Хачу зрабіць інклюзіўны івэнт для людзей без слыху. Куды бегчы?

ІнклюзіяВеды
Жестовый язык
5
(3)

Читать по-русски

Асобы без слыху і з парушэннем слыху застаюцца вельмі закрытай супольнасцю, пра якую нячаста ўзгадваюць і тыя, хто імкнуцца рабіць інклюзіўныя мерапрыемствы. Як гэтую супольнасць знайсці? Як да яе звяртацца і як з ёй працаваць? Як зрабіць івэнт для людзей без слыху? Мы сабралі для вас рэальны вопыт арганізатарак івэнтаў, інклюзіўных для людзей без слыху.

Даведацца больш пра тое, як пабудаваны свет людзей з парушэннем слыху можна ў нашым Instagram.
Паводле звестак Святланы Ганеевай, прадстаўніцы «Беларускай супольнасці глухіх», у 2016 годзе на больш за 10 000 людзей без слыху ў краіне было толькі каля 50-60 перакладчыц і перакладчыкаў на жэставую мову. Праз недастатковасць дзяржаўных праграм інклюзіі людзі з парушэннямі слыху сутыкаюцца з праблемамі з адукацыяй і працаўладкаваннем і шмат у чым выключаны з агульнага сацыяльнага жыцця і існуюць амаль выключна ў сваёй супольнасці.

Зрабіць субтытры не значыць адаптаваць відэа

Фота ВольгіФеміністка і трэнерка WenDo Вольга Ланеўская кажа, што для выйсця на патрэбную аўдыторую можна здымаць невялікія відэа і размяшчаць іх у сацсетках: «Мы часта робім у фэйсбуку відэа з інфармацыяй, што на нейкае мерапрыемства можна будзе прыйсці людзям з парушэннем слыху ці людзям з інваліднасцю па слыху. Мы робім гэта, каб людзі ведалі пра такую магчымасць загадзя. І тут вельмі важна ўлічваць, што такі відэаматэрыял мусіць быць кароткім (прыблізна на хвіліну), і што рабіць субтытры не значыць прыстасаваць яго да людзей з інваліднасцю па слыху».

 Пераклад на жэставую мову патрэбны, бо не ўсе людзі без слыху ўмеюць чытаць , — для іх гэта як выкарыстоўванне замежнай мовы, і не ўсе яе, канечне, ведаюць.

Таксама трэба разумець, што ў свеце ёсць каля 300 жэставых моў, і што на вялікіх міжнародных івэнтах даўжынёй, напрыклад, тыдзень, першы дзень прысвячаецца таму, каб выпрацаваць агульны набор жэстаў і зрабіць так, каб умоўна людзі з ЗША разумелі людзей з Германіі.

Фота 3

«Мовы жэстаў вельмі лагічныя і заснаваныя на сімвалах, а не на літарах», — кажа Вольга. «Пры гэтым трэба ўлічваць, што нават у адной краіне могуць быць розныя сістэмы жэстаў. А калі быў СССР, прыдумалі такую школу, у якой людзі павінны былі артыкуляваць словы па літарах. Напрыклад, каб сказаць “Воля”, яны мусілі артыкуляваць імя з дапамогай літар. На самой справе гэта вельмі нязручна, і калі я сама вучыла жэставую мову, зразумела, што нашмат хутчэй у такім выпадку паказваць нейкі асобны сімвал, якія будзе прасцей запомніць».

Сувязь з профільнымі арганізацыямі

Таксама актывістка пазначае, што  пра мерапрыемствы варта пісаць у арганізацыі і ініцыятывы, якія працуюць з людзьмі без слыху . «У нас ёсць спіс перакладчыц (польскай жэставай мовы), якія рэгулярна працуюць з людзьмі без слыху ці з парушэннем слыху, і ў іх ёсць свае базы, праз якія мы просім распаўсюджваць інфармацыю».

Рыхтуючы сваю трэнерскую школу па WenDo, актывістка разам з паплечніцамі зрабілі так, каб людзі без слыху даведаліся пра гэтае мерапрыемства. Яны дамовіліся з перакладчыцай, знялі ролік, падрыхтавалі матэрыялы, праводзілі сумоўі. Было падобна, што ў школе будзе вучыцца адна жанчына без слыху, але яна ў выніку не стала ўдзельнічаць. «Калі б яна ўсё ж удзельнічала, уся акадэмія WenDo была б таксама з перакладчыцамі. Канечне, гэта дадатковы час і сродкі, але яно таго варта, каб уключаць розных людзей», — кажа Вольга.

Шукаць перакладчыкаў і перакладчыц — асобны квэст

Фото СвятланыСвятлана Гайдалёнак, арганізатарка мерапрыемстваў у пазбаўленай рэгістрацыі Прасторы КХ у Берасці, кажа, што пры арганізацыі перакладу на жэставую мову яна сутыкнулася акурат з такой праблемай. Аказалася, што ўсе такія перакладчыцы і перакладчыкі (прынамсі, у Берасці) звязаны з дзяржаўнымі структурамі і не хочуць працаваць з грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі. Была праблема і з працай менавіта з тэатральным тэкстам: «Мы прыходзілі да арганізацый, якія працуюць з людзьмі з абмежаваннямі па слыху, але перакладчыкаў, якія б разумелі мову сучаснага мастацтва і маглі яе адначасова спрошчваць і перакладаць на жэставую, у Берасці было даволі цяжка знайсці».

У выніку праз знаёмых знайшлася перакладчыца з Калінінграда, якая працуе з рускай жэставай мовай, і якую не пужала перспектыва перакладаць на культурных мерапрыемствах.

Фота 4

«Гэта даволі складаная праца — акрамя таго, што трэба перакладаць на жэсты, інфармацыю яшчэ трэба спрошчваць і дапасоўваць да жэставай мовы », — узгадвае Святлана. «Нягледзячы на тое, што нібыта перакладаем з рускай на рускую жэставую, усе гарады маюць свае асаблівасці. У Берасці ёсць свае жэсты, а ў Калінінградзе свае. Адрозненняў не тое каб сапраўды шмат, але яны ёсць. Жэставая мова — гэта мова спрошчаная. Таму, калі мы перакладаем інтэлектуальную дыскусію, трэба мець на ўвазе, што яна мусіць спрошчвацца, і гэта асобнае выпрабаванне для перакладчыка».

Каментарый ад арганізацыі «ІншыЯ»:  Усё ж варта разумець, што жэставая мова з’яўляецца паўнавартаснай мовай. Аднак яна сапраўды істотна адрозніваецца ад звыклых для большасці гукавых моваў. У жэставай мове існуе дастатковая колькасць сродкаў, каб перадаць інфармацыю любога ўзроўню складанасці. Жэставая мова мае прасторавую логіку, што дазваляе ствараць жэсты наўпрост у час перакладу, таму жэставая мова даволі хутка адаптуецца да новых паняццяў і з’яваў.

Даведацца больш пра мову жэстаў можна ў нашым Instagram.

Пошук перакладчыцы і стаў для Святланы самай складанай часткай у арганізацыі такіх інклюзіўных івэнтаў. Сярод іншых цяжкасцяў былі тэхнічныя непаладкі і непаразуменні, звязаныя з правядзеннем мерапрыемства анлайн. Асобна яна падкрэслівае, што  ў перакладчыцы мусіць быць правільна ўсталявана камера — аднаго твару на экране недастаткова, і бачным мусіць быць таксама корпус . Справа ў тым, што жэсты не паказваюцца «проста ў паветры» — для дэманстрацыі некаторых з іх перакладчыцы ці перакладчыку трэба рухаць рукамі на ўзроўні шыі і/ці грудной клеткі і нават жывата, датыкацца да іх. Гаварыць жэстамі, проста трымаючы рукі перад тварам, немагчыма.

«Ёсць яшчэ такі цікавы момант, што сурдапераклад і пераклад на жэставую мову – гэта не адно і тое ж», — кажа Святлана. «У паўсядзённым жыцці людзі з парушэннямі слыху карыстаюцца жэставай мовай, а сурдапераклад гэта больш для афіцыйных мерапрыемстваў. Можна, канечне, казаць, што гэта ўсё адно і тое ж, але нашая перакладчыца Эма настойвае, што яна робіць пераклад на жэставую мову, а не займаецца сурдаперакладам».

Гэты падзел падобны да падзелу любой мовы на літаратурную, правілы якой зафіксаваныя ў слоўніках, і жывую, якой людзі рэальна карыстаюцца штодзень. Эма працуе з «жывой» версіяй і абапіраецца найперш на існую практыку, а не фармальныя правілы. Як і ў любой іншай мове, пазбаўленне фармалізму дапамагае даўжэй канцэнтравацца на тэме і не нудзіцца.


Тэкст: Наста Захарэвіч
Фота: RODNAE Productions (фотабанк Pexels)

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць