Вакол квадробінгу* ўтварыўся сапраўдны шал. Грамадскія нарады збіраюцца ў кабінетах, каб абмеркаваць падлеткаў у масках і з хвастамі. Розныя эксперт_кі выступаюць у СМІ з аналізам трэнду. Праваахоўні_цы папярэджваюць аб магчымай адміністрацыйнай адказнасці за хуліганства. Карыстальні_цы сацыяльных сетак абураюцца і канстатуюць «падзенне маралі». Але ўсё гэта не здаецца нечым новым: проста чарговае маладое пакаленне расчаравала старэйшых людзей. Нам стала цікава, чаму многія дарослыя з цяжкасцю прымаюць захапленні падлеткаў, адрозныя ад захапленняў з іх уласнага дзяцінства, і як можна даць рады гэтаму непаразуменню. Разабрацца ў пытанні дапамагла падлеткавая псіхалагіня, якая вядзе тэлеграм-канал #мозгиподростка Вольга Дрыло.
*Квадробінг, або квадробіка (радзей — квадроберынг), — імітацыя дзеянняў і нораваў жывёл, якая адбываецца ў межах субкультуры або паводле правілаў аматарскага спорту. Квадробер_кі могуць імітаваць адну жывёлу ці абраць некалькі. Выкарыстоўваюцца адпаведныя касцюмы, маскі, накладныя вушы і хвасты, набытыя ці вырабленыя самастойна.
Адкуль такі негатыў да субкультур?
На гэтае пытанне можна адказаць цытатай з кнігі Джэймса Холіса «Перавал на сярэдзіне шляху. Як пераадолець крызіс сярэдняга ўзросту і знайсці новы сэнс жыцця»: «Кожнае пакаленне схільнае да антрапацэнтрызму і адстойвання свайго бачання свету як адзінага слушнага». Кажучы простымі словамі: мы ведаем, як усё працуе, а вы — не.
Калі чалавек пражыў істотную частку жыцця і лічыць, што пражыў яе правільна, то яму можа падацца няправільным тое, чаго ў гэтым жыцці не было. Страх перад зменамі і новым, любое сутыкненне з іншым можа выліцца ў негатыў — напрыклад, у гнеўныя каментары ў сацсетках.
Мозг дарослага чалавека абараняе сфармаваную ў ім раней мадэль свету. «Як толькі канчаецца стварэнне ўнутраных структур [мозгу], адносіны паміж унутраным і знешнім пераварочваюцца, — піша нейрабіёлаг Брус Векслер у кнізе «Мозг і культура». — Унутраная структура больш не фармуецца пад уплывам навакольнага асяроддзя. Наадварот, уплыў навакольнага асяроддзя расцэньваецца як пагроза для цэласнасці ўжо існуючай структуры, і дзеянні індывіда накіраваныя на прадухіленне магчымых зменаў, якія ён успрымае як цяжкі і балючы працэс». Рэакцыяй на любы выклік звонку можа быць як ігнараванне інфармацыі і яе забыванне, так і спробы актыўнай дыскрэдытацыі, адсюль — спрэчкі і агрэсія.
Іншы важны момант: вельмі верагодна, што ў дарослых, якія крытыкуюць падлеткавыя захапленні, не было падлеткавага ўзросту.
Тут можна ўспомніць пасляваеннае пакаленне, змушанае працаваць з малых гадоў. Гэтыя людзі выраслі, а потым выгадавалі дзяцей, перадаўшы ім свае ўяўленні пра тое, як трэба пражываць школьныя гады. І нават міленіял_кі нярэдка выконвалі ў падлеткавым узросце шматлікія задачы дарослых людзей, пражываючы падлеткавы ўзрост значна пазней. У іх не было магчымасці «падурэць», пакуль яны забіралі з садкоў малодшых брацікаў і варылі ім кашы.
«Дарослыя людзі любога пакалення востра рэагуюць на актыўныя праявы той часткі ўзросту, якой у іх не было або якая праходзіла не так, як ім хацелася б, — адзначае Вольга. — Напрыклад, калі чалавек кажа, што не ўспрымае дзяцей да пяці гадоў, гэта значыць, што з ім у гэтым узросце не ведалі што рабіць; нешта пайшло не так. Адпаведна, нешта не так пайшло ў падлеткавым узросце ў дарослых, якія кажуць, што маладое пакаленне зараз “усё разбурыць”. Значыць, ім у гэтым узросце казалі, што яны ўжо дарослыя і трэба паводзіць сябе адпаведна. Але ж падлеткавы ўзрост — час для вырашэння іншых задач. Гэта прамежак жыцця паміж дзяцінствам і даросласцю, калі чалавек даведваецца, як жыць у гэтым свеце, шукае адказы на пытанні: “Хто гэтыя дарослыя вакол?”, “Хто я?”, “Хто я сярод іншых?”, “Хто я асобна ад іншых?”».
Цяпер падлеткавым лічыцца ўзрост з 9 да 25 гадоў. Папярэднія пакаленні не мелі такой раскошы — быць падлеткамі на такім працяглым адрэзку жыцця і прысвяціць гэты час таму, каб вучыцца, даследаваць свет, шукаць сябе ў ім, а не хутчэй брацца шлюбам і нараджаць дзяцей. І якраз для тых, хто ў свае 25 ужо былі з дзецьмі і ў прафесіі, любая субкультура можа здавацца дурнотай і глупствам. Яны імкнуцца абараніць свае веды пра жыццё як адзіна слушныя.
Чаму квадробінг такі папулярны сярод падлеткаў?
З дапамогай субкультур — хоць квадробінгу, хобіхорсінгу, кікскутэрынгу, эма, панку або якіх іншых — падлеткі вырашаюць свае падлеткавыя праблемы. Яны знаходзяцца ва ўзросце, калі ўзнікае неабходнасць аддзяліцца ад бацькоў, сепаравацца, а зрабіць гэта можна толькі на энергіі злосці, бо злосць — асноўнае пачуццё ў гэтую пару. З гэтым пачуццём можна абысціся па-рознаму: нехта накіроўвае яго ў вельмі разбуральныя рэчы. Калі дзіця вырашыла, што ён/яна будзе насіць маску, скакаць у парку на карачках і нейкі час звацца квадробер_кай, то можна толькі парадавацца. А можа, нават дапамагчы яму/ёй і разам зрабіць маску з пап’е-машэ.
Для дзяцей малодшага падлеткавага ўзросту (квадробер_ак старэйшага падлеткавага ўзросту вы наўрад ці сустрэнеце) вельмі важная група. У гэтым узросце становіцца не важным тое, што гавораць бацькі і іншыя дарослыя. На першае месца па значнасці выходзіць меркаванне сяброў і сябровак — аднагодак. Падлеткі імкнуцца займець сваю групу, і субкультура — якраз рух у гэтым кірунку.
Дзеці вельмі пакутуюць, калі ў іх не атрымліваецца знайсці групу і калі не выходзіць сябраваць. Ім вельмі важна «мы». І гэтым «мы» для кагосьці становяцца квадробер_кі. Дзіця знаходзіць групу: у яго/яе з’яўляюцца «свае», цяпер ён/яна не самотн_ая: «мы робім так…», «мы ходзім у такім выглядзе…», «мы думаем, што…». А калі нехта думае інакш — то гэта проста таму, што ён/яна не частка гэтай групы, вось і ўсё.
Захапленні дзяцей 9–14 гадоў — гэта зазвычай не супрацьпастаўленне «астатняму свету», а пошукі свайго месца ў свеце, які ўжо існуе.
Як рэагаваць на незвычайнае захапленне?
Каб не страціць сувязі з дзіцем, з ім/ёй заўсёды трэба размаўляць. Чым раней усталяваныя шчырыя адносіны, тым лепш: у 16 гадоў нагнаць нешта можа быць ужо позна.
Калі падлетак робіць штосьці, што падаецца дзіўным, варта ўключаць два пачуцці: здзіўленне і цікаўнасць. Калі гаворка не ідзе пра курэнне, алкаголь і іншыя шкодныя рэчы (у такіх сітуацыях дзейнічаць трэба інакш), то можна пацікавіцца: «Што значыць такі ўбор?», «А як вы ў гэта гуляеце?», «Пакажы, што гэта ў цябе такое цікавае». Можна здзівіцца нейкай праяве, але не асуджаць гэта і не накручваць сябе, шукаючы інфармацыю ў інтэрнэце.
Інтэрнэт чакана падсілкоўвае страхі і настройвае супраць «незразумелага». Бо медыя цікавяцца гісторыямі, якія прыцягваюць увагу. Ніхто не стане пісаць пра тое, што нейкія дзеці пагулялі ў парку ў звера і разышліся па хатах у належны час. У СМІ трапляюць кідкія гісторыі накшталт «Мама прывяла дзяўчынку-квадроберку ў кальянную, дзе тая мяўкала і лашчылася да наведвальнікаў». Насамрэч, на відэа, якое абурыла інтэрнэт, паказаная дарослая дзяўчына, якая іграе квадроберку для промароліка ўстановы. Важна аддзяляць факты ад рэакцый, а рэальнае становішча — ад меркаванняў. Сцверджанні «Квадробер_кі прыносяць праблемы аднакласні_цам і настаўні_цам», «Квадробер_кі нападаюць на людзей і кусаюцца», «Квадробер_кі — гэта сатаніст_кі» і таму падобныя — гэта ўсяго толькі артыкуляцыі ўласных страхаў перад «няправільным», незразумелым. Людзі, якія выступаюць з такімі заявамі, не збіраюцца ісці на кантакт з гэтымі дзецьмі. У іх іншыя мэты.
Між тым, квадробінгам захапляюцца дзеці ад 9 да 14 гадоў, а ў гэтым узросце з падлеткамі ісці на кантакт найпрасцей. Сепарацыя толькі пачынаецца, і простай цікаўнасцю можна дасягнуць шмат чаго. Акрамя таго, дзеці ўсё яшчэ маюць патрэбу ў грошах бацькоў, каб купляць атрыбуты для свайго хобі, і кантакт можна выбудаваць хаця б на гэтай глебе.
Ёсць сэнс пагаварыць пра асабістую бяспеку, бо канфлікты з іншымі дарослымі або дзецьмі могуць узнікаць. Нядаўна ў Расіі здарыўся скандал, калі спявачка Міа Бойка прысароміла сваю фанатку, якая захапляецца квадробінгам. Цікава, што многія — у тым ліку селебрыці — усталі на бок дзяўчынкі і абвінавацілі артыстку ў булінгу. Тая, аднак, працягнула канфрантацыю: назвала квадробінг «праблемай» і «модай з Захаду», якая вядзе да «разбурэння», дадала ў гэты кактэйль трансфобныя высновы — і наогул, абрала лінію агрэсіўнай абароны «правільнасці» ўласнай мадэлі свету.
Мы жывем сярод людзей. І нягледзячы на тое, што дзеці звычайна ўспрымаюць квадробінг як гульню і цалкам выразна разумеюць правілы гэтай гульні (напрыклад, у школу ў масках не ходзяць), на іх шляху можа сустрэцца дарослы, які стане скардзіцца, нападаць, ствараць праблемы. На гэты выпадак дзіцяці трэба ўсё растлумачыць: «Вось так працуе грамадства. Ёсць людзі, якія нешта разумеюць, ёсць людзі, якія не разумеюць. Я на тваім баку. Проста давай дамовімся, што для тваёй уласнай бяспекі мы прымем некаторыя правілы».
Чаму забараняць субкультуры бессэнсоўна і нават шкодна?
Калі забараніць дзіцяці насіць маску, яно ўсё роўна будзе сепаравацца і стане праяўляць сябе іншым спосабам. Забароны толькі падсілкоўваюць злосць, а спыніць сепарацыю і развіццё — немагчыма.
«Гэта дакладна не дапаможа збліжэнню з дзіцем, — падкрэслівае Вольга. — Хтосьці пачынае спрабаваць макіяж, хтосьці фарбуе валасы, хтосьці хоча апранацца пэўным чынам. І калі бацькі не прымаюць, гэта пагоршыць сітуацыю. Немагчыма дзіця з чатырнаццацігадовага ўзросту змясціць назад у дзевяць, дзе гэта быў паслухмяны хлопчык ці дзяўчынка. Бессэнсоўна нешта выкідваць і забараняць — бо яно знойдзе выйсце. Дзіця навучыцца хлусіць, і будзе рабіць гэта ўсё больш віртуозна. І, вядома, у яго будзе разбітае сэрца. Яно будзе адчуваць, што яму здрадзілі. І потым, калі ў яго будзе нейкая цяжкасць, то, хутчэй за ўсё, яно не пойдзе з гэтым да бацькоў, якія ўжо яму здрадзілі. І гэта самае страшнае. Калі вы пра нешта так і не даведаецеся, не зможаце своечасова прыйсці на дапамогу, бо калісьці зламаліся на квадроберы».
Калі сапраўды трэба дзейнічаць?
Мяжа праходзіць там, дзе дзіця пачынае псаваць сваё сацыяльнае жыццё: у школе, у гуртках і спартыўных секцыях, у двары, у сям’і — усюды ўсё развальваецца, падае якасць жыцця дзіцяці і, магчыма, пагаршаецца яго ці яе ментальнае і фізічнае здароўе. У такі стан рэчаў трэба тэрмінова і ўпэўнена ўмешвацца — высвятляць, што адбываецца з дзіцем. Прычым рабіць гэта трэба не з пазіцыі недаспелага падлетка: «Гэта няправільна, так не павінна быць!» — а з пазіцыі дарослага чалавека, які бачыць, што з дзіцем адбываецца нешта дрэннае.
Квадробер_ка, эма або касплэер_ка — не істотна. Хутчэй за ўсё, праблема ляжыць не ў самім захапленні. Субкультура сама па сабе не з’яўляецца сігналам, што нешта ідзе не так. Любыя спробы выставіць базава бяскрыўднае захапленне як «сатанінскае» — гэта маніпуляцыя.
Калі цікавасць да субкультуры згасае?
Любое захапленне абмежаванае ўзростам. Мусіць, усе сустракалі дарослых, якія выглядаюць так, быццам яны з падлеткавай субкультуры яшчэ не выйшлі. Але, хутчэй за ўсё, гэтыя дарослыя сапраўды знаходзяцца ў «адкладзеным» падлеткавым узросце. Калі чалавек прайшоў жыццёвыя падлеткавыя крызісы ў свой час, то потым у яго няма патрэбы ў спосабах самавыяўлення, асацыяваных з дзяцінствам або юнацтвам.
Квадробінгам захапляюцца падлеткі ад 9 да 14, і калі не супраціўляцца іх гульні ў звяроў, то гэта «пройдзе» само сабою.
Напрыклад, іх захопяць гармоны — і на першы план інтарэсаў выйдуць рамантычныя штукі: а іх, як правіла, не пражываюць, рыкаючы і бегаючы па скверы на карачках.
У любым выпадку субкультуршчы_ца, як_ая ніяк не парушае нечых межаў, мае права на тое, каб і яго/яе межы не былі парушаныя. Колькі б гэтаму чалавеку ні было гадоў.
Аўтарка: Марыя Пархімчык
Выявы згенераваны з дапамогай Bing AI