Як арганізаваць файную kids-friendly прастору на мерапрыемстве

ІнклюзіяВеды
5
(7)

Нярэдка людзі пасля нараджэння дзяцей аказваюцца выключанымі з пэўных напрамкаў сацыяльнага жыцця. І гэтаму ёсць шмат спрыяльных фактараў. Напрыклад, у многія месцы з малымі прыходзіць няёмка, на мерапрыемствах няма адпаведных kids-friendly прастор, а арганізатар_кі проста не ўлічваюць магчымасць удзелу ў падзеі людзей з дзецьмі. Ды і наогул, часта немагчыма быць паўнавартаснымі гасцямі івэнту, паралельна сочачы за дзіцём. 

Мы паразмаўлялі з арганізатаркамі і актывісткамі пра тое, як стварыць на любым мерапрыемстве камфортную kids-friendly прастору ― нават калі бюджэт івэнту абмежаваны.

«Неабходна, каб кожны івэнт меў kids-friendly прастору па змаўчанні»

Наста Базар,
феміністка, нізавая актывістка

― У мяне ёсць дзеці, таму я разумею, што падыход да арганізацыі мерапрыемстваў у гэтым ключы трэба мяняць. Мне падаецца, што людзі ў дэкрэтным (нават не назаву гэта адпачынкам) выключаныя з грамадства: пра іх забываюцца, таму што з-за дзяцей магчымы дыскамфорт і перашкоды. Я гэта добра адчула на сабе. 

Неабходна каб кожны івэнт меў kids-friendly прастору па змаўчанні. Я часам чую такую зваротную сувязь, што трэба загадзя пісаць і заяўляць: «Я хачу прыехаць з дзіцём, для нас трэба арганізаваць дзіцячы куток». З аднаго боку так, гэта рацыянальна, з другога ― не, бо мы клапоцімся аб інклюзіі і даступнасці для ўсіх. Гэта павінна прадугледжвацца аўтаматычна. 

Зразумела, шмат хто скажа, што немагчыма рабіць кожны івэнт даступным для ўдзелу з дзецьмі. Альбо мы прымаем такую думку як дадзенае, альбо не. І тады мы ці ўвогуле не гаворым пра інклюзію, ці спрабуем змяняць сітуацыю. Мая каляжанка неяк казала, што зразумела, наколькі з’яўленне дзіцяці абмяжоўвае сацыяльнае жыццё, толькі пасля таго, як яе сяброўка нарадзіла. Тады ў каляжанкі з’явілася дакладная пазіцыя. Калі яна робіць івэнт, то або выплачвае грошы ўдзельні_цы, каб было магчыма наняць дзіцяці няню на час мерапрыемства, або ладзіць kids-friendly прастору.

Мне здаецца,  любое мерапрыемства можна адаптаваць . Вядома, калі дзіцяці няма і года, гэта можа быць праблематычным. Але калі яму ўжо ёсць тры ― можна нечым заняць. Калі дзіцяці 5+ гадоў, то зусім нармальна, што ён/яна пабачыць бацькоў на кава-паўзе, а ў астатні час будзе заняты/-ая іншымі справамі ў дзіцячым кутку.

Парады ад Насты. На што варта звярнуць увагу, калі робіш kids-friendly прастору:

  1. У kids-friendly прасторы павінна быць адпаведная колькасць адказных дарослых. Калі мы гаворым пра дзяцей да 5 год, нельга пакідаць на адн_у даросл_ую больш, чым 5 дзяцей. Калі дзеткам ад 5 да 12 гадоў ― адн_а даросл_ая зможа даглядзець каля 10 дзяцей.
  2. Незалежна ад колькасці дзяцей на пляцоўцы павінна быць мінімум два чалавекі. Часта кагосьці з малых трэба адвесці ў прыбіральню, прынесці вадзічку. Ці нехта расплакаўся і трэба надаць яму_ёй дадатковую ўвагу. Наогул збольшага справа не ў месцы, а ў людзях. Вядома, добра, калі ў адказных за kids-friendly прастору ёсць спецыяльная адукацыя, але важней і лепш мець досвед. Ёсць людзі, якія з нічога могуць зрабіць усё, ― гэта натхняе. 
  3. Добра, калі бюджэт мерапрыемства дазваляе аплаціць арэнду дадатковага пакоя. Гэта спросціць арганізацыю дзіцячай прасторы і дазволіць стварыць для маленькіх асобную праграму.
  4. Класна, калі ў прасторы ёсць цацкі, развіваючыя гульні. Дадаткова можна замовіць майстар-клас, музыкаў для дзіцячай праграмы. 
  5. У kids-friendly прасторы павінны быць вада і ежа (лепей каб гэта былі арэхі і садавіна). 
  6. Прыбіральню таксама трэба адаптаваць. Павінна быць лава, на якую дзіця можа стаць, каб памыць рукі. А на сам унітаз трэба зрабіць спецыяльныя дзіцячыя сядзенні. 
  7. У дзіцячую праграму трэба ўключыць нешта дынамічнае, каб дзеці маглі пайсці на пляцоўку, пабегаць, паскакаць. Калі няма магчымасці вывесці іх на вуліцу, важна арганізаваць актыўныя гульні ў памяшканні.
  8. Яшчэ адзін добры прыём ― агучыць правілы камунікацыі ўнутры дзіцячай прасторы. Гэта сапраўды выдатна для дзяцей, асабліва калі яны прыдумляюць свае ўласныя правілы: «без тэлефонаў», «не перабіваем адно аднаго», «паднімаем руку». Тое, што чалавек прыдумае сам, больш запомніцца.
  9. Калі арганізатар_ка ведае, хто прыйдзе на івэнт, можна пацікавіцца ў бацькоў, што падабаецца іх дзецям. Магчыма, можна прывезці любімыя цацкі, настолкі?
  10. Калі тэматыка мерапрыемства дазваляе, то з дзецьмі можна закрануць тэму івэнту. Напрыклад, калі гэта IT-сфера, чаму б не зрабіць невялікі майстар-клас, не расказаць дзецям пра праграмаванне?

Kids-friendly прастора ― гэта не толькі пра прастору

Толькі фізічная прастора не вырашыць праблему,  трэба ўмець камунікаваць . Часта дзеці могуць перашкаджаць, раздражняць, крычаць. Але хіба можна іх у гэтым абвінавачваць? Некаторыя думаюць, што дзеці робяць нешта на злосць, але гэта не так. Яны проста не могуць з чымсьці справіцца: са стрэсам, панікай, трывогай. І ці ёсць сэнс патрабаваць ад маленькай істоты паводзіць сябе па-даросламу?

― Калі мяне турбуюць дзеці ў грамадскім месцы, гэта ўсё роўна, што сказаць, што мяне турбуе дождж за акном. Гэта тое, на што мы не можам паўплываць, ― кажа Наста Базар. ― Я не бачу праблемы, калі дзіця парушае мае межы, пагаварыць з ім_ёй ці з бацькамі. З дзецьмі трэба паводзіць сябе як з маленькімі дарослымі: не рабіць ім заўваг, а мякка абазначаць свае просьбы.

Раней разам з Настай быў падрыхтаваны ролік «Што такое kids-friendly прасторы?», які за 1,5 хвіліны распавядае пра гэтую інклюзіўную практыку.

Бацькі павінны мець магчымасць прыходзіць на мерапрыемствы з дзецьмі 

Ксенія Літвінава,
каардынатарка шведскіх гурткоў арганізацыі нефармальнай адукацыі «Актыўнымі быць файна» ў Літве

― На ўсіх мерапрыемствах мы імкнёмся арганізоўваць kids-friendly прасторы незалежна ад таго, унутраныя гэта івэнты або адкрытыя. Калі імпрэза праходзіць на нашых пляцоўках, там заўсёды прысутнічае дзіцячы куток. Калі мы ладзім свае мерапрыемствы ў чужых прасторах, дзе няма адпаведнай абстаноўкі, то, на жаль, не заўсёды ў нашых сілах гэта арганізаваць. 

Усе нашыя офісы ў Вільні даступныя дзецям: ёсць зона з цацкамі, развіўкамі і канцылярыяй. Таксама ёсць бэйбісітарка, якая па запыце прыходзіць на гурткі і мерапрыемствы, дзе ўдзельні_цы рэгістраваліся з дзецьмі.

 Для нас даступнасць вельмі важная, бо яна пра інклюзіўнасць і салідарнасць.  Гэта адны з каштоўнасцяў, якія мы прасоўваем у грамадзянскай супольнасці. Мы разумеем, што патрэбна даваць бацькам магчымасць прыходзіць з дзецьмі і ўключацца ў мерапрыемствы без абмежаванняў.

Мы лічым, што ўсе івэнты павінны быць даступнымі для дзяцей, але ў першую чаргу бацькі павінны зыходзіць з магчымасцяў сваіх дзяцей, іх уседлівасці і адкрытасці да новых людзей. Вядома, у нас існуюць абмежаванні, але яны больш унутраныя. Напрыклад, па ўзросту: высновы мы зрабілі, грунтуючыся на сваім досведзе. Бэйбісітарка прыходзіць да дзяцей ад 3 да 7 гадоў, а старэйшыя дзеці ўжо самастойныя і ім не патрэбны нагляд.

Парады ад Ксеніі. Як арганізаваць kids-friendly прастору:

  1. Каб арганізаваць kids-friendly прастору, неабходна мець асобную зону для дзяцей. Пажадана, каб гэта быў ізаляваны пакой, абсталяваны дастатковай колькасцю разнастайных гульняў, кніг, размалёвак і канцылярыі. Вядома, мы жывём у сучасным свеце, дзе для больш дарослых дзяцей яшчэ неабходна наяўнасць Wi-Fi. Заўсёды важна ўлічваць, што ва ўсіх дзяцей выбар вольнага часу розны, таму чым большая іх прастора, тым ім камфортней.
  2. Абавязкова забяспечыць наяўнасць дарослых (у нашым выпадку ― бэйбісітаркі) для маленькіх дзяцей у kids-friendly прасторы.
  3. Галоўнае нашае правіла ― не навязваць дзецям сваіх пажаданняў, а чуць і даваць ім магчымасць самім абіраць, чым ім займацца і ў што гуляць.
  4. Таксама мы раім заўсёды загадзя ўдакладняць у бацькоў, ці ёсць нейкія абмежаванні ў дзяцей, напрыклад, у ежы, перакусах.
  5. І, вядома, заўсёды памятайце пра бяспеку дзяцей у kids-friendly прасторы.

Ёсць дзеці, якія ў нашай прасторы абзавяліся сябр_оўкамі. І пакуль бацькі былі на івэнце, яны з радасцю праводзілі час з іншымі дзеткамі і бэйбістаркай. А ёсць і такія дзеці, якія вельмі прывязаныя да бацькоў і дбайна ставяцца да іх адсутнасці. Усё гэта мае месца, але ў большасці выпадкаў мы шукаем індывідуальны падыход да дзяцей і бацькоў. У нас ніколі не было вялікіх цяжкасцяў са знаходжаннем дзяцей у прасторы на нашых мерапрыемствах, бо ўсе, хто да нас прыходзяць, разумеюць, што наша арганізацыя прытрымліваецца інклюзіўнасці і дэмакратычных каштоўнасцяў.

«Заўсёды магчыма арганізаваць зручную kids-friendly прастору»

Любоў Ланіна,
праваабаронца

― Аднойчы я арганізавала kids-friendly прастору на форуме ALL Inclusive ад «ІншыЯ». Наогул я думаю, што  дзіцячы куток на мерапрыемстве ― гэта адзін з фактараў, які дазваляе большай колькасці ўдзельні_ц прыязджаць на івэнт.  Гэта проста інклюзія. Людзі з дзецьмі валодаюць важнымі ведамі, досведам і меркаваннямі, таму варта забяспечыць ім камфортны ўдзел у мерапрыемстве.

Я сапраўды думаю, што амаль заўсёды магчыма арганізаваць зручную прастору, бо на любым мерапрыемстве патрабаванні да дзіцячага кутка будуць аднолькавымі і нескладанымі. Такія прасторы ёсць усюды: аэрапорты, рэстараны, некаторыя офісы.

Як Любоў арганізавала дзіцячую прастору на інклюзіўным форуме:

  1. На мерапрыемстве ў нас быў асобны пакой. Я разумею, што так можа быць не заўсёды, але, як правіла, гэта добрая практыка, калі дзеці бавяць час асобна.
  2. У нас была не толькі прастора, але і падрыхтаваны чалавек ― дзеці былі пад наглядам. Мы прадумалі варыянты, як дзецям весела бавіць час. У памяшканні быў праектар, на ім мы глядзелі Гары Потэра. Былі размалёўкі, гульні, паход у музей. Загадзя мы пагаварылі з бацькамі і крыху даведаліся пра іх дзяцей, што ім цікава, таму змаглі падстроіць праграму пад іх запыты. Таксама важна было высветліць, які ў дзяцей узровень сацыялізацыі.
  3. Важна знайсці чалавека, які зможа наладзіць з дзецьмі кантакт. Не факт, што тут важная адукацыя, хутчэй ― практыка і досвед. Мы прасоўваем каштоўнасці правоў чалавека і разнастайнасці, таму той, хто будзе з дзецьмі ў kids-friendly прасторы, павінен умець вырашаць канфлікты не крыкам, а размаўляць пра каштоўнасці і экалагічна падыходзіць да праблем.
  4. На мерапрыемстве ў дзяцей была свая праграма, таму што не было магчымасці ўключыць іх у сам форум. Варыянтаў было два: альбо дзецям сядзець побач з бацькамі, альбо ўдзельнічаць у спецыяльнай праграме.
  5. Ідэальна, калі ёсць грошы ці рэсурсы, каб нешта купіць ці кагосьці наняць. Але я лічу, што гэты свет добрых людзей, таму калі ў вас невялікае мерапрыемства і малы бюджэт, то можна ўключыць палёт фантазіі і арганізаваць сапраўды крутую дзіцячую прастору.

Шпаргалка ад Любові. Калі бюджэт абмежаваны, але важна зрабіць дзіцячы куток:
  1. Рыхтуйце размалёўкі! «Халоднае сэрца» яшчэ ніколі не падводзіла.
  2. Знайдзіце аніматара_к, дзеці заўсёды ад іх у захапленні.
  3. Інтэрактыў заўсёды вітаецца. Калі ёсць магчымасць, то варта паставіць у дзіцячым кутку планшэт ці камп’ютар. Зрабіць на ім нешта па тэме мерапрыемства, але на дзіцячым узроўні.
  4. Прыцягніце ў прастору асобнага чалавека, які можа расказваць гісторыі, размаўляць з дзецьмі, гуляць у гульні, чытаць казкі.

Тэкст: Саша Камко
Фота: Eren Li

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Average rating 5 / 5. Vote count: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x