Safe Person, рэгіёны і лукізм: як прайшлі прамыя эфіры на RADA.FM

Падзеі
0
(0)

Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” у межах Zero Discrimination Week правёў шэраг прамых эфіраў на платформе Instagram. Каардынавала іх інфармацыйная сакратарка РАДА Кацярына Буніна. Аб некаторых эфірах  – у гэтым артыкуле.

 Хто так_ая safe person і чаму ён ці яна патрэбныя кожнаму і кожнай?

Адзін з прамых эфіраў з Маргарытай Ворыхавай, старшынькай “РАДА”, а таксама National safe person у Еўрапейскім моладзевым парламенце, быў прысвечаны як раз тлумачэнню, як адзін чалавек можа дапамагчы адчуваць сябе лепш усім гасцям мерапрыемства.

Гэты чалавек – safe person – забяспечвае на мерапрыемствах камфорт на розных узроўнях: ежа, месца мерапрыемства, камунікацыя.

Safe person павінен быць чалавек, які ці якая бы змаглі эфектыўна камунікаваць з самымі рознымі людзьмі, каб яны маглі б звярнуцца да яго/яе на працягу самага мерапрыемства. Safe person стварае пазітыўны настрой, лёгка і камфортна размаўляе, падае сябе адчыненым да размоў і дапамогі.

Пазіцыя safe person даволі новая для арганізацый, таму вельмі важна нагадваць удзельнікам і ўдзельніцам мерапрыемства, што такі чалавек існуе і можа дапамагчы ў розных пытаннях. Калі чалавек не звярнуўся да safe person на самом мерапрыемстве, ён можа праз форму зваротнай сувязі зрабіць гэта і пасля яго. Любы зварот будзе разгледжаны сур’ёзна, а для заяўнікаў не павінна быць ніякіх наступстваў.

Звяртацца можна па шматстайных прычынах: не толькі калі вас не задаволіла арганізацыя мерапрыемства, але і калі лічыце, што абстаноўка была недастаткова спрыяльнай, вы назіралі дыскрымінацыю або неабгрунтаванае выключэнне чалавека з удзелу ў актыўнасцях, мела месца быць запалохванне і непавага, вы не адчувалі сябе дастаткова бяспечна. 

Фідбэк дапаможа арганізатарам і арганізатаркам у далейшым пазбегнуць падобных сітуацый, што зробіць мерапрыемства і прастору больш прымальнымi для наступных удзельнікаў і ўдзельніц. А таксама разабрацца ў канкрэтна вашым выпадку, дапамагчы выправіць сітуацыю.

Прафесійны safe person мае:

  • высокі ўзровень спагады і адчувальнасці (інакш – эмпатыю);
  • досвед працы ў інтэнсіўных, стрэсавых або складаных сітуацыях;
  • здольнасці менеджара i фасілітатара;
  • веданне дзеючых палітык і правілаў бяспекі.

Таксама ён або яна прытрымліваецца нейтральнасці, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў, ды падзяляе каштоўнасці недыскрымінацыі і роўнасці.

З’яўленне такіх важных людзей, як safe person, забяспечвае мерапрыемству пазітыўны эмацыйны фон і недыскрымінацыйную камунікацыю ўдзельнікаў і ўдзельніц.

Як змянілася б тваё жыццё, калі б сталіца была ў Воршы, Маладзечна… ці ў тваім горадзе?

На жаль, зараз у грамадстве засталася думка пра тое, што жыць у сталіцы – гэта поспех, а ў рэгіёнах – няўдача і безыніцыятыўнасць. Прадстаўніцы арганізацыі “Next Stop – New Life” Ганна Холад і Вікторыя Макаранка спрабуюць змагацца з такімі стэрэатыпамі і дыскрымінацыяй па месцу жыхарства.

Чаму ўвогуле існуе тэрытарыяльная дыскрымінацыя?

Заўсёды людзі падзялялі іншых па прынцыпу “свой” ці “чужы”. Прывязка да месца, атаясненне з горадам ці раёнам дазваляе адчуваць сябе камфортней і больш упэўнена на пэўнай тэрыторыі. Напрыклад, калі ты з Воршы – ты “свой” ці “свая” для астатніх аршан. У той жа час горад падзяляецца на дробныя раёны, і ты можаш быць “сваім” і “іншым” у межах аднаго горада, знаходзячыся на розных вуліцах. 

Людзі з Маладзечна – “іншыя” адносна людзей з Мінску, беларусы “іншыя” адносна людзей з іншых краін.

Невялічкае апытанне паказала, што галоўныя асацыяцыі да слова “сталіца” – высокі тэмп жыцця, шмат людзей і шмат магчымасцей, вялікая канкурэнцыя, шум, тусоўкі, заторы і “мурашнік”. Іншыя асацыяцыі існуюць пра рэгіёны – тут абавязкова ўсе выпіваюць, не імкнуцца да лепшага жыцця, мала моладзі, працы і грошаў, усе ведаюць адзін аднаго і знаюць пра сябе шмат плётак. 

Галоўны стэрэатып – у людзей з рэгіёнаў няма ініцыятывы, нізкі ўзровень адукацыі і ўвогуле яны нецікава жывуць, некультурныя, “калгаснікі”. Гэтыя думкі і фармуюць дыскрымінацыю па тэрытарыяльным прыкметам. 

Як з гэтым змагацца? 

Неабавязкова ехаць у Мінск, каб знайсці магчымасцi для развіцця. Магчымасці можна і трэба ствараць у сваім родным горадзе. Гэта складана, але такія ініцыятывы змогуць вывесці рэгіёны на новы ўзровень. Калі жадаеш развіваць свой праект, няма розніцы, дзе ты знаходзішся. Таму нам трэба больш расказваць пра тое, што ў рэгіёнах таксама шмат ініцыятыў і багатае культурнае жыццё, а гэтаксама больш піярыць рэгіянальныя грамадскія мерапрыемствы.

Натхніцца, каб стварыць карысныя падзеі і прасторы, можна ў Inspired BY, дзе можна ўбачыць актыўныя рэгіёны. Адшукаць НКА і іх філіялы ў сваім горадзе дапаможа Асамблея НДА, якая распавядзе, як стварыць уласную арганізацыю. Мы таксама будзем рады, калі вы заплануеце арганізаваць “Жывую Бібліятэку”, усе падрабязнасці для гэтага чакаюць вас па спасылцы.

 Табе ўсё лёгка даецца – ты прыгожая

З віцэ-прэзідэнткай студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Сабінай Аліевай у межах прамога эфіра “РАДА” пагаварылі пра лукізм.

Дыскрымінацыя па знешнасці – лукізм (паходзіць ад англійскага look — «знешні выгляд, знешнасць») – гэта своеасаблівыя пазітыўныя стэрэатыпы, а таксама выбар паводзін у адносінах да фізічна прываблівых людзей, у тым ліку тых, чыя знешнасць адказвае культурна-сацыяльным уяўленням і нормам таго ці іншага грамадства. 

У чым праяўляецца лукізм?

Існуе думка, што ў фізічна прываблівых людзей лёгка папрасіць дапамогі, яны больш кампетэнтныя, з імі бяспечна, ды і наогул ім усё даецца прасцей. Гэтаму ёсць навуковае тлумачэнне. Сучасныя навукоўцы кажуць пра гала-эфект, або эфект арэолу, — кагнітыўнае скажэнне, калі якая-небудзь рыса або ўласцівасць уплываюць на наша ўражанне пра чалавека, рэч або з’яву ў цэлым. Напрыклад, прыгожага чалавека часцей за ўсё лічаць разумным, добрым і таленавітым. Можна прывесці наступныя прыклады эфекту арэолу, звязаныя з знешняй прывабнасцю людзей:

  • у меру нафарбаваных жанчын навакольныя лічаць больш прывабнымі і кампетэнтнымі і гатовыя да супрацоўніцтва з імі, у той час як жанчын з яркім макіяжам часцей успрымаюць як павярхоўных, недастаткова разумных;
  • прыгожыя незнаёмцы выклікаюць больш даверу;
  • прысяжныя ў судзе схільныя выбіраць мяккае пакаранне для фізічна прывабных людзей (напрыклад, прывабным людзям часцей выпісваюць штрафы на меншыя сумы, а прывабныя злачынцы (яскравы прыклад – серыйныя забойцы Тэд Бандзі, Джэфры Дамер) выклікаюць у грамадскасці спачуванне);
  • прывабныя выкладчыкі матывуюць студэнтаў вучыцца больш эфектыўна;
  • нават крэдыт прасцей атрымаць людзям без лішняй вагі і з прывабнай знешнасцю.

Нярэдка лукізм змешваецца і з гендарнай дыскрымінацыяй: “Ты прыгожая дзяўчынка, таму табе не патрэбна займацца сур’ёзнымі рэчамі.” Суразмоўніцы пад час эфіру падзяліліся сваімі гісторыямі наконт стаўлення да дзяўчат як да тых, хто не можа вывучаць інжынерыю ці самой напісаць усё на экзамене, не спісваючы. Для таго, каб дамагчыся справядлівага стаўлення да сябе, ім даводзілася больш даказваць іншым людзям свае здольнасці і права займацца тымі або іншымі рэчамі. Таму, каб перамагчы лукізм, трэба таксама працаваць і над гендарнай дыскрымінацыяй, і над культам прыгажосці.

Як змагацца з лукізмам?

Лукізм як з’ява ўплывае не толькі на стаўленне грамадскасці да чалавека суадносна з яго фізічнымі характарыстыкамі, але і адбіваецца на самаацэнцы, здароўе, нават індэксе масы цела чалавека. Часта гэты ўплыў мае дэструктыўны характар, і гэта адна з асноўных прычын, чаму лукізм важна своечасова распазнаваць і змагацца з яго праявамі. Падчас эфіру спікеркамі былі агучаны наступныя варыянты барацьбы з лукізмам:

  • працаваць над сваім стаўленнем да слоў іншых людзей і над тым, які ўплыў яны аказваюць на вашу дзейнасць і самаадчуванне,
  • шукаць і знаходзіць падтрымку ў бліжэйшай акругі, сяброў і блізкіх,
  • не замоўчваць праблемы дыскрымінацыі, рабіць іх бачнымі, значнымі, каб яны набылі вагу.

А калі ў вас узнікаюць думкі, звязаныя з ацэнкай чалавека на аснове яго фізічнай прывабнасці, то гэтыя думкі неабходна адсочваць і кантраляваць. Гэта першы і важны крок на шляху барацьбы з лукізмам. 

Гэты i астатнiя эфiры можна праглядзець і зараз на старонцы “Рада” у Instagram

Тэкст: Лізавета Лугаўцова
Фота: rada.fm 

Матэрыял падрыхтаваны ў межах #ZeroDiscriminationWeek

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць