«Занадта дорага і нязручна» — чаму ў актывісцкім сектары не ўлічваюцца патрэбы спецыяліста_к з дзецьмі і што з гэтым рабіць

ІнклюзіяГендар
Обложка_сотрудницы с детьми
5
(2)

Паводле даследавання бацькоўскай квір-ініцыятывы «Queer Parenting», 68% актывіста_к, у якіх ёсць дзеці, сутыкнуліся ў прафесійным асяроддзі з ігнараваннем сваіх бацькоўскіх патрэбаў. 21% — сутыкнуліся з выключэннем і пасіўнай агрэсіяй ад каляжанак і калег пры сумяшчэнні бацькоўскіх і працоўных абавязкаў.

Гэтыя лічбы не са свету карпарацый, дзе дзейнічае крэда «нічога асабістага, толькі бізнэс», а з актывісцкага асяроддзя, дзе мы адкрыта абвяшчаем інклюзію сваёй каштоўнасцю.

З-за таго, што патрэбы працоўных бацькоў не ўлічваюцца, арганізацыі губляюць патэнцыял вопытных супрацоўні_ц, толькі таму, што тыя сталі менш зручныя. Спецыяліст_кі ў сваю чаргу адчуваюць, што іх спісалі з рахункаў з-за таго, што яны сталі менш «эфектыўнымі». 

Пра тое, чаму так адбываецца і што з гэтым рабіць, размаўляем з прадстаўніцай ініцыятывы «Queer Parenting». А пра тое, як стаць саюзні_цамі сваім калегам і каляжанкам з дзецьмі і ўлічваць іх патрэбы пры арганізацыі мерапрыемстваў, чытайце ў гайдзе «Queer Parenting» «Як зрабіць вашае доўгае мерапрыемства інклюзіўным для людзей з дзецьмі».

Дык а чаму так адбываецца?

Нягледзячы на тое што часта недзяржаўныя арганізацыі (НДА) пазіцыянуюць сябе як інклюзіўныя і адкрытыя, трэба разумець, што большасць з іх працуюць толькі з пэўнымі тэмамі: экалогіяй, ЛГБТ, ВІЧ і г.д. І гэта нармалёва — мы не можам ахапіць усё. Але ў выніку атрымліваецца, што людзі з маленькімі дзецьмі апынаюцца па-за ўвагай.

Калі актывіст_кі знаходзіліся ў Беларусі, праблема не заўважалася. У многіх з іх былі розныя «запасныя варыянты». У кагосьці былі бабулі, дзядулі, суседзі і суседкі, сябры і сяброўкі, якія маглі ўзяць на сябе клопат пра дзіця. У кагосьці былі дзіцячыя садкі ці групы выходнага дня, дзе можна было б пакінуць дзіця падчас працы. У эміграцыі людзі вырваліся са свайго звыклага асяроддзя і страцілі гэтую падтрымку. 

У той жа час эміграцыя агаліла розныя ўразлівасці. Як вядома, уразлівым групам складаней пераадольваць і іншыя перашкоды. Выявілася, што людзі з дзецьмі ў эміграцыі з большай верагоднасцю сутыкаюцца з эканамічнымі праблемамі. Часта ім складана знайсці працу альбо арандаваць жытло. Ім нашмат цяжэй уключацца ў валанцёрскую працу, якая, як вядома, не аплачваецца.

Многія НДА не ўлічваюць дадатковыя патрэбы людзей з дзецьмі, праз што заставацца ў актывісцкім сектары пасля нараджэння дзіцяці становіцца амаль немагчымым. 

Пры арганізацыі мерапрыемстваў накшталт канферэнцый, адукацыйных візітаў, рэтрытаў арганізатары звычайна нават не пішуць, ці магчымы ўдзел для актывістак з дзецьмі. Людзі адчуваюць няёмкасць на старце, калі ім трэба высвятляць умовы ўдзелу ў івэнце.

Калі яны бачаць, што такая інфармацыя недаступная адразу, то разумеюць, што, хутчэй за ўсё, не атрымаюць дазволу на ўдзел. Менавіта таму абіраюць проста не пытаць і па змоўчванні адмовіцца ад удзелу ў івэнце. І наша даследванне паказала, што нават калі пытаць, то ўдзел альбо немагчымы, альбо яго трэба дабівацца, часам аплочваючы свае «дадатковыя патрэбы».

На жаль, для многіх актывіста_к такое стаўленне — гэта база. Калі арганізацыя дае магчымасць прыехаць на праграму з дзіцём, то гэта, хутчэй, выключэнне.

Чаму важна ўлічваць патрэбы людзей з дзецьмі?

Іх патрэбы варта ўлічваць, каб не страціць людзей з важнымі кампетэнцыя мі.

Менавіта праз недахоп інклюзіі пасля нараджэння дзіцяці бацькі не маюць магчымасці ўключацца ў актывізм, якім яны займаліся ўсё свядомае жыццё. 

Трэба разумець, што

калі ў чалавека з’яўляюцца дзеці, яго_яе каштоўнасці і цікавасці не змяняюцца. Чалавеку ўсё роўна цікава слухаць пра праваабарону або экаактывізм. 

Улічваючы патрэбы бацькоў, мы будзем адпавядаць тым каштоўнасцям, якія мы транслюем. Калі мы гаворым пра НДА, то

каштоўнасці — гэта тая база, на якой мы будуем нашу дзейнасць.

Мы працуем у сваіх сектарах не для таго, каб зарабляць больш грошай ці пабудаваць вялікую кар’еру, а для таго, каб зрабіць свет лепшым. 

Часта НДА кажуць, што яны прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасцяў, інклюзіі, недыскрымінацыі. Але калі такая праблема, як недахоп інклюзіі для людзей з дзецьмі, становіцца відавочнай, варта рабіць усё магчымае, каб уключыць у дзейнасць гэтых людзей. Толькі так, на практыцы, мы будзем адпавядаць тым каштоўнасцям, якія мы транслюем.

Удзел дзяцей у актывісцкіх праграмах — гэта таксама інвестыцыя ў будучыню,

бо гэта людзі, якія будуць жыць пасля нас. Калі чалавек з дзяцінства бачыць на практыцы разнастайнасць, напрыклад, калі ў таты ці мамы на працы працуюць людзі з розным знешнім выглядам, ідэнтычнасцю, людзі з інваліднасцю, то гэта таксама інвестыцыя ў будучыню. 

Гэтыя дзеці будуць размаўляць інакш са сваімі сябр_оўкамі, будуць працаваць інакш, будуць будаваць свет інакш. Ім не трэба будзе тлумачыць, чаму нельга абражаць людзей. У нейкім сэнсе гэта агенты зменаў. Калі нашымі мэтамі з’яўляюцца інклюзіўнасць, дэмакратыя, устойлівасць камандаў, то гэта ўсё ўплывае на змены, якія адбываюцца для Беларусі. Вось чаму гэта мусіць быць важна і для НДА, і для донара_к.

Иллюстрация к статье про НГО

Што можна зрабіць, каб змяніць сітуацыю?

Вядома, немагчыма імгненна палепшыць жыццё ўсіх людзей, але калі мы бачым, што ў сваёй дзейнасці выключаем цэлую групу, дык варта пашукаць шляхі, каб змяніць сітуацыю.

Быць саюзні_цамі калегам і каляжанкам, а не донар_кам

Калі ласка, будзьце саюзні_цамі актывіст_кам, вашым калегам і каляжанкам з дзецьмі, а не донар_кам або падаткаплатні_цам з еўрапейскіх краінаў. 

Будзе цудоўна, калі НДА будуць размаўляць з прадстаўніцамі і гэтай уразлівай групы і арыентавацца на іх патрэбы. Гэта пра актыўны пошук магчымасцяў, перамовы з донар_камі і абгрунтаванне сваіх дзеянняў. Галоўнае — пачаць.

Калі мы зможам замацаваць гэтую ўзаемападтрымку, то наступныя задачы — лабіраванне зменаў у бюджэтах, стварэнне максімальна інклюзіўных праграм, а таксама распрацоўка практычных рашэнняў, каб усе нашы дзеянні адпавядалі каштоўнасцям.

Пераконваць донара_к

Мы не заўсёды можам хутка і кардынальна змяніць стаўленне донара_к да нашых праектаў. Часта мы абмежаваныя ў інструментах уплыву. Аднак калі магчымасць усё ж такі з’яўляецца, важна скласці дакладную аргументацыю, якая пакажа, чаму іх падыход патрабуе зменаў.

Часцяком донар_кі падкрэсліваюць, што ўдзел дзяцей у мерапрыемствах павялічвае выдаткі, у той час як агульны ўнёсак у працу праекта застаецца ранейшым. У такой сітуацыі варта нагадаць, што

дзейнасць НДА ўжо сама па сабе — гэта інвестыцыя ў каштоўнасці, а не проста эканомія рэсурсаў.

Напрыклад, калі мы імкнёмся быць экалагічна адказнымі, то набываем больш дарагія матэрыялы, такія як экалагічныя асадкі і прадукты. Аналагічна і з удзелам дзяцей: гэта не толькі пра выдаткі, але пра адлюстраванне нашых асноўных каштоўнасцяў.

Донар_кі часта падтрымліваюць канцэпцыю ўстойлівасці, асабліва калі гаворка ідзе пра захаванне прафесійных кадраў і вопыту.

Напрыклад, дзесяцігадовы вопыт актывіст_кі каштоўны, і страта гэтых кампетэнцый праз выгаранне або высокую цякучку кадраў стварае рызыкі для доўгатэрміновай эфектыўнасці праекта.

Удзел супрацоўні_ц з дзецьмі ў трэнінгах, стратэгічным планаванні і рэтрытах — гэта частка працы, каб падтрымліваць здаровы, матываваны і цэласны калектыў. Гэтыя мерапрыемствы павышаюць устойлівасць не толькі арганізацыі, але і доўгатэрміновых праектаў, якія донар_кі самі ж фінансуюць.

Калі НДА будуць лабіраваць правы ўразлівых групаў, мы зможам дамагчыся справядлівасці і раўнапраўя.

Калі мы як арганізацыя не ўключаем людзей з дзецьмі ў нашы праграмы, гэта становіцца формай дыскрымінацыі.

Мы не можам адмаўляць удзельні_цам у магчымасці далучыцца да праграмы толькі таму, што ў іх ёсць «+1». Бацькі з дзецьмі (а сярод іх, як паказала даследванне, шмат сола-мам у эміграцыі) таксама належаць да ўразлівых групаў, і іх падтрымка павінна быць адным з нашых прыярытэтаў.

Пры гэтым інклюзія — не проста пытанне фінансаў. Гэта пра каштоўнасці, якія адлюстроўваюць нашы прынцыпы недыскрымінацыі, падтрымкі разнастайнасці і дэмакратыі. Гэта тое, што мы павінны абараняць у сваёй працы.

Размаўляць з мэтавай аўдыторыяй

Мы, як НДА, можам спытаць у нашых удзельні_ц, што мы можам зрабіць для таго, каб яны змаглі да нас прыйсці.

У нас можа не быць вялікіх бюджэтаў і прамых стасункаў з донар_камі, але мы можам сумесна з удзельні_цамі знайсці выйсце з гэтай сітуацыі. Спытайце, і, хутчэй за ўсё, у іх знойдуцца для вас ідэі. 

Напрыклад, у мяне як у асобы з дзіцём ужо ёсць шэраг сцэнарыяў, якія былі б аптымальнымі для мяне, каб я магла паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Я ўпэўненая, што шмат хто з бацькоў мае падобныя схемы і падыходы. 

Быць гнуткімі

На этапе распрацоўкі бюджэту падумайце, ці можаце вы ўключыць у яго грошы, каб мець фінансавую магчымасць забяспечыць удзел людзей з дзецьмі. 

Напрыклад, многія арганізацыі ўжо навучыліся рабіць гэта з івэнтамі. Яны плануюць правесці мінімум пяць варкшопаў. На практыцы ж яны могуць зрабіць і болей праз пераразмеркаванне гэтай графы бюджэта. 

Тое ж самае можна зрабіць для ўразлівых групаў.

Паспрабуйце закласці ў бюджэт рэзерв, каб была магчымасць для ўдзелу людзей з дзецьмі. 

Самае важнае — быць саюзні_цамі для каляжанак і калег, прадстаўні_ц мэтавай аўдыторыі, асабліва тых, хто мае дадатковыя патрэбы, напрыклад, бацькоў з дзецьмі. Мы павінны ўбачыць іх рэальныя патрэбы, каб іх навыкі і прафесіяналізм не зніклі. Гэта першы крок да стварэння больш інклюзіўнай прасторы, дзе разам можна лабіраваць лепшыя бюджэты, праекты і ўмовы. Магчымасць заставацца ў актывізме і рабіць карыснае для супольнасці вельмі часта напаўняе наша жыццё сэнсам. Таму ключ да зменаў — гэта падтрымка і салідарнасць унутры сектара. Гэта пра нас і пра тое, як мы працуем разам.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x