Аб чым важна ведаць эксперт_кам і арганізацыям / ініцыятывам пры супрацоўніцтве з арганізацыяй ІншыЯ
19.12.2023
Арганізацыя ІншыЯ — гэта беларуская моладзевая арганізацыя, якая:
- працуе для Беларусі і для моладзі Беларусі;
- складаецца з маладых беларусаў_ак, якія жывуць у розных краінах.
Нашая місія — садзейнічанне развіццю інклюзіўнага і талерантнага грамадства, у якім усе адчуваюць сябе сабой і не падвяргаюцца дыскрымінацыі.
Нашыя скразныя каштоўнасці: правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і экапрыязнасць. Таксама мы лічым, што неад’емнымі складнікамі дэмакратычнага грамадства з’яўляюцца ўзаемапавага, роўнасць і недыскрымінацыя.
Супрацоўніцтва і партнёрства — адзін з ключавых прынцыпаў ажыццяўлення нашай дзейнасці. Без рэалізацыі гэтага прынцыпу мы не зможам дасягнуць нашай місіі і рэалізаваць каштоўнасці на практыцы.
Мы распрацавалі гэтую палітыку для таго, каб супрацоўніцтва і тое, што будзе зроблена ў яго межах, адпавядала місіі і каштоўнасцям ІншыЯ.
Нашае бачанне супрацоўніцтва
Праз нашую дзейнасць, якую мы робім як самастойна, так і з дапамогай запрошаных эксперт_ак, разам з партнёрскімі арганізацыямі і ініцыятывамі, мы прасоўваем нашыя скразныя каштоўнасці: правы чалавека, інклюзію, гендарную роўнасць, экапрыязнасць.
Для нас гэта значыць, што паслугі, матэрыялы, прадукты і іншыя вынікі нашай сумеснай працы не могуць змяшчаць:
- ідэі перавагі адной сацыяльнай групы над іншай
- ідэі знішчэння ці выключэння пэўных сацыяльных групаў з грамадства
- заахвочванне эксплуатуючых і гвалтоўных практык
- стэрэатыпныя негатыўныя вобразы ўразлівых групаў
- мову варожасці*
- ідэі адмаўлення ад адказнага стаўлення да прыродных рэсурсаў
- гама/лесба/бі/транс/квірфобныя, сэксісцкія, мізагінныя, расісцкія, эйджысцкія, эйблісцкія выразы, ідэі і дзеянні
- любыя іншыя выразы, ідэі і дзеянні, якія дыскрымінуюць і абражаюць уразлівыя групы
Гэта не можа праяўляцца як у мове, так і ў візуальных вобразах, паводзінах, стаўленні да ўдзельні_ц і ў іншых формах.
- Медиарешебник: праект з падрабязнымі апісаннямі пра розныя ўразлівыя групы і як пра іх пісаць/казаць
- Дапаможнік «Толерантная журналистика» з карэктнымі і не вельмі выразамі
- Правяральнік (не)карэктнай лексікі, куды можна скапіяваць цалкам гатовы тэкст на рускай альбо беларускай мове і які прапануе варыянты выпраўлення пры патрэбе
Мы імкнемся размаўляць гендарна-чуллівай мовай.
Мы выкарыстоўваем як мага больш ясную мову. Гэта значыць: простыя кароткія сказы, адсутнасць складаных канструкцый і навуковых тэрмінаў без тлумачэння, адсутнасць абрэвіятур і скарачэнняў без іх расшыфроўкі і г.д. У канцы гэтага артыкула ёсць парады, як пісаць/казаць яснай мовай.
Эксперт_кі і партнёр_кі могуць па сваім уласным выбары карыстацца беларускай і/ці рускай мовай для прадстаўлення сваіх паслугаў і стварэння нашых прадуктаў. Са свайго боку мы заклікаем і будзем радыя дапамагчы ствараць нашыя сумесныя прадукты па-беларуску. Для нас беларуская мова — гэта яшчэ адна важная каштоўнасць і магчымасць праяўляць сябе як беларускую арганізацыю, падтрымліваць саму беларускую мову і культуру. Аднак мы не настойваем на выбары мовы эксперт_камі і запрашаем карыстацца найбольш зручнай для камунікацыі і працы мовай.
Мы чакаем, што ўсе, хто працуе з ІншыЯ стала ці часова, будуць паважаць нашыя падыходы і кіравацца дадзенай палітыкай у сваёй дзейнасці. Для запрошаных эксперт_ак дадзеная палітыка з’яўляецца часткай дамовы па аказанні паслуг, пры падпісанні якой эксперт_ка пагаджаецца з палажэннямі палітыкі.
ІншыЯ пакідаюць за сабой права спыніць супрацоўніцтва / партнёрства ў выпадку парушэння эксперт_кай ці партнёрскай арганізацыяй / ініцыятывай дадзенай палітыкі.