Правы чалавека як каштоўнасць і мэта. Падыход, заснаваны на правах чалавека, у дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці

ВедыПравы чалавека
Обложка _подход
5
(3)

Тэкст падрыхтавала Марыя Ландо, спецыялістка па развіцці арганізацый грамадзянскай супольнасці

Напэўна, вы ўжо не раз чулі пра падыход, заснаваны на правах чалавека, ці бачылі пытанні аб ім у праектных заяўках. У гэтым артыкуле мы разгледзім ключавыя прынцыпы і сэнсы падыходу і раскажам, як грамадскія арганізацыі і ініцыятывы могуць укараніць яго ў сваю працу.

Што такое падыход, заснаваны на правах чалавека

Падыход, заснаваны на правах чалавека (далей — ПЗПЧ) — гэта метадалогія, якая дазваляе свядома і сістэматычна інтэграваць стандарты і прынцыпы правоў чалавека ва ўсе аспекты дзейнасці арганізацыі.

Каб зразумець тое, як уключыць ПЗПЧ у дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці (далей — АГС), важна разабрацца з некалькімі прынцыпамі, на якіх ён грунтуецца:

Акцэнт на правах чалавека

Гэта азначае, што праект ці дзейнасць арганізацыі ў цэлым накіроўваюцца на рэалізацыю правоў, прадугледжаных, напрыклад, Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.

Удзел і інклюзія

Кожны чалавек мае права на актыўны, свабодны і асэнсаваны ўдзел у працэсах прыняцця рашэнняў, якія ўплываюць на яго жыццё. З пункту гледжання падыходу, гэта азначае неабходнасць актыўна далучаць усе зацікаўленыя бакі ва ўсе этапы планавання, рэалізацыі і ацэнкі дзейнасці. Удзел і ўключэнне ў працэсы прыняцця рашэнняў асабліва важныя для падтрымкі найбольш уразлівых, выключаных і нябачных груп грамадства.

Недыскрымінацыя і раўнапраўе

Усе людзі роўныя, кожны і кожная маюць права карыстацца правамі чалавека, незалежна ад расавай ці этнічнай прыналежнасці, узросту, полу, сэксуальнай арыентацыі, мовы, рэлігіі, паходжання, палітычных ці іншых перакананняў, маёмаснага ці іншага становішча. Таму, рэалізуючы падыход, важна адсочваць, ці не дыскрымінуюцца тыя ці іншыя асобы або групы грамадства праз іх малапрыкметнасць або няроўнае стаўленне да іх.

Справаздачнасць і празрыстасць

Справаздачнасць і празрыстасць. Гэты прынцып прадугледжвае, што носьбіт_кі абавязацельстваў (напрыклад, дзяржаўныя органы), якія павінны забяспечваць захаванне правоў чалавека, нясуць адказнасць за свае дзеянні ці бяздзеянне і павінны забяспечваць механізмамі для праверкі сваёй дзейнасці. У сваю чаргу, грамадзян_кі павінны мець доступ да інфармацыі аб сваіх правах і актыўна ўдзельнічаць у працэсе іх рэалізацыі. Празрыстасць прадугледжвае адкрытасць у прадастаўленні інфармацыі аб праграмах, дзеяннях і прыняцці рашэнняў, звязаных з рэалізацыяй правоў чалавека. АГС таксама важна рэалізаваць гэтыя прынцыпы ў сваёй працы і даваць справаздачу перад сваімі бенефіцыяр_камі (мэтавымі аўдыторыямі), донарамі, партнёрамі і грамадствам у цэлым.

Абапіраючыся на гэтыя прынцыпы, эксперт_кі вылучаюць 4 фокусы, якімі варта кіравацца, рэалізуючы падыход, заснаваны на правах чалавека:

  • фокус на найбольш уразлівыя групы;
  • фокус на глыбінныя прычыны парушэнняў правоў чалавека;
  • фокус на носьбіта_к правоў і носьбіта_к абавязацельстваў;
  • фокус на пашырэнні правоў і магчымасцяў.

Носьбіт_кі правоў і носьбіт_кі абавязацельстваў

Падыход разглядае кожнага і кожную не як пасіўных атрымальні_ц дапамогі, а як актыўных носьбіта_к правоў, якія патрабуюць іх рэалізацыі і абароны ад носьбіта_к абавязацельстваў.

Згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, носьбіт_кі правоў — гэта ўсе людзі. У пэўных кантэкстах і сітуацыях існуюць сацыяльныя групы, правы чалавека якіх не цалкам рэалізаваныя. Гэта могуць быць жанчыны, дзеці, прадстаўнікі ЛГБТК+, дарослыя і дзеці з дадатковымі патрэбамі і іншыя.

Носьбіт_кі абавязацельстваў — гэта тыя суб’екты, якія павінны паважаць, абараняць і выконваць правы чалавека. Часцей за ўсё гэта дзяржаўныя суб’екты.

РЭАЛІЗАЦЫЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА

Найважнейшы элемент ПЗПЧ — садзейнічаць таму, каб носьбіт_кі правоў ведалі і смела абаранялі свае правы, а носьбіт_кі абавязацельстваў — гэтыя правы выконвалі.

Таму пры планаванні дзейнасці важна дакладна вызначыць канкрэтныя групы людзей, правы якіх закранаюцца, і тыя структуры і арганізацыі, якія адказныя за рэалізацыю гэтых правоў. А пры ажыццяўленні дзейнасці неабходна працаваць і з той, і з другой групай, падвышаючы іх патэнцыял і магчымасці.

Як з’явіўся і развіваўся падыход, заснаваны на правах чалавека

Падыход, заснаваны на правах чалавека, пачаў фармавацца ў 1980-1990-х гадах. У той перыяд розныя міжнародныя арганізацыі ўсвядомілі, што выключна гуманітарныя праекты дасягаюць недастаткова ўстойлівых вынікаў, а традыцыйныя метады часта ігнаруюць правы неабароненых груп. Тады акцэнт у міжнародных праграмах развіцця стаў перамяшчацца з кароткатэрміновай дапамогі на доўгатэрміновае выкараненне прычын уразлівасці, у тым ліку сістэмную няроўнасць і дыскрымінацыю.

У пачатку 2000-х ПЗПЧ стаў афіцыйна прызнаным інструментам для распрацоўкі і рэалізацыі праграм міжнародных арганізацый. У 2003 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (далей — ААН) зацвердзіла дакумент «Агульнае разуменне падыходу, заснаванага на правах чалавека, да супрацоўніцтва і праграмавання ў мэтах развіцця». Ён замацаваў стандарты прымянення падыходу ва ўсіх сферах дзейнасці ААН: ад барацьбы з беднасцю да аховы здароўя. З тых часоў міжнародныя і донарскія арганізацыі ўсё часцей сталі прымяняць ПЗПЧ.

У 2012 годзе Еўразвяз узяў на сябе абавязак інтэграваць прынцыпы падыходу ў планаванне і рэалізацыю ўсіх праектаў, якія ім падтрымліваюцца.

Змены, унесеныя ПЗПЧ, добра бачныя ў параўнанні з іншымі падыходамі да развіцця — заснаванымі на дабрачыннасці і на патрэбах. Падыход, заснаваны на правах чалавека, змяняе фокус з задавальнення патрэбаў на забеспячэнне правоў, акцэнтуе ўвагу на глыбінных прычынах праблем і падкрэслівае, што кожны і кожная з’яўляюцца актыўнымі ўладальні_цамі правоў, а не пасіўнымі атрымальні_цамі дапамогі.

Падыходы
Крыніца: Applying a rights-based approach – An inspirational guide for civil society, Jakob Kirkemann Boesen & Tomas Martin. Danish Institute for Human Rights

Чым ПЗПЧ карысны для арганізацый грамадзянскай супольнасці

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці ва ўсім свеце адыгрываюць ключавую ролю ў прасоўванні правоў чалавека праз прадстаўленне інтарэсаў уразлівых груп, павышэнне дасведчанасці грамадства і прасоўванне зменаў. Інтэграцыя ПЗПЧ у працу АГС — гэта не толькі каштоўнасны выбар, але і стратэгічна важнае рашэнне. І вось чаму.

  • Падыход дазваляе арганізацыі не толькі фармуляваць каштоўнасныя прынцыпы і арыенціры для сваёй дзейнасці, але і ўкараняць канкрэтныя спосабы іх рэалізацыі.
  • ПЗПЧ падвышае эфектыўнасць праграм і праектаў, бо забяспечвае сістэмны і структураваны падыход да іх распрацоўкі, рэалізацыі і ацэнкі.
  • Ужыванне ПЗПЧ дазваляе АГС не толькі рэагаваць на існуючыя праблемы, але і ліквідаваць іх глыбінныя прычыны. Падыход працуе са структурнымі бар’ерамі: дыскрымінацыяй, няроўнасцю і парушэннем правоў, і факусуецца на доўгатэрміновых і ўстойлівых зменах.
  • Рэалізацыя прынцыпаў падыходу ўмацоўвае давер мэтавых груп, партнёраў і стэйкхолдэраў да АГС.
  • І, нарэшце, падыход адпавядае ключавым міжнародным стандартам, што дазваляе АГС атрымліваць падтрымку міжнародных структур, падвышаць легітымнасць сваёй дзейнасці і ўзмацняць глабальнае супрацоўніцтва.

Як АГС укараняць падыход, заснаваны на правах чалавека

Хутчэй за ўсё, вы ўжо інтэгравалі тыя ці іншыя элементы падыходу ў дзейнасць вашай арганізацыі ці ініцыятывы. Напрыклад, практыкавалі інклюзіўны падыход да правядзення мерапрыемстваў, праводзілі гендарны аналіз або навучалі прадстаўн_іц уразлівых груп, каб яны маглі самастойна абараняць свае правы.

Для сістэмнага ўкаранення падыходу, заснаванага на правах чалавека, АГС неабходна інтэграваць яго прынцыпы і стандарты ва ўсе аспекты працы — ад місіі, каштоўнасцяў і стратэгічных прыярытэтаў да канкрэтных працэсаў планавання, рэалізацыі і ацэнкі праектаў. Вось, як гэта можна зрабіць.

Аналіз асяроддзя і кантэксту:

  • вывучыце, як вашая дзейнасць суадносіцца з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека. Напрыклад, вывучыце адпаведныя канвенцыі і пагадненні па правах чалавека, міжнародныя абавязацельствы краіны, нацыянальнае заканадаўства, пракансультуйцеся з праваабарончымі арганізацыямі;
  • ацаніце сацыяльны і культурны кантэксты, у тым ліку дыскрымінацыйныя практыкі і няроўнасць;
  • прааналізуйце асноўныя зацікаўленыя бакі;
  • ідэнтыфікуйце найбольш уразлівыя групы.

Пры планаванні праектаў і праграм:

  • дакладна вызначце, хто з’яўляецца носьбітам правоў, а хто — носьбітам абавязкаў у дачыненні да праблемы, з якой вы працуеце, ацаніце іх здольнасць заяўляць аб сваіх правах і выконваць свае абавязкі;
  • улічвайце правы чалавека ва ўсіх элементах праграмавання. Фармулёўка праблемы павінна адлюстроўваць парушэнні правоў чалавека, мэта і асноўныя змены — заключацца ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека праз падвышэнне патэнцыялу носьбіта_к правоў і/або носьбіта_к абавязкаў;
  • аналізуйце глыбінныя прычыны праблемнай сітуацыі і накіроўвайце намаганні на іх выкараненне;
  • праводзьце кансультацыі з прадстаўні_цамі мэтавых груп;
  • улічвайце спецыфічныя патрэбы розных груп, у тым ліку найбольш уразлівых.

Рэалізацыя дзейнасці:

  • пераканайцеся, што вашыя прадукты, паслугі і мерапрыемствы даступныя для мэтавых груп, у тым ліку дбайце пра фізічную, эканамічную і інфармацыйную даступнасць;
  • старайцеся ахопліваць найбольш уразлівыя групы грамадства;
  • стварыце механізмы для рэгулярнай зваротнай сувязі ад прадстаў_ніц мэтавых груп;
  • супрацоўнічайце з іншымі актарамі, якія ўплываюць на сітуацыю ці могуць узмацніць эфект вашай дзейнасці.

Маніторынг і ацэнка:

  • распрацоўвайце індыкатары, якія дапамогуць адсачыць уплыў вашай дзейнасці на сітуацыю з правамі чалавека;
  • ацэньвайце як дасягненне вынікаў, так і працэсы, кіруючыся прынцыпамі роўнасці, недыскрымінацыі, інклюзіі і ўдзелу;
  • далучайце мэтавыя групы і зацікаўленыя бакі ў аналіз эфектыўнасці і ўстойлівасці вашай дзейнасці;
  • збірайце дадзеныя, сегментуючы іх паводле гендару, узросту і іншых характарыстык;
  • выкарыстоўвайце вынікі маніторынгу і ацэнкі для карэкціроўкі падыходаў і падвышэння эфектыўнасці.

Не забывайцеся таксама ўключаць прынцыпы ПЗПЧ у кіраванне АГС:

  • стварайце культуру павагі, празрыстасці і ўдзелу ўнутры арганізацыі;
  • пазбягайце дыскрымінацыі пры прыняцці новых членаў і чалінь у арганізацыю, найманні на працу супрацоў_ніц ці выбары ўдзель_ніц на мерапрыемствы;
  • арганізуйце навучанне каманды асновам правоў чалавека і ПЗПЧ;
  • рыхтуйце і абмяркоўвайце справаздачы аб выніках дзейнасці;
  • укараніце механізмы зваротнай сувязі ўнутры арганізацыі.

Падыход, заснаваны на правах чалавека, дапамагае арганізацыям вырашаць праблемы праз прызму правоў чалавека, што ўзмацняе эфектыўнасць працы і спрыяе ўстойлівым зменам. Нават калі вы прымеце рашэнне ўключыць у сваю дзейнасць толькі асобныя элементы падыходу — недапушчэнне дыскрымінацыі, забеспячэнне ўдзелу ўразлівых груп, празрыстасць у прыняцці рашэнняў — вашая праца будзе спрыяць стварэнню больш справядлівага і інклюзіўнага свету.

Звезды_перебівка

Падрыхтоўка матэрыялу вялася з выкарыстаннем наступных крыніц:

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 3

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x