Інклюзія і роўнасць — гэта тэмы, якія ўсё часцей выходзяць за межы акадэмічных даследаванняў і прававых стандартаў і становяцца важнай часткай масавай культуры. Нон-фікшн коміксы — яшчэ адзін выдатны інструмент, які дапамагае цікава распавесці складаную гісторыю, абудзіць эмпатыю і пазнаёміць нас з Іншымі. У гэтым артыкуле вас чакае цэлая падборка такіх коміксаў — ад аўтабіяграфій да журналісцкіх рэпартажаў. Калі спадабаецца, абавязкова дайце нам ведаць — у нас ёсць яшчэ!
1. «Персеполіс» — як гэта, быць жанчынай у Іране
Аўтабіяграфічны комікс іранскай мастачкі Маржан Сатрапі, у якім яна апавядае пра сваё дзяцінства і юнацтва ў Іране да, падчас і пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года*.
* Ісламская рэвалюцыя ў Іране — ключавая падзея, якая прывяла да змены свецкай манархіі на тэакратычную рэспубліку. Пасля звяржэння шаха ўлада перайшла ў рукі рэлігійных лідараў, якія распрацавалі канстытуцыю, заснаваную на прынцыпах шарыяту.
Гэтая перамена закранула ўсе сферы жыцця іран_ак і наклала шмат абмежаванняў, асабліва для жанчын і дзяўчат, у пытаннях адзення, адукацыі, працы і паводзін.
Вачыма Маржан мы бачым, як разгараецца Ісламская рэвалюцыя і як яна ўплывае на жыццё яе сям’і. Пераварот у краіне забірае ў яе сябро_вак і блізкіх, разбурае ранейшыя ўяўленні пра норму: нашэнне хіджаба становіцца абавязковым, захапленне заходняй культурай лічыцца грахом, а сяброўства з асобамі супрацьлеглага полу — табу. Маржан, якая вырасла ў ліберальнай і свецкай сям’і, вымушаная прыстасавацца да новай рэчаіснасці, дзе свабода самавыяўлення душыцца, а любое непадпарадкаванне караецца.
У коміксе апісваюцца падзеі 70-х і 80-х гадоў, але, на жаль, жанчыны Ірана і сёння працягваюць сутыкацца з рэпрэсіямі і змагацца за свае правы. Калі мы пішам гэты артыкул, з'яўляецца навіна пра затрыманне і збіццё іранскай студэнткі, якая распранулася ва ўніверсітэце ў знак пратэсту супраць навязвання ісламскага дрэс-кода.
Гнеў супраць іранскай палітычнай сістэмы і супраць крывадушнасці ўлады, якая абвяшчае высокія маральныя прынцыпы, але на справе карае, выліваецца ў Маржан у падлеткавы бунт. Каб абараніць дачку ад рэпрэсій, бацькі Маржан адпраўляюць яе вучыцца ў Еўропу, дзе яна перажывае свой першы досвед міграцыі. Там Маржан сутыкаецца з новымі цяжкасцямі: культурным шокам, здрадай, адзінотай і спробай знайсці сваю ідэнтычнасць у чужой заходняй культуры.
Назва комікса — адсылка да старажытнага горада Персеполіс, які некалі быў сталіцай Персідскай імперыі. Для Маржан (а можа, і не толькі для яе) Персепаліс з’яўляецца сімвалам таго, якой магла б стаць краіна, калі б не страціла свой патэнцыял, накіроўваючы рэсурсы на барацьбу са сваім уласным народам.
Комікс даступны для чытання на беларускай, рускай, польскай, украінскай і многіх іншых мовах свету. Акрамя таго, можна паглядзець аднайменны мультфільм, створаны паводле комікса «Персеполіс», які быў намінаваны на «Оскар».
2. «Нас называлі ворагамі» — пра заканадаўчы расізм
7 снежня 1941 года Японія напала на Перл-Харбар, ваенна-марскую базу ЗША. Гэтая падзея не толькі прывяла да ўваходжання Злучаных Штатаў у Другую сусветную вайну, але і стала пачаткам аднаго з самых ганебных эпізодаў амерыканскай гісторыі — масавага інтэрнавання японскіх амерыканцаў*.
* Інтэрнаванне японскіх амерыканцаў — прымусовае перасяленне ў лагеры людзей японскага паходжання, якія пражывалі ў ЗША падчас Другой сусветнай вайны. Толькі праз гады, у 1988 годзе, Кангрэс ЗША прызнаў несправядлівасць гэтай палітыкі і афіцыйна папрасіў прабачэння.
Комікс «Нас называлі ворагамі» — гэта аўтабіяграфічная гісторыя дзяцінства Джорджа Такэя, якое ён правёў разам са сваёй сям’ёй за калючым дротам у лагеры для інтэрнаваных.
Бацька Джорджа, які прыехаў у ЗША падлеткам, і маці, якая нарадзілася ў Каліфорніі, мелі амерыканскае грамадзянства. Але паколькі яны выглядалі як японцы, то аўтаматычна сталі для амерыканскага ўрада «шпіёнамі і здраднікамі». Сям’ю пазбавілі маёмасці і з трыма маленькімі дзецьмі адправілі ў лагер, дзе яны правялі чатыры гады за калючым дротам, жывучы ў стайнях і бараках. Разам з іншымі 120 тысячамі людзей.
Нягледзячы на тое што тэма комікса дастаткова няпростая, чытач_ку ў ім падтрымлівае тое, як нават у цяжкія часы людзі захоўваюць стойкасць, клапоцяцца адно пра аднаго, аб’ядноўваюцца і не губляюць чалавечнасць. А яшчэ ў гэтым коміксе ёсць яскравы прыклад таго, як важна ўсведамляць свае прывілеі і выкарыстоўваць іх як звышздольнасці (пра гэта мы нядаўна напісалі артыкул!). Так, амерыканскі адвакат, карыстаючыся сваім прывілеем белага мужчыны, абараняў правы інтэрнаваных у судзе і дапамог сям’і Такэя і сотням іншых людзей японскага паходжання не быць дэпартаванымі з ЗША.
Досвед інтэрнавання моцна паўплываў на жыццё Джорджа, сфармаваў яго каштоўнасці і вызначыў далейшы шлях. Пазней Джордж Такэй, выступаючы за роўнасць, талерантнасць і прыняцце, стаў адным з самых вядомых абаронцаў правоў супольнасці ЛГБТК+. А яшчэ стаў акцёрам. Можа, вы ведаеце яго па ролі містара Сулу, штурмана на зоркалёце USS Enterprise у серыяле «Зорны шлях». У 1960-х яго вобраз стаў сімвалам этнічнай разнастайнасці і інклюзіўнасці ў масавай культуры.
Калі вам цікавая тэма інтэрнавання, трымайце яшчэ і кароткае відэа, у якім Джордж Такэй дзеліцца ўспамінамі пра сваё дзяцінства ў лагеры. Ролік агучыла Хелена Бонэм Картэр.
3. «Расцвітае самая чырвоная з ружаў» — пра каханне ў эпоху позняга капіталізму
Комікс шведскай мастачкі і пісьменніцы Лів Стромквіст, у якім яна даследуе каханне ва ўмовах капіталізму праз прызму гісторыі, філасофіі, сацыялогіі і поп-культуры.
Аўтарка даследуе, як сучаснае грамадства — з яго культам індывідуальнасці і свабоды — трансфармуе наша разуменне кахання, і задаецца пытаннямі:
- ці магчымая сапраўдная блізкасць з Інш_ай, калі грамадства прасоўвае ідэю абсалютнай аўтаноміі і самадастатковасці?
- калі каханне — гэта нешта пра ірацыянальнасць і ўразлівасць, то як яго дасягнуць у эпоху культу самакантролю і прадуктыўнасці?
- і чаму ў свеце, дзе каханне з’яўляецца галоўнай тэмай культуры, людзі адчуваюць сябе такім самотнымі?
Пытанні філасофскія і фундаментальныя, але комікс напісаны з гумарам і сатырай, і чытаць яго цікава і часта смешна. У гэтай кнізе няма лінейнага сюжэта — яна складаецца з кароткіх замалёвак гістарычных і не вельмі падзей, паміж якімі аўтарка праводзіць паралелі, паказваючы, як ідэалы кахання змяняліся з цягам часу і як на гэта ўсё ўплываюць эканоміка і палітыка.
Важны мэсэдж гэтага комікса — крытычны погляд на культуру сэлф-эмпаўэрменту. Ці сапраўды яна дапамагае нам стаць больш шчаслівымі? Або толькі спрыяе празмернай канцэнтрацыі на сабе, стварае міфы пра абсалютную аўтаномію і тым самым замінае нам быць уразлівымі — і як следства збліжацца і кахаць.
* Сэлф-эмпаўэрмент (ад англ. self-empowerment) — гэта канцэпцыя, арыентаваная на ўсведамленне чалавекам сваёй унутранай сілы і здольнасці самастойна прымаць рашэнні і кантраляваць сваё жыццё. У цэнтры падыходу ляжыць ідэя, што кожны чалавек мае патэнцыял для самарэалізацыі і павінен браць адказнасць за сваё развіццё, шчасце і поспех.
4. «Вулічныя людзі» — пра сацыяльную ізаляванасць
«Вулічныя людзі» — гэта графічны рэпартаж, створаны журналісткай Ірынай Краўцовай і ілюстратаркай Альбінай Шайхутдзінавай, у якім расказваюцца гісторыі людзей, якія страцілі дом.
«Многія разумеюць слова «бяздомны» літаральна — як абазначэнне чалавека, у якога няма дома. Але мы ведаем шмат дарослых, у якіх няма ўласнага дома: яны жывуць з бацькамі, здымаюць кватэры ці атрымліваюць службовае жыллё. Але ўсё ж сапраўдная бяздомнасць — гэта калі адсутнасць уласнага кута спалучаецца з сацыяльнай ізаляванасцю».
Гэты комікс дае магчымасць заўважыць і пачуць тых людзей, якіх звычайна грамадства і дзяржава спрабуюць не заўважаць. Праз гісторыі герояў і гераінь журналістка разбурае стэрэатыпы пра тое, што вулічныя людзі — гэта «слабыя» ці «лянівыя». Мы бачым, што бяздомнасць часта з’яўляецца вынікам трагічных абставін: махлярства, страты працы ці гвалту ў сям’і — падзей, якія могуць здарыцца з кожным і кожнай.
Але, на жаль, людзі і дзяржава робяць жыццё людзей, якія жывуць на вуліцы, яшчэ больш складаным: горад усталёўвае шыпы на цёплых месцах, дзе можна было б прысесці ці легчы; жыхар_кі насыпаюць хлорку ў пад’ездах, якая прыводзіць да хімічных апёкаў на целе; гараджан_кі выступаюць супраць адкрыцця цэнтраў дапамогі: «трэба дапамагаць бамжам*, але не пад нашымі вокнамі».
* Нагадаем, што слова «бомж» з’яўляецца абразлівым. Яно звужае асобу чалавека да аднаго аспекту яго жыцця — у дадзеным выпадку, да адсутнасці жылля. Гэтае слова ператварае чалавека ў ярлык, пазбаўляючы яго павагі і ігнаруючы іншыя якасці і досвед. Больш пра слоўныя стыгмы чытайце ў нашым артыкуле «Што такое слюр і як мы яго выкарыстоўваем, самі таго не ведаючы».
Калі вы таксама заўважалі за сабой прадузятае стаўленне да людзей, што жывуць на вуліцы, паспрабуйце знайсці час і сілы, каб прачытаць гэты комікс. Ён невялікі! Магчыма, пасля гэтага вашае стаўленне зменіцца, і вы зможаце паглядзець на гэтых Іншых інакш, зразумець, чаму ім так важная падтрымка ці хаця б паважлівае стаўленне да іх.
5. «СуперВуха» — пра жыццё з інваліднасцю і прыняцце сябе
Аўтабіяграфічны комікс, у якім амерыканская пісьменніца і мастачка Сісі Бэл апавядае пра складаную гісторыю свайго сталення.
Галоўная гераіня, Сісі, у чатырохгадовым узросце губляе слых з-за хваробы і вымушаная карыстацца слыхавым апаратам. Яе прылада «Phonic Ear» — грувасткая і вельмі заўважная, але эфектыўная — дапамагае ёй чуць настаўні_ц нават на адлегласці. Гэта дае Сісі адчуванне суперздольнасці і натхняе прыдумаць сабе альтэр эга — супергераіню СуперВуха. Пад гэтым псеўданімам Сісі «ратуе» сябе ад сацыяльных цяжкасцяў і спрабуе справіцца з комплексамі, звязанымі са стратай слыху і адчуваннем сябе Іншай.
З-за свайго дыягназу Сісі сутыкаецца з адзінотай і непаразуменнем з боку аднагодкаў, якія пастаянна акцэнтуюць увагу на яе глухаце і паводзяць сябе то паблажліва, то аўтарытарна. Дарэчы, пра тое, чаму абодва гэтыя падыходы зневажальныя, мы пісалі ў артыкуле.
Яшчэ ў гэтым коміксе адметна тое, з якой увагай Сісі распавядае пра нюансы жыцця чалавека з парушэннем слыху — тым самым дапамагаючы чытач_кам, у якіх няма такога досведу, лепш разумець іншых людзей і ўлічваць іх патрэбы.
Напрыклад, з комікса мы даведваемся, што чалавек нават са слыхавым апаратам можа горш чуць у цемры, бо не можа чытаць па губах ці ўспрымаць візуальныя падказкі: міміку, кантэкст, рухі рук. А яшчэ Сісі было складана разабраць падобныя па гучанні словы, і гэта часта прыводзіла да непаразуменняў (напрыклад, яна счытвала «shoes» замест «juice», «goat» замест «coke», «pie» замест «die»).
Гэты комікс будзе цікавы не толькі людзям з інваліднасцю. Гэта кніга пра сталенне, прыняцце сябе, уменне быць чул_ай і пра тое, што быць Інш_ай не азначае быць адзінок_ай ці выключан_ай з грамадства. Так, страта слыху робіць Сісі «адрознай» ад іншых, але, чытаючы комікс, мы бачым, што яна ў той жа час такая ж, як большасць з нас, і гэтак жа змагаецца за ўніверсальную патрэбу — быць прынятай.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.