На жаль, праблема дыскрымінацыі дагэтуль застаецца актуальнай. Па статыстыцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, з ёй сутыкаюцца каля 20% людзей. І нават калі вы асабіста не сутыкаецеся з дыскрымінацыяй, яна ўсё роўна датычыцца кожную і кожнага з нас. Таму што дыскрымінацыя — гэта не толькі пра незнаёмых вам людзей сёння, але яна можа закрануць вас і вашых блізкіх заўтра.
Каб павысіць дасведчанасць у грамадстве пра гэтую праблему, «ІншыЯ» ўжо некалькі гадоў запар ладзяць Тыдзень нулявой дыскрымінацыі. У гэтым артыкуле прапануем розныя ідэі, як можна далучыцца да гэтай падзеі і зрабіць свой унёсак у развіццё інклюзіўнага грамадства.
Што такое Тыдзень нулявой дыскрымінацыі і навошта ён
Тыдзень нулявой дыскрымінацыі (Zero Discrimination Week, далей — ZDW) — гэта тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць дыскрымінацыі. З 1 па 8 сакавіка «ІншыЯ» разам з партнёр_камі ладзяць шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, каб судзейнічаць знішчэнню дыскрымінацыі ва ўсіх яе формах.
Мая асноўная каштоўнасць — гэта шчаслівае, справядлівае і роўнае грамадства. Яно не можа быць такім, пакуль існуе дыскрымінацыя.
ZDW — гэта магчымасць выказацца як тым людзям, якія сутыкаліся з дыскрымінацыяй, так і тым, хто сам_а дыскрымінава_ла. Вельмі важна расказваць пра такія выпадкі і асэнсоўваць іх. Аналіз свайго досведу — важны этап на шляху барацьбы з праблемай.
Я бачу, як людзі вакол не заўважаюць, што сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Часта яны блытаюць яе са зневажальным стаўленнем і не разумеюць, што прыніжэнне з-за гендару, рэлігіі, узросту, нацыянальнасці, сэксуальнай арыентацыі, інваліднасці з’яўляецца дыскрымінацыяй.
Я таксама сутыкалася з дыскрымінацыяй у свой бок і сама дыскрымінавала таго не заўважаючы. Я пачала гэта толькі нядаўна асэнсоўваць. Часам было непрыемна і балюча, аднак гэта быў важны этап. Гэта самы першы крок — адкрыта называць праблему. Тады яна перастае быць такой страшнай, і мы можам знайсці шляхі, як з ёй змагацца.
Даша, каардынатарка ZDW
Як далучыцца да Тыдня нулявой дыскрымінацыі
Падумайце пра свой досвед. Ці абыходзіліся з вамі несправядліва без аб’ектыўных на гэта прычын, толькі з-за вашай ідэнтычнасці? Ці дыскрымінавалі вы іншых? Калі так, то што вы можаце зрабіць, каб хай і крыху паўплываць на тое, каб такога больш не паўтаралася?
Даследуйце, у чым яны праяўляюцца і як уплываюць на людзей. Вывучэнне гэтага пытання дапаможа заўважаць выпадкі дыскрымінацыі — як прамой, так і ўскоснай, казаць пра іх і па меры магчымасці прадухіляць. Пра тое, што такое дыскрымінацыя і як яе распазнаць, можна прачытаць у артыкуле «ІншыЯ».
Зрабіце рэпост цікавай вам падзеі ці публікацыі ў межах Тыдня. Спіс партнёрскіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у ZDW і ладзяць мерапрыемствы, вы знойдзеце на сайце «ІншыЯ». Калі хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй ці разважаннямі, або арганізаваць свой івэнт, каб паразмаўляць пра гэтую праблему — цудоўна! Выкарыстоўвайце пад публікацыяй хэштэгі #ZDW2024 і #ZeroDiscriminationWeek, каб больш людзей змаглі пабачыць ваш кантэнт.
Даведайцеся, што яны пра гэта ведаюць. Спытайце пра іх досвед і паразважайце пра гэта разам. Шчырая размова дапаможа зблізіцца і зарадзіцца падтрымкай.
Фільм можна паглядзець як у сябе дома, так і правесці кінапаказ у кавярні ці адпаведнай прасторы. Вось некалькіх твораў, звязаных з тэмай дыскрымінацыі, якія дапамогуць паглядзець на гэтую праблему з новага ракурсу.
«Зялёная кніга» (Green Book, 2018)
«Зялёная кніга» разглядае тэму дыскрымінацыі праз прызму расавых і сацыяльных адрозненняў у ЗША 1960-х гадоў. Галоўныя героі фільма, Дон Шырлі і Тоні Валелонга, прадстаўляюць розныя бакі амерыканскага грамадства: афраамерыканца, які сутыкнуўся з сістэмным расізмам, і белага італьянца з працоўнага класа.
У фільме ўзнімаюцца пытанні сяброўства, талерантнасці і чалавечай годнасці і дэманструецца, як узаемная павага і разуменне могуць пераадолець нават найглыбейшыя сацыяльныя і расавыя адрозненні.
«Кветка Пустыні» (Desert Flower, 2009)
Фільм «Кветка пустыні» заснаваны на рэальнай гісторыі Варыс Дырые і расказвае пра яе жыццё і барацьбу з дыскрымінацыяй.
Галоўная тэма дыскрымінацыі ў фільме звязана з практыкай жаночага абразання, якой падвергнулася галоўная гераіня ў раннім дзяцінстве. Таксама фільм закранае тэму расавай дыскрымінацыі, з якой сутыкаецца Варыс у заходнім свеце, асабліва ў індустрыі моды. Яна сутыкаецца з прадузятымі поглядамі і стэрэатыпамі аб тым, як павінна выглядаць паспяховая мадэль, але нягледзячы на гэта, яна становіцца голасам у абароне правоў жанчын, змагаецца і дабіваецца поспеху, даказваючы, што прыгажосць і каштоўнасці не залежаць ад расы або знешнасці.
«Зялёная мяжа» (Green Border, 2023)
Гісторыя пра гуманітарны крызіс на мяжы Польшчы і Беларусі, які адбываецца дагэтуль. У цэнтры фільма — сям’я сірыйскіх бежанцаў і настаўніца англійскай з Афганістана, якія захрасаюць на мяжы, спрабуючы трапіць у краіны ЕЗ.
Фільм дастаткова цяжкі. Але калі ёсць сілы, то яго варта паглядзець, каб зірнуць на свет мігрантаў і мігрантак праз гуманную і пачуццёвую оптыку. Фільм дапамагае нам стаць больш эмпатычнымі і зразумець, што стаўленне да людзей не павінна вызначацца колерам іх пашпарта ці скуры.
«Гонар» (Pride, 2014)
Фільм заснаваны на рэальных падзеях. Ён расказвае гісторыю пра тое, як група геяў і лесбіянак з Лондана падтрымалі шахтораў падчас забастоўкі 1984 года. Прадстаўні_чкі ЛГБТК+, як і шахторы, сутыкаюцца з праблемамі дыскрымінацыі. Фільм падкрэслівае важнасць салідарнасці і пераадольванне няроўнасці паміж рознымі групамі ў барацьбе за свае правы.
«Мая левая нага» (My Left Foot, 1989)
Біяграфічная драма, заснаваная на рэальнай гісторыі Крысці Браўна, які нарадзіўся з цэрэбральным паралічом. Фільм расказвае пра яго імкненне стаць выбітным пісьменнікам і мастаком, нягледзячы на кпіны з боку грамадства. Гэта гісторыя пра моцнага чалавека, які працягнуў ісці да сваёй мары не зважаючы ні на што.
Актуальныя івэнты ZDW можна знайсці на старонках партнёрскіх арганізацый.
Напрыклад, «Адчуй» ладзяць ў Вільні форум-тэатр* да Дня жаночай салідарнасці, удзельнікі і ўдзельніцы якога ў выніку паставяць уласную тэатральную пастаноўку.
* Форум-тэатр — інтэрактыўны тэатральны метад, які дазваляе ствараць пастаноўкі на сацыяльныя тэмы. У форум-тэатры удзельнічаюць як акцёры, так і гледачы. Акцёры граюць ролі, а гледачы прымаюць удзел, прапануючы свае рашэнні і ўмешваючыся ў сюжэт.
Дапамажыце ў арганізацыі мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць зніжэнню ўзроўню дыскрымінацыі. Гэта можа быць валанцёрская дапамога ці данат — калі для вас гэта бяспечна.
Вось арганізацыі, дзейнасць якіх накіравана на барацьбу з дыскрымінацыяй:
- Актыўнымі быць файна! — арганізацыя, якая прасоўвае каштоўнасці недыскрымінацыі ў адукацыі.
- «Гэта Окей» — ініцыятыва, мэтай якой з’яўляецца зніжэнне стыгмы і дыскрымінацыі ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей.
- Respect-Protect-Fulfill — арганізацыя, якая працуе з мігрант_камі, якія пацярпелі з-за міграцыйнага крызісу, арганізаванага беларускімі ўладамі.
- «Яна Ёй» — ініцыятыва, якая дапамагае беларускам, што пацярпелі ад хатняга гвалту і дыскрымінацыі.
Напрыклад, гульню «Веру — Не Веру». Яна ўяўляе сабою набор з 50 картак з рознымі статыстычнымі фактамі аб Беларусі і нашым грамадстве. Некаторыя з гэтых фактаў з’яўляюцца праўдай, некаторыя ― не. Мэта гульні ― даведацца больш пра грамадства Беларусі і пагаварыць пра існуючыя ў ім праблемы.
Калі вы жывяце ў Вільнюсе ці Мінску, то можаце пазычыць гульню ў «ІншыЯ» і правесці яе ў коле сваіх сяброў.
Прачытайце кнігу, дзе закранута тэма дыскрымінацыі, і разам абмяркуйце яе. Чытанне дапамагае нам стаць больш эмпатычнымі: паглыбіцца ў розныя тэмы і больш разумець пачуцці герояў, якія апынуліся ў розных жыццёвых абставінах. Вось некалькі добрых для гэтага кніг:
«Тысяча сонцаў, што ззяюць», Халед Хасэйні
У кнізе расказана гісторыя дзвюх афганскіх жанчынаў Лэйлы і Марыям, чые лёсы пераплятаюцца падчас палітычнага жаху ў краіне і прыходу да ўлады Талібана. Раман асвятляе тэмы сям’і, кахання, ахвяры і выжывання ва ўмовах гвалту і прыгнёту. Ён таксама закранае праблемы жаночага статусу і правоў у афганскім грамадстве. Кніга стала бэстсэлерам і атрымала мноства ўзнагарод за сваю моцную сюжэтную лінію і глыбокія чалавечыя тэмы.
«Забіць перасмешніка», Харпер Лі
Кніга, якая расказвае пра жыццё у маленькім амерыканскім горадзе 1930-х гадоў вачыма маленькай дзяўчынкі Джын Фінч. Яе бацька працуе адвакатам і абараняе цёмнаскурага, які быў ілжыва абвінавачаны ў згвалтаванні жанчыны. Раман звяртаецца да такіх важных тэм, як расізм, прадузятасць, сацыяльная справядлівасць і маральныя дылемы. «Забіць перасмешніка» стаў класікай амерыканскай літаратуры і атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за свой уклад у амерыканскую культуру.
«Мы ўсе мусім быць феміністкамі» Чымаманда Нгозі Адычэ
Кніга заснавана на выступах Чымаманды Нгозі Адычэ на TEDxTalks. У ёй Адычэ звяртаецца да важных пытанняў гендэрнай роўнасці і фемінізму, разглядае свой уласны досвед як жанчыны ў Нігерыі і гаворыць аб тым, што фемінізм — гэта не толькі барацьба за правы жанчын, але і барацьба за роўнасць усіх людзей незалежна ад іх полу.
Кніга Адычэ выклікала вялікі рэзананс ва ўсім свеце і стала важным унёскам у абмеркаванне гендэрных пытанняў. Яна натхніла многіх людзей задумацца аб важнасці барацьбы за роўнасць і справядлівасць для ўсіх.
«Навошта быць шчаслівай, калі можна быць нармалёвай?» Джанэт Уінтэрстан
«Навошта быць шчаслівай, калі можна быць нармалёвай?» — менавіта гэтыя словы пачула Джанэт ад сваёй маці. Кніга даследуе тэмы адносінаў у сям’і, прыняцце сябе і пошук свайго прызначэння ў жыцці. Галоўны пасыл кнігі заключаецца ў тым, што кожны чалавек унікальны і мае права на ўласнае разуменне шчасця і «нармальнасці».
Калі вы шчыра хочаце больш даведацца пра іншых людзей — людзей з іншых культур, іншых рэлігій, іншых жыццёвых абставін — жывая бібліятэка выдатны фармат для гэтага. Яна дае магчымасць сустрэцца і паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы з гэтымі «іншымі» людзьмі як з адкрытай кнігай. Гэта дапамагае пераадолець прадузятасць, разглядзець адзін аднаго за сваімі адрозненнямі, атрымаць веды з першых рук і зразумець праблемы дыскрымінацыі глыбей.
Далучайцеся да Тыдня нулявой дыскрымінацыі. Сачыце за абнаўленнямі мерапрыемстваў у Instagram «ІншыЯ» і на сайце. Толькі разам мы зможам зрабіць гэты свет больш справядлівым, роўным, талерантным, недыскрымінацыйным і інклюзіўным.