Мастацтва як месца сустрэчы. Інклюзія ў гісторыі беларускага сучаснага мастацтва

Інклюзія
5
(8)

Гэта першы тэкст у межах сумеснай працы арганізацыі «ІншыЯ» і платформы KALEKTAR. Разам мы імкнемся да павелічэння бачнасці інклюзіі, інклюзіўных праектаў і практык у беларускім сучасным мастацтве. Для нас важна рабіць больш прыкметным уклад маста:чак, якія з розных прычын звычайна выключаліся і/ці выключаюцца з поля зроку шырокай аўдыторыі. Таксама мы імкнемся паказаць розныя інклюзіўныя практыкі і падыходы ў беларускім сучасным мастацтве, якія спрыяюць уключэнню не толькі маста:чкі, але і глядач:ак з розным вопытам, дазваляючы ім бліжэй знаёміцца (ці ўвогуле знаёміцца) з сучасным мастацтвам.

Тэкст з усімі спасылкамі і дадатковымі зноскамі можна таксама прачытаць на платформе KALEKTAR.

© Выстава невідушчых маста:чак «Techno колер» у Нацыянальным мастацкім музеі РБ, 2021

Што мы маем на ўвазе, калі кажам «інклюзія»?

Тэрмін «інклюзія» валодае хісткімі і невідавочнымі межамі. Каб уключаць кагосьці ў межы, трэба ясна бачыць хто і з чаго выключаны, якія тыпы і ўзроўні выключанасці існуюць і, адначасова, любое вызначанае апісанне феномену яшчэ раз выключае яго з агульнага кантэксту і гетаізуе. Акрамя таго сучасны палітычны кантэкст у Беларусі выключанымі робіць не толькі маста:чак ці глядач:ак з інваліднасцю, але і маста:чак з палітычнай пазіцыяй, якая не ўхваляе сучасны рэжым, квір-маста:чак, а таксама любых сучасных маста:чак, якія выбіраюць акрэслівасць сваю крытычную пазіцыі ў тым ліку праз свае працы. Аднак нам бачыцца важным зафіксаваць частку гісторыі беларускага сучаснага мастацтва, якая фармавала магчымасці для дэманстрацыі творчасці маста:чак з інваліднасцю і даступнасць культуры для розных аўдыторый.

Інклюзія — практыка ці палітыка забеспячэння роўнага доступу да магчымасцяў і рэсурсаў для людзей, якія ў адваротным выпадку маглі б быць выключаныя або маргіналізаваныя, напрыклад, для людзей з фізічнымі ці інтэлектуальнымі асаблівасцямі і прадстаўнікоў іншых груп меншасцяў.

Oxford Advanced American Dictionary

У гэтым аглядзе пункцірам будуць акрэслены галоўныя тэндэнцыі і стратэгіі работы з інклюзіяй на працягу 20 – пачатку 21 стагоддзяў ў Беларусі, асноўныя ініцыятывы і праекты, а таксама імёны саміх маста:чак, актывіст:ак і куратар:ак, якія рабілі крокі ў бок інтэграцыі поля. Гэты тэкст не прэтэндуе на абсалютную паўнату з прычыны фрагментарнасці інфармацыі, якая захавалася, адсутнасці сістэмных архіваў і інстытуцый, якія б бачылі прыярытэтам сваёй працы апісанне, захаванне і аналіз і гэтай часткі гісторыі мастацтва.

Мікалай Тарасюк: «Гаспадыня драўлянага народа Маруся», ~1994
© Мікалай Тарасюк: «Гаспадыня драўлянага народа Маруся», ~1994

Асноўнымі групамі, выключанымі з цэнтральнага наратыву і кантэксту сучаснага мастацтва, якія мы хочам разгледзець у гэтым тэксце, будуць інсітныя маста:чкі (іншымі словамі, наіўныя маста:чкі без прафесійнай адукацыі), маста:чкі з ментальнымі асаблівасцямі, псіхіятрычным досведам і маста:чкі з інваліднасцю. Таксама людзі з інваліднасцю часта робяцца выключанай глядацкай аўдыторыяй музеяў, галерэй і выставаў.

Даступнасць культурных інстытуцый

У 2018 годзе ў межах праекта «Без выключэнняў! У працэсе» галерэі сучаснага мастацтва «Ў» каманда куратар:ак і людзей з інваліднасцю даследавала (не)даступнасць шасці культурных інстытуцый Мінска. З таго часу ў некаторых з іх адбыліся важныя змены: напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з’явіліся лесвічны і вертыкальны пад’ёмнікі, а новы выставачны корпус абсталяваны аб’ёмнымі ліфтамі з аўдыянавігацыяй. Тым не менш, даступнасць асяроддзя застаецца адкрытым пытаннем у культурным полі Беларусі.

Напрыклад
У 2016 годзе пры падтрымцы фонду HumanDoc (Варшава) і Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Польшча была падрыхтаваная аўдыёдэскрыпцыя 25 работ з калекцыі НММ. У 2017-2018 гг. сумесна са Шведскім інстытутам і шведскай грамадскай арганізацыяй ShareMusic & Performing Arts у НММ быў створаны праект Art IncLab. У межах праграмы музейныя куратар:кі прайшлі стажыроўку ў Швецыі, а на базе пастаяннай экспазіцыі былі арганізаваны інклюзіўныя лабараторыі, па выніках якіх быў паказаны перформанс. Пазней удзель:ніцы лабараторый ініцыявалі яшчэ некалькі інклюзіўных праектаў: стварэнне і выстава серыі тактыльных карцін мастака Васіля Зянько ў суаўтарстве з невідушчай піяністкай Марыяй Рудко («І адчуваючы, бачыць…», НММ, 2018); выстава прац студэнт:ак з парушэннем слыху Беларускай Акадэміі мастацтваў («Мара», НММ, 2018); запіс экскурсіі па музеі на жэставай мове, якую сёння можна ўбачыць на ютуб-канале музея. У 2018 годзе НММ атрымаў грант Урада Японіі «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў у сферы культуры і спорту» на закупку 3D-друкаркі і лесвічнага пад’ёмніка.

У 2010-х праца над шматлікімі буйнымі праектамі, у тым ліку ўнутры дзяржаўных інстытуцый, стала магчымай дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву і грантам.

Значная колькасць зменаў у інстытуцыях сёння адбываецца ў межах вялікай рэспубліканскай праграмы. У пачатку 2023 года набыла моц Пастанова Савета Міністраў «Аб забеспячэнні даступнага асяроддзя для інвалідаў», у якой асобным пунктам падрабязна прапісаныя правілы забеспячэння даступнасці музеяў і выставаў. Гэтая ж праграма прадугледжвае супрацоўніцтва і перыядычную арганізацыю выставаў работ маста:чак з інваліднасцю і/або псіхіятрычным вопытам, навучэнцаў інклюзіўных студый. Выкананне кантралюецца Міністэрствам культуры, што дазваляе выкарыстоўваць дзяржаўнае фінансаванне для набыцця патрэбных матэрыялаў і падрыхтоўкі вялікіх праектаў, але адначасова вызначае паспешлівасць і, часта, фармальнасць дзеянняў — многія з іх ладзяцца за некалькі дзён да прыезду органаў кантролю.

Генадзь Хацкевіч на сваёй персанальнай выставе ў галерэі «Ў», 2013 / © фота: Валянціна Кісялёва
Генадзь Хацкевіч на сваёй персанальнай выставе ў галерэі «Ў», 2013 / © фота: Валянціна Кісялёва

*Ясная мова — інструмент стварэння і/або адаптацыі тэксту пры захаванні яго асноўнага сэнсу, які робіць яго даступным для любога чытача. Метадычны дапаможнік.

Выставы работ маста:чак з інваліднасцю, якія ладзяцца ў межахах праграмы, перад усім падкрэсліваюць выключанасць: работы прадстаўлены ў асобных нішах, праходах паміж заламі, што пакідае іх няўпісанымі ў асноўную экспазіцыю і выключае дыялог паміж работамі, а наратыў куратарскіх тэкстаў будуецца на шматразовым падкрэсліванні «асаблівасці» маста:чкі. Таксама агульным слабым месцам для большасці выставаў у Мінску застаецца адсутнасць субтытраў да відэа і мова куратарскіх тэкстаў, якая далёкая ад прынцыпаў яснай мовы*, а часта і недаступная для поўнага разумення чалавекам, які знаходзіцца па-за прафесійным арт-полем. У выніку, вялікая група людзей застаецца выключанай з глядацкай аўдыторыі. Значную ролю ў гэтым адыгрывае адсутнасць сістэмнага дыялогу і гатоўнасці паслядоўна выбудоўваць інстытуцыйныя праграмы, сувязі, падтрымку. Адным з чыннікаў гэтага часта бывае адсутнасць магчымасцяў і/ці матывацыі для навучання і абмену досведам паміж супрацоўні:цамі інстытуцый і спецыяліст:камі іншых галінаў, а таксама дэфіцыт і несістэмнасць фінансавання.

Больш пра ясную мову можна даведацца ў нашым артыкуле 
«Ясная мова: навошта яна вашаму івэнту?»

Інклюзія ў беларускім мастацтве 20 стагоддзя

Сёння цэнтральны наратыў гісторыі беларускага мастацтва 20 стагоддзя выбудоўваецца буйнымі інстытуцыямі (у першую чаргу дзяржаўнымі) праз працу з фондамі, сталай экспазіцыяй і тэматычнымі выставамі. Самая вялікая калекцыя (і пастаянная экспазіцыя) работ гэтага перыяду знаходзіцца ў НММ — больш за 12000 адзінак. На сённяшні дзень нам невядомыя прыклады паўнавартасных даследаванняў музейных калекцый з пункту гледжання прынцыпаў інклюзіі. Працы, аўтар:камі і гера:інямі якіх з’яўляюцца людзі з інваліднасцю і/ці псіхіятрычным досведам, інсітныя маста:чкі, усё яшчэ застаюцца па-за публічным наратывам. Гэты агляд з’яўляецца, у тым ліку, спробай прасачыць некаторыя тэндэнцыі іх уключэння, зробленыя на працягу 20 стагоддзя.

Інклюзіўныя тэндэнцыі пачатку 20 стагоддзя

Упершыню мы можам назіраць тэндэнцыю на прыадкрыццё межаў мастацтва, перагляд практык і стратэгій, пераасэнсаванне мастацтва з пункту гледжання сацыялістычных практык з 1920-х гадоў. У гэты час у Віцебску пачынае працаваць Народнае мастацкае вучылішча (пазней — Вольныя мастацкія майстэрні / Віцебскі мастацка-практычны інстытут). Туды прыязджае Казімір Малевіч і фармуецца група УНОВІС (Сцвярджальнікі новага мастацтва). Адной з каштоўнасцяў, якую абазначалі маста:чкі, была даступнасць мастацтва як для гледачоў, так і для ствараль:ніц, і перагляд традыцыйнай мадэлі элітарнага мастацтва. «Ні прырода, ні чалавек нікому не павінен служыць і ні перад кім (ні) іграць, ні спяваць, ні танцаваць. мы павінны тварыць і творчасць нашая будзе ростам. але не бойцеся, што вы невучоныя, бо вы самі вялікі досьвед прыроданатуральнага дзейства. … усе майстэрні павінны быць роўныя, ці то яны мастацкія, ці кравецкія, ці посудныя. ва ўсім павінны бачыць адну цэласць і ўзаемную залежнасць і суцэльнасць адзінства арганізма» манефеставаў Казімір Малевіч у сваім тэксце «Да пытання выяўленчага мастацтва» ў 1921 годзе.

Алена Кіш: «Рай». Праца створана ў перыяд 1930–1940
© Алена Кіш: «Рай». Праца створана ў перыяд 1930–1940

У гэты ж час працавалі інсітныя маста:чкі Язэп Драздовіч (1888–1954) і Алена Кіш (1889–1949), упісаныя ў гісторыю мастацтва ўжо пасля сваёй смерці. Пры жыцці Алена Кіш стварала і прадавала дываны ў хаты як прадмет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яе імя значна пазней, у 1970-я гады, упісаў у гісторыю мастацтва мастак Уладзімір Басалыга, які знайшоў дываны мастачкі падчас сваіх этнаграфічных экспедыцый. Язэп Драздовіч у 1920-я працаваў настаўнікам малявання ў гімназіях і ствараў краязнаўчыя замалёўкі, якія прызначаліся для Беларускага навуковага таварыства і павінны былі служыць ілюстрацыйным матэрыялам для Беларускай энцыклапедыі, а пасля сталі экспанатамі Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча.

Важнай тэндэнцыяй гэтага дзесяцігоддзя стала цікавасць прафесійнай супольнасці да народнага мастацтва і, адпаведна, да маста:чак без спецыялізаванай адукацыі. Інбелкульт (Інстытут беларускай культуры) каардынаваў творчыя і даследчыцкія працэсы, перыядычна ладзіў этнаграфічныя экспедыцыі па беларускіх вёсках.

Аднак ужо з 30-х гадоў усе тэндэнцыі да спрыяння дыялогу паміж рознымі групамі маста:чак і гледачоў былі згорнутыя, сацрэалізм стаў галоўнай і, па сутнасці, адзінай мастацкай ідэалогіяй. Гэта быў перыяд кансерватыўнага, ідэалагізаванага акадэмізму. Прафесійныя маста:чкі, якія выступалі ініцыятар:камі і пасрэдні:цамі ў гэтым дыялогу, былі абвінавачанныя у нацыяналізме і звымушаныя пакінуць Беларусь (Міхась Філіповіч).

Язэп Драздовіч: «Космас», 1943
© Язэп Драздовіч: «Космас», 1943

Створаныя Язэпам Драздовічам у гэтыя гады «касмічныя» серыі, а таксама рукапіс «Гармонія планет Сонечнай сістэмы» засталіся тады без увагі і водгуку. Мастак вандраваў па вёсках і ствараў для іх жыхар:ак маляваныя дываны, шкатулкі (куфэркі), кій (кіі) і выразаныя па дрэве партрэты.

Пасляваенны перыяд

Падзеі другой сусветнай вайны вызначылі фокус афіцыйнай лініі ў мастацтве на наступныя дзесяцігоддзі. Гэтыя ж гады сталі перыядам актыўнага фармавання музейных фондаў, якія сёння ўяўляюць сабой зрэз праграмных для беларускага пасляваеннага мастацтва работ. Нягледзячы на вялікую колькасць дэмабілізаваных з прычыны набыцця інваліднасці людзей, выявы «ненарматыўнага» цела практычна адсутнічаюць у працах 40-50-х гг., калі галоўнай тэмай у мастацтве стаў «подзвіг народа». Аднак можна адзначыць асобныя работы, якія былі створаныя ў перыяд пераасэнсавання ваеннага вопыту ў 60-70-я і ўтрымліваюць выявы людзей з інваліднасцю — Васіль Сумараў «Мой дом» (1972, мужчына без рукі), Віктар Грамыка «Салдаты» (1967, мужчына без рукі), Віктар Маркавец «Партрэт дзядзькі Саўкі» (1975, мужчына без нагі). Табуяванне рэпрэзентацый інваліднасці, якое адбілася на выбары і маста:чак, і супрацоў:ніц інстытуцый, стала, у тым ліку, вынікам тэндэнцыі выдзялення «інвалідаў вайны» ў асобную групу ўліку і нагляду ў 40–50-я, канструявання крымінальных сэнсаў інваліднасці і, як вынік, арыштаў, высылак і расстрэлаў (артыкул «Нищие победители»: инвалиды Великой Отечественной войны в Советском Союзебогія пераможцы». Апублікавана ў часопісе «Неприкосновенный запас», нумар 2, 2005).

Віктар Грамыка: «Салдаты», 1967
© Віктар Грамыка: «Салдаты», 1967

Інклюзіўнасць нон-канфармізму 70–80 гадоў

Ізноў маста:чкі не толькі афіцыйнага дыскурсу сталі бачнымі і праяўленымі ў 70-я і 80-я гады, калі альтэрнатыўная культурная сцэна, хай не інстытуцыйна, але развівалася і пашыралася — кватэрныя выставы, перформансы і інсталяцыі, пошукі новай мовы. Нон-канфармізм стаў формай папулярнага аўтсайдэрства: адмовы рэалізоўвацца ў сістэмах познесавецкай рэальнасці і праз пошук сваёй ідэнтычнасці па-за палітычным і сацыяльным кантэкстамі позняга СССР. Розніца ідэнтычнасцяў і поліфанічнасць аўтсайдэрства давала магчымасць рэалізоўвацца на пазаінстытуцыянальным узроўні маста:чкам розных груп — у тым ліку маста:чкам без адукацыі, з псіхіятрычным досведам і з інваліднасцю.

Адным з самых ранніх прыкладаў асабістай калекцыі, якая аб’ядноўвала працы розных мастакоў, але фармавалася на аснове матэрыялаў сабраных у псіханеўралагічным інтэрнаце, была калекцыя Віктара Круглянскага. Яго архіў змяшчае не толькі малюнкі прафесійных мастакоў (Вадзіма Кошкіна, Аляксея Жданава і Генадзя Хацкевіча), але і ягоных пацыент:ак. Некаторыя працы былі падпісаныя, іншыя засталіся ананімнымі.

Вадзім Кошкін: «Без назвы», 1992, з калекцыі Віктара Круглянскага
© Вадзім Кошкін: «Без назвы», 1992, з калекцыі Віктара Круглянскага

Іншай вялікай і значнай калекцыяй, што таксама змяшчае імёны мастакоў, якія апыналіся на межах прафесійнага поля, з’яўляецца калекцыя Андрэя Плясанава. Яна ўяўляе сабою збор беларускага авангарда 1980-1990-х гадоў. Цэнтрам цікавасці гэтай калекцыі была другая хваля беларускага авангарда і нонканфармізму. У калекцыю трапілі працы мастакоў без акадэмічнай адукацыі, а таксама з псіхіятрычным досведам (Аляксей Жданаў, Віталь Ражкоў (Бісмарк / Калгін)).

Віталь Ражкоў (Бісмарк / Калгін): «Партрэт беларуса», 1987
© Віталь Ражкоў (Бісмарк / Калгін): «Партрэт беларуса», 1987

*Наіўнае (інсітнае) мастацтва Беларусі / Л. У. Вакар // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 2014, № 4, С. 80-85. **Мастацтва прымітыву і прымітывізму / Л. У. Вакар. — Віцебск: Віцебская абласная друкарня, 2011.

У другой палове 20 стагоддзя таксама з’яўляюцца новыя імёны сярод інсітных маста:чак — Фёдар Сухавіла, Мікалай Тарасюк, Сяргей Каваль, Васіль Жарнасек, Антаніна Майсеева, і іншыя*. У 1991 годзе Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурнай асветы правёў першую абласную выставу «Талент шчырага сэрца. Art of Insitus» і стаў ініцыятарам наступных нацыянальных выставаў наіўнага мастацтва Insita (1994, 2000, 2008, 2012, 2016, 2020) у Віцебску. Курыруе гэтыя выставы і займаецца даследаваннем інсітнага мастацтва Беларусі мастацтвазнаўца: Людміла Вакар**. Калекцыя твораў наіўных маста:чак таксама захоўваецца ў запасніках Нацыянальнага гістарычнага музея. Асновай калекцыі сталі фонды Рэспубліканскага дома народнай творчасці. Работы маста:чак трапляюць у прыватныя калекцыі (творы Сяргея Каваля ў прыватнай калекцыі Алега Хусаенава / ХO галерэя). А ў 2023 годзе ў Заслаўі быў адкрыты Музэй беларускай маляванкі, у якім можна ўбачыць працы Алены Кіш, Язэпа Драздовіча ды іншых маста:чак.

Інклюзія ў беларускім мастацтве на пачатку 21 стагоддзя

На пачатку 2000-х само слова «інклюзія» паступова робіцца ўсё больш ужывальным і пад уплывам міжнародных і грамадскіх арганізацый рэалізуюцца асобныя інклюзіўныя праекты. У мастацтве інклюзія становіцца прадметам увагі з 2010-х. Тады з’яўляюцца як незалежныя, так і дзяржаўныя інклюзіўныя ініцыятывы, майстэрні і студыі, ладзяцца выставы.


Фокус на інклюзію ў выставачных праектах

Фрагмент персанальнай выставы Наталлі Кавалевіч «Твар, які займае кветку», ЦЭХ, 2015
© Фрагмент персанальнай выставы Наталлі Кавалевіч «Твар, які займае кветку», ЦЭХ, 2015

У 2015 годзе адбылася выстава «Твар, які займае кветку» (ЦЭХ, куратарская група: Наталля Кавалевіч, Вера Кавалеўская, Андрэй Лянкевіч, Ганна Самарская, Анастасія Ранько, 2015). У адной з залаў выставы былі паказаныя фотаздымкі Наталлі Кавалевіч, невідушчай ад нараджэння дзяўчыны, якія яна зрабіла пры дапамозе спецыяльнай праграмы на айфоне. Побач былі прадстаўленыя працы Насты Храловіч, якая на сваіх фотаздымках фіксавала будні Наталлі. Паралельная праграма таксама ўключала інклюзіўныя праграмы для дзяцей і экскурсіі з завязанымі вачыма: па перыметры залы быў выкладзены драўляны бардзюр і жоўтая стужка, расстаўленыя прадметы інтэр’еру і ёмістасці з пахамі, а ў прасторы гучаў манатонны голас, які паўтараў назву кожнага фатаздымка. Пазней, у 2018 годзе, Наталля ладзіла і праводзіла экскурсіі для людзей з завязанымі вачыма ў межах Месяца фатаграфіі (галерэя сучаснага мастацтва «Ў (галерэя)», куратар:кі Дзіна Даніловіч, Андрэй Лянкевіч, 2018), дзе таксама выкарыстоўваліся гукі, пахі і жывыя кветкі для тактыльнага ўзаемадзеяння.

Кірыл Дзёмчаў: перформанс «135 гадзін» на выставе «Імёны», Корпус, 2017
© Кірыл Дзёмчаў: перформанс «135 гадзін» на выставе «Імёны», Корпус, 2017

Выстава «Імёны» (Культ. цэнтр «Корпус», куратаркі Антаніна СцебурГанна Карпенка, 2017), адбылася ў 2017 годзе і была прысвечана першай гадавіне аднайменнай дабрачыннай медыяплатформы. У межах выставы былі паказаныя 10 інсталяцый, якія сталі вынікам узаемадзеяння 11 сучасных беларускіх маста:чак: (Андрэй Лянкевіч, Маша Святагор, Кірыл Дзёмчаў, Воля Сасноўская, Максім Ясінскі, Hutkasmachna, Аляксандр Васюковіч і Дар’я Царык, Сяргей Гудзілін, Антаніна Слабодчыкава, Сяргей Шабохін) з героямі часопіса «Імёны» (Віктар Залацілін, Саша Зімнох, Саша Жыдовіч, Ігар Цурылаў, Юрый Кашын, Міхаіл Залатоўскі, Роме Асіповічы і ягоная маці Галіна, Павел Рашчынскі, Таісія Папова і яе сын Глеб), прадстаўні:цамі мясцовых суполак, дзяржаўнымі і прыватнымі інстытуцыямі, эксперт:камі, журналіст:камі. Узаемадзеянне, узаемадапамога і супольнасць сталі трыма галоўнымі ідэямі праекта, абазначанымі куратаркамі (артыкул аб выставе «Імёны»).

Фрагмент экспазіцыі «Бязмежныя. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва», галерэя сучаснага мастацтва «Ў», 2019. © фота – Яўген Ацецкі
Фрагмент экспазіцыі «Бязмежныя. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва», галерэя сучаснага мастацтва «Ў», 2019. © фота – Яўген Ацецкі

Праца з архівамі і фокус на больш інклюзіўны падыход у апісанні гісторыі сучаснага мастацтва Беларусі быў абазначаны выставай «Бязмежнікі. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва» (галерэя сучаснага мастацтва «Ў», куратаркі Ганна КарпенкаСафія Садоўская, 2019). У аснове выставы ляжала даследаванне, задача якога палягала ў тым, каб дэканструяваць дзейсныя наратывы, выявіць і вярнуць у прастору мастацкага дыскурсу тыя формы і практыкі мастацтва, адносня якіх ужываюцца знешнія і недастатковыя для іх апісання тэрміны «аўтсайдар арт», «мастацтва асаблівых маста:чак», «мастацтва псіхічнахворых» ды іншыя. Частку экспазіцыі займаў архіў Віктара Круглянскага, у якім былі сабраныя працы як невядомых мастакоў, пацыентаў доктара, так і такіх знакамітых аўтараў як Аляксей Жданаў, Генадзь Хацкевіч. Іншая частка выставы асвятляла мастацтва сучасных аўтар:ак, якія працуюць у розных студыях і майстэрнях пры дамах-інтэрнатах (маста:чкі праекта «Беларускі Збор Дэвіянтнага Мастацтва», дома-інтэрната ў Пухавічах і студыі ў Мінскім псіханеўралагічным інтэрнаце №2).

Інклюзіўныя мастацкія майстэрні і студыі

Важнае месца ў размове і дзеянні пра бачнасці маста:чак сёння займаюць інклюзіўныя мастацкія майстэрні і студыі. Сярод іх ёсць як незалежныя ініцыятывы, прыватныя студыі, так і майстэрні на базе дзяржустаноў — псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Вікторыя Ільяшэвіч: «Чупакабра», 2017
© Вікторыя Ільяшэвіч: «Чупакабра», 2017

*«Мінск-навіны»: «Кіраўнік выяўленчай студыі псіханеўралагічнага інтэрната — пра незвычайных мастакоў і тэрапію творчасцю», 2018. **«Мастацтва аўтсайдэраў», галерэя «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Мінск, 2009 ; «ПО ТУ СТОРОННИЕ», галерэя Г. Х. Вашчанкі, Гомель, 2010; «Искусство аутсайдеров» галерэя «Універсум», Гродна 2012; «Осколки» і «Звезды живут в каждом», НЦСМ, Мінск, 2018; «Чистое искусство», Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Мінск, 2023;.

Прыкладам студыі пры дамах інтэрнатах, якая найбольш доўга і сістэмна працуе, з’яўляецца студыя «Надзея» у Мінскім псіханеўралагічным інтэрнаце №2. Яна існуе ўжо больш за два дзесяцігоддзі пад кіраўніцтвам Таццяны Біруля*. Цяпер гэта ўжо дзве студыі і галерэйная прастора ў інтэрнаце. Працы ўдзель:ніц студыі неаднаразова выстаўляліся ў Нацыянальным мастацкім музеіцэнтры сучасных мастацтваў, галерэі нацыянальнай бібліятэцы і іншых галерэйных і музейных прасторах у рэгіёнах Беларусі**. У межах гэтых выставаў можна было ўбачыць працы маста:чак студыі — Аляксея Ляпіна, Віктара Фёдарава, Вадзіма Вайнеровіча, Валерыя Максімовіча, Уладзіміра Мартынава, Любові Гурновай, Наталлі Літвінавай, Аляксандра Асановіча, Дзяніса Гацко, Вікторыі Ільяшэвіч.

Майстэрня «Краіна Оз» з 2022 па 2023 год працавала пры Аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і людзей сталага ўзросту ў аграгарадку Міханавічы і з’яўлялася ініцыятывай мастачкі і псіхалагіні Каці Кардончыкавай. Работы маста:чак майстэрні Алены Бабаковай, Дзмітрыя Бяляева, Святланы Ганчар, Анастасіі Какоўлінай, Максіма Мазаніка, Івана Мішкова і Дзмітрыя Шыцікава былі паказаны ў межах выставы «Ззянне скрозь» (Marks, куратарка Каміла Аруцюнян, 2023).

Пытанне каштоўнасці (і абясцэньвання) работ маста:чак з інваліднасцю і/або псіхіятрычным вопытам часта стаіць побач з разважаннямі пра першасную важнасць тэрапеўтычнага эфекту ад працэсу стварэння работ і пра дарэчнасць паняцця «арт-тэрапія» і «мастацтва» ў кожным канкрэтным выпадку. У той жа час асобныя ініцыятывы прынцыпова і выразна кажуць пра маста:чак, выключаных з мастацкага дыскурсу, і вызначаюць сваю працу як выбудоўванне стратэгій іх уключэння.

Адным з першых праектаў, які вызначыў фокус дзейнасці на «легалізацыі дэвіянтных мастакоў у мастацкай і культурнай прасторы»*, стаў «Збор дэвіянтнага мастацтва». У 2018 годзе (выстава «Жывапіс», галерэя КХ, 2018) ініцыятыва ўзнікла як вынік і працяг шматгадовага вопыту работы ў полі інклюзіі куратаркі, сузаснавальніцы праекта Дар’і Яскевіч, у супрацоўніцтве з Кацярынай Савіцкай. У межах «Збору» Дар’я і Кацярына падтрымлівалі маста:чак падчас стварэння работ і займаліся прасоўваннем маста:чак з ментальнымі асаблівасцямі, якія не могуць самастойна прадстаўляць свае інтарэсы як аўтар:кі, а таксама збіралі калекцыю дэвіянтнага мастацтва.

Канстанцін Ладошкін: «Валянціна Церашкова. Жанчына-касманаўт», 2018
© Канстанцін Ладошкін: «Валянціна Церашкова. Жанчына-касманаўт», 2018

За час існавання «Збор» супрацоўнічаў з Генадзем Грышалем, Віктарам Кукушкіным, Канстанцінам Ладошкіным, Уладзімірам Гардыкам, Міхаілам Булічам. Ужо ў 2018 годзе «Збор дэвіянтнага мастацтва» стаў часткай ICOM (International Council of Museums) і афіцыйным удзельнікам International Museum Day, у межах якога ў псіханеўралагічным інтэрнаце №3 была праведзена персанальная выстава Генадзя Грышэля «Comma. Копіі». Работы Міхаіла Буліча і Канстанціна Ладошкіна былі паказаны на Арт-Мінску (Палац мастацтва, 2018). На «Восеньскім салоне» (Палац мастацтва, 2018) «Збор» удзельнічаў у фармаце незалежнай галерэі і прадстаўляў персанальную выставу Канстанціна Ладошкіна «Космас НАШ!». У 2019 годзе была праведзена выстава Міхаіла Буліча «Капітан Нэп» (Zal #2), таксама працы з калекцыі «Збору» былі ўключаныя ў выставу «Бязмежнікі. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва» (куратаркі: Ганна Карпенка, Сафія Садоўская, галерэя «Ў», 2019).

Праект-студыя Belonica Art, 2021
© Праект-студыя Belonica Art, 2021

У межах праекта Belonica Art Ірына Бандаровіч і Сяргей Бандаровіч праводзілі заняткі па маляванні для людзей з парушэннем зроку з выкарыстаннем спецыяльна распрацаванай прылады па распазнаванні колеру Lihtar (у 2020 годзе ў Спецыяльнай школе  для дзяцей з парушэннямі зроку № 188 Мінска; у 2021 годзе адкрылі мастацкую студыю). Таксама адной з мэтаў праекта было прыцягненне ўвагі гледачоў і прафесійнай арт-супольнасці да дзейнасці маста:чак з парушэннем зроку (калектыўныя выставы «Шлях да колеру», 2020–2021, Палац мастацтва; «Techno колер», НММ, 2021; «Восеньскі салон», Палац мастацтваў, 2021). Пасля заканчэння выставы ў НММ 8 работ маста:чак Анастасіі Бярговінай, Улада Корнева, Ганны Плескач, Яны Смірновай былі закупленыя музеем і цяпер даступныя для тактыльнага ўспрымання ў асобнай нішы пастаяннай экспазіцыі.

*Дакументальны праект «Мастацтва для ўсіх» — інтэрв’ю Юрыя Іванова аб студыі WOSTRAU Мінск, 2022.

Сёння ў Мінску працягваюць працаваць некалькі прыватных мастацкіх студый і майстэрняў. Яшчэ ў 1993 годзе мастацтвазнаўцам Юрыем Івановым была заснавана студыя Wostrau*, «тэрыторыя альтэрнатыўнага навучання», у якой займаюцца ў тым ліку і людзі з разаладам аўтыстычнага спектру. Перыядычна ў Мінску праходзяць персанальныя выставы вучняў студыі (выстава Дзімы Ермаленкава «Нос Альберта Эйнштэйна і вусы Фрыдрыха Ніцшэ»MARKS, 2023; выставы Макса Лагуна «Дзве Грані», НММ, 2022; «Фабрыка мар» Максіма Лагуна, Marks, 2023; «Вечны горад», СA VA, 2023). У 2015 годзе была заснавана «Майстэрня добрай справы» (праект МБГА «Добрая справа. Дапамога людзям з аўтызмам») — творчая майстэрня для падлеткаў і дарослых з аўтызмам, якой кіруе Таццяна Галубовіч (групавыя выставы «Свет вачыма дзяцей», Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе», СA VA, 2022, «Вершы», 2023). З 2019 года ў арт-студыі «Вышэй даху» вучацца, у тым ліку, дзеці з парушэннем слыху (групавыя выставы «Колеры падобныя на гукі: пра што кажуць карціны глухіх дзяцей?», 2020; «Чыстае мастацтва», куратарка Марына Трафімава, 2023).

*Дакументальны праект «Мастацтва для ўсіх» — інтэрв’ю Леаніда Дынерштэйна аб рабоце тэатра, Мінск, 2022.

Таксама з 2016 года існуе Сямейны інклюзіўны тэатр «і»*, актор:камі якога з’яўляюцца ў тым ліку і дзеці і падлеткі з разладам аўтыстычнага спектру. Кіраўніком праекта з’яўляецца Ірына Кісялёва, а пошукам фінансавання і партнёраў тэатра, прасоўваннем спектакляў і актор:ак займаецца прадзюсар Леанід Дынерштэйн. За гэты час навучэнцы студыі пры тэатры сыгралі больш за 10 спектакляў (у тым ліку мюзікл «Флейта-чарадзейка», Белдзяржфілармонія, 2016; «Агонь і лёд», ДК МАЗ, 2021; Спектакль-вербацім «Святло ад», 2023 і інш.).

Замест заканчэння

Ва ўмовах адсутнасці сістэмнай падтрымкі з боку дзяржавы і інстытуцый, пошук і выбудоўванне магчымых шляхоў развіцця ў полі інклюзіі ў большасці выпадкаў з’яўляецца асабістай ініцыятывай канкрэтных людзей. Гэта характэрна як для незалежных праектаў, так і для саміх культурных інстытуцый і дзяржаўных установаў, на базе якіх існуюць майстэрні і галерэі. Такое змушанае падзвіжніцтва часта становіцца чыннікам хуткага спынення дзейнасці інклюзіўных ініцыятываў.

На сённяшні дзень інклюзіўныя праекты застаюцца праектамі, хоць і становяцца больш бачнымі, але немагчымасць сістэмнай падтрымкі, вывучэння і архівацыі пакідае гэта феномен усё такім жа выключаным з цэнтральнага наратыву.


Тэкст: Каміла Аруцюнян, Сафія Садоўская

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 8

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x