Як і навошта станавіцца больш даступнымі. Практыкі для бізнесу і НДА

ІнклюзіяВеды
4.6
(7)

На жаль, у нашым грамадстве няма нейкага міфічнага адзінарога ў вакууме, які адказны за інклюзіўнасць і ўкараняе яе ва ўсе працэсы лёгка і як па чараўніцтве. Гэта задача ўсіх нас — супрацоўні_ц кампаній і спажываль_ніц розных брэндаў — трансляваць свае каштоўнасці грамадству і ўплываць на тое, каб асяроддзе, у якім мы жывём, было таварыскім для ўсіх.

У гэтым артыкуле мы пагаворым, чаму бізнесу і кампаніям выгадна рабіць інклюзіўнае, і падзелімся практыкамі, якія дапамогуць пачаць укараняць інклюзіўнасць у свае бізнес-працэсы ўжо цяпер.

Калі даступнасць і інклюзіўнасць вам адгукаецца і з’яўляецца вашай каштоўнасцю — падумайце, з чаго вы можаце пачаць, і ўкараняйце яе згодна з вашымі магчымасцямі. І памятайце, што рабіць пакрысе, як дазваляюць сілы і ўмовы, ужо добра і выдатна.

Але спачатку: а навошта ўвогуле рабіць інклюзіўна

Даступны прадукт больш канкурэнтаздольны, чым недаступны. Так, часта яго стварэнне і ўкараненне спачатку патрабуюць больш высілкаў, але калі зрабіць інклюзіўнасць сваёй каштоўнасцю, то вы ўбачыце, што:

Даступнасць — гэта пра ўсіх карыстальнікаў

Гэта называецца эфектам скошанага бардзюра: ён зручны не толькі для бацькоў з дзецьмі, але і для тых, хто перамяшчаецца на вазку, ездзіць на скейце ці ровары.

І гэты эфект скошанага бардзюра ёсць і ў шмат якіх іншых прадуктах. Вось некаторыя з іх:

Субтытрамі карыстаюцца не толькі людзі са стратай слыху, але і тыя, хто не можа глядзець відэа з гукам: напрыклад, побач нехта спіць; ці вы едзеце ў грамадскім транспарце без слухавак; ці дрэнна ведаеце мову, на якой глядзіце кантэнт, і з субтытрамі вам лягчэй разумець. 

Магчымасць напісаць паведамленне ў сэрвісе таксі ці дастаўкі ежы дапамагае не толькі людзям з адсутнасцю маўлення замовіць піцу ці машыну, але і ўсім інтраверт_кам, хто не любіць тэлефанаваць і камунікаваць з незнаёмымі па тэлефоне (дайце пяць у каментарах, калі гэта пра вас – палічымся)).

Нізкападлогавы транспарт патрэбен не толькі людзям, якія перасоўваюцца на вазках, але і для бацькоў з дзецьмі, пасажыр_кам з валізамі, роварамі і іншымі габарытнымі рэчамі.

Кантрасны шрыфт зручны не толькі людзям з парушэннем зроку (а такіх згодна дадзеным СААЗ 2,2 мільярды), а і тым, у каго стаміліся вочы пасля 8-гадзіннага сядзення за кампутарам.

Так, даступнасць дапамагае пашырыць вашу аўдыторыю. Дзякуючы даступнаму сайту, прасторы, кантэнту і чаму заўгодна, вы ўключаеце людзей у свой прадукт і часта — у сучасную эканоміку. Бо ўсе людзі,  незалежна ад асаблівасцяў здароўя, купляюць адзенне, ужываюць ежу, карыстаюцца інтэрнэтам і з’яўляюцца спажывальні_цамі.

Адпаведнасць Еўрапейскаму закону аб даступнасці

Не за гарамі 2025 год, калі пачне дзейнічаць Еўрапейскі закон аб даступнасці. Гэты закон скіраваны на тое, каб зрабіць укараненне даступнасці прыярытэтным для кампаній.

Еўрапейскі закон аб даступнасці палегчыць жыццё як мінімум 87 мільёнам чалавек (амаль кожн_ай пят_ай еўрапейц_ы), якія маюць інваліднасць, у тым ліку шмат якім пажылым людзям, а таксама тым, у каго ёсць часовыя парушэнні.

Новыя правілы палегчаць доступ людзей да грамадскага транспарту, банкаўскіх паслуг, кампутараў, тэлевізараў, электронных кніг, інтэрнэт-крам і шмат чаго іншага.

Бізнес больш паспяховы, калі ў яго каштоўнасцях ёсць інклюзія

У даследаванні Міжнароднай арганізацыі працы (далей — МАП) адзначаецца пазітыўная карэляцыя паміж інклюзіўным падыходам кампаніі і больш моцнымі фінансавымі паказчыкамі. Гэта адбываецца, таму што:

  • інвестар_кі падтрымліваюць трэнд на інклюзію; 
  • працаўні_цы кампаній з інклюзіўным падыходам маюць высокую ступень крэатыўнасці і інавацый; 
  • людзі ў інклюзіўных калектывах больш уключаныя ў працоўны працэс. Яны адчуваюць сябе часткай калектыву мацней, чым у кампаніях з неінклюзіўным падыходам.

Па дадзеных рэпорта Accenture, калі б хоць 1% людзей з інваліднасцю ў Амерыцы працаўладкаваліся, то валавы ўнутраны прадукт ЗША павялічыўся б на 25 мільярдаў даляраў. 

Здаецца, пераканалі, што інклюзія — з усіх бакоў класна, таму пераходзім да наступнага блоку! Пагаварылі з Ксеніяй Літвінавай і Аляксандрам Аўдзевічам, для якіх інклюзія — ключавы прынцып іх праектаў, і разам з імі дзелімся інклюзіўнымі практыкамі.

Фото Ксении
Ксенія Літвінава
каардынуе шведскія гурткі* ў арганізацыі «Актыўнымі быць файна!» (далей — АБФ), якая распаўсюджвае прынцып недыскрымінацыі ў адукацыі.
Фото Александра
Аляксандр Аўдзевіч
з’яўляецца стваральнікам праекту «Інклюзіўны барыста». Не так даўно ён разам з камандай адкрыў у Варшаве кавярню з такой жа назвай.
Шведскія гурткі (альбо шведская мадэль адукацыі) — гэта методыка, калі вуч_аніцы навучаюць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўні_цы ці фасілітатар_кі. Яна акцэнтуе ўвагу на супрацоўніцтве, узаемадапамозе і актыўным удзеле вуч_аніц у працэсе навучання.

Практыкі інклюзіўнасці

Падтрымлівайце разнастайнасць 

Мультыкультурнасць — гэта тое, што зрабіла Крэмніевую даліну паспяховай. Калі ў вашай кампаніі працуюць людзі розных нацыянальнасцяў, розных культур, з розным досведам, з розным пунктам погляду — ваша каманда робіцца больш разнастайнай, і так у вас ёсць больш магчымасцяў прымаць нестандартныя рашэнні, якія пойдуць на карысць вашаму праекту ці прадукту.

Сярод каштоўнасцей нашай арганізацыі — інклюзія, талерантнасць і даступнасць. Мы ладзім гурткі для дарослых, падлеткаў і дзяцей. Яны з’яўляюцца бясплатнымі і даступнымі для кожна_й. 

Калі вы кіруецеся пэўнымі каштоўнасцямі, то падтрымліваць разнастайнасць у арганізацыі нескладана. Мы не шукаем кагосьці мэтанакіравана дзеля разнастайнасці. Нас цікавяць ініцыятыўныя людзі, якіх шмат сярод усіх груп. У АБФ мы даем усім праявіць сябе. У людзей павінна быць аднолькавая магчымасць развівацца незалежна ад узросту, наяўнасці ці адсутнасці дзяцей, сексуальнай арыентацыі ці іншых крытэрыяў. Напрыклад, каб больш людзей з досведам бацькоўства наведвалі нашы мерапрыемствы, мы даем магчымасць пакінуць дзіця з бейбісітар_кай.

У нашу каманду ўваходзяць прадстаўні_цы розных краін (большасць іх з Беларусі, вядома) і сацыяльных груп. Сярод нашых супрацоўні_ц ёсць і ЛГБТК+ актывіст_кі, і бацькі з дзецьмі. У АБФ нават дзеці самастойна вядуць гурткі. 

Ксенія Літвінава, каардынатарка шведскіх гурткоў у АБФ

Адаптуйце прастору 

Здаецца, што гэта адзін з самых цяжкавыканальных пунктаў: шырокія  выймы дзвярэй, усталёўка пандусаў — усё гэта патрабуе выдаткаў і перапланоўкі памяшкання. Але добрыя навіны ў тым, што нават тут можна зрабіць невялікія крокі, якія дапамогуць зрабіць вашу прастору больш зручнай для большай колькасці людзей. Вось некаторыя з іх:

  1. Размясціце разеткі на вышыні, даступнай для ўсіх карысталь_ніц, уключаючы людзей на інвалідных вазках. Выберыце для разетак зручныя месцы, каб да іх мог_ла лёгка дацягнуцца хто заўгодна, без патрэбы пераадольваць перашкоды ці нахіляцца. Напрыклад, на ўзроўні стальніцы ці на сценах на ўзроўні пояса.
  2. Арганізуйце прастору так, каб яна было больш прасторнай і даступнай. Перастаўце мэблю, якая замінае перасоўванню.
  3. Забяспечце дастатковае натуральнае і штучнае асвятленне. Так вы  зробіце прастору больш камфортнай для людзей з адчувальным зрокам.

Гэта прыклады практык, якія можна ўкараніць з мінімальнымі выдаткамі, і  якія дапамогуць зрабіць прастору больш даступнай і зручнай для ўсіх яго карыстальні_ц.

Кавярня «Інклюзіўны барыста» — гэта месца грамадскага харчавання, якое цалкам абслугоўваецца людзьмі з інваліднасцю. Увогуле стандарты грамадскіх месцаў для такіх наведвальні_ц даўно прапісаны. Мы наватар_кі таму, што цалкам адаптавалі працоўнае месца пад патрэбы людзей з інваліднасцю.

У кавярні ўсё распрацавана так, каб каля_жанкі на калясцы маглі раз’ехацца. У нас паўсюль стаяць аўтаматычныя дзверы. Мы прыстасавалі лядоўню, каб адтуль было лёгка ўсё дастаць. Выключальнікі і разеткі таксама зроблены на пэўнай вышыні. 

Мы зрабілі асобны пакой, дзе могуць адпачываць супрацоўні_цы кавярні. Многія людзі з інваліднасцю не могуць працаваць больш за тры гадзіны. Ім патрабуецца час і прастора, каб дзесьці паляжаць. 

Адкрыццё такой кавярні каштуе дорага. Мы з камандай самастойна рабілі праект прасторы з нуля. Звычайнаму бізнесу дастаткова максімальна адаптаваць свае прасторы, каб кожнае месца адпавядала ўсталяваным інклюзіўным нормам. 

Аляксандр Аўдзевіч, уладальнік кавярні «Інклюзіўны барыста»
Як выглядае працэс адкрыцця інклюзіўнай кавярні і з якімі выклікамі сутыкаюцца такія праекты — Аляксандр паказаў у сваім блогу на YouTube. 

Помніце пра прынцып інклюзіі «Нічога пра нас без нас». Пытайцеся ў людзей, для якіх і з якімі вы працуеце, пра іх патрэбы.

Так вы зможаце:

  1. зразумець, што патрэбна вашай аўдыторыі і каля_жанкам, і якія ўмовы, прадукты і паслугі ствараць;
  2. знайсці слабыя месцы і скарэктаваць іх;
  3. стварыць больш прыемны досвед узаемадзеяння з вамі, што спрыяе лаяльнасці вашых каля_жанак і аўдыторыі.

У АБФ мы заўсёды на сувязі з нашымі лідар_камі і ўдзельні_цамі. Мы робім апытанкі па формах зваротнай сувязі. АБФ імкнецца ўлічваць патрабаванні мэтавай аўдыторыі. Самі гурткі і іх тэмы самі выбіраюцца пад запыт групы гуртка ў межах нашых каштоўнасцей.

Ксенія Літвінава, каардынатарка шведскіх гурткоў у АБФ

Апытанкі можна ладзіць з дапамогай розных сэрвісаў, напрыклад, гэта могуць быць Google Forms ці JAMBOARD. Калі вы ладзіце мерапрыемства, у апытанку зваротнай сувязі ўключыце пытанні пра харчовыя звычкі ўдзельні_ц. Магчыма, хтосьці з іх з’яўляецца веган_кай ці вегетарыян_кай і варта дадаткова паклапаціцца пра меню. Таксама запытайце пра даступнасць лакацыі. Ці лёгка было ўдзельні_цам дабрацца да месца? Ці было прыстасавана яно пад патрэбы ўсіх, напрыклад, людзей з інваліднасцю і бацькоў з дзецьмі? Наколькі камфортным было месца для адпачынку? Такія захады дапамогуць арганізатар_кам у будучыні ўлічыць патрэбы большасці ўдзельні_ц, каб павысіць якасць мерапрыемства. 

Больш пра збор зваротнай сувязі можна даведацца ў варкшопе «ІншыЯ» «Як ацаніць патрэбы мэтавых групаў анлайн» і на сайце Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый OEEC.

Выкарыстоўвайце інклюзіўныя выявы

Калі вы камунікуеце з аўдыторыяй вашага праекту ў тым ліку з дапамогай выяў, то скарыстайце для гэтых мэтаў інклюзіўны фотасток.

Успрымайце сябе як візуальн_ую актар_ку культуры: тое, якія выявы вы выкарыстоўваеце ў працы, фармуе дыяпазон «прыгожага» і «нармальнага» ў вашай аўдыторыі. Пашырайце ўяўленне пра ўспрыманне прыгажосці і фармуйце больш інклюзіўнае бачанне, паказваючы сапраўдных людзей, а не адфаташопленых мадэляў з нацягнутымі ўсмешкамі.

Да таго ж, згодна даследаванню фотабанка Depositphotos у аўдыторыі з’явіўся запыт на натуральнасць і аўтэнтычнасць. Грамадству надакучылі пластмасавыя выявы, а патрэбныя тыя, якія адлюстроўваюць каштоўнасці і не адарваны ад рэальнасці.

Спіс інклюзіўных фотастокаў ёсць у нашай Базе практык.

Улічвайце лічбавую даступнасць

Анлайн-прастора, як і афлайн, мае патрэбу ў інклюзіўнасці. Таму давайце разгледзім некалькі прынцыпаў, якія трэба ўлічыць, каб анлайн-асяроддзе, гаспад_ыняй якога вы з’яўляецеся, было гасцінным для ўсіх.

Прапісвайце тэкставае апісанне малюнкаў і элементаў 

Alt-тэкст — гэта аснова асноў даступнага сайта. Ён апісвае выявы і патрэбен для таго, каб інфармацыя з сайта была даступная ўсім людзям, уключаючы тых, хто карыстаецца скрынрыдэрамі.

Як і заўсёды з даступнасцю, наяўнасць alt-тэксту важная не толькі людзям са слабым зрокам, а ўсім. Часта бывае, што выява не загружаецца з-за збою сеткі ці абмылкі ў адрасе — тады на дапамогу прыходзіць альтэрнатыўны тэкст, які нягледзячы на тэхнічныя перашкоды ўсё адно забяспечыць разуменне кантэнту. Таксама ён важны пры чытанні на мабільных прыладах — дзе малюнкі часам выключаныя ці маюць абмежаваную бачнасць.

Дадавайце субтытры

Ужо пісалі пра гэта напачатку артыкула. Субтытры добрыя ўсім і для ўсіх. 

А яшчэ алгарытмы Google працуюць так, што рангуюць сайты па камфортнасці выкарыстання. Субтытры ў відэа, загружаныя асобным трэкам, павялічваюць шанцы вашага сайта на добрую пошукавую выдачу. Сюды ж ставяцца малюнкі са слушным альтэрнатыўным апісаннем.

Выкарыстоўвайце высокакантрасныя каляровыя схемы для тэксту і фону

Гэта палягчае карыстальні_цам счытванне інфармацыі ў розных умовах асветленасці (блікі сонца, калі вы карыстаецеся прыладай ці сайтам на вуліцы; цёмнае памяшканне і г. д.) і з рознымі асаблівасцямі зроку.

Існуе шмат плагінаў, якія правяраюць даступнасць палітры і генеруюць кантраставы варыянт: Contrast, Contrast Grid, Color Blind, zebra.

Больш пра адаптацыю сайта можна даведацца ў нашых папярэдніх матэрыялах:

Для правядзення анлайн-мерапрыемстваў запрашайце перакладчы_ц жэставай мовы ці выкарыстоўвайце субтытры

У лектар_кі мусіць быць адкрыты твар, каб у людзей з парушэннем слыху была магчымасць счытваць невербальную мову. Таксама ў такіх выпадках варта выкарыстоўваць прэзентацыі, каб інфармацыя дэманстравалася візуальна. 

Для натхнення: глядзіце, як неймаверна перакладчыца жэставай мовы Justina Miles перакладае выступ Рыяны на Суперкубку.

Супрацоўнічайце з арганізацыямі, якія выступаюць за інклюзію

Праводзьце аўдыты вашага бізнесу ці праекту, звяртайцеся па дапамогу і кансультацыю да эксперт_ак. Разам з партнёр_камі знаходзьце новыя прынцыпы і разам стварайце інклюзіўнае асяроддзе.

Быць інклюзіўнай арганізацыяй ці бізнесам не заўсёды складана. Нашмат важней прытрымлівацца гэтай каштоўнасці і ў сваёй дзейнасці ад яе адштурхоўвацца. Інклюзіўны падыход дае магчымасць развіваць грамадства і рабіць яго больш талерантным. 

Чытайце нашу базу практык, і знаходзьце нешта карыснае для сябе і вашай аўдыторыі.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.6 / 5. Колькасць галасоў: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x