Інклюзіўны тэатр усё яшчэ ўспрымаецца грамадствам як нешта толькі сацыяльнае, маргінальнае і самадзейнае. У гэтым матэрыяле руйнуем такія стэрэатыпы, паказваем інклюзіўны тэатр пад іншым вуглом і дзелімся, дзе паглядзець спектаклі, каб вы змаглі пераканацца на ўласным досведзе ў тым, што гэта таксама мастацтва.
Што такое інклюзіўны тэатр
Інклюзіўны тэатр — гэта тэатр, у творчы працэс якога ўключаны людзі з рознымі асаблівасцямі здароўя: напрыклад, людзі з ДЦП (заўв. рэд — Дзіцячы цэрэбральны параліч), аўтызмам, са слабым слыхам і зрокам. Але калі адказваць на пытанне «для каго інклюзіўны тэатр», то адказ — для ўсіх, бо яго ўдзельні_цы ствараюць пастаноўкі для шырокай аўдыторыі.
Задачы інклюзіўнага тэатра:
- уключыць у грамадства ўсіх яго ўдзельні_ц, незалежна ад іх фізічных, кагнітыўных або сацыяльных асаблівасцяў,
- стварыць асяроддзе, дзе кожны чалавек можа быць часткай культурнай сцэны,
- даць людзям з асаблівасцямі інструмент рэабілітацыі і сацыялізацыі,
- паказаць грамадству каштоўнасць разнастайнасці і стварыць на яе попыт,
- змяніць тое, як грамадства ўспрымае людзей з асаблівасцямі: разбурыць стэрэатыпы і прадузятасці,
- аб’яднаць людзей з асаблівасцямі і без, каб стварыць дыялог і паказаць, што паміж імі значна больш агульнага, чым здаецца.
Давайце разбяром некалькі стэрэатыпаў, якія могуць узнікаць, калі вы сутыкаецеся з інклюзіўным тэатрам упершыню.
«Вакол і так шмат болю, навошта яшчэ глядзець на людзей з дыягназамі»
Людзі з асаблівасцямі здароўя — як і ўсе астатнія — імкнуцца да павагі, роўнасці, самавызначэння і паўнавартаснага жыцця, а не да жалю.
Менш за ўсё актор_кі інклюзіўнага тэатра жадаюць, каб спектаклі ўспрымаліся гледач_кай як дэманстрацыя іх «слабасцяў» — усё як раз наадварот: гэта дэманстрацыя магчымасцяў. Тэатр — адзін са спосабаў сказаць і паказаць: «мы можам і хочам быць удзельні_цамі культурнага жыцця нароўні з вамі».
Людзі з асаблівасцямі могуць прыносіць радасць на сцэне, могуць аддаваць — а не прасіць.
У большасці сваёй стаўленне да інклюзіўнага тэатра ў грамадстве ўсё яшчэ вар’іруецца ад жалю да цікаўнасці. Гэта трэба мяняць, і першы крок — пазнаванне і шчырая цікавасць.
«Інклюзіўны тэатр — гэта самадзейнасць накшталт ранішніка»
«Маргінальнае мастацтва», «сацыяльная самадзейнасць», «артхаўс на аматара» — стэрэатыпы, якіх трэба пазбаўляцца. Рашэнне наведаць тэатр не павінна быць выклікана пачуццём жалю або быць «высакародным» сацыяльным жэстам. Спектаклі ў прафесійных інклюзіўных тэатрах — гэта якасны прадукт, які ствараецца згодна з прафпрацэсам і высокімі патрабаваннямі.
У інклюзіўным тэатры актор_кі выходзяць на сцэну і працуюць нароўні з усімі. Яны вартыя ўвагі не за сваю інваліднасць ці іншыя асаблівасці здароўя, а за сваю працу і тое, што яны даносяць са сцэны дзякуючы сваім здольнасцям. Людзям з асаблівасцямі не патрэбныя спачуванні, яны наадварот жадаюць, каб да іх ставіліся сур’ёзна і іх працу ацэньвалі па мерках мастацтва, каб пачувацца роўнымі.
Спектаклі ў інклюзіўным тэатры ствараюцца пад кіраўніцтвам прафесійных рэжысёр_ак і педага_гінь і для шырокай аўдыторыі, а не толькі для таго, каб заняць удзель_ніц і парадаваць іх блізкіх.
Цяпер ёсць дастатковая колькасць праектаў, якія пацвярджаюць, што чалавек з асаблівасцямі здольны ствараць актуальнае, якаснае і сур’ёзнае мастацтва. Некаторымі з іх — дзелімся ў канцы гэтага артыкула.
«Давайце кожн_ая будзе займацца сваёй справай і рабіць тое, што яму/ёй пад сілу. Тэатраў і так хапае»
Права на культуру — гэта права быць не толькі глядач_кай, але і аўтар_кай, удзельні_цай, права прысутнічаць на ўмоўнай сцэне і рэпрэзентаваць сябе як носьбіт_ку свайго пачуццёвага досведу і ведаў.
Права на разнастайнасць — гэта не ласка грамадства і не дабрачыннасць, а вялікая каштоўнасць і грунт для развіцця мастацтва ў цэлым.
У інклюзіўнага тэатра ёсць перавага, якая недасяжная класічнаму тэатру — неабходнасць эксперыментаў, смелых спробаў і даследаванняў творчых магчымасцяў розных людзей — як у тых, хто ўдзельнічае ў стварэнні, так і ў тых, хто назірае.
Да таго ж вынік працы інклюзіўнага тэатра — не толькі спектакль, але і новыя мадэлі сацыяльнага ўзаемадзеяння з асяроддзем і грамадствам, а таксама дыялог і змяненне стаўлення да іншых людзей.
У Мінску — Сямейны інклюзіў-тэатр “i”
У Варшаве — teatr21
Спіс інклюзіўных праектаў у Польшчы
У Грузіі — Inclusive Theatre Contact
Меркаванне, што людзі з асаблівасцямі не могуць ствараць нешта на прафесійным узроўні вельмі карэлюе са стэрэатыпамі пра жанчын накшталт «усе вядомыя навукоўцы — мужчыны». Як у жанчын калісьці не было магчымасцей быць бачнымі і развівацца, так і цяпер з такімі ж цяжкасцямі сутыкаюцца людзі з асаблівасцямі здароўя.
У людзей з аслабленым зрокам, парушэннямі апорна-рухальнага апарата і іншымі асаблівасцямі павінен быць доступ да культуры, адукацыі і ўдзелу ў працэсе з усімі на роўных. Інакш як ім вырасці ў прафесіянал_ак?
У чалавека няма абмежаваных магчымасцяў, яны ёсць у асяроддзя, якое пакуль яшчэ недасканалае для паўнавартаснага жыцця ўсіх людзей. Са з’яўленнем попыту на рознае мастацтва і ўмоў для яго развіцця, з’явіцца і вялікая бачнасць — мы ўбачым, на што здольныя людзі з асаблівасцямі і перастанем успрымаць іх працу як нешта няякаснае і несур’ёзнае.
Фота: cottonbro studio