«Ты бачыш, як людзі даюць рады вельмі цяжкім сітуацыям»: размова з фатографкай Ксеніяй Галубовіч

ІнклюзіяАсобы
5
(2)
Ксенія Галубовіч

Ксенія Галубовіч — фатографка, журналістка і кінарэжысёрка, якая працуе з самымі складанымі тэмамі. Яна здымала ў кавіднай рэанімацыі, псіханеўралагічным інтэрнаце, лагеры для бежанцаў, ва Украіне пасля расейскага ўварвання. Мы пагутарылі з Ксеніяй пра эмпатыю, павагу да досведу іншага і неабходнасць берагчы ўласную псіхіку.

Навошта чалавецтву эмпатыя і як пасябраваць з рама́

— Сярод тваіх гераінь і герояў — мігрант_кі на беларуска-польскай мяжы, людзі з інваліднасцямі, рама́, прадстаўні_цы супольнасці ЛГБТК+ ды іншыя людзі, правы якіх парушаюцца. Што хіліць цябе ў такія тэмы?

— Мне заўсёды цікавыя людзі, якія адчуваюць сябе ў пэўнай ступені выключанымі з агульнага кантэксту грамадства і не заўсёды адчуваюць сябе з усімі на роўных. Хочацца сціраць гэтыя межы.

Мне здаецца, чым больш у грамадстве эмпатыі, павагі да іншых людзей, тым больш здаровае гэта грамадства і тым менш верагоднасці, што яно пойдзе кагосьці забіваць. Чаму тыя ж наследкі Савецкага Саюза вельмі адчувальныя і — у першую чаргу на прыкладзе Расіі — мы цяпер бачым вынік? Таму, што там была сістэма ўсіх «не такіх» хаваць, караць ці знішчаць. І выраслі некалькі пакаленняў людзей, у якіх у прынцыпе было недастаткова эмпатыі да людзей з іншай арыентацыяй, ментальнымі асаблівасцямі і гэтак далей. А канкрэтныя тэмы часта знаходзяць мяне самі.

— Як цябе знайшла тэма з псіханеўралагічным інтэрнатам?

— У мяне заўжды была аналогія, што інтэрнат — пажыццёвая турма, можа, і не строгага рэжыму (хаця гледзячы для якіх пацыентаў і ў якіх аддзяленнях), але гэта ж кашмар, што нехта можа вырашыць зачыніць чалавека на ўсё жыццё ў нейкай прасторы і гэты чалавек больш ніколі ў жыцці не прыме за сябе рашэнні сам. Але чым старэйшай я станаўлюся, тым больш разумею, што мы ўсе нейкія рашэнні прымаць не можам — заўсёды ёсць нехта, хто вырашае. Гэта катастрофа.

— Ва ўсіх нас ёсць сякія-такія стэрэатыпы адносна невядомага. Калі ты рыхтуешся да ўзаемадзеяння з героямі і гераінямі, з якімі ў цябе нават можа не быць агульнай мовы, ты неяк прапрацоўваеш загадзя стэрэатыпныя ўяўленні?

— Я спрабую людзям задаваць такія пытанні, якія дазваляюць зразумець, адкуль гэтыя стэрэатыпы. Чаму, напрыклад, з рама́ складаная сітуацыя? І вось я назіраю — і бачу чалавека, якога шмат месяцаў не бяруць на працу выключна з-за нацыянальнасці. Ці жанчыну, якая шмат працавала ў калгасе, дзе вельмі цяжкая праца, але на зарплату можна хіба што дровы купіць. А жанчыне трэба было неяк пракарміць дзяцей. Таму пару разоў яна хадзіла на рынак прасіць міласціну, бо не знайшла іншага спосабу купіць дзецям ежы. Канешне, гэтай жанчыне мы з калегамі дапамагалі, прывозілі прадукты, грошы.

— Ці бывала, што стэрэатыпы аказваліся не зусім стэрэатыпамі?

— Бывала. Але гэта ўсё роўна не робіць людзей горшымі людзьмі і не значыць, што трэба да іх дрэнна ставіцца. Варта разумець адметнасці. У рама́ сапраўды часта праблемы з адукацыяй і яны рана выдаюць дзяўчынак замуж. І яны сапраўды ахвяруюць інтэграванасцю, але ў іх закрытасці ёсць і моцныя бакі — яна дазваляе выдатна захоўваць традыцыі, мову і культуру, дзе б яны ні жылі.

Калі ты з рама́ камунікуеш як сябар і ім дапамагаеш, то гэтыя людзі самі для цябе будуць гатовыя ўсё зрабіць і ў любы момант прыехаць нечым табе дапамагчы. Аднойчы я засталася пераночыць у вёсцы, дзе здымала праект, дык гаспадар пайшоў за апошнія капейкі купіць бутэльку гарэлкі. Таму што госці, прынята наліць чарку. Каб іх не крыўдзіць, мне прыйшлося гэтую чарку выпіць.

Чаму журналіста_к лічаць цынічнымі і ці можна змяніць свет фатаграфіяй  

— Кажуць, журналіст_кі вельмі цынічныя, нетактоўныя, ідуць па галовах. Гэта такая прафдэфармацыя? Ці ўвогуле міф?

— Не варта блытаць цынізм з сітуацыяй, калі ў чалавека вялікі аб’ём працы, і калі ён структурна яе не выпрацуе, то проста выгарыць. Калі ты ваенны рэпарцёр, ты можаш зрабіць матэрыял, а на наступны дзень даведацца, што гэтага чалавека ўжо няма ў жывых. І калі ты будзеш вельмі эмацыйна да працы падключацца, ты не вытрымаеш.

Калі я працавала з украінскай тэмай, быў момант, калі я зразумела, што больш не магу. Трэба было адгледжваць шмат матэрыялаў з поля бою, і калі ты доўга глядзіш на лес, дзе ўсюды ляжаць мёртвыя людзі, потым псіхіка так сабе пачуваецца. І я на нейкі час пераключылася на іншыя тэмы. Нармальна, калі чалавек спрабуе захаваць сваю псіхіку і рэагаваць вельмі структурна.

Але цынізм я бачыла таксама. Было пахаванне вельмі вядомай дзяўчыны ў Львове. І нейкі замежны фатограф — было відаць, што ён не менш за 20, калі не 30, гадоў у прафесіі — ішоў перад труной і вельмі так смачна плюнуў сабе пад ногі. Некультурна, але, можа, неяк машынальна гэта адбылося. Аднак калі ён прыйшоў на могілкі, то каб зрабіць лепшы кадр зверху, узлез нагамі на каменны намагільны крыж. Мы пераглянуліся з украінскім калегам і замахалі рукамі, маўляў, што ты робіш? Толькі тады ён злез. Гэта было мразотна.

— Ці можна здымкам змяніць свет да лепшага?

— Цяпер вельмі цяжка паўплываць фотапраектамі ці фільмамі на свет, але ўсё яшчэ бываюць паспяховыя выпадкі, калі вельмі добрыя праекты выстрэльваюць. Мы зараз працуем з мантажоркай, якая раней мантавала фільм вельмі таленавітай украінскай калегі, дык вось, на іх паказ на крутым фестывалі папрасілі месцы дыпламаты, палітыкі ды розныя інфлюэнсары адной з еўрапейскіх краін. І я спадзяюся, што хоць бы ў гэтай краіне гэты фільм на нешта паўплывае.

— Ты шмат працавала з мігранцкай тэмай. Чаму, на тваю думку, менавіта з мігрантаў і мігрантак цяпер лепяць галоўных ворагаў?

— Міграцыйныя крызісы вырашаць цяжка, трэба распрацоўваць механізмы і новыя спосабы інтэграцыі. Шмат хто кажа: «Яны прыязджаюць сядзець на грашовай дапамозе». Але ніхто не расказвае (а пра гэта трэба казаць кожны дзень), што большасць людзей хоча ісці працаваць, бо дапамога вельмі маленькая і жыць на яе ў Еўропе фактычна немагчыма. Людзі з радасцю ішлі б працаваць, але ў іх няма такога права, пакуль разглядаецца іх справа і не дадуць дазвол, а справу могуць разглядаць нават некалькі гадоў. І замест таго, каб лепш разглядаць справы, прасцей разганяць, што «дрэнныя мігранты захопяць Еўропу».

Так, частка людзей сапраўды не мае прычын для таго, каб атрымаць абарону. І сярод сірыйцаў, і сярод беларусаў, і сярод людзей іншых нацыянальнасцяў ёсць тыя, хто «пад шумок» хочуць жыць лепш. І гэта вельмі зразумела. Усе хочуць жыць лепш і ў больш бяспечным рэгіёне. Я не магу вінаваціць нікога ў жаданні нармальна жыць і даць будучыню сваім дзецям. Але я разумею Еўропу, якая не можа даваць абарону ўсім без разбору. Таму трэба думаць над тым, як разглядаць справы, каб людзі, якім насамрэч патрэбная абарона, не змерзлі ў лесе пад плотам ці не патанулі ў лодцы, пакуль тыя, каму абарона не так і патрэбная, але ў іх ёсць «бабкі», праз кантрабандыстаў цудоўна заязджаюць, куды хочуць.

Як змяняецца погляд на свет праз дотык да чужой трагедыі

— Ты працуеш над фільмам пра мігранта_к. Распавядзі пра яго.

— Гэта праект, які я спрабую завяршыць трэці год. Мне хочацца, каб людзі, паглядзеўшы гэты фільм, задавалі сабе складаныя пытанні. Таму што ў жыцці такіх пытанняў увогуле вельмі шмат. Просты толькі трампаўскі папулізм. Нібыта мы паставім плот вышэй — і праблема знікне. Але так нічога не працуе. Ізаляцыя мае вельмі шкодны накапляльны эфект. Мы бачылі, як пасля доўгай каранавіруснай ізаляцыі свет выбухнуў з усіх бакоў войнамі, канфліктамі, рэвалюцыямі. Таму варта вучыцца задаваць сабе складаныя пытанні. 

І вучыцца несці за сябе адказнасць. Няма стоадсоткавай гарантыі бяспекі абсалютна нідзе і ні ў чым. Кожны чалавек мусіць разумець, што калі ён змагаецца з нейкай праблемай, робіць нешта, то ён мусіць прымаць рызыкі і хаця б частку адказнасці несці за сябе сам. Не скідваць усё на тую ж апазіцыю, якая «не вырашыла праблемы». Я такое вельмі не люблю.

— З адказнасцю зразумела, а што наконт салідарнасці? Цяпер нібыта ўсе людзі не ў найлепшым становішчы. Адкуль браць рэсурс, каб дапамагаць тым, каму яшчэ горш?

— Дапамагаць трэба, але часам трэба ў першую чаргу дапамагчы сабе. Канешне, калі чалавек тоне — працягні руку. Але калі гэта не пытанне жыцця і смерці, а ты адчуваеш, што дужа стомлены, то напэўна ёсць іншыя людзі, якія змогуць дапамагчы. Увогуле ж я бачу, што салідарнасць нікуды не падзелася. Проста цяпер шмат укідаў і працуюць боты, якія пішуць тысячы каментароў у дзень, ствараюць іншую карцінку.

З праекта Reminiscence — фотагісторыі пра дзяўчыну, у маці якой прагрэсуе хвароба Альцгеймера, але дачка вынаходзіць спосабы камунікацыі © kseniyahalubovich.com
З праекта Reminiscence — фотагісторыі пра дзяўчыну, у маці якой прагрэсуе хвароба Альцгеймера, але дачка вынаходзіць спосабы камунікацыі © kseniyahalubovich.com
Фота з праекта EVA, прысвечанага жыццю сям’і, дзе расце малышка Ева, якой у тры гады дыягнаставалі аўтызм © kseniyahalubovich.com
Фота з праекта EVA, прысвечанага жыццю сям’і, дзе расце малышка Ева, якой у тры гады дыягнаставалі аўтызм © kseniyahalubovich.com

— Калі ты працуеш з людзьмі, якія адрозніваюцца ад цябе, што гэта змяняе ў табе і чым, магчыма, узмацняе?

— Ты бачыш, як людзі даюць рады вельмі цяжкім сітуацыям, і гэтаму можна ў іх павучыцца.

Я так і не зрабіла адзін матэрыял, бо гераіня сказала, што яна больш не можа гэта ўсё прагаворваць. Але мы правялі разам дзень, пагулялі з яе сынам, потым стэлефаноўваліся. Яна з Бахмута, і калі яны спрабавалі выехаць, іх машыну расстралялі, маленькая дачка з інваліднасцю загінула, хлопчык быў паранены, а самой жанчыне адарвала руку. Трагічны лёс, да таго ж сама яна вырасла ў дзіцячым доме. І вось мы гулялі разам, і яна так шчыра радавалася новай сукенцы, якую набыла ў сэкандзе. Разумееш, як простыя рэчы могуць цешыць чалавека пасля ўсяго, што з ёй адбылося, і неяк пачынаеш на жыццё глядзець прасцей. Пытаюся: «Чаму не распішацеся з грамадзянскім мужам?» — А яна кажа: «Яшчэ пабачым. Я маладая, можа, знайду лепшага!»


Аўтарка: Марыя Пархімчык

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x