1 снежня з’яўляецца Сусветным днём барацьбы супраць СНІДу. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі пражывае больш за 24 000 чалавек з ВІЧ-пазітыўным статусам. Нягледзячы на шматгадовую барацьбу з міфамі пра ВІЧ, у беларускія грамадстве ўсё яшчэ існуюць пэўныя забабоны пра гэтае захворванне. З якімі стыгмамі сутыкаюцца людзі з ВІЧ у Беларусі, абмяркоўваем з Дзмітрыем, асобай з адкрытым ВІЧ-статусам.
У нас ужо выходзіў артыкул «Жыццё з ВІЧ: бар’еры, змены і дапамога ў Беларусі і па-за яе межамі», таму раім вам з ім таксама азнаёміцца.
З якімі стыгмамі вы сутыкаецеся або сутыкаліся часцей за ўсё ў сувязі з ВІЧ-пазітыўным статусам?
Адзіная стыгма, з якой я сутыкнуўся ў Беларусі — гэты дыскрымінацыйны артыкул 157 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей — КК РБ) для людзей з ВІЧ. Артыкул 157 складаецца з трох пунктаў:
- Свядомае пастаўленне іншай асобы ў небяспеку заражэння ВІЧ;
- Заражэнне іншай асобы ВІЧ асобай, якая ведае пра наяўнасць гэтага захворвання ў яе;
- Заражэнне дзвюх і болей асобаў ВІЧ асобай, якая ведае пра наяўнасць гэтага захворвання ў яе.
Любая асоба з ВІЧ, якая прымае тэрапію, не можа перадаць вірус іншаму чалавеку. Аднак у Беларусі існуе артыкул, з-за якога любыя сэксуальныя кантакты караюцца законам. Гэта не залежыць ад таго, ці ты займаешся абароненым сэксам, ці ты можаш перадаць вірус. Ты абавязан_а папярэджваць людзей пра свой статус. Пры супрэсіі (заўвага — падаўлення) віруса такая асоба цалкам бяспечная для іншых людзей.
У свой час я ніколі не расказваў пра тое, што маю ВІЧ. Аднак калісьці я быў затрыманы на праекце «Літоўка». На мяне спрабавалі павесіць розныя артыкулы — рэлігійны экстрэмізм, гандаль зброяй і псіхаактыўнымі рэчывамі. Вядома, гэта немагчыма было пацвердзіць. Тады ГУБАЗІК знайшоў усіх людзей, з якімі я ўступаў у кантакт. Іх наўпрост вымусілі напісаць заявы на мяне. На судзе ўсе пацярпелыя не прызнавалі маёй віны. Яны адзначалі, што іх прымусілі даць паказанні супраць мяне. Яны не мелі ніякіх прэтэнзій, бо ведалі, што ніхто з іх не заражаны. Але ўсё роўна з-за 157 артыкулу КК РБ я трапіў у турму. Мне далі паўтары гады пазбаўлення волі. Тады я стаў медыйнай асобай, бо ўсе журналіст_кі пачалі пісаць пра мой ВІЧ-статус.
Людзі даведаліся пра тое, што я асоба з ВІЧ. Усе сябр_оўкі засталіся са мной, калі я выйшаў з турмы. Аднак у маім горадзе Навагрудку, людзі хрысціліся, калі бачылі мяне. Я лічу, што гэтая стыгма з’яўляецца з-за неадукаванасці людзей. Раней у нас паўсюль было напісана «ВІЧ — смерць». Сёння медыцына пайшла нашмат далей. Шмат гадоў гэта ўжо не смяротнае захворванне. Сёння яно хранічнае і паддаецца кантролю.
Якія штодзённыя цяжкасці ў вас ёсць у сувязі з гэтым статусам?
У мяне няма ніякіх цяжкасцей. Я п’ю адну таблетку ў дзень. Тэрапія не выклікае ніякіх пабочных эфектаў. На мне распаўсюджванне ВІЧ спынілася. Зараз гэта праблема тых, хто не здае аналізы і не кантралюе дадзены працэс.
Дзе лягчэй вам было: у Беларусі ці за мяжой у сувязі з ВІЧ-пазітыўным статусам?
У Беларусі я б змяніў падыход да гэтага крыміналізацыйнага артыкулу 157. Людзі не хочуць дыягнаставацца і прымаць тэрапію, бо ўсіх з ВІЧ-пазітыўным статусам ставяць на ўлік у міліцыі. Кожны твой крок кантралюецца. Ты можаш трапіць за краты з-за сваёй хваробы.
Грамадскія арганізацыі дамагліся зменаў у 157 артыкул КК РБ, якія амаль што прыбіраюць першую частку артыкулу. Цяпер асобу нельга асудзіць па гэтым артыкуле, калі яна расказвае партнёру пра свой ВІЧ-статус. Я працаваў у адной з такіх арганізацый «Люди ПЛЮС» параюрыстам. Мы абаранялі правы людзей з ВІЧ. Я пазнаёміўся з гэтай арганізацыяй на сваім судзе, куды яны прыехалі мяне абараняць.
У Еўропе людзі нашмат больш адукаваныя. Яны ведаюць інфармацыю. Тут няма такіх дыскрымінацыйных законаў.
Медыцынскія супрацоўні_цы ўсё выдатна разумеюць. З іх боку няма нейкага насцярожанага стаўлення. У Навагрудку ў мяне была лекарка пажылая жанчына, якая выдатна ставілася да нас.
У Беларусі выдатная тэрапія. Гэта індзійскія джэнэрыкі, якія ўхвалены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (далей — СААЗ). Кожн_ая мае дасяг да гэтай тэрапіі. Гэта нашмат лепш, чым расійскія прэпараты, якія не ўхвалены СААЗ. Увогуле людзям з ВІЧ антырэтравірусная тэрапія выдаецца бясплатна ва ўсім свеце.
Як трэба блізкім сябр_оўкам і свая_чкам падтрымліваць чалавека, якому быў дыягнаставаны ВІЧ?
Калі недасведчана_ай асобе дыягнаставаны ВІЧ, то яны могуць быць шакаваны. Чалавеку ўсё жыццё казалі, што ВІЧ — гэта смерць. Такім людзям патрэбна якасна данесці інфармацыю і патлумачыць, што ВІЧ — гэта не вырак. Нічога крытычнага не здарылася, проста трэба піць таблетку раз у дзень. Гэта ўсё, што трэба зрабіць, каб падтрымаць блізкага чалавека.
У астатнім ніякага асаблівага стаўлення не трэба. Медыцына дала нам права жыць як і ўсім астатнім людзям без ВІЧ-статуса. Канешне, хацелася б, каб на нас не паказвалі пальцам і каб у КК РБ не было дыскрымінацыйнага артыкулу.
Медыцына ідзе наперад. Магчыма, мы на парозе нейкай вакцыны ад ВІЧ. Аднак у нашым жыцці ён не мае ніякай прысутнасці. Мы п’ём таблетку і забываемся пра яго. Пра гэта памятаюць толькі нашыя блізкія і тыя, хто хрысцяцца ў крамах пры нашым абліччы. Праблемы засталіся толькі ў тых, хто не прыняў наша існаванне. Для сябе асабіста я перамог ВІЧ.