Камунікацыя і яшчэ раз камунікацыя, альбо Чаму пандус яшчэ не азначае інклюзію

Інклюзія
Камунікацыя
5
(4)

Читать по-русски

Тэхнічныя рашэнні гэта вельмі важна для інклюзіўных мерапрыемстваў. Але без правільнай камунікацыі яны могуць не прыносіць аніякай карысці. Якія бываюць непаразуменні, адкуль яны бяруцца і што з імі рабіць, каб інклюзія стала натуральнай часткай вашых івэнтаў?

«Якая карысць ад пандусаў на мерапрыемстве, калі пра само мерапрыемства ніхто не ведае?», — мой суразмоўца хоча застацца ананімным, бо лічыць, што можа сутыкнуцца з «хейтам за непапулярную думку», і мне падаецца, што я трапіла ў нейкую балючую кропку. «Я люблю “выходзіць у людзі” — люблю і лекцыі, і вечарыны, і вось што я хачу сказаць: размоваў пра даступнасць і інклюзіўнасць вельмі шмат, але ў рэальнасці гэта часта нейкая прафанацыя. Аднойчы я быў на нейкім супер экалагічным фестывалі, дзе нават смецце нармальна не сартавалі.

Фота 1

Я разумею, што быць інклюзіўнымі і клапаціцца пра ўсіх — гэта новая ці то мода, ці то мараль, але гэта павінна быць па-сапраўднаму, а не для паказухі. Можна зрабіць мерапрыемства вельмі камфортным для людзей з маленькімі дзецьмі, але не прапрацаваць анонсы, і ў выніку бацькі туды проста не прыйдуць, бо не будуць ведаць, што іх там чакаюць. І вось вы знялі больш дарагое памяшканне з дадатковым пакоем для дзяцей, аплацілі няню, але зэканомілі на СММ, і ніхто не даведаўся ні пра вашу няню, ні пра асобны пакой. Клас, віншую, вы вельмі класна размеркавалі бюджэт!»

 Людзі, якія арганізоўваюць мерапрыемствы, і людзі, якія на іх прыходзяць, — гэта два розныя сусветы, якія мусяць наблізіцца адзін да аднаго і сутыкнуцца.  І хай вас не ўводзіць у зман метафара — гэта толькі на першы погляд падаецца нечым рамантычным. На самой справе, каб два сусветы сутыкнуліся, патрэбны халодны разлік, глыбокае разуменне праблем, звязаных з інклюзіяй, і прафесійны падыход да сваёй справы.

Каб зразумець, як наблізіць гэтыя сусветы, Цэнтр «Жывая Бібліятэка» у партнёрстве з Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА» ўвесну 2021 правялі апытанні арганізатарак і арганізатараў мерапрыемстваў, уласніц і ўласнікаў прастораў і наведвальніц і наведвальнікаў мерапрыемстваў. І гэтыя апытанні «падсвяцілі» шэраг цікавых тэндэнцый.

Фота 2

Так ці інакш, усе яны зводзяцца да таго, што тэхнічная інклюзіўнасць прастораў і мерапрыемстваў — гэта важна, але ад яе мала карысці, калі не прапрацавана камунікацыя.

Арганізатаркі і арганізатары мала думаюць пра дарослых з дзецьмі, а тыя і не скардзяцца

Сярод дарослых з дзецьмі да 12 год толькі 28% сказалі, што ім важна агульнае стаўленне персанала і адсутнасць дыскрымінацыі (для параўнання, сярод людзей з інваліднасцю 57% людзей адказалі станоўча на гэтае пытанне, сярод людзей з парушэннямі здароўя — таксама 57%, сярод людзей, якія вядуць экафрэндлі лад жыцця — 55%, а сярод ЛГБТК+ — 48%).

Такім чынам, дарослыя з маленькімі дзецьмі сталі самай непатрабавальнай групай, што тычыцца патрабавання адносна адсутнасці дыскрымінацыі. І толькі кожныя пятыя арганізатаркі і арганізатары звяртаюць увагу на патрэбы дарослых з маленькімі дзецьмі.

Гэтую сітуацыю можна інтэрпрытаваць па-рознаму, але найбольш праўдападобным ва ўмовах Беларусі выглядае тлумачэнне праз адчай і «а можа так і трэба». Гарадскія і сельскія інфраструктуры ў цэлым вельмі кепска прыстасаваныя для дарослых з дзецьмі, і вельмі часта пасля нараджэння дзіця жанчыны (а гадаванне дзяцей застаецца пераважна жаночай справай) абмяжоўваюцца ў сваіх перамяшчэннях мінімальна неабходнымі маршрутамі. Выпаданне жанчын з маленькімі дзецьмі з сацыяльнага жыцця лічыцца біялагічна абумоўленай нормай, якая падмацоўваецца вельмі шырока распаўсюджанай гендарнай дыскрымінацыяй. Жывучы ў гэтай парадыгме, шмат якія жанчыны моцна зніжаюць планку ўласных патрэбаў і, у выпадках з мерапрыемствамі, радуюцца самой магчымасці трапіць туды з дзіцём. Дадатковыя пажаданні і патрабаванні падаюцца ім недарэчнымі і нахабнымі, і гэта вельмі зручна для арганізатараў і арганізатарак з практычнага пункту гледжання, бо дазваляе не выдаткоўваць сілы і грошы на адмысловую адаптацыю мерапрыемстваў пад патрэбы гэтай сацыяльнай групы.

Фота 3

 

Тым не менш, гэты падыход далёкі ад інклюзіі. Для стварэння сапраўды інклюзіўнага мерапрыемства арганізатаркам і арганізатарам варта прадумваць магчымыя запыты аўдыторыі, нават калі яна не выказвае іх услых і ўвогуле ніяк не артыкулюе. Адсутнасць артыкуляцыі часта можа быць прыкметай таго, што чалавек саромеецца падацца нахабным ці няўдзячным. А гэтая сарамлівасць уводзіць людзей у пастку —  пакуль наведвальнікі і наведвальніцы не артыкулююць свае асаблівыя патрэбы, арганізатары і арганізатаркі могуць пра іх проста не здагадвацца .

Выйсце? Рабіць апытанні сярод мэтавай аўдыторыі, паказваць гатоўнасць да заўваг і прапаноў, падкрэсліваць неабходнасць разбурэння гендарных стэрэатыпаў.

Адсутнасць праблем і прэтэнзій не значыць, што ўсё было інклюзіўна

80% апытаных арганізатарак і арганізатараў мерапрыемстваў перыядычна сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з задавальненнем патрэб розных груп удзельнікаў і ўдзельніц. Але што наконт астатніх? Няўжо ў іх усё так наладжана, што ніколі не бывае праблем з інклюзіўнасцю івэнтаў?

Канечне, не. Адсутнасць праблем не значыць, што ўсё добра, — часам гэта значыць, што ў гэты бок арганізатаркі і арганізатары проста не думалі.

Паводле вынікаў апытання, найчасцей арганізатаркі і арганізатары называюць праблемы з забеспячэннем умоваў для маламабільных людзей, якія перасоўваюцца з дапамогай адмысловых сродкаў, і з забеспячэннем асаблівых патрэбаў у харчаванні. Але варта памятаць, што меншая распаўсюджанасць праблем з забеспячэннем удзелу іншых груп мае розную прыроду.  Пра ўдзельніц і ўдзельнікаў, якія вядуць экапрыязны лад жыцця і/альбо адносяцца да ЛГБТК+ супольнасці, часцей адказваюць, што праблем не было — то бок альбо патрэбы гэтых груп былі задаволены, альбо ўдзельнікі_цы з гэтых груп не артыкулявалі асаблівых патрэбаў. А вось людзі з парушэннямі слыху і парушэннямі зроку проста радзей прымаюць удзел у рознага кшталту мерапрыемствах: больш за палову апытаных увогуле ніколі не мелі вопыту кантакту з гэтымі групамі.

Анлайн-фармат не змяншае колькасць праблем, звязаных з інклюзіяй, але пераводзіць іх у новую плоскасць

Яшчэ ў 2020 годзе анлайн-івэнтаў стала нашмат больш, чым раней, і ў большасці выпадкаў гэта відавочна была вымушаная мера. Можна было б падумаць, што такія мерапрыемствы будуць больш даступныя для разнастайных груп, але аказалася, што праблем менш не стала — яны проста змяніліся. Праўда, як і ў офлайне, яны часта звязаны не столькі з тэхнічным бокам, колькі з псіхалагічным аспектам.

Фота 4

«Сустрэчы анлайн — гэта нейкая новая форма катаванняў і новая форма адзіноты, у якой мы апынуліся спачатку праз пандэмію, а потым праз тое, што вельмі шмат людзей з’ехалі з Беларусі», — кажа Вольга. «Калі становяцца даступны толькі анлайн-мерапрыемствы, удзел у іх мала чым адрозніваецца ад праглядаў серыялаў “фонам”. Няма адчування ўключанасці, ты быццам бы не размаўляеш з людзьмі, а слухаеш падкаст. Можа, камусьці гэта і пасуе, але дакладна не мне».

Жанчына апісвае вельмі распаўсюджаную непрыемнасць — 58% апытаных удзельніц і ўдзельнікаў мерапрыемстваў адзначылі, што найбольшай праблемай, звязанай з анлайн-івэнтамі, становіцца недахоп жывой камунікацыі. Сярод арганізатарак і арганізатараў гэтая праблема гучыць яшчэ часцей: пра яе кажуць 78% апытаных. Такі разбег у лічбах можа сведчыць аб тым, што пэўныя няўдачы на мерапрыемствах арганізатаркі і арганізатары спісваюць на тэхнічныя асаблівасці анлайн-фармата, хоць удзельніцы і ўдзельнікі лічаць інакш.

Цікава і іншае адрозненне ў лічбах — сярод удзельніц і ўдзельнікаў толькі 10% людзей сказалі, што не ўмелі карыстацца нейкімі праграмамі ці прыкладаннямі, неабходнымі для анлайн-івэнтаў, а арганізатаркі і арганізатары кажуць пра больш сумную карціну — 57% з іх сутыкаліся з такім няўменнем з боку ўдзельніц і ўдзельнікаў. Канечне, гэтая розніца можа тлумачыцца сарамлівасцю рэспандэнтак і рэспандэнтаў, якія не хочуць прызнавацца ў апытанні, што не ўмеюць карыстацца нейкімі дадаткамі. Але таксама гэта можа значыць, што ў залежнасці ад статусу на мерапрыемстве людзі па-рознаму ацэньваюць важнасць тэхнічных праблем і непаразуменняў. Для ўдзельніц і ўдзельнікаў псіхалагічны аспект больш важны, чым для арганізатарак і арганізатараў.

Больш даведацца пра бар’еры для анлайн удзелу розных груп можна тут, а зразумець як забяспечыць інклюзію анлайн тут.


Тэкст: Наста Захарэвіч
Фота: Anna Scvets, Cup of Couple, Lukas (фотабанк Pexels)

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць