай і гнуткай. Гэта дазваляе ўключыць максімальную колькасць людзей у любыя працэсы, а таксама патрабуе высокай грамадзянскай свядомасці, актыўнасці і адказнасці. Як прыклад — структура нашай арганізацыі. Мы заўсёды прэзентуем сябе як антыфонд. Галоўнымі нашымі прынцыпамі з’яўляецца не канцэнтрацыя рэсурсаў і кантактаў, а размеркаванне іх у грамадстве шляхам стварэння гарызантальных сетак узаемадзеяння.
Актывіст_кі арганізацыі Dissident.by
У дзяржаве гэта можа быць арганізавана шляхам стварэння конкурсаў на рэалізацыю праектаў. Напрыклад, у адміністрацыі горада Шклова ёсць 100 тысяч беларускіх рублёў. Адміністрацыя вырашае стварыць конкурс праектаў сярод шклаўчан_ак з рознымі ініцыятывамі, каб перадаць ім грошы для ажыццяўлення. У Алега ёсць праект па ўсталяванні ў горадзе пандусаў ва ўсе ўстановы гораду. Шляхам абмеркавання і галасавання, сярод іншых праектаў жыхар_кі аддаюць перамогу Алегу з яго ініцыятывай. Праект рэалізуецца. Такая мадэль называецца ініцыятыўнае бюджэтаванне. Яна дапамагае не засяроджваць рэсурсы ў руках адміністрацыі, а ўключаць у жыццё гораду звычайных людзей.
Інклюзіўнасць усіх структур грамадства
Таксама для нас важна забяспечыць інклюзіўнасць усіх структур грамадства. Пакуль усе галасы не будуць пачутыя, пакуль кожная перспектыва не атрымае права на існаванне — мы рызыкуем зноў зрабіць памылку ў размеркаванні ўлады паміж людзьмі ў соцыуме. Гэты момант перасякаецца з першым нашым пунктам пра гарызантальныя сувязі. Толькі ў адсутнасці строгіх іерархій мы бачым магчымасць для таго, каб былі заўважаныя ўсе людзі ў той ці іншай супольнасці.
Актывіст_кі арганізацыі Dissident.by
Інклюзіўная адукацыя
Інклюзія павінна ўкараняцца паралельна ва ўсіх сферах. Толькі тады мы дасягнём больш інклюзіўнага грамадства. У першую чаргу я хацеў бы паразмаўляць пра інклюзіўныя практыкі ў адукацыі. Важна зрабіць так, каб дзеці з інваліднасцю маглі навучацца разам з іншымі дзецьмі. Людзі з інваліднасцю абсалютна такія ж людзі, як і мы з вамі. Чаму яны павінны вучыцца асобна?
Вядома, інклюзіўная адукацыя — гэта не толькі пра дзяцей з інваліднасцю. Інклюзіўны працэс у адукацыі павінны быць на ўсіх узроўнях, пачынаючы з праектаў будынкаў, заканчваючы вучэбнымі матэрыяламі і працай з адміністрацыяй навучальнай установы. Такія вучэбныя матэрыялы мусяць быць даступнымі для людзей з парушэннем зроку, а ўсім выкладчы_цам, мне падаецца, патрэбна будзе прайсці курс «Як не размаўляць дыскрымінацыйна з дзецьмі і як не парушаць іх межы».
Зміцер Лойша, трэнер па нефармальнай адукацыі арганізацы «Актыўнымі быць файна!»
Інклюзія ў працы
Таксама немалаважным аспектам з’яўляецца інклюзія на працоўных месцах. Павінен існаваць закон, дзе будуць прапісаны віды дыскрымінацыі і што ніхто не мусіць падвяргацца ёй. Бізнес сам павінен зразумець важнасць інклюзіўнага падыходу і прыняць адпаведныя дакументы па рэгуляцыі працоўнага працэсу. Вялікая частка бізнесаў Беларусі — гэта не сацыяльны бізнес. Ён ніяк не арыентуецца на інклюзію. Каб змяніць гэта, патрэбна ладзіць бізнес-форумы. Падчас іх людзям трэба дэманстраваць статыстычныя дадзеныя звязаныя з укараненнем інклюзіўнага падыходу. Шмат еўрапейскіх краінаў маюць розныя бізнес-мадэлі, дзе інклюзія ставіцца на высокае месца. Пры такім падыходзе разнастайнасць і інклюзіўнасць — гэта найвышэйшая каштоўнасць фірмы. Гэтыя прадпрыемствы паказваюць вельмі высокую эфектыўнасць у сваёй працы.
Зміцер Лойша, трэнер па нефармальнай адукацыі арганізацы «Актыўнымі быць файна!»
Словы Змітра пацвярджае даследаванне Міжнароднай арганізацыі працы (далей — МАП). У ім адзначаецца пазітыўная карэляцыя паміж інклюзіўным падыходам кампаніі і больш моцнымі фінансавымі паказчыкамі з інвестыцыямі. Гэта адбываецца за кошт інвестар_ак, якія падтрымліваюць трэнд на інклюзію. Таксама кампаніі з інклюзіўным падыходам маюць высокую ступень крэатыўнасці і інавацый ад працаўні_ц. Даследаванне МАП таксама паказала, што людзі ў інклюзіўных калектывах маюць больш уключанасці ў працоўны працэс. Яны адчуваюць сябе часткай калектыву мацней, чым у кампаніях з неінклюзіўным падыходам.
Можна ўкараняць адпаведныя практыкі для прадпрыемстваў. Напрыклад, ствараць больш інклюзіўныя вакансіі, каб заахвоціць адгукацца людзей розных гендараў і культур. Такі падыход зробіць працоўны калектыў максімальна інклюзіўным.
Таксама магчыма рабіць розныя мерапрыемствы накшталт трэнінгаў па тэме інклюзіі і барацьбы з дыскрымінацыяй. Гэта значна павысіць разуменне супрацоўні_ц пра важнасць кожн_ай асобы ў грамадстве.
Зміцер Лойша, трэнер па нефармальнай адукацыі арганізацы «Актыўнымі быць файна!»
Стварэнне арганізацыі, якая будзе сачыць за ўкараненнем інклюзіі
Трэба рабіць больш бачнымі выпадкі дыскрымінацыі. Дзеля гэтага можна стварыць дзяржаўны камітэт ці незалежную арганізацыю, куды б маглі звяртацца пацярпелыя ад дыскрымінацыі. Такія інстанцыі мусяць уплываць і мець магчымасць змяняць тую сферу ці прадпрыемства, дзе адбылася дыскрымінацыя.
Зміцер Лойша, трэнер па нефармальнай адукацыі арганізацы «Актыўнымі быць файна!»
Можна стварыць спецыяльную камісію, якая б правярала ўсе новыя месцы, і рабіла б заключэнне, ці адпавядаюць яны інклюзіўнаму падыходу.
Аляксандар Аўдзевіч, актывіст праекту «Inclusive Barista»
Медыякампаніі ў падтрымку інклюзіі
Магчыма рабіць розныя медыякампаніі , напрыклад, пра мову неварожасці. Гэта дапаможа людзям навучыцца больш інклюзіўна размаўляць і паважаць свае і чужыя межы. Гэта навык, які трэба трэніраваць. Таксама паміж рэкламай на тэлебачанні можна запускаць сацыяльна-адукацыйны кантэнт пра віды дыскрымінацыі розных людзей. Такія ролікі могуць тлумачыць тое, чаму дыскрымінацыя гэта дрэнна і як не выкарыстоўваць яе ў дачыненні да іншых людзей. Мне падаецца, што гэта можа добра спрацаваць у інклюзіўнай краіне.
Зміцер Лойша, трэнер па нефармальнай адукацыі арганізацы «Актыўнымі быць файна!»
Інклюзія транспарту
Патрэбна мець абсалютную даступнасць грамадскага транспарту для ўсіх людзей з інваліднасцю: для людзей з сіндромам Даўна, людзей, якія маюць парушэнне зроку і слыху, людзей, якія перасоўваюцца на інвалідных вазках. Будучыня — гэта менавіта гарадскі транспарт. Гэтую мадэль інклюзіі можна скапіраваць з любога нямецкага гораду. Тут не трэба выдумляць нічога новага.
Аляксандар Аўдзевіч, актывіст праекту «Inclusive Barista»
У Мінску, напрыклад, большасць трамваяў не з’яўляюцца нізкападлогавымі. Для людзей з інваліднасцю такі транспарт недаступны. Такая ж праблема са старымі электрычкамі і цягнікамі. Асоба, якая перасоўваецца на вазку, проста не мае магчымасці карыстацца гэтым відам транспарту. Часцей за ўсё спецыяльных пад’ёмнікаў у цягніках і трамваях таксама няма.
Закон пра інклюзію грамадскіх прастораў і месцаў
Важна, каб кожнае месца адпавядала ўсталяваным інклюзіўным нормам. Такія месцы заўсёды павінны мець, напрыклад, туалеты пэўнай плошчы. У такім выпадку ўсе бізнесы павінны будуць падпарадкоўвацца гэтаму закону. Ніхто яго не будзе парушаць.
Развіццё асобы пачынаецца тады, калі ёсць свабода перамяшчэння. Сёння людзі з інваліднасцю не могуць быць ва ўсіх месцах беларускіх населеных пунктаў. Перад тым, як пайсці кудысьці, людзям з інваліднасцю першапачаткова трэба абраць месца, дзе будзе хаця б пандус і даступны туалет.
Сёння людзям з інваліднасцю нават цяжка вырашыць свае побытавыя праблемы. Я з горада Ліды. У банку, дзе я аднойчы хацеў абмяняць грошы, не было пандуса. Супрацоўні_цы банку некалькі месяцаў ніяк не рэагавалі на гэта. У выніку я сам пабудаваў гэты пандус. Прывёз і паставіў каля аддзялення. Пасля гэтага ўжо банк паставіў пандусы каля ўсіх аддзяленняў. Раптам яны сталі даступнымі.
Аляксандар Аўдзевіч, актывіст праекту «Inclusive Barista»
Падобныя практыкі дапамогуць уключыць вялікую колькасць людзей у жыццё нашай краіны. Пакуль некаторыя з нас належным чынам не могуць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Але калі сітуацыя зменіцца, мы мусім быць гатовымі. Менавіта таму інклюзіўныя практыкі павінны ўкараняцца ў беларускіх арганізацыях ужо зараз.