У Беларусі ўсё часцей сталі казаць пра «традыцыйныя каштоўнасці» — сямейны лад, «правільных» мужчын і жанчын, абарону маральнасці. Але што менавіта стаіць за гэтым паняткам? Хто вызначае, якія каштоўнасці лічыць традыцыйнымі, а якія — чужымі і небяспечнымі? І чаму размова пра гэта ёсць часткай дзяржаўнай ідэалогіі?
Панятак «традыцыйныя каштоўнасці» мае адну важную адметнасць: агульнапрынятага азначэння ў яго няма. У сацыяльных навуках гэтым тэрмінам могуць апісваць каштоўнасці традыцыйнага грамадства, то-бок грамадства са строгай сацыяльнай іерархіяй, вялікай роляй рэлігіі, замацаванымі ролямі мужчын і жанчын і прыярытэтам стабільнасці. У іншым кантэксце пад традыцыйнымі каштоўнасцямі маюць на ўвазе тое, што больш слушна было б назваць вечнымі: любоў, сям’ю, дзяцей, узаемадапамогу, справядлівасць.

Але ёсць і трэцяе значэнне — палітычнае. У гэтым выпадку традыцыйнымі робяцца тыя каштоўнасці, якія дзяржава сама вызначае як правільныя і пажаданыя. Менавіта гэты падыход сёння асабліва заўважны ў Беларусі, лічыць Ірына Сідорская, доктар навук у галіне камунікацыі, даследчыца медыя, улады і гендару, заснавальніца аналітычнай платформы «Кантрапункт».
Што ўваходзіць у спіс традыцыйных каштоўнасцяў?
Калі гучыць фраза «традыцыйныя каштоўнасці», можа падацца, нібыта гаворка ідзе пра нешта даўно вядомае і агульназразумелае. Пра набор правілаў, які існуе шмат пакаленняў і проста перадаецца ад бацькоў да дзяцей. Але калі спытаць, што канкрэтна ўваходзіць у гэты спіс, адзінага адказу не будзе.
Першы варыянт разумення гэтага тэрміну звязаны з сацыяльнымі навукамі. Традыцыйнымі называюць каштоўнасці, характэрныя для традыцыйных грамадстваў (напрыклад, аграрных або сярэднявечных). Для такіх грамадстваў нармальныя жорсткая іерархія, высокая роля рэлігіі, дакладна зададзеныя мужчынскія і жаночыя ролі і арыентацыя на захаванне парадку, які існуе. У гэтым сэнсе ўзнікае відавочная супярэчнасць:
сучасная Беларусь сама па сабе не з’яўляецца традыцыйным грамадствам.
Беларускае грамадства даўно прайшло шлях ад аграрнай мадэлі да індустрыяльнай, а затым да постіндустрыяльнай і інфармацыйнай. Людзі жывуць у гарадах, атрымліваюць адукацыю, працуюць у самых розных сферах, карыстаюцца інтэрнэтам, перамяшчаюцца паміж краінамі і існуюць цалкам у іншай сацыяльнай рэальнасці, чым грамадства, у якім фармаваліся класічныя традыцыйныя нормы. Таму патрабаванне да сучаснага грамадства жыць у адпаведнасці з каштоўнасцямі грамадства традыцыйнага ўжо мае ўнутраную супярэчнасць.
Ёсць і іншае значэнне слова «традыцыйны». Часам ім называюць тое, што можна было б, хутчэй, вызначыць як універсальныя або вечныя каштоўнасці. Сям’я, любоў, дзеці, справядлівасць, узаемадапамога, працавітасць — усё гэта сапраўды можа быць важным для людзей. Праблема пачынаецца тады, калі гэтыя каштоўнасці абвяшчаюць спецыфічна беларускімі. Сям’я не выключна беларуская каштоўнасць.
Любоў не належыць адной нацыі, як і жаданне клапаціцца пра дзяцей або імкненне да справядлівасці.
Нельга сказаць, што для беларуса_к сям’я важная, а для людзей іншай культуры — не. Таму адной назвы каштоўнасці недастаткова. Важна паглядзець, які змест у яе ўкладаецца.
Адно слова, розныя сэнсы
Дапусцім, чалавек кажа: «Для мяне сям’я — каштоўнасць». На першы погляд падаецца, што ўсе суразмоўцы гавораць пра адно і тое ж. Але для аднаго чалавека сям’я можа азначаць выключна саюз мужчыны і жанчыны з дакладна размеркаванымі ролямі: мужчына забяспечвае сям’ю, жанчына займаецца дзецьмі і хатняй гаспадаркай. Для іншага сям’я можа быць перадусім адносінамі кахання, узаемнай дапамогі і адказнасці, прычым яе формы могуць быць рознымі. Такі чалавек можа лічыць сямейнымі каштоўнасцямі, напрыклад, роўнасць партнёраў і непрыманне хатняга гвалту.
Аб_ое будуць казаць, што сям’я для іх важная. Але змест гэтай каштоўнасці будзе прынцыпова розным.
Таму спроба скласці кароткі спіс «традыцыйных каштоўнасцяў беларуса_к» сама па сабе мала што тлумачыць. Сучаснае беларускае грамадства неаднароднае. У ім жывуць людзі розных пакаленняў, з рознай адукацыяй, досведам, ладам жыцця і поглядамі. Жыццё чалавека ў вялікім горадзе і жыццё чалавека ў маленькім населеным пункце могуць моцна адрознівацца. Адрознівацца могуць і ўяўленні пра сям’ю, выхаванне дзяцей, ролю мужчыны і жанчыны.
Не існуе доказу таго, што ўсе гэтыя людзі атрымалі ад продкаў адзін і той жа набор каштоўнасцяў і працягваюць аднолькава яго падзяляць. Менавіта таму прынцыповае пытанне гучыць інакш: не «Якія каштоўнасці лічыць традыцыйнымі?», а «Хто атрымлівае права гэта вызначаць?».
Дзяржава ўмешваецца ў асабістае жыццё
У сучаснай Беларусі пад традыцыйнымі каштоўнасцямі ўсё часцей маецца на ўвазе цалкам канкрэтная мадэль прыватнага жыцця. Сям’я — саюз мужчыны і жанчыны, пажадана з дзецьмі. Мацярынства разглядаецца як адна з найважнейшых роляў жанчыны, а клопат пра дзяцей і сям’ю ў значнай ступені звязваецца менавіта з жанчынай. Мужчына пры гэтым выступае перадусім як той, хто забяспечвае і абараняе сям’ю. Адначасова ў гэты набор трапляе негатыўнае стаўленне да ЛГБТК+, фемінізму і чайлдфры.
Такім чынам, размова пра каштоўнасці паступова ператвараецца ў размову пра тое, як менавіта чалавек павінен жыць. І тут узнікае прынцыповая розніца паміж каштоўнасцю і нормай.
Можна лічыць сям’ю важнай каштоўнасцю, але пакінуць чалавеку права самому вырашаць, як будзе выглядаць ягоная сям’я. Можна лічыць клопат пра дзяцей важнай каштоўнасцю, але не вызначаць адзіную дапушчальную мадэль сям’і. Можна выступаць за павагу да жанчын, не ўсталёўваючы адзіна правільнага сцэнарыя жаночага жыцця.
Калі ж дзяржава пачынае вызначаць, якая сям’я правільная, якая жанчына правільная, якім павінен быць мужчына і якую сэксуальную ідэнтычнасць чалавек павінен мець, гаворка ўжо ідзе не проста пра каштоўнасці. Гаворка ідзе пра рэгуляванне прыватнага жыцця — менавіта гэта, на думку Ірыны Сідорскай, з’яўляецца адной з галоўных праблем цяперашняй палітыкі.

Чаму нам увесь час гавораць пра «традыцыйныя каштоўнасці»?
«Традыцыйныя каштоўнасці» — вельмі зручны палітычны інструмент менавіта таму, што выглядае ён як нешта непалітычнае. Калі чалавеку кажуць пра палітыку, ён разумее, што перад ім палітычнае паведамленне, і можа ставіцца да яго крытычна, правяраць інфармацыю, шукаць альтэрнатыўныя меркаванні. Але калі размова пачынаецца са слоў «мы абараняем дзяцей», «мы абараняем сям’ю», «мы захоўваем маральнасць», крытычныя фільтры могуць працаваць іначай.
Сям’я, дзеці, мацярынства, стасункі паміж мужчынамі і жанчынамі — гэта тэмы, якія закранаюць усіх. Яны звязаныя з асабістым досведам і ўяўленнямі чалавека пра самога сябе, і яму больш складана ўспрымаць іх у плоскасці палітычнай дыскусіі.
Пад шыльдай абароны сям’і можна прасоўваць цалкам канкрэтныя палітычныя рашэнні. Пры гэтым дзяржава знаходзіцца ў пазіцыі не палітычнага суб’екта, які адстойвае пэўны курс, а абаронцы нібыта агульнага для ўсіх: дзяцей, жанчын, сям’і, маральнасці. А апаненты дзяржавы аўтаматычна трапляюць у нязручную пазіцыю. Іх можна падаць як людзей, якія выступаюць супраць сям’і або дзяцей (хаця выступаюць яны на самай справе супраць канкрэтнай дзяржаўнай праграмы).
Калі падмяніць пытанне «Ці патрэбная такая заканадаўчая мера?» пытаннем «Вы хочаце абараніць дзяцей ці хочаце паставіць іх пад небяспеку?», грамадскай думкай прасцей маніпуляваць.
Як «абарона» робіцца абмежаваннем
Адзін з паказальных прыкладаў — абмежаванні, якія дзяржава тлумачыць неабходнасцю абараняць пэўныя групы. У якасці прыкладу Ірына Сідорская прыводзіць спіс прафесій, забароненых для жанчын. На 2026 год жанчынам у Беларусі афіцыйна забароненыя 88 прафесій і відаў работ. Логіка такога абмежавання можа падавацца як клопат: жанчын неабходна абараняць ад цяжкай, шкоднай або небяспечнай працы. Аднак такая «абарона» адначасова абмяжоўвае прафесійны выбар жанчын, замест таго каб гарантаваць бяспечныя ўмовы працы для ўсіх работні_ц.
Тая ж логіка можа прымяняцца да інфармацыі. У 2025 годзе ў беларускім заканадаўстве з’явіліся змены, звязаныя з інфармацыяй, якая можа наносіць шкоду дзецям. У ліку тэмаў, якія былі названыя ў гэтым кантэксце, аказаліся гомасэксуальныя адносіны, «змена полу» і чайлдфры. У выніку пад абмежаванне трапляе не толькі нейкая абстрактная «шкодная інфармацыя». Пачынаюць забараняць кнігі для дзяцей і падлеткаў, дзякуючы якім тыя маглі б даведацца, што яны не самотныя ў сваіх перажываннях, што існуюць пытанні ідэнтычнасці і што іх можна абмяркоўваць. Парадаксальна: дзяржава кажа, што абараняе дзіця ад інфармацыі, але адначасова сама вырашае, якая інфармацыя дзіцяці патрэбная, а якая — небяспечная.
«Непаспяховы» Захад
Калі раней супрацьстаянне з Захадам можна было апісваць перш за ўсё як палітычнае, то пасля 2020 года мяжа ўсё часцей стала праводзіцца на ўзроўні каштоўнасцяў. Беларусь у гэтай карціне — краіна, якая нібыта захоўвае «традыцыйныя каштоўнасці», а Захад — прастора, дзе іх выракліся. З’яўляецца вобраз Беларусі як своеасаблівага «вострава адэкватнасці», аточанага светам, дзе ўсё пайшло не так. Гэтая канструкцыя асабліва зручная таму, што дазваляе не проста казаць пра адрозненні паміж дзяржавамі, а супрацьпастаўляць цэлыя грамадствы. І гэта вельмі моцны інструмент раздзялення.
Можна прызнаць, што іншая дзяржава ўладкаваная іначай, і пры гэтым працягваць успрымаць людзей, якія там жывуць, як людзей з тымі ж базавымі патрэбамі, страхамі і жаданнямі. Але калі абвяшчаць, што ў «іх» зусім іншыя каштоўнасці, узнікае адчуванне, што гаворка ідзе ўжо не проста пра іншую палітычную сістэму, а пра іншую цывілізацыю.
Раней беларуская прапаганда расказвала, нібыта ў Еўропе людзям няма чым ацяпляць дамы, што яны галадаюць, не могуць дазволіць сабе неабходныя прадукты, вымушаныя эканоміць на самых базавых рэчах. Але беларус_кі працягвалі атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, ездзіць у іншыя краіны, кантактаваць з тымі, хто там жыве, і бачыць, што рэальнасць не адпавядае карцінцы поўнага эканамічнага калапсу.
Калі цяжка даказаць, што ў суседзяў усё кепска эканамічна, можна проста сказаць, што ў іх бяда з каштоўнасцямі.
Тады ўжо не трэба даказваць, што недзе эканомяць на туалетнай паперы, а можна намаляваць вобраз грамадства, дзе «геі цалуюцца на кожным кроку», традыцыйная сям’я разбураная, мужчыны і жанчыны больш не разумеюць сваіх роляў, а дзецям нібыта ўвесь час навязваюць чужыя ідэі.

ЛГБТК+ як галоўны вораг
Ірына Сідорская звязвае асаблівую ўвагу беларускай прапаганды да тэмы ЛГБТК+ не з аб’ектыўнай пагрозай, а з магчымасцю выкарыстоўваць існуючыя прадузятыя меркаванні, страхі і недахоп ведаў.
У беларускім грамадстве тэма сэксуальнай арыентацыі доўгі час не была прадметам нармальнай грамадскай асветы. У людзей магло не быць дастатковай інфармацыі, досведу размовы на гэтую тэму і звычкі ўспрымаць яе спакойна. Калі чалавек нечага не ведае і сутыкаецца з гэтым толькі ў негатыўным кантэксце, страх нашмат прасцей сфармаваць. Менавіта таму тэма робіцца зручным трыгерам.
Маніпулюючы эмоцыямі, дзяржава пачынае ацэньваць не толькі дзеянні грамадзян, але і іх прыватнае жыццё.
Яна ўсталёўвае правілы паводзінаў, а адхіленні ад іх ацэньвае негатыўна. У выніку чалавек, які не зрабіў нічога супрацьзаконнага, можа лічыцца «няправільным».
Беларускае грамадства «кансервуецца»?
Сучаснае грамадства само па сабе неаднароднае. Людзі могуць мець розныя ўяўленні пра сям’ю, выхаванне, гендарныя ролі і асабістую свабоду. У нармальнай публічнай сферы гэтыя адрозненні могуць рабіцца прадметам дыскусіі.
Нехта лічыць, што дзіцяці лепей расці ў сям’і, дзе ёсць мама і тата. Нехта лічыць, што важнейшая эмацыйная стабільнасць і адсутнасць гвалту. Нехта выступае за больш жорсткае размеркаванне роляў паміж мужчынамі і жанчынамі. Нехта — за іх роўнасць. Гэтыя пазіцыі могуць сутыкацца, абмяркоўвацца, крытыкавацца. Але для гэтага неабходная публічная пляцоўка, дзе розныя групы грамадства могуць гаварыць адна з адной. Пасля 2020 года прастора для падобных абмеркаванняў у Беларусі рэзка звузілася, і дзяржава працягвае прапаноўваць гатовыя адказы.
Не грамадства спрачаецца пра тое, што лічыць нормай, а дзяржава сама абвяшчае норму.
Гэта прынцыповае адрозненне. Таму што, нават калі частка грамадства сапраўды падзяляе кансерватыўныя погляды, гэта яшчэ не азначае, што дзяржава павінна ператвараць гэтыя погляды ў абавязковую мадэль прыватнага жыцця для ўсіх.
Пры гэтым кансерватыўны паварот дзяржаўнай палітыкі зусім не азначае, што беларускае грамадства стала больш «традыцыйным». Яно можа заставацца неаднастайным, пакуль дзяржава занятая прасоўваннем адной канкрэтнай сістэмы каштоўнасцяў як адзіна «правільнай».
Думаць сваёй галавой
Размова пра традыцыйныя каштоўнасці часта пачынаецца з пытання: якія каштоўнасці сапраўды з’яўляюцца традыцыйнымі для Беларусі? Але сучаснае беларускае грамадства надта рознае, каб казаць пра адзіную мадэль прыватнага жыцця. Нават калі большасць людзей лічыць важнымі сям’ю, дзяцей, любоў, справядлівасць або ўзаемадапамогу, гэта не азначае, што яны аднолькава разумеюць кожную з гэтых каштоўнасцяў. Праблема пачынаецца там, дзе адна з магчымых мадэляў абвяшчаецца адзіна правільнай, а астатнія — няправільнымі або небяспечнымі.
Супрацьпастаўленне «традыцыйных» і «заходніх» каштоўнасцяў стварае ўражанне, нібыта грамадствы прынцыпова разыходзяцца ва ўяўленнях пра сям’ю, любоў і справядлівасць.
Аднак базавыя чалавечыя патрэбы ўніверсальныя: людзі хочуць любіць, клапаціцца пра дзяцей, адчуваць сябе ў бяспецы і жыць годна.
Адрозненні пачынаюцца там, дзе ўзнікае пытанне, як менавіта чалавек можа рэалізоўваць гэтыя патрэбы і наколькі дзяржава мае права ўмешвацца ў яго прыватнае жыццё.
Можна падтрымліваць сямейныя каштоўнасці, не адмаўляючы разнастайнасці сем’яў, паважаць мацярынства, не ператвараючы яго ў адзіны сцэнарый жаночага жыцця, і прытрымлівацца ўласных маральных перакананняў, не навязваючы іх астатнім. Мяжа праходзіць паміж каштоўнасцю і абавязковай для ўсіх нормай. Калі традыцыйнае аўтаматычна абвяшчаецца правільным, усё, што яму не адпавядае, пачынае ўспрымацца як няправільнае, а дзяржава атрымлівае падставу кантраляваць прыватнае жыццё грамадзян. Таму пытанне пра традыцыйныя каштоўнасці — гэта перадусім пытанне пра ўладу: хто вызначае, якім павінна быць жыццё мільёнаў людзей? У гэтым сэнсе беларуская рыторыка пра традыцыі сведчыць не столькі аб мінулым краіны, колькі аб тым, якім дзяржава хоча бачыць грамадства сёння і наколькі далёка гатовая зайсці, каб замацаваць гэты вобраз.
Аўтарка: Саша К.



