«Рабіць [не] перарабіць». Новы падкаст пра цікавыя экалагічныя праекты

ІнклюзіяВедыЭкалогія
Лагатып падкасту
5
(13)

Вы ведалі, што з кававай гушчы можна зрабіць акуляры ад сонца? А што фекаліі слана могуць быць сыравінай для паперы? Мы нават не маглі ўявіць! Такія цікавыя факты мы даведаліся з падкасту «Рабіць [не] перарабіць», які стартаваў у сакавіку гэтага году. Пра важнасць перапрацоўкі адходаў, цікавыя ініцыятывы і захаванне экалагічных звычак у нестабільным асяроддзі размаўляем са стваральніцай падкасту Ганнай Шагурынай.

Ганна Шагурына, travelandrecycle.com

Ганна Шагурына (travelandrecycle.com) называе сябе «энтузіясткай перапрацоўкі». Зараз яна змяняе напрамак сваёй кар’еры ў бок цыркулярнай эканомікі (ад англ. circular economy ― эканоміка, заснаваная на аднаўленні рэсурсаў). Яна шмат вучыцца, папулярызуе экалагічны лад жыцця і запісвае свой падкаст «Рабіць [не] перарабіць».

Падкаст «на ідэальнай беларуска-ўкраінскай трасянцы»

Ідэя стварэння падкасту прыйшла да Ганны год таму падчас вымушаных вандровак у пошуках новага месца жыхарства. Да пачатку вайны яна жыла ў Кіеве, пасля чаго вымушаная была эміграваць. Жыццё ва Украіне паўплывала і на мову падкасту. Кожны яго выпуск пачынаецца са словаў «падкаст на ідэальнай беларуска-ўкраінскай трасянцы».

― Падкаст ― гэта спроба выказаць маю грамадзянскую пазіцыю.  Мова ды экалогія ― гэта два магніта для маіх думак апошні год.  У сваім падкасце хачу расказаць, якія ёсць крутыя праекты па перапрацоўцы адкідаў і як пабачыць у смецці каштоўны рэсурс. Я веру ў тэорыю маленькіх спраў. Лепей я буду рабіць штосьці не ідэальна, на трасянцы, але рабіць, ― кажа Ганна. 

Якіх цікавостак чакаць слухач_кам падкасту?

― Зараз я запісваю першы сезон падкасту. Ён пра натхняльныя праекты з усяго свету па перапрацоўцы смецця. Далей у маіх планах зрабіць серыю выпускаў-калабарацый з іншымі беларускімі падкасцер_камі. Гэта будзе магчыма, калі яны згадзяцца. Я яшчэ гэта ні з кім не абмяркоўвала. Можаце лічыць гэта запрашэннем да супрацы, ― усміхаецца Ганна. ― Мне было б цікава паразважаць пра ўзаемазвязанасць нашага стаўлення да смецця з гісторыяй і псіхалогіяй. Таксама было б добра паразмаўляць пра смецце ў космасе і яго месца ў беларускай літаратуры. Яшчэ планую зрабіць асобны сезон з беларус_камі замежжа. Цікава даведацца пра іх досвед сартавання смецця ў новых краінах. Да таго ж гэтая тэма звязана з іншым маім праектам Travel and Recycle. У ім я расказваю пра спосабы заставацца экалагічным падчас вандровак і эміграцыі.

За кім пачаць сачыць, каб займець матывацыю весці экалагічны лад жыцця?

― Матывацыя для ўваходу ў тэму экалогіі ды сартавання ў кожнага свая. Асабіста я прыйшла да сартавання смецця дзякуючы кам’юніці Habit For Planet ад Ані Карповіч. Вельмі раю пачытаць пост «Навошта сартаваць смецце, калі ўсе роўна прыязджае адна машына ды ўсё скідае ў адзін кузаў». Хоць праект зараз на паўзе, інфармацыя там дагэтуль карысная.

Ганна таксама раіць мапу з пунктамі збору смецця па ўсёй Беларусі і тэлеграм-бот праекта «Куды кiнуць?». З дапамогай гэтых сэрвісаў вы знойдзеце магчымасці зрабіць смецце каштоўным рэсурсам.

Як перастаць забруджваць нашу планету?

― Самае простае ― гэта нічога не рабіць, ― жартуе Ганна. ― Я і сама так рабіла да 2018 года, пакуль жыла ў Менску. Бо сапраўды ж прасцей не заўважаць праблему, асабліва калі навокал «так чыста».  Каб змяніць звычкі, трэба дзейнічаць.  

Калі вы вырашылі дзейнічаць, то вось некалькі парадаў:

Калі вы вырашылі дзейнічаць, то вось некалькі парадаў:
  • Зрабіце гіпотэзу,  колькі адсоткаў вашага смецця можна было б перапрацаваць  (5%? 50%? 95%?). Каб праверыць яе, цягам тыдня ў сметнік выкідайце толькі арганічныя адкіды (прадукты кшталту бананавай лупіны). Бутэлькі, пляшкі, пакаванне мыйце ды складайце асобна, хоць пад ракавінай. Выкінуць вы заўсёды паспееце. Хутчэй за ўсё вы будзеце здзіўленыя вынікам эксперыменту.
  • Асэнсуйце два факты: 
    • №1: Прадукты на смеццевых палігонах  раскладаюцца стагоддзямі з-за адсутнасці ўмоў для кампаставання . Хутчэй за ўсё скурка ад банана, які вы з’елі на свой сёмы дзень нараджэння, усё яшчэ выглядае як скурка ад банана.
    • №2:  Бутэлькі і пляшкі могуць не стаць другасным матэрыялам  і  адправіцца на палігон. Там яны будуць ляжаць у першапачатковым выглядзе нават значна даўжэй за банан.  
  •  Зрабіце вынікі і дзейнічайце. Задавайце пытанні. Шукайце адказы.  Перапрацоўка, кампаставанне ды сартаванне ― гэта спосабы рабіць магію па-за межамі Хогвартса. Сталь з шынаў, плітка з адзення, акуляры з кававай гушчы ― усё гэта магчыма ўжо цяпер. 

― На жаль, штодзённы выбар розных людзей уплывае на ўсіх нас, ― адзначае Ганна. ― Таму я зацікаўленая пераконваць скепты_ц праз натхненне, што і раблю з дапамогай падкасту. Далучайцеся, бо нам разам яшчэ рабіць не перарабіць!

Паслухаць падкаст вы можаце на Spotify, Apple Podcasts, Google Podcasts і YouTube. За абнаўленнямі і цікавосткамі можна сачыць у Instagram падкасту.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 13

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x